Вы тут

Не толькі выслухаць, але і пачуць


У гэту нядзелю — 17 красавіка — Фрунзенскаму раёну нашай сталіцы спаўняецца 65 гадоў. Фрунзенскі раён мае свае асаблівасці — сёння гэта самы буйны і населены раён у горадзе Мінску і ў краіне ў цэлым. Менавіта на тэрыторыі гэтага раёна ўводзіцца ў эксплуатацыю больш за 40% гарадскога жылля, а пражывае больш за 458 тысяч чалавек. За апошнія 5 гадоў тут пабудавана 9 дашкольных устаноў адукацыі і 3 школы, уведзена ў эксплуатацыю больш за 300 гандлёвых аб'ектаў і буйных шматфункцыянальных цэнтраў з шырокім спектрам паслуг, пабудавана больш за 2 млн квадратных метраў жылля.

На тэрыторыі гэтай адміністрацыйнай адзінкі дзейнічаюць такія буйныя прамысловыя гіганты, як акцыянернае таварыства «МАПІД», Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў, таварыства «Табак-інвест» і іншыя. У раёне зарэгістравана каля 17 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў і 8 708 юрыдычных асоб. Гэта сапраўды ўнушальныя і знакавыя лічбы, але... Кіраўніцтва адміністрацыі раёна ўпэўнена, што галоўнай каштоўнасцю гэтай тэрыторыі з'яўляюцца мясцовыя жыхары з іх планамі, радасцямі і праблемамі. Каманда раённай адміністрацыі і была створана якраз дзеля таго, каб у людзей гэтых праблем было менш. Якім чынам такая задача паспяхова выконваецца, карэспандэнту «Звязды» расказаў кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Барыс Васільеў.


— Барыс Анатолевіч, кажуць, што вамі быў знойдзены нейкі асаблівы фармат кантактавання з насельніцтвам. У чым ваш галоўны сакрэт?

— Сакрэтнага рэцэпту ў нас няма, галоўны пасыл — пачуць кожнага чалавека, які звяртаецца ў адміністрацыю па дапамогу.

У гэтай сувязі адзначу выпрацаваны гадамі стыль нашай працы — я і мае падначаленыя ніколі не пройдзем міма чалавека, які наведаўся да нас на прыём нават у незапланаваны час, але ў яго абліччы «чытаецца» жывое пытанне і відаць, што ён не ведае, хто можа вырашыць яго праблему. Мы ўсе са сваёй камандай намеснікаў менавіта ў такім фармаце і працуем.

Увогуле, намеснікі прымаюць людзей па асабістых пытаннях штотыднёва. Гэта робіцца дзеля таго, каб у жыхароў раёна не назапашваліся праблемныя пытанні аператыўнага рэагавання мясцовага ўзроўню. Тут нам дапамагаюць і «прамыя лініі» па суботах, якія былі ўведзены не так даўно. Пасля падобнай практыкі мы адчулі, што на такіх мерапрыемствах існуе рэальная магчымасць своечасова вырашаць любыя актуальныя пытанні нашых жыхароў.

Другі стратэгічны момант нашай працы — выхад чыноўнікаў у народ па месцы жыхарства. Гэта сустрэчы ў працоўных калектывах, у адміністрацыях мікрараёнаў, непасрэдна з людзьмі на пляцоўках жыллёвага сектара. У гэтым выпадку выкарыстоўваецца форма зносін з больш шырокім удзелам гарадскіх службаў. Галоўная ідэя такіх мерапрыемстваў у тым, каб у кожным мікрараёне любы жыхар Фрунзенскага раёна меў магчымасць задаць пытанне і атрымаць адказ.

— Мне здаецца, што не вельмі глабальныя пытанні грамадзян можна вырашаць і на месцы?

— Так. У раёне існуюць калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Створаны працоўныя групы, якія ўзначальваюць кіраўнікі ЖЭСаў. Туды ўваходзяць прадстаўнікі МНС, міліцыі, цэнтра гігіены, супрацоўнікі адміністрацыі і кіраўнікі асобных буйных прадпрыемстваў раёна. Гэтыя групы два разы на месяц збіраюцца і абмяркоўваюць усе актуальныя пытанні мясцовага ўзроўню.

Таксама ў нас дзейнічаюць саветы апорных пунктаў грамадскай бяспекі. Яны вырашаюць выключна праблемныя пытанні і выклікаюць «на размову» тых людзей, якія парушаюць розныя нормы, у тым ліку і правілы ўтрымання жылога фонду, калі не займаюцца выхаваннем дзяцей і г. д.

— Вызначаныя структуры і кантактуюць напрамую з насельніцтвам?

— Сапраўды так. На прыкладзе мікрараёна «Каменная Горка» намі была падлічана колькасць зваротаў ад насельніцтва. Летась мы атрымалі больш як 7,5 тысячы пытанняў, якія былі зададзены людзьмі па самых розных напрамках. Пасля правядзення дакладнага аналізу намі было выяўлена, што каля 98% гэтых пытанняў лёгка вырашаліся на мясцовым узроўні. Выключна на ўзроўні кіраўніка нейкага падраздзялення ці прадстаўніка пэўнай службы.

