Вы тут

Валерыя Садоўская: «Знайсці сваю нішу цяжка, але магчыма»


Валерыя Садоўская, вядомая нам па такіх праектах, як «Акадэмія талентаў», «Голас краіны», а таксама як фіналістка сёлетняга нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2016», не адразу прыйшла да разумення, што перамога чакае цябе не толькі тады, калі ты выйграеш. Як спявачцы сёння жывецца на дзве краіны, што, акрамя творчасці, звязвае яе з украінскай сталіцай і чаму яна вырашыла адправіцца ў вольнае плаванне — пра гэта Валерыя расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад адбору на «Еўрабачанне-2016»? Якія падводныя камяні чакаюць там артыстаў?

— Я ўдзельнічала ў нацыянальным адборы на гэты конкурс ужо другі раз і магу сказаць, што час падрыхтоўкі да выступлення — самы плённы і цікавы перыяд у маім жыцці. Бо ідзе такая праца, ажыццяўляюцца такія ідэі, якія, мабыць, ніколі не ўзніклі б у звычайны час. Тыя ж інтэрв'ю, эфіры на радыё і тэлебачанні — яны загартоўваюць выканаўцаў. Таму, нават не выйграўшы адбор, ты набываеш каласальны вопыт, які ў будучыні табе неаднойчы дапаможа.

А што тычыцца падводных камянёў, то тут ёсць некалькі момантаў.

Перш за ўсё, калі артыст вырашае ўдзельнічаць у адборы, то павінен быць гатовы да жорсткай і не заўсёды абгрунтаванай крытыкі. Трэба мець вытрымку і моцныя нервы, каб абстрагавацца ад водгукаў, каментарыяў і проста рабіць сваю справу.

Важна быць упэўненым у песні, якую прадстаўляеш на адборы; у камандзе, з якой супрацоўнічаеш, і ў выніку.

— У вас былі свае фаварыты сярод фіналістаў?

— Шчыра кажучы, гэты год быў асаблівым. Усе фіналісты — артысты, якія толькі пачынаюць. Песні і вобразы ва ўсіх былі розныя. Асабіста мне ў роўнай ступені спадабаліся амаль усе песні, якія мы пачулі ў фінале.

— Летась вы штурмавалі ўкраінскае шоу талентаў «Голас краіны». Як гэты конкурс паўплываў на вас?

— Дагэтуль згадваю свой удзел у праекце з усмешкай. Я прыйшла туды вельмі заціснутая. Спяваць на «сляпых» праслухоўваннях было настолькі страшна, што, думала, страчу прытомнасць. І там мне дапамаглі многімі парадамі... Яшчэ ў мяне моцна змяніўся музычны густ, я навучылася рабіць незвычайныя кавер-версіі вядомых песень. З намі займаліся цудоўныя выкладчыкі па вакале, з якімі мы працавалі над кожнай песняй, і я стала спяваць абсалютна па-іншаму. Калі паглядзець мае раннія выступленні, то голас можна нават не пазнаць.

— Адразу спрацаваліся з Аляксандрам Панамаровым?

— Першапачаткова мне было вельмі страшна. Цяпер думаю, што занадта моцна сябе накручвала, бо мне, як і любому ўдзельніку «Голасу», хацелася зрабіць усё як мага лепш! Некаторыя людзі мне казалі: «Ой, толькі адзін трэнер павярнуўся — значыць, спяваеш ты не вельмі...»

А я ўдзячная лёсу, што мяне выбраў толькі адзін педагог. Кожны з іх быў унікальны, але менавіта ў камандзе Аляксандра Панамарова мне ўдалося адкрыць новыя бакі ва ўласнай творчасці.

Раней я ўвесь час была сканцэнтравана на джазавых песнях, выконвала іх дастаткова манерна. А аказалася, што часам трэба прасцей падыходзіць да выканання. Аднак не было побач чалавека, які б сказаў: «Лера, тут паспрабуй спяваць іначай». Аляксандр вельмі дапамог з падрыхтоўкай маёй песні да фіналу адбору на «Еўрабачанне». Калі я прыйшла да яго са сваёй першапачатковай версіяй, разумела, што ёй нечага не хапае. І сумесна з Аляксандрам і аранжыроўшчыкам Дзмітрыем Матвейчуком мы зрабілі іншую версію «Not alone», удыхнулі ў яе новае жыццё.

— Цяпер вы жывяце паміж Кіевам і Мінскам?

