Вы тут

Яе белыя ветразі


«Аддаць швартовы!» — камандуе яхтлэдзі. — І праз некалькі секунд лодка з бермудскімі ветразямі адчальвае ад берага Драздоўскага вадасховішча. Знаёмцеся: наш шкіпер — Кацярына Гучак — звычайная праграмістка з даволі экзатычным захапленнем. Яна не чакала, як Асоль, калі да яе берага прычаліць карабель з пунсовымі ветразямі, а сама ўсім на здзіўленне стала за штурвал.


Калі шчыра, я таксама вельмі здзівілася, даведаўшыся, што гэтая невысокая і сціплая дзяўчына — сапраўдны шкіпер. У маім уяўленні капітан — гэта барадаты дзядзька з люлькай у зубах. Але Каця, пераканаліся, бездакорна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Забягаючы наперад скажу: бачылі б вы, як акуратна яна скруціла канаты, склала свой касцюм ды выратавальныя камізэлькі, якія мы пакінулі пасля сябе.

— Прафесія праграміста дае мала фізічнай актыўнасці, — кажа Каця. — Сядзіш днямі перад камп'ютарам. З працы — дадому, з дому — на працу. Усё адно і тое ж дзень за днём. Стала неяк сумна, і я пачала думаць, што з гэтым можна зрабіць, як вырвацца з кола такога штодзённага існавання. Магчыма, на выбар захаплення паўплывалі творы Жуля Верна. Калі чытаеш, такое адчуванне, што пражываеш усе прыгоды разам з героямі. Гэта вельмі захапляльна. Але кніга — гэта адно, зусім іншае — паўдзельнічаць у прыгодах у рэальнасці.

Спачатку, прызналася Каця, было страшна, што нічога не атрымаецца: сярод знаёмых не было ніводнага яхтсмена. Пакуль у інтэрнэце выпадкова не натрапіла на гісторыю адной дзяўчыны.

— У яе паралізаваныя ногі і рукі, але гэта не замінае ёй займацца яхтынгам. У дзяўчыны ёсць уласная, адаптаваная пад яе асаблівасці, яхта. І яна можа вандраваць на ёй самастойна, магчыма, не вельмі далёка ад дому. Гэта гісторыя мяне ўразіла і натхніла. Я зразумела, што чалавечыя магчымасці неабмежаваныя. І пайшла вучыцца ў школу яхтынгу пры Федэрацыі паруснага спорту горада Мінска.

Беларускія правы на кіраванне маламернымі суднамі з ветразямі Кацярына Гучак атрымала сем гадоў таму. А праз год скончыла яшчэ і міжнародную школу ў Турцыі. З таго часу прысвячае яхтам амаль увесь свой вольны час.

— Я з задавальненнем удзельнічаю ў рэгатах. Яхтынг лічыцца інтэлектуальным спортам. Яго нават называюць шахматамі на вадзе. Для перамогі на спаборніцтвах інтэлект нашмат важнейшы за фізічныя якасці. Яхтсменам трэба адначасова ўлічваць мноства фактараў: і ўмовы надвор'я, і дзеянні сапернікаў, і правілы, і плынь, і хвалю. Акрамя таго, у сезон катаю турыстаў па моры. Правы шкіпера даюць магчымасць самастойна арандаваць лодку ў чартарнай кампаніі ў любым кутку свету. Дзякуючы яхтам я пабывала ў Расіі, Польшчы, Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі, Даніі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі, Турцыі, аб'ездзіла увесь Балтыйскі рэгіён...

Традыцыйна яхтсменам жадаюць спадарожнага ветру. Але ў той дзень, калі мы прыехалі на Драздоўскае вадасховішча, лепшага сябра яхтсмена не было зусім... Але толькі да таго моманту, пакуль мы не спусціліся на палубу. Ледзь толькі паднялі ветразі, надвор'е вырашыла пайсці нам насустрач — і яхта паплыла...

Я не аматар загараць, а проста так сядзець на палубе сумна. Таму прашу шкіпера даць мне якое-небудзь даручэнне. Каця ў сваю чаргу просіць пачакаць. Маўляў, будзем кіравацца да берага, тады я змагу паспрабаваць сябе ў ролі шкотавага матроса (член экіпажа, які адказвае за работу з ветразямі).

У выніку я ўпершыню пад строгім вокам Паўла Рыжкоўскага, які таксама мае пасведчанне рулявога, склала адзін ветразь. Праўда, не ідэальна

— З вас атрымаецца неблагі шкотавы матрос, — падбадзёрыў мой інструктар. — Праўда, прыйдзецца трохі падвучыцца.

