Вы тут

Што проціпаставіць вясковым рабаўнікам?


Пад раніцу, калі амаль усе жыхары вялікай палескай вёскі Бастынь яшчэ спалі, туды заглянула смерць. Ну, калі не яна сама, дык яе памагатыя, бо галоўны атрыбут кастлявай — каса — у іх дакладна быў і выкарыстаць яны збіраліся  яго «па назначэнні»...


Ніякай містыкі і цемрашальства, у Бастыні літаральна пазаўчора разыгралася драма, якая толькі цудам не стала сапраўднай трагедыяй. У хату да адзінокай пажылой жанчыны залезлі рабаўнікі. Лезлі ў лютаўскай цемры, у чатыры гадзіны раніцы не красці — менавіта рабаваць. Выставілі акно ў верандзе, выцягнулі з ложка і збілі 76-гадовую гаспадыню, звязалі яе скотчам, прыставілі да шыі касу. Абяцалі зарэзаць, калі не аддасць грошы. Калі ж зразумелі, што ўзяць у бабулі няма чаго, хуценька зніклі. Ведалі: трэба замятаць сляды, бо зловяць.

Фота suvd.ru

Праўда, іх усё адно злавілі. У той жа дзень, у Клецкім раёне, куды паспелі даехаць з Лунінецкага. Высветлілася: сапраўдная міжрэгіянальная і стракатая, бы зграя бяздомных сабак, хеўра: 67-гадовы пенсіянер, 45-гадовы і 28-гадовы шукальнікі прыгод, 53-гадовы былы «зэк». Першых трох занесла на Брэстчыну ажно з Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, апошняму было крыху бліжэй — ён з прысталічнага Дзяржынска. Бандыцкі рыштунак — каса (не выключана, што таксама сцягнутая з якога вясковага хлева) — быў пры іх.

Трэба спадзявацца, яны атрымаюць тое, што заслужылі. І нават больш. Бо апісанае вышэй — усяго толькі адвольны пераказ міліцэйскай зводкі. Пра чалавечы жах і бездапаможнасць, якія адчувала тая бабуля, у пратаколах не напісана. Як і пра тое, колькі бяссонных начэй яна яшчэ правядзе, колькі літраў валяр'янкі вып'е, ці забудзецца калі пра гэты начны кашмар, ці зможа ўвогуле яго забыць за той час, што адмераны ёй яшчэ на зямлі...

А літаральна напярэдадні прыйшла вестка з нашага наваколля. Для старонняга назіральніка выпадак хутчэй камічны, чым драматычны, але, як кажуць, на тую ж тэму. Пенсіянеры з аддаленай ад сельсавета і цэнтральнай сядзібы калгаса вёскі трымаюць яшчэ моцную гаспадарку, балазе, удваіх жывуць і здароўе дазваляе. Вырашылі яны прадаць казу, пра што і далі аб'яву ў мясцовай раёнцы. Пакупнік з'явіўся хутка. Прыехаў на машыне, папрасіў гаспадароў завесці яго ў хлеў: трэба, маўляў, паглядзець, у якіх умовах скаціна гадавалася, дый з самой казой бліжэй «пазнаёміцца». Гаспадарлівыя сужэнцы — людзі не толькі заможныя, але і асцярожныя, таму ў хлеў з незнаёмцам пайшлі ўдваіх, абачліва замкнуўшы хату. Каза патэнцыяльнаму гаспадару спадабалася, але тут неспадзявана ў яго зазваніў мабільны — тэрмінова выклікалі на працу. Пашкадаваўшы, што так атрымалася, паабяцаўшы абавязкова вярнуцца, ён скочыў у сваё аўто і хуценька з'ехаў. Старыя толькі паспелі заўважыць што ў машыне быў яшчэ нехта, хоць прыехаў той дзядзька адзін. Паціснулі плячыма: можа, падалося? ды пайшлі хату адмыкаць.

Аказалася, не падалося. На ложку, што стаяў ля акна, на чысцюткай капе быў адціснуты свежы след вялікага бота. Прыгледзеліся: у шыбе (у новым пластыкавым шклопакеце!) акуратна выразаная дзірачка, можна, прасунуўшы руку, лёгка акно адчыніць і гэтаксама зачыніць. Кінуліся глядзець, ці цэлыя грошы, ужо амаль ведаючы адказ. З'ехалі зберажэнні ў невядомым напрамку разам з аматарамі дробнай рагатай жывёлы... Але ўсё б магло скончыцца значна горш, калі б хто са старых заўважыў злодзея, калі ён яшчэ не вылез з хаты.

Цяпер зладзеяў шукаюць. І абавязкова знойдуць: пападуцца калі не цяпер, дык на нейкай іншай «справе». Але на іх месца прыйдуць новыя. Іх не спалохае тое, што міліцыя ўсё роўна зловіць. (Ведаю ад знаёмых міліцыянераў, што злачынцаў, якія крыўдзяць пажылых людзей, шукаюць асабліва заўзята, бо бачаць у пакрыўджаных сваіх састарэлых бацькоў.) Але ахвотнікі да лёгкай нажывы будуць рызыкаваць, бо занадта вялікая спакуса — нашы адзінокія безабаронныя старыя, што жывуць у далёкіх вёсках.

Як абараніць іх, тых, хто ў сваёй упартай прывязанасці да роднай хаты не хоча ехаць да дзяцей у горад, ці тых, хто па волі лёсу вымушаны дажываць у адзіноце? Абараніць менавіта ад зламыснікаў, якія могуць з імі расправіцца фізічна, — ад рабаўнікоў і бандытаў (а і тым, і другім у адзін міг можа зрабіцца вясковы п'яніца, якому не хапае на дабаўку).

З махлярамі, што падманам забіраюць у старых грошы, прасцей: часцей нагадваць нашым пенсіянерам аб падобнай небяспецы. І галоўнае — не пакідаць іх у самоце, калі бабуля ці дзед радуюцца любой жывой душы, што зайшла ў хату, тэлефанаваць як мага часцей, прыязджаць, нягледзячы на проста жудасную занятасць. А вось ад людзей з касой абароніць, як ні трывіяльна гучыць, высокі плот, надзейныя вокны і дзверы, добра калі яшчэ злосны сабака будзе бегаць па двары.

Але ці спяшаемся мы рабіць на родным падворку такі капітальны рамонт? Тут яшчэ і старыя, канешне, дапамагаюць: маўляў, колькі мне тут засталося, навошта грошы траціць. І мы пагаджаемся. (А пасля, калі родныя людзі сыходзяць у нябыт, хуценька на ўжо СВАЁЙ ДАЧЫ ставім металічныя дзверы, шклопакеты і плот з металапрофілю — высозны, што вуліцы з вокнаў не відаць...)

Наша суседка, калі яе маці і цётка прынялі рашэнне вярнуцца з горада ў бацькоўскую хату ў вёсцы, да справы падышла сур'ёзна. Перш чым дазволіць ім пераехаць, падсыпала вышэйшы падмурак, паставіла новыя дыхтоўныя вокны, з усіх бакоў абгарадзіла двор густым плотам. Жалезныя вароты зачыняюцца знутры, а на глухой сцяне хаты вісіць ліхтар. «Зрабіла бабам крэпасць», — з'едліва жартавалі аднавяскоўцы.

Цяпер, пэўна, зайздросцяць: казу зладзеі «куплялі» ў вёсцы, да якой нейкія два кіламетры.

Алена ЛЯЎКОВІЧ.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Іхняя крэпасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.