Такая дакладная інфармацыя дазваляе адміністрацыі паспяхова аналізаваць сітуацыю па балючых кропках і своечасова ўздымаць глабальныя пытанні ўжо на ўзроўні кіраўніцтва менавіта Фрунзенскага раёна. Акрамя таго, раз на месяц у адміністрацыі праводзіцца пашыраная нарада пад маім кіраўніцтвам, дзе прысутнічаюць старшыні гэтых калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых структур і службаў раёна.

— Рэформа ЖКГ пераходзіць са стадыі эксперымента ў больш практычную плоскасць. Ваш раён у гэтым кірунку таксама пачынае суцэльную мадэрнізацыю?

— Пытанне сапраўды складанае. Па гэтым кірунку яшчэ канчаткова не завершаны перыяд рэструктурызацыі. З першых дзён красавіка ў нас толькі пачала працаваць служба заказчыка ў гэтай сферы.

Сёння ідзе структурная перабудова, калі ў сістэме рэалізуецца даволі шмат змен у частцы работ, якія былі перакладзены на насельніцтва. Напрыклад, у гэтую сферу трапіла прыборка і рамонт пад'ездаў і нейкія іншыя работы. Таму сёння стаіць задача знайсці (распрацаваць) прымальную для ўсіх бакоў метадалогію ўзаемаадносін. Аднак ужо цяпер зразумела, што роля насельніцтва будзе павялічвацца і ў ацэнцы такіх работ, і ў ступені ўдзелу па ўтрыманні жыллёвага фонду.

Акрамя таго, такая рэформа першапачаткова была ініцыявана ў першую чаргу дзеля таго, каб істотна палепшыць якасць абслугоўвання жыллёвага фонду. У гэтай сферы ў нас ёсць пэўныя планы, але рэалізацыя іх на практыцы патрабуе некаторага часу.

— У Мінску даволі востра стаіць пытанне транспартных развязак. Пакуль што невялікія заторы раніцай і ўвечары істотна зніжаюць эфектыўнасць дзеяння грамадскага транспарту. У свой час нават дэпутатамі актыўна абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні спецыяльных палос для руху аўтобусаў і тралейбусаў. Асабліва гэтая тэма актуальная для перакрыжавання дарог каля станцыі метро «Каменная Горка».

— Ёсць такая праблема. Аднак, толькі стварэннем нейкіх спецыяльных палос яе не вырашыць. Патрэбна комплекснае вырашэнне праблемы. Адміністрацыя раёна займалася пошукам кропак узаемадзеяння з прадстаўнікамі буйнога бізнесу, які размешчаны ў гэтым месцы. І прыватнікі з грашыма пайшлі нам насустрач. Сёння спецыялізаваны гандлёвы цэнтр «Мацярык» выказаў намер за кошт сваіх сродкаў распрацаваць праект і правесці рэканструкцыю ўчастка па вуліцы Лабанка. Акрамя таго, з парковачнай пляцоўкі гэтага цэнтра будзе зроблены дадатковы выезд на вуліцу Прытыцкага. Мы спадзяёмся, што такая рэканструкцыя здыме большасць пытанняў з развязкай гэтага транспартнага вузла. Плануецца, што праведзена яна будзе ўжо сёлета.

— Фрунзенскі раён апошнім часам актыўна развіваецца і будуецца. Якія знакавыя аб'екты тут будуць узведзены ў найбліжэйшы час?

— Насупраць згаданага магазіна «Мацярык» будзе пабудаваны ўнікальны комплекс для паспяховага развіцця бізнесу GREENCІTY агульнай плошчай 100 640 квадратных метраў, аналагаў якому няма ў нашай краіне. У складзе гэтага комплексу будзе пабудаваны і самы вялікі ў краіне гіпермаркет з гандлёвай плошчай 13,2 тысячы квадратных метраў. Будаўніцтвам гэтага комплексу займаецца інвестыцыйная кампанія ЕўраСтэпГруп.

Сярод ужо пабудаваных сацыяльных аб'ектаў можна з гонарам адзначыць дзве сучасныя школы з басейнамі. Былі рэканструяваны тэнісныя корты. Усяго за 8 гадоў у Фрунзенскім раёне было пабудавана 3 млн 650 тысяч квадратных метраў жылля, што адпавядае больш чым 40% ад агульнага аб'ёму пабудаванага за гэты час жылля ў сталіцы. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзве паліклінікі — дарослую і дзіцячую.

— Лічыцца, што ваш раён з'яўляецца самым маладзёжным у горадзе, бо тут найбольшая колькасць шматдзетных сем'яў...

— Так. Кожная трэцяя шматдзетная сям'я Мінска жыве ў нас. У раёне функцыянуе 150 устаноў адукацыі, сярод якіх ажно 80 дзіцячых садкоў. Сёлета будуецца яшчэ тры садкі.

— З надыходзячым святам вас і дзякуй за гутарку.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.