Вы тут

Тэст на людскасць


Яны зрабілі гэта. Вучоныя з кітайскага ўніверсітэта навукі і тэхналогіі Хэфэя стварылі жанчыну-робата. Яе рост -- 160 сантыметраў, вага -- 45 кілаграмаў. Усё дакладна, без нейкіх адхіленняў. Праўда, наконт імя ёсць пэўныя цяжкасці. Дакладней, з яго адаптацыяй да нашай мовы. JiaJia можна вымаўляць як Цзя Цзя, а таксама нешта кшталту Ш'я Ш'я. Каб пазбегнуць блытаніны, адразу аддадзім перавагу першаму варыянту з-за яго пэўнай мілагучнасці (жанчына як-ніяк). Таксама будзем мець на ўвазе, што JiaJia ў перакладзе гучыць як "цудоўная".


Аднак да дэталяў. "Скура" робата створана з эластычнага сілікатнага геля, які поўнасцю паўтарае фактуру чалавечай скуры".  Калі што, дык гэта цытата, якая прагучала падчас прэзентацыі "робата-багіні". Менавіта такім чынам прадстаўлялі публіцы Цзя Цзя. А яшчэ стваральнікі назвалі яе "самым рэалістычным антапаморфным робатам, які надзелены штучным інтэлектам". "Распрацоўка робата пачалася ў 2011 годзе. Наша каманда мелася стварыць унікальную машыну, якая магла б прадэманстраваць магчымасці развіцця антрапаморфнага робатабудавання", --  заўважыў кіраўнік групы інжынераў Чэнь Сяапін (цікава, што гэты ж калектыў раней распрацаваў службовага робата Кецзя, які заняў першае месца ў чэмпіянаце RoboCup 2014 года).

Механічную "багіню" знешне не адрозніш ад звычайнага чалавека. У сэнсе: прывабнай маладой кітаянкі (якая, між іншым, доўга не згубіць сваёй маладосці). Робат запраграмаваны на зносіны з людзьмі, падключаецца да разнастайных воблачных сервісаў і паважліва схіляе галаву перад суразмоўцам. Цзя Цзя валодае мімікай, якая можа змяняцца ў залежнасці ад сітуацыі. Пры гэтым падчас вымаўлення "губы" робата шавеляцца ў адпаведнасці з тымі словамі, якія ён агучвае. Гаворка, натуральныя рухі, аднак пакуль няма эмоцый --  кшталту смеху ці  слёз. Праўда, мадэль будзе прапрацоўвацца -- у бліжэйшай будучыні кітайскія праграмісты маюць намер удасканаліць сваю распрацоўку, каб робат мог вольна перамяшчацца, прыкладам, па мегаполісу, без дапамогі чалавека.

Адпаведныя распрацоўкі ва ўсім свеце па пальцах можна пералічыць --  адсюль такая цікавасць. З іншага боку, іх становіцца ўсё больш, што сведчыць аб тым, што недалёкі час, калі такіх робатаў у інтернет-крамах можна будзе замовіць. Усіх, акрамя Цзя Цзя. Распрацоўшчыкі падкрэслілі: "цудоўная" проста ўнікальная, яны не збіраюцца пачынаць масавую вытворчасць такіх робатаў. Прынамсі, пакуль.

Таксама паведамляецца, што робат не можа распазнаць выразу твараў. Так што інтэрактыўнасць "багіні" (во выраз:)-- аўт.), заўважаюць знаўцы, пакуль пад пытаннем. Але я б з імі паспрачаўся. Цзя Цзя ўжо паказала свой свавольны характар. Падчас прэзентацыі "багіня" папрасіла не падыходзіць надзвычай блізка, калі яе здымаюць на камеру. "У такім разе мой твар будзе выглядаць вельмі поўным, не такім як у жыцці", -- заўважыла "цудоўная" (ну чым не жанчына? --  аўт.). І прайшла пэўны тэст на "адаптацыю" ў чалавечае жыццё.

Акрамя таго, Цзя Цзя (ці робат вельмі падобны на яе) паспела ўвасобіць у жыццё яшчэ адну запаветную жаночую мару -- сыграць галоўную ролю ў японскім кінафільме. У сувязі з чым мне ўзгадваецца як два гады таму -- у красавіку 2014-га -- жыхар Ганконга Рыкі Ма стварыў робата-двайніка актрысы Скарлет Ёхансан. Пікантная адметнасць -- каля 70 працэнтаў дэталяў, з якіх складаецца Mark1, былі... надрукаваны на 3D-прынтары. Гэта ўжо, як бачым, чыстая гісторыя "з жыцця робатаў".

Як вядома, тры законы паводзін робатаў яшчэ ў 1942-м вывеў амерыканскі пісьменнік-фантаст Айзек Азімаў. Насамрэч іх нават чатыры -- пасля быў дададзены яшчэ і "нулявы" закон. Пераказваць класіка не буду (для тых, хто не чытаў, будзе важкая падстава адшукаць карысную інфармацыю), аднак дазволю сабе цытату з аднаго з апавяданняў. Наконт тых самых законаў, якія "супадаюць з асноўнымі прынцыпамі большасці этычных сістэм, што існуюць на зямлі -- прасцей кажучы, калі Баерлі (адзін з герояў -- аўт.) выконвае ўсе Законы робататэхнікі, ён -- альбо робат, ці проста добры чалавек".

У дачыненні да прадмета нашага сённяшняга абмеркавання яшчэ больш рэзка выказаўся расійскі пісьменнік Віктар Пелевін. Адной з галоўных гераінь яго рамана «S.N.U.F.F.» якраз з'яўляецца робат-жанчына (у рамане -- сура) Кая. "Калі ваша сура працуе ў адным з фабрычных рэжымаў, распрацаваных для мяшчан і філісцёраў (што-небудзь тыпу «ўтульнасць нумар сем», «пуховая горка» або «воблака пяшчоты»), раніцай яна прынясе вам у ложак каву з круасанам, усміхнецца і спытае : "Як ты спаў, дарагі?". І вы будзеце глядзець на яе і думаць ці так у яе блішчаць вочы і ці правільна прыроблены ногі. І ці не здаць яе на цюнінг, каб ёй на два памеры расцягнулі рот". Альбо яшчэ: "Хутчэй, сурагатамі ў нашы дні з'яўляюцца жанчыны жывыя... І гумавымі іх таксама дарэчы называць -- з-за імплантантаў, якія яны ставяць сабе сёння практычна ва ўсе месцы".

Вы б хацелі пасяліцца (нават ненадоўга) у пялевінскім свеце? Я, напрыклад, не. Хаця, як здараецца з усімі выдатнымі кнігамі (тым жа Азімавым), напісанае дзіўным чынам увасабляецца ў жыццё. Пра ўсё гэта падумалася, калі прачытаў навіну пра робата-жанчыну. Дарэчы, спаткаць Jia Jia можна ў Шанхаі на выставе China International Technology Fair-2016 з 21 па 23 красавіка. Аднак лепш, ведаеце, --  на шпацыр і сустрэчы. З людзьмі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.