Вы тут

Віктар Шніп. Хай будзе ў паэта святочны настрой


Шніп Віктар Анатольевіч нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1979) і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1987). Працаваў у часопісе «Беларусь», у газеце «Наша слова». З 1995 па 2004 год быў намеснікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер — галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Аўтар кніг паэзіі і прозы «Гронка святла» (1983), «Пошук радасці» (1987), «Шляхам ветру» (1990), «На рэштках Храма» (1994), «Выкраданне Еўропы» (1996), «Чырвоны ліхтар» (2000), «Воўчы вецер» (2001), «Інквізіцыя» (2002), «Выратаванне атрутай» (2003), «Беларускае мора» (2004), «Балада камянёў» (2006), «Страла кахання, любові крыж» (2008), «Проза і паэзія агню» (2010), «Пугачоўскі цырульнік» (2013), «Сабачыя гісторыі» (2013), «Тутэйшая туга» (2014), «Першы папяровы снег» (2014) і інш.

Лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага (1987), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2007), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2008).

 


Хай будзе ў паэта святочны настрой

 

 

***

 

Уладзіміру Караткевічу

 

Поўня пячаткай Вялікага Княства

Па-над маёю асенняй зямлёй.

Дым у лагчыне — там курыцца «Астра»

Шэрым ваўком прад халоднай зімой.

З ім Караткевіч ля вогнішча з півам,

Што наварыў яму заяц стары.

Добра ім сёння, таму я шчаслівы.

Воўк журавін назбіраў тры вядры

Для Караткевіча, што прыйшоў з княства,

Дзе ён цяпер несамотна жыве,

Курыць з князямі савецкую «Астру»,

Моліцца з імі ў паднебнай царкве.

Я назіраю здалёк і нясмела

Босым іду па траве да агню.

Птушка над мною стралой праляцела

І напалохала мне цішыню.

Далей і я не пайшоў, хай хоць часам

Будзе ў паэта святочны настрой.

Хай жа з ваўком яны вып’юць там разам

За Беларусь прад халоднай зімой…

 


***

 

Дзень белы растане сняжынкай у каве

І ноч зноў пачнецца, нібы чорны снег

Пасыплецца з неба, і лісце ў канаве

Сабе адшукае спакой і начлег,

А потым ізноўку падхопіцца ветрам

І ў свет панясецца, не ўслед за табой,

Калі ты пакінеш кавярню, як лета

Пакінула нас, каб прыйшоў лістабой,

Счарнелы, нібыта астылая кава,

Якую дап’еш, бо патрэбна дапіць.

І снегам нясмелым засыплюцца травы,

Якія за восень не ўспелі скасіць.

І дзень зноў пачнецца, і ноч зноў растане,

Нібыта яе не было тут зусім.

Са снегу ты вылепіш слова «ВЯРТАННЕ»,

І будзеш шчаслівы, як з коміна дым…

 


Дарога

 

На дарозе не расце нічога,

Акрамя калюгаў і жуды,

Бо дарога гэтая да Бога,

Бо дарога гэта на клады.

 

І над ёй нас пранясуць не сёння

Нашы не найлепшыя сябры.

І, якімі мы былі, успомняць,

Скажуць, што памерлі без пары.

 

Толькі не пачуем мы нічога,

А пачуўшы, сумна прамаўчым.

І не знікне гэтая дарога,

А як знікне — смерць усім жывым…

 


***

 

Ліліяне Анцух

 

Вы з музыкі, нібыта з акіяна,

У гэты свет, як музыка, прыйшлі.

І светлай музыкай пачаўся ранак,

Дзе з туманоў кахання караблі

Пад ветразямі белымі плылі

І ў травах росных, як туман, знікалі.

