Вы тут

ГМ-расліны: ад лабараторыі — да доследнага поля


Трансгенны рапс, устойлівы да гліфасату (гербіцыду), можа быць высаджаны на доследным полі Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі ўжо сёлета.


Заяўка Белдзяржуніверсітэта разглядалася на Экспертным савеце па біябяспецы генна-інжынерных арганізмаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя яшчэ вясной мінулага года. Пасля праходжання шматлікіх працэдур, у тым ліку і грамадскага абмеркавання, эксперты далі дазвол на вызваленне трансгеннай расліны ў навакольнае асяроддзе на тэрыторыі доследнага поля, якое адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням бяспекі.

Дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Валянціна ЛЕМЕШ расказала, што сення ў краіне абсталяваны па ўсіх міжнародных і нацыянальных стандартах тры доследныя полі для вырошчвання трансгенных раслін: такія пляцоўкі маюць Інстытут генетыкі і цыталогіі, Цэнтральны батанічны сад і Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве.

У Цэнтральным батанічным садзе вось ужо тры гады вырошчваюцца трансгенныя буйнаплодныя журавіны: у расліну быў унесены ген для ўзмацнення смакавых уласцівасцяў (салодкасці) ягады. А на доследным полі Інстытута генетыкі і цыталогіі цягам двух гадоў вырошчвалася трансгенная бульба, устойлівая да насякомых і грыбных захворванняў.

Дарэчы, ген, які адпужваў ад бульбы каларадскага жука, выпрацоўваўся толькі ў бацвінні і адсутнічаў у клубнях, таму для здароўя чалавека не было ніякай пагрозы.

Як патлумачыла Валянціна Лемеш, пакуль што вызваленне трансгенных раслін у навакольнае асяроддзе адбываецца ў нашай краіне толькі ў рамках выканання навуковых праектаў на доследных палях. І робіцца гэта для таго, каб праверыць, як будзе паводзіць сябе трансгенная расліна ў прыродзе. Бо адна справа — вырошчваць ГМ-расліны ў лабараторных умовах, і крыху іншая — пад адкрытым небам на параўнальна вялікай плошчы. Да таго ж у прыродзе пасадкі трэба правяраць цягам некалькіх пакаленняў. Гэта ўсё дарагія даследаванні. Па некаторых звестках, стварэнне аднаго трансгеннага сорту расліны можа каштаваць больш за 1 мільярд долараў. Таму пра вырошчванне ў Беларусі трансгенных раслін у камерцыйных мэтах размова пакуль не ідзе...

Усяго ў свеце дапушчаны да вырошчвання 27 відаў ГМ-раслін (372 трансгенныя лініі), у тым ліку таматы, бульба, рыс, цукровыя буракі, лён, кабачок, дыня, фасоля, салодкі перац, тытунь, цыкорый, папая, пшаніца, люцэрна, сліва, петунія, таполя і іншыя.

У лабараторных умовах ствараюцца расліны, устойлівыя і да засухі, і да пераўвільгатнення, і да замаразкаў, і да шкоднікаў, і да цяжкіх металаў. Расліны з палепшанымі смакавымі якасцямі і з карыснымі ўласцівасцямі, напрыклад генетычна мадыфікаваны рыс, які змяшчае вітамін А.

Беларускія навукоўцы працуюць над стварэннем трансгеннай канюшыны з павышанай ураджайнасцю; тытуню, устойлівага да цяжкіх металаў і нафтапрадуктаў; тытуню з паскораным развіццём і павышанай прадукцыйнасцю; лёну-даўгунцу... З апошнім звязваюць надзею на адраджэнне беларускага льнаводства — не сакрэт, што сёння галоўнай праблемай з'яўляецца адсутнасць сартоў, якія дазваляюць атрымаць якаснае льновалакно.

У лістападзе мінулага года ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паступіла яшчэ адна заяўка ад Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве НАН Беларусі аб правядзенні дзяржаўнай экспертызы бяспекі трансгеннага рапсу. У гэтым выпадку размова ідзе пра рапс, які ўключае ген курынага інтэрферону, і ген, які абумоўлівае ўстойлівасць расліны да гербіцыду.

Гэта сумесная з навукоўцамі біялагічнага факультэта БДУ распрацоўка, нацэленая на абарону курынага пагалоўя на нашых птушкафабрыках. Інтэрферон, які павышае імунітэт, не трэба будзе вылучаць з клетак расліны: спатрэбіцца проста высушыць зялёную масу, размалоць яе на звычайным млыне і дабавіць у корм.

Пакуль што на Экспертным савеце заяўка не разглядалася.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.