Вы тут

Радовішча ў Петрыкаве адкрывае магчымасці развіцця горада


На пляцоўцы горнаўзбагачальнага комплексу ў Петрыкаўскім раёне на паверхню паднялі першую балею з пародай. Такім чынам на поўдні Гомельшчыны, на калійным радовішчы, пачаліся падрыхтоўчыя работы па праходцы вертыкальных шахтавых ствалоў. Гэта дазволіць ужо праз тры гады пачаць тут здабываць руду.


Памочнік бурыльшчыка з буравой кампаніі «Дэльта» Сяргей КАЗАКОЎ заняты на бурэнні свідравін ліфтавой шахты горнаўзбагачальнага комплексу ў Петрыкаве.

Пракладка так званых шахтавых ствалоў — гэта лёсавызначальны момант у будаўніцтве Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага комплексу. Сам ствол — гэта свайго роду калодзеж, па якім будуць паднімаць руду на паверхню. Пакуль шахцёры ўразаліся ў нетры, а зараз застаецца дабрацца да самой пароды, гаворыць дырэктар Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага комплексу Аляксандр Жаўлакоў:

— Ад ствалоў залежыць уся вытворчасць калійных угнаенняў. Калі будуць нармальна пройдзены ствалы, пачнецца рытмічная падача руды наверх.

Петрыкаўскае радовішча калійных соляў было адкрыта ў 1966 годзе. Цяпер вылучана восем калійных гарызонтаў, унікальных па чысціні калійных соляў. Горнаўзбагачальны комплекс на Петрыкаўскім радовішчы калійных соляў пачалі будаваць два гады таму. Інвестпраект рэалізуе кампанія «Беларуськалій». Новы камбінат будзе вырабляць хлорысты калій.

На паверхні ўжо выкананы значны аб'ём работ па стварэнні неабходнай вытворчай і бытавой інфраструктуры. Пабудаваны водазабор, ачышчальныя збудаванні з помпавымі станцыямі, інжынерныя сеткі. Праз тры гады на гэтым месцы з'явяцца ўласная чыгунка і будынак фабрыкі. Арыенціровачны кошт праекта — паўтара мільярда долараў. Прагнозныя запасы пакладаў калію, запатрабаванага сёння ва ўсім свеце, тут — звыш двух мільярдаў тон. І калі Беларусь будзе прадаваць нават па 10 мільёнаў тон у год, лёгка падлічыць, што стратэгічнага карыснага выкапня хопіць на 120 гадоў мінімум, адзначае генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаватый:

— 2,2 мільярда — гэта толькі пачатковыя запасы, і ў далейшым мы будзем адкрываць новыя ўчасткі, новыя гарызонты, і гэта дазволіць нам забяспечыць тэрмін работы рудні больш чым на 120 гадоў. Петрыкаўскае радовішча калійных соляў дазволіць не толькі падтрымаць рудную базу «Беларуськалія», але і Рэспубліцы Беларусь паспяхова канкурыраваць і павялічваць свае магутнасці на калійным рынку ў свеце.

Першая чарга горнаўзбагачальнага комплексу на аснове Петрыкаўскага радовішча калійных соляў павінна быць запушчана ў снежні 2019 года з выхадам прадпрыемства на праектную магутнасць у снежні 2021 года. Магутнасць яго складзе не менш як 1,5 млн тон хларыду калію ў год, а пасля гэтыя магутнасці могуць быць пашыраны да 3 млн тон у год.

Ужо праз тры гады ў невялічкім горадзе павінен вырасці сур'ёзны комплекс. Працу набудуць каля дзвюх з паловай тысяч чалавек. Другое дыханне атрымае і сам Петрыкаў — тут пабудуюць новае сацыяльнае жыллё, абновяць інфраструктуру. Рэалізацыя праекта дасць сур'ёзны штуршок развіццю ўсяго рэгіёна, лічыць старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка:

— Гэта будаўніцтва дзіцячых садкоў, школ, устаноў аховы здароўя, радзільні новай. На Гомельшчыне з'явіцца новы горад, які будзе ўслаўляць беларускіх шахцёраў.

Рэалізацыя мінеральных угнаенняў штогод прыносіць у рэспубліканскую казну тры мільярды долараў, а гэта — амаль 8% ад бюджэту. Попыт на прадукцыю будучай вытворчасці ёсць амаль у ста краінах свету. Асноўныя рынкі збыту: Азія, Лацінская Амерыка, Заходняя і Усходняя Еўропа. Па звестках Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў, Беларусь з'яўляецца адным з сусветных лідараў па экспарце калійных угнаенняў. Прадпрыемства «Беларуськалій» вырабляе кожную шостую тону на зямным шары. І, мяркуючы па апошніх маштабных праектах, гэта далёка не мяжа.

іost@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Капаць — не перакапаць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.