Вы тут

Хто да сонца ўстае, таму Бог дае


Хто да сонца ўстае, таму Бог дае

Гэту гісторыю мне расказала бабуля маёй жонкі. Пачала яна з таго, што за польскім часам просты люд жыў па-жабрацку. Яе старэйшы брат Ігнат, напрыклад, шчыраваў дзень і ноч, а перабіваўся з жонкай і дзецьмі з хлеба на ваду. Чаму? Ці трэба і казаць: найлепшая зямля належала мясцоваму пану (яго ўсе звалі Кратом), а на няўдобіцы, на камяніцы хіба што вырасціш?

Вось і надумаўся той брат Ігнат паехаць у Амерыку, зарабіць трохі грошай — купіць сабе добрай зямлі, а калі пашанцуе, то яшчэ і каня.

Жонка, хоць і з плачам, стала збіраць яго ў дарогу, складваць нейкія рэчы... Як раптам у дзверы да іх нехта пастукаў, і на парозе з'явілася Марфа, вядомая ўсім варажбітка.

Як заведзена, павіталася, прысела:

— Можа, знойдзецца ў вас што з'есці? — спытала ў гаспадыні. — А то нешта я згаладалася.

Жанчына ад слова, што называецца, узяла нож, адрэзала госці хлеба, прынесла з каморы скваркі — можа, і апошняй...

Падзякавала варажбітка за гэткі пачастунак. А заадно і спыталася:

— Нешта ж ты, маладзічка, сумная... Куды мужыка свайго выпраўляеш?

— Ды ў Амерыку, ліха на яе, — заплакала жанчына. — Можа, ён хоць там нейкіх грошай заробіць... У Крата хацелі б зямелькі добрай купіць.

Паглядзела Марфа на гэтых сужэнцаў, на дзетак іх, памаўчала і, трохі падумаўшы, кажа:

— Не спяшайцеся, за вашу дабрыню я вам тут паспрабую падмагчы... Зараз вось да вашага пана, да Крата, іду — прасіў, каб паваражыла яму. А вы пакуль нікуды не рушцеся.

Паслухаў Ігнат варажбітку — адлажыў сваю паездку.

І правільна зрабіў, бо хутка на яго падворку сталі адбывацца сапраўдныя цуды. Ну па-першае, недзе праз тыдзень — гаспадар вачам не паверыў — завітаў на падворак сам Крот!

— Ігнат, — прамовіў ён, злазячы з шыкоўнай брычкі, — я пачуў, што ты ўшчэнт збяднеў, што ў цябе зямлі зусім мала. Вось і падумаў: дык чаму б мне не аддаць (?!) табе поле, што ля самай пушчы?.. Прыйдзеш у маёнтак — я табе ўсе паперы зраблю.

Не паспеў Ігнат з гэтым дарункам зжыцца, як на галаву яму зваліўся новы: панскі конюх прывёў на паселішча ладнага жарабца.

А далей болей, як той казаў: дзён праз колькі панскія служкі прыгналі на падворак вялікую пярэстую свінаматку з трыма парасятамі.

Ігнат з жонкай ды дзецьмі не маглі нацешыцца сваёй гаспадаркай, сваім багаццем: кожны вечар яны маліліся за здароўе варажбіткі Марфы.

...Міналі гады. У Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада. Пан Крот, прыхапіўшы нешта з багацця, уцёк у Польшчу. Яго землі адышлі мясцоваму калгасу... Пачалася вайна.

— Мой брат Ігнат быў на фронце, ваяваў з фашыстамі, — расказвала бабуля, — з узнагародамі вярнуўся дамоў.

— А як жа тая варажбітка? Як яна змагла дапамагчы? — папыталіся мы.

— Гэтага ніхто не ведаў і, відаць, не даведаўся б, калі б я выпадкам не сустрэла Марфу. Яна і расказала мне, што ў той самы вечар варажыла пану. А той вазьмі ды спытай, колькі ж яму жыць яшчэ? Марфа «падумала» і сказала: «Ты, пане, будзеш жыць на гэтым свеце столькі, колькі будзе жыць твой парабак Ігнат!»

Тут хоць-нехаць дапамагаць чалавеку будзеш!

...Што цікава, той бабулін брат Ігнат жывы дагэтуль: яму ні многа ні мала 96 гадочкаў цяпер!

А вось ці жывы пан Крот...

М.В. Маскальчук, г.п. Бераставіца


Дыплом купіш, а веды?..

У сярэдзіне 70-х, ды і ўвогуле ў так званы савецкі час, разнарадкі даводзілі шмат на што: на колькасць жанчын сярод дэпутатаў усіх узроўняў, на колькасць «белых каўнерыкаў» (гэта значыць, ітээраўцаў, начальнікаў) сярод камуністаў, на студэнтаў — вячэрнікаў і завочнікаў...

Не скажу, што вучоба на гэтых аддзяленнях — справа дрэнная, бо сам я пасля васьмігодкі скончыў вячэрнюю школу, пасля яе — паступіў у тэхнікум. І вучыўся там зноў жа завочна.

