Вы тут

Хто дагледзiць месца апошняга прытулку?


Вёска, дзе я нарадзiлася, раздзялiлася на два «лагеры»... А пачалося ўсё з iнiцыятывы старасты Галiны — расчысцiць могiлкi ад старых трухлявых бяроз, якiя ў любы час маглi павалiцца на помнiкi, стваралi небяспеку для людзей. Здавалася б, па 300 тыс. рублёў з кожнага падворка — не такiя вялiкiя грошы. Але ж некаторых жыхароў, як кажуць, задушыла жаба: чаму, маўляў, я павiнен аддаваць грошы? Няхай калгас або сельвыканкам за свае сродкi наводзiць парадак. Стараста намагалася давесцi нязгодным, што на выдаленне адной бярозы неабходна каля мiльёна рублёў, а трэба ж спiлаваць дзясяткi дрэў. У сельвыканкама няма такiх сродкаў. Ды i наогул на яго тэрыторыi не адны грамадзянскiя могiлкi. Але яе словы адскоквалi ад людзей, нiбы гарох ад сцяны.


Словам, давялi бедную Галiну да слёз. «Якiм чэрствым трэба быць, каб так ставiцца да памяцi сваiх продкаў, родных, блiзкiх, якiя знайшлi тут спакой, — скардзiлася мне жанчына. — Абы спiхнуць свае абавязкi на сельсавет, чужога дзядзьку».

Гэты выпадак я прыгадала ў размове са старшынёй Салiгорскага раённага Савета дэпутатаў Лiдзiяй Клiшэвiч.

— А цi даводзiцца вам, Лiдзiя Анатолеўна, сустракацца з такой сiтуацыяй? — пацiкавiлася ў яе.

— Бясспрэчна, хочацца, каб работа па навядзеннi парадку, у тым лiку i на могiлках, была не толькi абавязкам выканаўчай i прадстаўнiчай уладаў, а i самiх грамадзян. На долевы ўдзел па ўладкаваннi могiлак нашы людзi, як правiла, адгукаюцца. Але, на жаль, ёсць i тыя, хто адмаўляецца, маўляў, мы плацiм падаткi дзяржаве, няхай яна i займаецца гэтым, — адзначае яна. — Радуе, што могiлкi ў маёй роднай вёсцы Дубеi былi агароджаны аднымi з першых. Менавiта мае землякi сабралi на гэта грошы. А летась на суботнiк, што тут праводзiўся, выйшлi 58 чалавек. Спачатку — людзi сталага ўзросту, а за iмi падцягнулася i моладзь.

У вёсцы Махнавiчы па iнiцыятыве старасты на працягу года працавалi з жыхарамi, арганiзацыямi, якiя замацаваны за сельсаветам. Дзякуючы iм могiлкi, хоць i знаходзяцца ў лесе, але агароджаны, iх даглядаюць.

Старшыня Чыжэвiцкага сельскага Савета Галiна Бань шмат папрацавала з жыхарамi вёскi Пагост, дзе вялiкую праблему ствараюць старыя дрэвы. Справа зрушылася з месца.

У некаторых населеных пунктах людзi збiраюць на ўладкаванне могiлак па мiльёну i больш рублёў. Разумеюць, што спiлаваць дрэва не проста, трэба выклiкаць альпiнiстаў, а гэта дарагое задавальненне. У бюджэтах сельскiх Саветаў на гэтыя мэты сродкi не прадугледжаны.

— У распараджэннi сельскiх Саветаў Салiгорскага раёна больш за сотню грамадзянскiх сельскiх могiлак. Тыя, што знаходзяцца ў межах аграгарадкоў — а iх у раёне 14 — перададзены на баланс прадпрыемства ЖКГ «Комплекс», — канстатуе Лiдзiя Клiшэвiч. — Для таго, каб перадаць астатнiя, неабходна аформiць акты на зямлю, праваўстаноўчыя дакументы. Гэта каштуе немалых грошай. Я нашым старшыням сельвыканкамаў кажу: нават калi iх канчаткова перададзiм спецслужбам, гэта не значыць, што вы iмi не будзеце займацца. Менавiта вы кантактуеце з людзьмi, арганiзуеце з iмi суботнiкi. У любым выпадку пытаннi будуць усё роўна задаваць вам. Тым больш, не ў кожным аграгарадку ёсць жыллёва-камунальная служба. А трымаць чалавека, якi б спецыяльна займаўся могiлкамi, няма магчымасцi.

Некалькi гадоў таму Салiгорскi райвыканкам прыняў рашэнне па перадачы ў падпарадкаванне ЖКХ могiлак, але пры адной умове: каб яны былi агароджаныя. Гэта i зразумела: служба знаходзiцца ў райцэнтры, а працягласць раёна даволi значная, на яго тэрыторыi знаходзiцца 167 населеных пунктаў. Таму ўладкаваць усе могiлкi камунальнiкам не пад сiлу. Але ў iх ёсць тэхнiка. I сёння вываз цвёрдых бытавых адходаў, смецця з могiлак, устаноўка кантэйнераў — абавязак «Экакомплексу». З гэтым прадпрыемствам усе 11 сельскiх Саветаў заключылi адпаведны дагавор.

— Бясспрэчна, хочацца, каб нашы гараджане, вяскоўцы, работнiкi сельвыканкамаў актыўней выкарыстоўвалi такi метад, як самаабкладанне, — выказала пажаданне мая суразмоўца. — Гэтыя сродкi iдуць у першую чаргу на добраўпарадкаванне могiлак. Такiя работы, напрыклад, выконваюцца на тэрыторыi Доўгаўскага сельсавета з удзелам грамадзян. Лiчу, калi яны здадуць хоць якiя грошы на ўладкаванне могiлак, то больш беражлiва будуць ставiцца да зробленага. А што тычыцца парадку непасрэдна на магiлах, то гэта, упэўнена, святы абавязак сваякоў, дзяцей. Так, ёсць асобныя магiлы, якiя ўжо няма каму даглядаць. Не ганебна i суседзям, вяскоўцам iх прыбраць. Але, калi гэтага не зроблена, то наводзяць тут парадак работнiкi сельсавета, дэпутаты, школьнiкi падчас суботнiкаў.

— Лiдзiя Анатолеўна, у нашых славянскiх традыцыях ставiць на могiлках грувасткiя помнiкi, агароджы, а таксама рэзерваваць участак каля сваякоў i для сябе, што стварае нязручнасцi для многiх людзей, калi няма дзе разгарнуцца пахавальнай працэсii.

— Сёння гэта праблема не столькi сельскiх могiлак, як гарадскiх. Бранiраванню падлягаюць месцы для блiжэйшых сваякоў — мужа цi жонкi. Дзякуй Богу, што яны пустуюць, няхай людзi жывуць доўга. Але гэтыя свабодныя метры ставяць выканкам перад фактам пашырэння плошчы могiлак. Маё патрабаванне да старшынь сельскiх Саветаў: пры рэгiстрацыi акта смерцi чалавека папярэджваць сваякоў, што пахаванне павiнна адбывацца ў межах таго, што ёсць, а не там, дзе захочацца.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Будзем міласэрнымі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.