І пачынала новы дзень пчала

З анёльскіх кветак, што яе чакалі,

Як мы чакаем сонца і цяпла

У гэтым свеце, дзе нішто не нова,

І толькі Вы, як цэлы новы свет,

Сваёю музыкай збудзілі словы,

Што ў нашых душах пакідаюць след

І вершамі становяцца каханым,

Што ў кнігах застаюцца назаўжды,

Як застаецца ў сэрцы кожны ранак

Па кропельцы жывой святой вады,

І ў слове кожным, як у акіяне,

Усё жыло, жыве і будзе жыць,

І новай светлай музыкаю стане

У дня і ночы на мяжы…

 


***

 

Сінявокія стракозы

Узляцелі над травой,

Як паэзія над прозай,

Што народжана вясной,

У якой жывуць стракозы,

Што лятаюць над травой,

Як паэзія над прозай,

Што прыдумана не мной…


 

***

 

Ты ізноў напісаў уначы на вадзе пра сваю адзіноту

І пакрылася лёдам, нібыта санетам бясконцым, рака.

І, як толькі ўзвіднела наўкол, паляцелі, нібы самалёты,

Цені хмар па збялелай траве і, як дым, ажыла асака.

Можна плакаць і можна смяяцца — ніхто не пачуе,

І на полі аціхлым саломы стагі, як разбураны Рым,

Па якім, нібы раб, што застаўся жывым, белы воран вандруе

І табе ён махае крылом: «Давай, брат, мы адсюль паляцім!»

Толькі ты анікуды адсюль не паедзеш, не сыдзеш ніколі,

Ты да гэтай самотнай зямлі адзінотай навечна прырос,

Як вялікі валун у яшчэ не зарослым дзядоўнікам полі

Ці як гэты ля рэчкі змялелай стары, як наш свет, вербалоз.

Ты ізноў напісаў уначы на рацэ пра сваю адзіноту

І закрэсліў світанак твой сум, як празрысты бясконцы санет,

І рака зноў зрабілася светлай і вольнай ад першага лёду,

На якім паслізнулася сонца, несучы прад сабою сусвет…

 


***

 

Адна суцеха, што забраным на Каляды

пад спеў анёлаў Бог даруе рай.

 

Васіль Сахарчук

 

 

Мой бацька самотны памёр на Каляды

У белай бальніцы, нібыта ў снягах,

Замецены снежнем пад светлае свята

На ложку рыпучым, нібы на руках

У Бога тутэйшага, што быў ля бацькі,

І беднага бацьку чым мог суцяшаў,

І зоркі ў нябёсах — святочныя цацкі —

Свяцілі, ды свята не знала душа.

А можа, і знала, а можа, і добра

Было перад смерцю тут бацьку майму,

І светла было, і было яму цёпла.

Мой бацька любіў снегавую зіму,

Калі замяталіся сцежкі і хаты.

І белым, бясконцым, як вечнасць, было

Усё, што наўкол… Мы чакалі Каляды,

Але прычакалі, што стухла святло

У бацькавых вочах у белай бальніцы,

Нібыта ў снягах, што ўвесь свет замялі.

Крыжы на магілах, нібы бліскавіцы,

Якія зімою з нябёсаў сышлі

І адзервянелі ад суму і гора.

Снег белы, бялюткі, як белае мора,

І сцежка на ім — ты не бойся, ступай! —

Не сцежка на могілкі, сцежка — у рай…


 

Зімовы сон пчол

 

і выпаў першы снег

і стала светла ў вуллі як у раі

і прыснілася пчолам

што яны вылецілі на вуліцу

і сталі гуляць у снежкі

і разбудзілі трутняў

якія пазяхаючы

выглянулі з вулля на свет белы

і самы вялікі труцень

вываліўся на снег

і стаў сняжынкай

якая трапіла ў вока мядзведзя

і мядзведзь стаў добрым

як пчаліны бацька

і снілася пчолам вясна

і снілася пчолам лета

і снілася пчолам восень

і дзень калі выпаў пчаліны снег

з якога пчолы зляпілі

белы свет

у якім цяпер усе жывуць

як пчолы

якім сняцца зімовыя сны

дзе добра як у раі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.