Вы тут

Яніна Ганчарова: «Мяняць гардэроб кожны сезон няма сэнсу»


У 2010 годзе, калі ў Беларусі ладзіўся першы тыдзень моды, гэта задума здавалася правальнай: ну якая мода ў нашай краіне? Цяпер, праз шэсць гадоў, скептыкаў куды менш. Кожны сезон дызайнеры даказваюць: нам ёсць, што паказаць. Ужо праз месяц стартуе чарговы тыдзень моды, дзе мадэльеры прадставяць калекцыі на восень і зіму. А мы тым часам вырашылі сустрэцца з кіраўніком аргкамітэта праекта Янінай ГАНЧАРОВАЙ і паразмаўляць пра дрэс-код на паказах, цэны на дызайнерскае адзенне і безгустоўнасць на вуліцах.


— Ці шмат часу ідзе на арганізацыю тыдня моды?

— Як і любое маштабнае мерапрыемства, тыдзень моды патрабуе якаснай падрыхтоўкі. Самыя важныя пытанні, такія як супрацоўніцтва з партнёрамі, дата і месца правядзення, вырашаюцца яшчэ за год. Аднак найбольш актыўная падрыхтоўка вядзецца за некалькі месяцаў да праекта. Задзейнічана вялікая колькасць людзей, бо акрамя паказаў на асноўнай пляцоўцы трэба арганізоўваць конкурсы маладых дызайнераў і модных блогераў, працаваць з дзіцячымі брэндамі і міжнароднымі СМІ. Стараемся, каб беларускі тыдзень моды стаяў на адным узроўні з еўрапейскімі.

— Колькі каштуе правесці такое мерапрыемства?

— Суму агучваць не буду, але скажу, што праект дарагі. І, як паказвае практыка, эканоміць нельга ні на чым. Важна прадугледзець усё, удзяліць належную ўвагу кожнай дэталі, якія не бачныя для звычайных наведнікаў. Гэта выдаткі на высокія тэхналогіі і аператыўнасць: якасныя відэа- і фотаздымкі, анлайн-трансляцыю. Не кажучы ўжо аб адміністрацыйнай працы тых людзей, якія на працягу ўсяго дня абслугоўваюць праект.

З сезона ў сезон мы супрацоўнічаем на ўзаемавыгадных умовах з фінансавымі партнёрамі. Адшукаць іх і заключыць дамовы — складаны і доўгі працэс. Прытым гарантый у далейшым супрацоўніцтве няма.

Прыцягваем, як правіла, буйныя паспяховыя кампаніі з падобнай мэтавай аўдыторыяй. А на дзіцячыя паказы і паказы маладых дызайнераў патрэбны асобныя партнёры, якім будуць цікавыя менавіта гэтыя праекты.

— Пытанне ад патэнцыяльных гледачоў: у чым прыходзіць на модныя паказы?

— Тут кожны прытрымліваецца таго, што яму падабаецца, але важна выглядаць акуратна і невульгарна. Можна зрабіць некалькі акцэнтаў, каб граматна падкрэсліць свой стыль. Ваш вобраз таксама можа залежаць ад дызайнера, на паказ якога вы прыйшлі. Падбярыце ўбор так, каб выглядаць адпаведна канцэпцыі брэнда. Адзначу, што добрым правілам стала прыходзіць на паказ у адзенні дадзенага мадэльера.

— А чаго чакаюць ад дызайнераў на тыдні?

— Крытыкі — якаснага, запамінальнага шоу, непаўторнага аўтарскага стылю і элемента навізны. Пакупнікі ў сваю чаргу хочуць убачыць стыльнае, практычнае адзенне.

— Калі можна сказаць, што дызайнер паспяховы?

— Любы брэнд можна назваць такім, у першую чаргу, калі ён становіцца вядомым і запатрабаваным. Дызайнеру неабходна штосезонна радаваць прыхільнікаў новымі калекцыямі і захоўваць пры гэтым свой стыль і падачу. Пастаяннае развіццё, праца і нацэленасць на міжнародны рынак — верны залог поспеху брэнда.

— Часта можна пачуць, што беларускія мадэльеры шыюць не для беларусаў: занадта дорага. Што скажаце? Ёсць дызайнеры, чые рэчы сабе можа дазволіць набыць чалавек з сярэднестатыстычным заробкам?

