Вы тут

Мой найлепшы сябар, або Гульня «на мяжы»


Яны пазнаёміліся звычайным летнім днём, у перапоўненым гарадскім аўтобусе. Вольга стаяла на верхняй прыступцы, заціснутая з усіх бакоў раздражнёнымі пасажырамі. Стаяла і пазірала ў акно — на вуліцу, на пешаходаў, якія таксама пакутавалі ад спякоты. І раптам адчула, што яе нехта разглядвае — не проста пільна, а нават нахабна.


Яна не адносілася да катэгорыі танкаскурых жанчын, якія з любой нагоды чырванеюць і падаюць непрытомныя. Яна зазірнула ў яго вочы і... страціла прытомнасць, і ўпала ў іх, і даляцела да самага дна. І там, на дне, зведала ўсё — і асалоду падзення, і радасць болю. Гэта быў ЯЕ мужчына. Настолькі, што ні ёй, ні яму не давялося нічога тлумачыць адно аднаму. На наступным прыпынку яны выйшлі з аўтобуса разам. І пакрочылі ў адным, вядомым толькі ім, кірунку.

Ён расказаў пра сябе няшмат. Але больш, чым трэба. Паведаміў, што займаецца рамонтам камп'ютараў і ўсялякай тэхнічнай драбязы. Што жыве з бацькамі. І, нарэшце, што нядаўна — два месяцы таму — разышоўся з каханай дзяўчынай і вельмі востра перажывае гэту страту...

Прызнанне яе кальнула, быццам у сэрца ўвагналі цвік. Вольга адразу і ва ўсіх падрабязнасцях уявіла сабе тыя адносіны і сваю магчымую ролю ў яго цяперашнім жыцці. Яна ведала пра гэту незайздросную ролю — быць «камізэлькай», у якую плачуць. Быць першай жанчынай пасля той, якая пакарысталася, кінула і пайшла далей смеючыся. Яна не хацела станавіцца для яго насоўкай. Яна не мела ніякага жадання выслухоўваць споведзі. Як кожнаму нармальнаму чалавеку, ёй хацелася пабудаваць уласнае шчасце.

Але Вольга ніколі не прызналася б яму ў гэтым першай, бо была гордая. Таму яна прыдумала гульню «ў сяброўства». І вызначыла для сябе ролю «блізкай прыяцелькі» — вельмі блізкай, але ўсё ж не да канца. Такое становішча прымушала ўвесь час насіць маску, затое адкрывала шмат розных шляхоў да нязмушанага збліжэння. Самых цнатлівых шляхоў — сяброўскіх...

...Ён падхапіў гэту гульню «на мяжы», у якой была пэўная доля рызыкі, а мужчыны, як вядома, любяць рызыкаваць.

Вольга тэлефанавала яму ўдзень, ён ёй — па начах. Яны размаўлялі па гадзіне, а то і па дзве. На правах сяброўкі яна распытвала ў яго пра асабістае жыццё, ён — на правах сябра — дзяліўся ўсімі «нюансамі». Спачатку — асцярожна і навобмацак, быццам правяраючы яе рэакцыю... Але з цягам часу «нюансаў» станавілася ўсё больш... Магчыма, ён быў вельмі наіўным. А магчыма, наадварот, занадта цынічным. Ва ўсякім разе, размовы па тэлефоне станавіліся ўсё больш шчырымі. Прычым слухачкай была Вольга, а ён выступаў як расказчык.

Яна ўжо ведала на памяць імёны ўсіх жанчын, якім ён «рамантаваў камп'ютар». Ён казаў пра гэта проста, як пра нешта звыклае — часам з халадком, часам здзекліва, адпускаючы не надта прыстойныя каментарыі ў адрас сваіх кліентак. Некаторыя з іх яму падабаліся, і ён прыходзіў туды па другім разе. Па трэцім — ніколі. «Па трэцім — ужо заканамернасць, а гэта нецікава», — смяяўся ён, набраўшы Вользін нумар апоўначы. І яна смяялася разам з ім. Смяялася і плакала адначасова, толькі слёз ён не бачыў. Яна спальвала сябе зажыва, яна гарэла на агні кахання — моўчкі, з высока ўзнятай галавой. Бо нават на імгненне не магла дапусціць, што ён парушыць межы гульні і наблізіцца да яе толькі з цікаўнасці, як вытанчаны эксперыментатар...