Але ж гэта — перадгісторыя. А сама яна — вось.

Да выхаду на пенсію працаваў я ў адным калектыве, на базе. І быў там механік... Не будзем называць яго прозвішча, тым больш што па прозвішчы ды за вочы яго ніхто ніколі і не зваў. Казалі: «Схадзі да Хэ-у два наверсе, хай запчастку выпіша»...

«Хэ-у» ды «Хэ-у», карацей... Цікава ж, чаму яго так завуць?

Аказалася, што некалі на гэта прадпрыемства прыйшла разнарадка — адправіць на вучобу некага з рабацяг. Загадана — лічы што зроблена. Вучыцца пасылаюць маладога слесара, прычым далёка не лепшага (бо на базе без лепшага як без рук)...

А ў тэхнікуме, мусіць, таксама нейкі план быў: залічылі хлапца. І стаў ён вучыцца. Кантрольныя (не за дзякуй, вядома ж) пісалі яму старэйшыя таварышы, на сесіі ездзіў сам.

На першай жа прыйшоў на заняткі — выклікаюць яго нейкую задачку рашаць. Формула на дошцы доўгая, незразумелая, але ж на пачатку яе — дзве літаркі.

— Чытайце, што напісана? — кажа выкладчык.

— Хэ-у два наверсе, — смела прамаўляе студэнт (там было «ікс», «ігрэк» у квадраце).

Аўдыторыя ў покат...

Як ён скончыў той тэхнікум, не ведае ніхто. Гаварылі, «за свіныя плечы» дыплом атрымаў», гэта значыць за хабар. А ёсць дакумент, — значыць, павінна быць і пасада. Прызначылі чалавека механікам. Неяк працаваў...

Разумею, што смешнага ў гэтым мала, але ж, баюся, што такіх «Хэ-у...» выпускаюць дагэтуль. Калі грошы ў кішэні ёсць, можна паступіць, куды хочаш, атрымаць спецыяльнасць.

...Сумна, што веды не купіш!

Мікалай Х., Салігорскі раён


«Ну як ты магла?»

Мы з прыяцелькай кабеты не маладыя, пенсіянеркі са стажам, як той казаў. У вольны час любім спакойна пасядзець, тое-сёе абмеркаваць... Вось і нядаўна гутарка пра разводы зайшла, пра тое, што цяпер, пажаніўшыся, маладыя разбягаюцца ледзь не назаўтра. І спытай, чаму, — уважлівую прычыну выставяць: каханне знікла. А што гэта такое — хто ведае?

...Муж маёй прыяцелькі — чалавек не дурны, усё жыццё пры пасадах быў. Ды і дома — нічога не скажаш — ён гаспадар. Але ж часам і такім быццам нейкі нячысцік на карак садзіцца. І ўжо тады, як ні гадзі чалавеку, усё роўна спытае: «Ну чаму ты такая?», усё роўна да нечага прычэпіцца. А ўжо ж нагаворыць! Ну, усё, здаецца, — гэта канец.

Нацярпелася жонка: і горка плакала, і моцна крыўдавала, і з дому сыходзіла, і, дарэчы, не раз на развод хацела падаць... Але ж з часам паспакайнела: перастала ўступаць у спрэчкі. Нават больш за тое — з гадамі... папярэджваць іх навучылася.

Як? Адзін са спосабаў мне найбольш спадабаўся.

Котка ў іх дома ёсць — рыжая, вялікая, прыгожая... Дык жонка перад «бурай» яе зловіць і да мужа прынясе: на стол пасадзіць і кажа, напрыклад:

— Ведаеш, Лёнічак, гэтая зладзюга ледзь мяса ў мяне не скрала...

Што тады гаспадар?

Ну вядома ж, пачынае «разбірацца», пытае (у коткі — не ў жонкі ўжо!): «Ну як ты магла?» Кажа гэтай рыжай, што яна ў іх доме як сыр у масле плавае. Мышэй не ловіць (бо іх няма), смачна есць, доўга спіць... І вось гэтак дзячыць?!

Котка галаву апусціць і слухае; бывае, што вока расплюшчыць — паглядзіць на «аратара»; бывае, штось мяўкне ў адказ. І гаспадар тады далей распінаецца...

Глядзіш, пабалабоніць, душу адвядзе — і тым самым злосць сваю выпусціць.

...Факт, што ўлетку гэтыя сужэнцы будуць залатое вяселле спраўляць. На яго, трэба разумець, з'едуцца сыны з нявесткамі, дачка з зяцем і, дасць Бог, усе сямёра ўнукаў. І як падумае жанчына, што ў маладосці магла б пакрыўдзіцца на мужа, не дараваць і развесціся, дык, кажа, аж вусцішна робіцца! Бо тады ж усёй гэтай радні на свеце не было б!

А таму прыйшлі мы з ёй да высновы, што на каханні, можа, сям'я і ствараецца, але ж трымаецца не толькі на ім: на спагадзе, на жаданні зразумець і, відаць, на пэўных ахвярах.

Валянціна Пабягайла, г. Ляхавічы

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні. 

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г