Вы тут

Птушку-сімвал раёна выберуць на Валожыншчыне


Такім чынам раённыя ўлады падтрымалі ініцыятыву мясцовых актывістаў разам з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Ініцыятыва была за арнітолагамі, якія запрасілі ў Валожын на «круглы стол» прадстаўнікоў райвыканкама, уладальнікаў аграсядзіб, настаўнікаў біялогіі, работнікаў Мінпрыроды і краязнаўчага музея, дырэктара Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» і іншых прадстаўнікоў грамадскасці, каб разам абмеркаваць, як абраць птушку раёна.


Зі­ма­ро­дак.

Супрацоўнікі АПБ прадставілі птушак, дзякуючы якім Налібоцкая пушча атрымала статус тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) міжнароднага значэння. Пра кожную птушку былі расказаны цікавыя звесткі. Менавіта з іх планавалася абраць некалькі кандыдатаў для ўсенароднага галасавання. У выніку сустрэчы ўдзельнікі «круглага стала» абралі пяць птушак-кандыдатак. У асноўным гэта віды з Чырвонай кнігі, якія адначасова з'яўляюцца і крылатымі жыхарамі Налібоцкай пушчы. Пасля дыскусій прэтэндэнтамі на птушку-сімвал Валожыншчыны сталі зімародак, чорны бусел, пугач, малы арлец і... глушэц.

А апошні з'явіўся ў канчатковым спісе дзякуючы Васілю Гуркову, дырэктару Налібоцкага заказніка, дзе збіраюцца разводзіць гэтую знікаючую птушку ў спецыяльным гадавальніку. Астатніх птушак арнітолагі прапанавалі таксама з абгрунтаваннем. У Валожынскім раёне, напрыклад, самая вялікая ў Беларусі папуляцыя зімародка. Гэту хуткую птушку няцяжка заўважыць на рэчках пушчы. Малы арлец на Валожыншчыне гняздуе ў пушчы, а палюе на палях, дзе яго таксама можна ўбачыць. Пугач — самая буйная сава ў свеце, і ў Налібоцкай пушчы заўсёды жыве некалькі іх пар. Забалочаныя поймы ў спалучэнні з ляснымі масівамі — любімыя месцы рассялення чорнага бусла.

А з 17 сакавіка на сайце АПБ пачалося галасаванне за адну з гэтых птушак. Ад голасу кожнага валожынца залежыць, якім будзе сімвал іх раёна, паведамілі карэспандэнту «Звязды» ў прэс-службе АПБ.

Ма­лы ар­лец.

Пасля таго як сімвал абяруць, у горадзе паставяць скульптуру птушкі, намалююць графіці з яе выявай. Таксама пройдзе шэраг мерапрыемстваў у школах горада, мэтай якіх стане павышэнне дзіцячай зацікаўленасці прыродай і экалогіяй рэгіёна. Будуць праводзіцца трэнінгі і майстар-класы з уладальнікамі аграсядзіб. Іх навучаць, як арганізаваць «прыродныя» экскурсіі, раскажуць, якія крылатыя суседзі могуць завітаць на падворкі. А мясцовых рамеснікаў навучаць вырабляць унікальныя сувеніры. Спецыялісты мяркуюць, што новы сімвал зможа прыцягнуць у раён больш экатурыстаў, бёрдвотчараў і фатографаў дзікай прыроды. Таксама ёсць надзея, што шэраг запланаваных мерапрыемстваў заахвоціць людзей быць больш актыўнымі ў захаванні біяразнастайнасці нашай краіны.

— Выбар птушкі раёна — практыка пакуль новая для Беларусі, але досыць распаўсюджаная ў свеце. Так, кожны штат у ЗША можа ганарыцца сваёй птушкай-сімвалам, грамадзяне Вялікабрытаніі абралі нацыянальнай птушкай заранку, а ізраільцяне — удода. Усё гэта дапамагае не толькі выгадна пазіцыянаваць рэгіёны на турыстычным рынку і прыцягнуць увагу да рэгіёну і да экатурызму, але і дае магчымасць згуртавацца мясцовым жыхарам вакол агульнай ідэі — усведамлення прыроднай каштоўнасці месца, у якім жывеш. Мы ўпэўнены, што хутка жыхары Валожынскага краю адчуюць гэта, а наша практыка разляціцца па іншых рэгіёнах, — адзначае арганізатар ініцыятывы АПБ Карына Салавей.

Нагадаю, што свае птушкі-сімвалы ўжо ёсць у двух раёнаў Беларусі: «візітоўкай» Слуцка стаў салавей, а Мёраў — журавель.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.