Вы тут

Перачытваючы Эклезіяста


Усё, чаму належыць прыйсці, абавязкова прыйдзе і спраўдзіцца.


Вы не заўважалі, што на пачатку мая, незалежна ад таго, чым ты займаешся па жыцці і ў якіх абставінах знаходзішся, раптам находзіць нейкі дурнавата-радасны настрой?

Здаецца, і чалавек самавіты, і пражытых гадоў за плячыма — лепш не ўспамінаць, а адчуваеш сябе, як той дурны шчанюк, што з цікавасцю назірае за кожнай мошачкай, прыслухоўваецца да кожнага птушынага піску, ловіць носам водар кожнай кветачкі і ашалела скача па маладой бліскучай траве... Здаецца, менавіта яно, гэтае імгненнае адчуванне, і ёсць сапраўднае, а ўсё астатняе — хатнія і прафесійныя клопаты, штодзённая мітусня ў пагоні за нечым прывідна важным — проста прыкрая недарэчнасць...

Пэўна, менавіта ў такім зусім не разумным і не філасофскім настроі быў той сур'ёзны дзядзька на аўтобусным прыпынку. Паставіўшы свой тоўсты партфель на лаўку і не надта клапоцячыся аб яго захаванасці, ён пільна ўглядаўся ў пушыстую галінку вішні, што прыцягальна ківалася пад ветрам ля шапіка з газетамі. То здымаючы, то надзяваючы акуляры, ён уважліва вывучаў бела-ружовую квецень, бы спадзяваўся ўбачыць там сэнс усяго свайго жыцця. Мужчына, мяркуючы па выглядзе, быў абсалютна цвярозы і псіхічна здаровы, але на твары ў яго блукала такая дзівакаватая ўсмешка, што і ў першым, і ў другім пачыналі ўзнікаць сумненні.

Можа, з-за гэтых сумненняў я яго і не разгледзела толкам, і не пазнала. Ён сам мяне гукнуў ужо ў аўтобусе. Зачараванне сышло з яго твару, і зусім не складана ўжо было пазнаць у гэтым мажным чалавеку сябра юнацтва Сцяпана, які вучыўся калісь на хімфаку і штовечар ва ўніверсітэцкім інтэрнаце забаўляў нас песнямі ўласнага сачынення, брынькаючы тры акорды на старэнькай гітары. Прычына пісаць і спяваць жыла з намі ў адным блоку — дробненькая светлавалосая Наташа. Сцёпка проста шалеў, на яе гледзячы, а яшчэ больш ад таго, што яна на яго — як на пустое месца.

Што ён толькі ні рабіў: і кветкі за апошнія грошы купляў, і песні спяваў, і інтэрнат аднойчы ледзь не спаліў — нацягаў з факультэта нейкіх рэактываў, хацеў нам адмысловы фокус паказаць, а яно як бабахне!

На гэтым Сцёпкава вучоба і скончылася — яго выселілі з інтэрната, а потым і з універсітэта папрасілі: рэактывы, якія ён сцягнуў, нейкія вельмі важныя аказаліся, усе да міліграма на ўліку. Мы тады вельмі яго шкадавалі, усім паверхам праводзілі, калі з'язджаў у свае ці то Парычы, ці то Азарычы. Адна толькі Наталля, з-за якой, уласна, карта ў хлопца так лягла, нават брывом не павяла і ўвагі на яго ад'езд ніякай не звярнула: нечым вельмі занятая была.

З таго часу мы і не бачыліся ні са Сцяпанам, ні з яго «прысухай» — яна праз пару месяцаў з інтэрната да сваякоў з'ехала, а пасля, казалі, замуж выйшла за нейкага ці то датчаніна, ці то галандца, з якім праз службу знаёмства пазнаёмілася (пра інтэрнэт у нас тады і не чулі)... Таму пасля дзяжурнага «Як справы?» і «Дзякуй, нармальна» мы са Сцёпкам замаўчалі, бо не ведалі, з чаго пачаць, пра што гаварыць — больш за дваццаць гадоў мінула. Але на яго твары зноў з'явіўся раптам той жа дурнавата-шчаслівы выраз майскага зачаравання, і ён без прадмовы паведаміў: «Можаш мяне павіншаваць, у мяне якраз на Вялікдзень блізняты нарадзіліся. Пётр і Павел». — «Малайчына, віншую. А як сябе маладая жонка пачувае?» (Вельмі карцела даведацца, колькі ж гадоў той увішнай асобе, якая «папіка» з грашыма акруціла ды адразу дваімі дзецьмі да сябе прывязала). «Дзякуй, усё добра. А наконт «маладая» ты пагарачылася. Наташцы маёй у студзені сорак чатыры было...»

Так, той самай Наташцы, за якой ён так упадаў у юнацтве. Разам яны зусім не доўга — два гады. У яго ў мінулым — два бяздзетныя няўдалыя шлюбы, у яе — адзін, але таксама няўдалы і бяздзетны. Яны сустрэліся на бізнес-кангрэсе ў Капенгагене — Сцяпан прадстаўляў там беларускае аддзяленне буйной карпарацыі, на якую працуе, Наталля адказвала за прыём рускамоўных удзельнікаў. Адразу адно аднаго пазналі, пайшлі ўвечары пагуляць па горадзе. Ніякіх асаблівых спадзяванняў не было, дый пачуцці, ад якіх заносіла ў маладосці, даўно ператварыліся ў прывычку. «А потым раптам зразумелі абое: лёс. І сустрэліся недарэмна, значыць, трэба быць разам. А калі даведаліся, што дзіця ў нас будзе — інакш як цуд гэта не ўспрынялі. Ёй жа ўрачы сказалі яшчэ ў маладосці, што шанц зацяжарыць — адзін на сто тысяч, нейкія праблемы з сумяшчальнасцю. А тут равесніцы ўжо ўнукаў гадуюць, а ў нас — два хлопцы... Вось так, вы тады з мяне смяяліся, шкадавалі, а я чакаў — і дачакаўся. А пачынаць — яно, бачыш, ніколі не позна...»

Вось, аказваецца, як проста. Усё, чаму належыць прыйсці, абавязкова прыйдзе і спраўдзіцца. Усяму свой час... Зрэшты, гэта яшчэ Эклезіяст напісаў. Трэба толькі ўмець чакаць і не забывацца жыць. Такога пасылу, праўда, у Бібліі няма. Да яго кожны ўласным шляхам дайсці павінен.

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.