Дарэчы, не маючы правоў на кіраванне яхтай, цалкам рэальна стаць паўнавартасным членам каманды і паўдзельнічаць, напрыклад, у рэгаце. Для гэтага можна звярнуцца ў клуб, дзе ёсць капітаны, якія шукаюць сабе матросаў.

— Чым усё ж такі прываблівае яхтынг? — цікаўлюся ў Кацярыны.

— Пацяплее. Хтосьці адправіцца загараць на пляж. А я распушчу беласнежны ветразь над яхтай, удыхну на поўныя грудзі і пайду лавіць спадарожны вецер. Рамантыка! Тое, што вы ўбачыце, вандруючы на яхце, ніколі не ўбачыце з зямлі. Чаго толькі варта багацце жывёльнага свету ў тым жа Атлантычным акіяне: калі ты плывеш, а побач — дэльфіны. Маленькія істоты ёсць паўсюль, у кожным сантыметры вады. Гэта так цікава! Наогул любыя вандроўкі прыводзяць да таго, што чалавек пачынае вяртацца да прыроды. Назіраць за вадой, ветрам — тымі з'явамі, на якія ў звычайным жыцці не звяртае ўвагу. Гэта развівае інтуіцыю, ты адкрываеш у сабе такія здольнасці і якасці, пра якія нават не здагадваўся. Калі ж мы доўгі час жывём у адным месцы, то перастаём разумець, наколькі вялікі і неабсяжны свет. Мы ведаем толькі маленькую яго частку. У мяне ёсць імкненне як мага больш паспець убачыць у сваім жыцці.

Пакуль што яхтынг — толькі хобі. Каця працягвае працаваць праграмістам у офісе. Але марыць у будучыні рабіць гэта на ўласнай яхце. Балазе, пісаць камп'ютарныя праграмы можна ў любым месцы.

— Чаму б і не, — усміхаецца дзяўчына. — Я зразумела, калі нечага вельмі моцна хацець і пры гэтым штосьці для гэтага рабіць, то жаданне, як правіла спаўняецца. Яхту, няхай не новую, можна купіць за 20 тысяч долараў. Гэта не маленькія грошы, але іх рэальна сабраць. А пасля, глядзіш, і ў кругасветнае падарожжа збяруся.

Па дарозе дадому Каця працягвала здзіўляць. Аказваецца, яхтынг не адзінае яе захапленне. Дзяўчына займаецца яшчэ капаэйрай (баявое мастацтва, якое аб'ядноўвае барацьбу, танец, элементы рытмікі, акрабатыкі. — Н. Д.) ды бразільскім джыу-джыцу. Умее садзіцца на шпагат, рабіць кола, стаяць на руках. Усцешыла і тое, што яхтлэдзі адразу ж перайшла ў размове са мной на родную мову.

— Дзядуля мой вельмі любіць беларускую мову. Калі я да яго прыязджаю ў госці, размаўляю толькі па-беларуску. У Польшчы бываю часта. Мне прыемна, што там усе гавораць на мове, падобнай на нашу. Мне б хацелася, каб і ў нашай краіне было больш людзей, з якімі можна было б пагутарыць па-беларуску.

У вас яхтынг асацыюецца з забавай для мільянераў? Я таксама так думала. Пакуль на мінскім фестывалі для аматараў падарожжаў «Самаход» Кацярына Гучак не развеяла гэты міф. Аказваецца, вандраваць на яхце можна без завоблачных выдаткаў. Кошт экзатычнага адпачынку цалкам супастаўны з коштам адпачынку ў гатэлі, а па ўражаннях нашмат яго пераўзыходзіць. Сярод беларусаў самыя папулярныя месцы для яхтынгу — Мазурскія азёры ў Польшчы, Балтыка, Грэцыя і Харватыя.

Сёння і ў Беларусі ёсць шэраг месцаў, дзе можна правесці выхадныя ўсёй сям'ёй на яхце. Новы прычал нядаўна адкрыўся ў Мінску на Драздоўскім вадасховішчы побач з аквапаркам «Лебядзіны».

— Людзі дзякуюць, што ў горадзе з'явілася магчымасць арандаваць яхту на вясельную фотасесію, дзень народзінаў, ды проста пакатацца з каханай дзяўчынай, — кажа Андрэй Шэшаль, трэнер Федэрацыі паруснага спорту горада Мінска. — Адна гадзіна прагулкі пад ветразямі каштуе 150 тысяч беларускіх рублёў на чалавека. Другая гадзіна — у два разы танней. А калі ёсць жаданне, прафесійны шкіпер ахвотна пакажа і раскажа, як кіраваць яхтай.

З 1 чэрвеня, калі пройдзе нераст, вы можаце ўзяць яхту напракат і на Мінскім моры, Нарачы і каля Мірскага замка.

dryla@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.