Вы тут

Грыбок з пластыліну


Фота: Ала ЖУР

Бяжыць з вуліцы і крычыць:

— Мама, хутчэй паглядзі! Ля нашага дома стаіць машына з разяўленым ротам.

Ідзём глядзець. Шафёр падняў капот у машыне — сапраўды падобна на разяўлены рот.


Лашчыцца, гладзіць мяне па твары і кажа:

— І чаго ў цябе, бабулька, так пад вачамі памята?


Сыну было гадоў, можа, пяць, а суседскі хлопчык яшчэ меншы. У майго дзень нараджэння. Вовачка, прынёс Віцю ў падарунак машынку. А назаўтра, пасля таго, як пагулялі, Вова, як нічога ніякага, забраў машынку (учарашні падарунак) і адыходзіць дамоў.

— Нашто маю машыну забіраеш? — кажа Віця.

— Гэта ж мая машына.

— Як твая? Ты ж мне яе ўчора падарыў.

— Ну і што! Мая машына!

— Віцька, хай ён бярэ, ён жа меншы, — кажу я.

Віцька незадаволена змаўкае, а Вова радасны пабег з машынкай дамоў. Праз хвілін пяць ідзе Вовачка з маці, аддае Віцю машынку:

— На, бяры, я ж табе падарыў. А мне мама купіць нават лепшую.


Прыйдзем у краму і звычайна просіць нешта купіць. Я заўсёды адказваю: «Няма грошай».

— Як няма, то ідзі і атрымай заробак. Чаго ж ты чакаеш?


Назбірала я чарніц і высушыла, сын есць, і смачна яму. Я яму дала трошкі і тлумачу, што астатнія схаваем, бо калі забаліць жывот, то можна паесці, і ён перастане. Пагуляў сын на вуліцы, прыходзіць у хату і кажа: «Нешта мне жывот забалеў».

Я і пытаюся, дзе баліць, як, а ён мне:

— Мусіць, трэба мне чарніцы есці сушаныя.


Вару я грыбны суп, пакрышыла грыбочкі ў талерку, а потым у каструлю з варам укінула. Падбягае сын.

— Мама, а ты мой грыбок укінула?

— Які твой грыбок?

— А я з пластыліну зляпіў і пакрышыў сюды ў талерку.

Прыйшлося суп выліваць...

Яўгенія КУЛЕВІЧ,

в. Сялец, Смаргонскі р-н

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.