18 Верасень, аўторак

Вы тут

Расійскія ўкладчыкі пайшлі ў нашы банкі


Некаторыя мае сябры айчынныя банкі сур'ёзна не ўспрымаюць, іншыя — ставяцца да іх з асцярогаю. Аднак цяпер (звычайна сярод моладзі) ёсць і такія, што гуляюць з фінансавымі ўстановамі «па-сур'ёзнаму». Гэта мае назіранні. А цяпер аб фактах. У Беларусі пайшла «другая хваля» цікавасці расійскіх грамадзян з грашыма да нашых банкаўскіх дэпазітаў. Падобная тэндэнцыя відавочная сёння не ў адным асобным банку. За апошні год аб'ём такіх, менавіта расійскіх, укладаў у многіх камерцыйных банках краіны павялічыўся на 10—30% у доларавым эквіваленце.


Фота: moyby.com

Мне крыху дзіўна ўспрымаць той факт, што жыхары такой вялікай і багатай суседняй краіны спецыяльна наведваюць нашы банкі, каб пакласці туды свае грошы. Тады атрымліваецца, што нашы банкі ім больш падабаюцца, чым свае. Чаму?

Даспадобы істотны даход і... сур'ёзнае стаўленне дзяржавы

Расіяне галасуюць за беларускія банкі рублём. І гэта нягледзячы на змяненне ўмоў: спачатку дзяленне ўкладаў на адзыўныя і безадзыўныя, а пасля — спагнанне з працэнтаў ад укладу падаходнага падатку з 1 красавіка. У прэс-службе аднаго камерцыйнага банка карэспандэнту «Звязды» паведамілі, што найбольшы прырост дэпазітаў з боку расіян прыйшоўся менавіта на перыяд пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта №7 (які гэты самы падатак і прадугледжвае) — з сярэдзіны лістапада да пачатку 2016 года іх партфель папаўнеў больш чым на 17%, тады як за папярэднія месяцы — толькі на 9%. А ўсяго за год у гэтым банку аб'ём расійскіх укладаў павялічыўся на 28%.

Падобная рэакцыя замежных кліентаў на выхад у свет згаданага дэкрэта мае сваю логіку. Расійскія ўкладчыкі цяпер дакладна ведаюць умовы фінансавай гульні з дэпазітамі. У дакуменце зразумела прапісана, хто і ў якіх выпадках павінен плаціць падаходны падатак на працэнтны даход з укладаў. А галоўнае, што дзяржава ў любым выпадку гарантуе ўкладчыкам вяртанне сваіх сродкаў пры выкананні пэўных умоў захоўвання грошай у банкаўскай сферы.

Кліентам з-за мяжы імпануе і тое, як сітуацыю ў фінансавым бізнесе, часам няпростую, кантралюе наш Нацыянальны банк. Напрыклад, беларускі рэгулятар даволі рашуча і своечасова спыніў дзейнасць аднаго прыватнага ўкраінскага банка (Дэльта-Банк). Больш за тое, папярэдне ў гэтым банку было ўведзена Нацбанкам знешняе кіраванне, што не дазволіла прыватнаму бізнесу перавесці грашовыя сродкі кліентаў за мяжу, або перааформіць на іншых юрыдычных асоб свае актывы на тэрыторыі Беларусі. Бізнес потым адрэагаваў на гэта нервова, але ўкладчыкі атрымалі чарговае пацвярджэнне таму, што грошы ім абавязкова вернуць.

Багатых кліентаў стала больш

Спецыялісты адной фінансавай установы — (Альфа-Банк (Беларусь) — вырашылі зрабіць раскладку сваіх замежных кліентаў. Было выяўлена, што сярод расійскіх укладчыкаў нямала заможных людзей са зберажэннямі ад 100 тысяч долараў і больш. Пры гэтым сярэдні памер «расійскага» дэпазіту за мінулы год павялічыўся на 13,5% і цяпер складае каля 40 тысяч долараў у эквіваленце.

Таксама ў банку паведамілі, што рост цікавасці да ўкладаў тлумачыцца параўнальна высокай даходнасцю, бо ў Беларусі стаўкі па валютных дэпазітах у 1,5-2 разы вышэйшыя, чым у Расіі. І гэта нават з улікам прагназуемых адлічэнняў у выглядзе падаходнага падатку з працэнтнага даходу. Акрамя таго, укладчыкаў з суседняй краіны прыцягвае гарантаваны дзяржавай безумоўны механізм кампенсацыі ўкладаў насельніцтву.

