Вы тут

Пераклад як складнік нацыянальнай свядомасці


9 лютага ў Выдавецкім доме “Звязда” адбыўся круглы стол “Маcтацкі пераклад як фактар фарміравання нацыянальнай карціны свету”, у якім прынялі ўдзел дырэктар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Расіі Сяргей Кандыбовіч, паэт, празаік, сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Казакоў, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Ауэзава Міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан Святлана Ананьева, загадчык кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Вячаслаў Рагойша, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры Міхась Кенька, супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Полымя”, паэты і перакладчыкі Адам Шостак і Юлія Алейчанка.

Падчас правядзення круглага стала абмяркоўваліся праблемы сучаснай перакладчыцкай “геаграфіі”, асаблівасці перакладу з блізкароднасных і генетычна далёкіх моў, фарміравання перакладчыцкіх школ.


Вячаслаў Рагойша пазнаёміў прысутных з уласным бачаннем тэорыі перакладу, прынамсі, з актывізацыяй культураахоўчых, эўрыстычных, інтэрнацыяналізуючых функцый твора, перастворанага на іншай мове. Была акрэслена і вострая неабходнасць прапаганды беларускай культуры ў свеце, перакладаў беларускіх класікаў на замежныя мовы (напрыклад, стварэнне збору твораў М. Багдановіча, І. Шамякіна на рускай мове).

Міхась Кенька пры адборы твораў для перакладу параіў знаходзіць тое значнае з сусветнай спадчыны, што яшчэ не перакладалася на беларускую, але непасрэдна звязана з айчыннымі культурнымі рэаліямі. З адаптацыяй для беларускага чытача культуралагем замежных краін, псіхалагічнымі, семіятычнымі, культуралагічнымі аспектамі перакладу пазнаёміў прысутных Адам Шостак на прыкладзе ўласнага вопыту перастварэння паэмы казахскага паэта Галыма Жайлыбая “Чорная хустка”. Ухвалена гасцямі была і чарговая кніга серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”, прэзентаваная на круглым стале.

З функцыянаваннем інтэрнэ-партала “Сугучча” і далейшымі планамі культурнага абмену з замежнымі партнёрамі пазнаёміў прысутных Алесь Карлюкевіч. Сімвалічна, што падчас мерапрыемства была падпісана дамова аб супрацоўніцтве Выдавецкага дома “Звязда” і Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Расіі.

Верыцца, што грунтоўна распрацаваная перакладчыцкая тэорыя стане надзейным плацдармам практычных дзеянняў па ўмацаванні сяброўства паміж народамі, культурамі, літаратурамі.

Юлія Алейчанка

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне. 

Грамадства

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?

Першай грунтоўнай работай айчынных картографаў па-беларуску стаў Нацыянальны атлас, выпушчаны ў 2002 годзе.

Культура

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?

Дзе можна асвоіць літаратурнае майстэрства? Як становяцца пісьменнікамі?

Грамадства

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.