— Выступленні ёсць і тут, і там, але ў асноўным цяпер жыву і працую ў Кіеве. Калі з'яўляюцца нейкія здымкі ў Мінску, то заўсёды стараюся на іх трапіць, таксама працягваю вучобу тут, ва ўніверсітэце. Я не згодна з тымі, хто мне кажа: «Ты з'ехала спяваць ва Украіну, таму тут цябе хутка забудуць».

Большая верагоднасць, што ты станеш папулярным выканаўцам у Беларусі, калі твае песні будуць раціравацца на замежных радыёстанцыях, а кліпы можна будзе ўбачыць на замежных тэлеканалах, а не наадварот. На жаль, сёння так складваецца, што «зробленае ў Беларусі» мы не ўспрымаем, хоць у нас ёсць шмат годных выканаўцаў.

Яны проста не знаходзяць сваю аўдыторыю і таму едуць рабіць кар'еру ў іншыя краіны. А як толькі артыст заваёўвае гледача недзе за мяжой, то абавязкова потым нехта згадае, што «ён жа наш, беларускі».

— Што, акрамя музыкі, звязвае вас з украінскай сталіцай?

— У Кіеве жыве мая старэйшая сястра Хрысціна. Яна, дарэчы, ужо даволі вядомая дызайнерка інтэр'ераў ва Украіне, а некалькі гадоў таму спявала разам з Ільёй Міцько ў іх сумесным праекце «Love&Doors» (у іх была тады вельмі папулярная песня ў Беларусі «Get down my baby»). Я пачала спяваць пад уплывам сястры. Раней, калі іграла на фартапіяна, нават не думала пра тое, каб стаць спявачкай. Але глядзела на яе і таксама захацела паспрабаваць. У нас з Хрысцінай вялікая розніца ва ўзросце, і, калі яна жыла ў Мінску, нам было складана кантактаваць, бо адсутнічалі агульныя інтарэсы. А цяпер мы жывём разам у Кіеве і пазбаўляемся ад прабелаў у нашых адносінах.

— Спыненне супрацоўніцтва з Леанідам Шырыным вы лічыце правільным рашэннем?

— Я ніколі не сумняваюся ў сваіх рашэннях. І ў гэтым выпадку таксама думаю, што ўсё да лепшага. Проста на нейкім этапе пасля «Акадэміі талентаў» я адчула, што не атрымліваю задавальнення ад таго, чым займаюся. Не тыя песні спяваю, выступаю не ў тым вобразе. Усё ж такі прайшло два гады пасля праекта, змяніліся мае музычныя густы, і ў выніку нашы з Леанідам погляды на працу пачалі разыходзіцца. Цяпер я ўжо дакладней бачу сябе як выканаўцу, разумею, якіх мэт жадаю дасягнуць.

— Ці чакаць прыхільнікам выхаду альбома, які вы планавалі выдаць у тандэме з прадзюсарам?

— Пасля «Акадэміі талентаў» мы запісалі тры песні, якія, магчыма, увайшлі б у мой дэбютны альбом. Аднак з цягам часу я зразумела, што ў гэтых кампазіцыях не раскрываюся, не магу расказаць слухачу сваю гісторыю. Таму выхад пласцінкі адкладаецца. Я пішу новыя песні і спадзяюся, што ў бліжэйшы час парадую прыхільнікаў сольным альбомам, дзе буду не толькі выканаўцай, але і аўтаркай песень.

— Якія, на ваш погляд, інвестыцыі сёння патрэбны артысту, каб быць на слыху?

— Цяпер такі час, калі ўсё можна знайсці і спампаваць у інтэрнэце. Адзінкі сёння пойдуць у краму, каб набыць ваш альбом. Большасць маладых артыстаў сталі вядомымі і папулярнымі за кошт раскруткі ў сацыяльных сетках. Я не прадзюсар і не скажу дакладна, што колькі каштуе, але мне здаецца, што выдаткі сённяшніх артыстаў меншыя за тыя, якія патрабаваліся спевакам раней.

Але, напрыклад, стаць папулярным у тым жа інтэрнэце не так проста, як здаецца на першы погляд. Нават калі выканаўца запіша хіт і выкладзе яго на сваёй старонцы, то верагоднасць, што заўтра кампазіцыя будзе гучаць паўсюль — 1 працэнт з 10 000. Бо трэба мець граматнага PR-менеджара, зняць кліп і г.д.

Зразумела, усё гэта патрабуе фінансавых выдаткаў, бо ніхто не захоча працаваць проста за ідэю. І ў вобразе самога артыста павінна быць штосьці ўнікальнае, бо копія нікога не зацікавіць. Цяжка знайсці сваю нішу, але магчыма. І калі гэта ўдаецца, то потым усё пачынае складвацца.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.