Кладуць валюту і нават рублі

Жыхары суседняй дзяржавы часцей за ўсё адкрываюць дэпазіты ў доларах і еўра. І хоць стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях значна вышэйшыя (каля 30% гадавых), укладчыкаў насцярожваюць ваганні нацыянальнай валюты. «Вялікую ролю тут адыгрывае псіхалагічны фактар.

Хоць, калі параўнаць уклады ў беларускіх рублях і замежнай валюце па даходнасці ў доларавым эквіваленце, то ў кароткачасовым «моманце» дэпазіты ў беларускіх рублях у 1,3—1,4 раза больш выгадныя за валютныя», — растлумачылі ў банку.

Таму ўсё часцей «прасунутыя» кліенты адкрываюць уклады адразу ў некалькіх валютах, у тым ліку і ў беларускай.

Цяпер у невялікіх прыватных банках на расіян прыпадае ад 2% да 9% банкаўскіх укладаў, а, напрыклад, іх доля (8%) у партфелі дэпазітаў Альфа-Банка за апошні год павялічылася прыкладна на 1%. Спецыялісты банкаўскага сектара прагназуюць, што і сёлета такая тэндэнцыя захаваецца з улікам складанасцяў у расійскай эканоміцы і чаканага захавання прывабнасці ўкладаў у беларускіх банках.

Усё пазнаецца ў параўнанні

Сярод расійскіх укладчыкаў нямала тых, хто працуе ў Беларусі. І, што цікава, у беларускі рубель яны вераць істотна больш. «Тут усё проста, бо тэмпы дэвальвацыі беларускага рубля некалькі ніжэйшыя, чым расійскага, а даходнасць па дэпазітах у 2,5-3 разы вышэйшая. Таму многія кліенты выкарыстоўваюць простую схему, каб назапасіць на буйныя пакупкі: пераводзяць частку заробку на дэпазіт у беларускіх рублях, зарабляюць на працэнтах, а потым робяць шопінг у Расію», — патлумачылі спецыялісты банкаўскага сектара.

З'явіліся і VІР-кліенты з Еўропы

Шматлікія ўкладчыкі з Расіі адкрываюць рахункі на сумы ад 100 тысяч долараў і больш. У гэтым выпадку яны бясплатна карыстаюцца магчымасцямі эксклюзіўнага абслугоўвання — так званым рrіvаtе-bаnkіng. Для іх прадугледжаны абаронены канал «распараджэнняў», які дазваляе кіраваць укладам праз персанальнага менеджара. Пазбегнуць высокай камісіі пры зняцці сродкаў на радзіме атрымоўваецца дзякуючы «роднасным» сувязям беларускага і расійскага філіялаў (аддзяленняў) сумесных банкаў.

Больш за тое, сярод актыўных укладчыкаў такіх банкаў не толькі грамадзяне Расіі.

Усё большую цікавасць да нашых дэпазітаў праяўляюць жыхары еўрапейскіх краін, такіх як Італія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Польшча, а таксама прыбалтыйскіх дзяржаў. Як правіла, кліенты з Еўропы карыстаюцца сістэмай абслугоўвання ўзроўню рrіvаtе-bаnkіng. Відавочна, што для іх умовы ў Беларусі вельмі прывабныя, бо цяпер многія еўрапейскія банкі ўжо прапануюць не толькі нулявую, але і адмоўную даходнасць па дэпазітах.

У бліжэйшыя месяцы істотных зменаў у партфелі ўкладаў не адбудзецца, лічаць эксперты. «Палітыка Нацбанка цяпер накіравана на стварэнне прадказальнай сітуацыі на фінансавым рынку. Рэгулятар імкнецца стабілізаваць рэсурсную базу банкаў і абмежаваць рост грашовай прапановы з мэтай зніжэння інфляцыі. Тым не менш у параўнанні з Расіяй умовы для «працы» грошай у Беларусі застаюцца значна больш прывабнымі», — адзначаюць нават незалежныя эксперты банкаўскай сферы.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.