— Варта адзначыць, што дызайнерскае адзенне ў любой краіне свету каштуе нямала. Усё залежыць ад матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся, працаёмкасці работы — часта гэта ручная праца і адзінкавыя мадэлі. У любым выпадку рэч эксклюзіўная, з непаўторным дызайнам ніколі не будзе мець рыначнага кошту. Таму ва ўсе часы дазволіць сабе індывідуальны стыль маглі толькі забяспечаныя людзі. Сёння, дзякуючы таму што кожны можа ўбачыць мадэлі з подыума, жанчына можа знайсці альтэрнатыву ў брэндах, даступных яе бюджэту.

— Беларуская мода адстае ад таго, што адбываецца ў Еўропе і свеце?

— Сёння смела можна казаць, што не. Дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі, свет адкрыты, інфармацыя распаўсюджваецца імгненна, што дазваляе быць на адной хвалі з астатнімі краінамі, пастаянна ўзаемадзейнічаць і падтрымліваць сувязі. Безумоўна, для беларускай моды прагрэс адкрыў новыя магчымасці і перспектывы.

— Тэндэнцыі ў модзе часта змяняюцца. Як думаеце, абнаўляць гардэроб варта таксама кожны сезон?

— У гэтым няма сэнсу. За ўсімі трэндамі ўсё роўна не ўгнацца. Лепш удзяліць увагу пошуку ўласнага ўнікальнага стылю і толькі часам дапаўняць яго ультрамоднымі мадэлямі. Базавыя рэчы мусяць быць асновай вашага гардэробу, на іх эканоміць не варта. Зрабіце акцэнт на якасць і ўніверсальнасць.

— А якія рэчы на піку моды ў гэтым сезоне?

— Вінтаж заўсёды быў папулярны, і сёлета ён толькі ўзмоцніць свае пазіцыі. Пагадзіцеся, што цяпер усе імкнуцца да ўнікальнасці. Рэчамі з апошніх калекцый ужо нікога не здзівіш. Усе хочуць знайсці што-небудзь эксклюзіўнае, а самае даступнае з эксклюзіву — вінтажнае адзенне. Гэты бум на вінтаж добра прасочваецца ў папулярных модных блогераў.

— А што з таго, што заўважаеце на вуліцах, вам здаецца безгустоўнасцю? Ад якіх рэчаў даўно пара пазбавіцца?

— Пра безгустоўнасць у модзе можна казаць, напэўна, бясконца. Напрыклад, раней лічылася правільным падбіраць аксесуары ў тон абутку, цяпер жа такі прыём — маветон. Вядома ж, ёсць пэўныя рэчы, якія нават сярод людзей, што не маюць ніякага дачынення да моды, непрымальны для носкі. Гэта «вязаныя» боты, адзенне кіслотных адценняў, капелюшы і футболкі з надпісамі, дзе часцяком утрымліваецца ненарматыўная лексіка. Натуральна, з кожным годам спіс вопраткі, што з'яўляецца паказчыкам безгустоўнасці, папаўняецца.

Але, напэўна, самы галоўны маветон, які ніяк не могуць засвоіць жанчыны ў нашай краіне, — гэта калготкі бэжавага колеру. У свеце моды гэты прадмет гардэробу — жорсткае табу, але нашы дзяўчаты ўмудраюцца іх надзець не толькі пад басаножкі з адкрытым носам, але і пад зімовыя боты з пухавіком. Акрамя таго, што такое спалучэнне выглядае недарэчна, гэта небяспечна для здароўя.

— Быць модным і стыльным — у чым розніца?

— Можна быць модным, але пры гэтым заставацца без уласнага стылю. Стыль — гэта асабістае ўспрыманне чалавекам яго наваколля і адлюстраванне ўнутранага свету. Каб быць стыльным, зусім не абавязкова апранацца ў знакамітых дызайнераў і мець вялікую гардэробную. Дастаткова граматна падыходзіць да выбару рэчаў і прапускаць іх праз прызму вашай індывідуальнасці. Тут недарэчнай будзе формула «больш — лепш». А вось каб быць модным, дастаткова сачыць за апошнімі тэндэнцыямі і мець кашалёк патаўсцей.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Пят­ра Він­ніч­ка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.