Але аднойчы ён патэлефанаваў Вользе ўдзень — насуперак сваёй звычцы. Сказаў, што яму дрэнна, што яго ўсё «дастала» і што ніхто ў свеце не разумее яго так, як яна. «Давай куды-небудзь сходзім на кубачак кавы!» — прапанаваў нарэшце. І хуценька дадаў, папярэджваючы адмову: «Гэта ні да чога цябе не абавязвае. Проста сяброўская вячэра». Вользе хацелася крыкнуць у трубку, што яна даўно на ўсё згодна і вельмі спадзяецца, што ў дачыненні да яго ў яе з'явяцца хоць нейкія абавязкі... Але яна прамаўчала. Проста сказала «дзякуй» і ўдакладніла, куды і ў колькі ён заедзе.

Два дні, якія аддзялялі ад запаветнага спаткання, яна правяла як у сне. Куды б ні ішла, што б ні рабіла — думала пра тыя прыемныя наступствы, якія звычайна выцякаюць з кубачка кавы. Яна правяла дзве гадзіны ў цырульні — і выйшла адтуль шчаслівай уладальніцай «жывенькіх» вогненных пасмачак, закручаных кольцамі і раскіданых па плячах. Столькі ж часу пайшло на касметолага і манікюрку... Два дні яна практычна нічога не ела — проста не магла. І амаль зусім не спала, таму што сон раз'ядноўваў яе з марамі і прадчуваннямі, з якімі не хацелася развітвацца ні на імгненне.

...У шэсць гадзін ён не патэлефанаваў. Як не патэлефанаваў ні ў сем, ні ў восем... Званок прарэзаў цішыню каля дзевяці вечара — Вольга сядзела ў офісе адна, за сваім працоўным сталом, утаропіўшыся ў ледзь прыкметную дзірачку ад цвіка ў сцяне насупраць.

Ён пазваніў не для таго, каб апраўдацца ці папрасіць прабачэння. Ён нават не ўспомніў пра тое, што яны павінны былі некуды ісці. Ён наогул не зразумеў, што здарылася нешта непапраўнае — не для яго, безумоўна, а для яе. Быў, як звычайна, мілым, клапатлівым, уважлівым. Параіў Вользе паглядзець фільм з вядомым кінаакцёрам, які павінен быў ісці па тэлевізары позна вечарам... Сказаў, што ў яе чароўны голас і што з ёй яму цёпла і ўтульна, як... з сапраўдным сябрам. Што сустрэць такога чалавека ён марыў усё жыццё. Што яна можа тэлефанаваць яму, калі пажадае, у любы час сутак — ён будзе шчаслівы выслухаць і даць параду. Што сяброўства паміж мужчынам і жанчынай — тая рэдкая ўдача, якая не кожнаму выпадае. І гэта значна лепш, чым каханне. Каханне — рэч мімалётная, а сябраваць можна доўга, усё жыццё. Каханне часта прыніжае, а сяброўства ўзвышае...

Па вокнах барабанілі кроплі дажджу. Вольга раптам падумала, што пры такой раскладцы нармальны мужчына, тым больш калі ў яго ёсць аўтамабіль і гадзіннік перад вачамі, проста забраў бы яе з работы і адвёз дадому. Без лішніх размоў...

...Ён яшчэ месяцы з два тэлефанаваў, а потым перастаў. Шчыра кажучы, яна не шкадавала. Ёй стала не надта цікава гуляць «у сяброўства» з чалавекам, які больш не выклікаў ніякіх эмоцый.

Напэўна, ён так нічога і не зразумеў...

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.