Вы тут

1 чэрвеня ў краіне заканчваецца рэгістрацыя ўдзельнікаў ЦТ


1 чэрвеня ў краіне заканчваецца рэгістрацыя ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. У 19.00 усе пункты рэгістрацыі зачыняць свае дзверы. Таму тым, хто яшчэ не знайшоў час, каб запасціся пропускамі на ЦТ, трэба паспяшацца.


— Усе каналы сувязі па аплаце за ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні і адзіны банк даных удзельнікаў ЦТ будуць закрыты, — папярэдзіў забыўлівых абітурыентаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — 2 чэрвеня просім нас не турбаваць: ніякія аргументы кшталту «хварэў» ці «знаходзіўся за мяжой» прымацца не будуць.

Тым больш што ў форс-мажорнай сітуацыі (пры наяўнасці ўважлівых прычын) зарэгістраваць абітурыента можа яго законны прадстаўнік. Норма, што дазваляе падаваць дакументы на рэгістрацыю, а таксама атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыента, з'явілася летась і дзейнічае другі год запар. Для гэтага ў пункт рэгістрацыі прад'яўляюцца дакумент, які пацвярджае асобу і статус законнага прадстаўніка, а таксама копія дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента, завераная натарыяльна. Акрамя таго, законны прадстаўнік абітурыента можа дзейнічаць на падставе даверанасці, заверанай натарыяльна.

Галоўнае новаўвядзенне гэтага года — выкарыстанне пры разліках сістэмы АРІП (адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы) — цалкам сябе апраўдала. Ніякіх праблем з аплатай у прасунутых маладых людзей, якія з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі на «ты», не ўзнікла. Многія рабілі гэта са свайго мабільніка...

За тры дні да заканчэння рэгістрацыі сваё жаданне ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі аформілі ўжо каля 90 тысяч чалавек. Гэты паказчык прыкладна на тысячу — паўтары перавышае паказчык зарэгістраваных на той жа перыяд летась. Нагадаем, што ўсяго ў 2015 годзе сваё жаданне ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі афіцыйна аформілі 101,7 тысячы чалавек.

Рускую мову на ЦТ будуць здаваць 70 тысяч чалавек, а беларускую мову — усяго 20 тысяч. На матэматыку зарэгістраваліся 42 тысячы чалавек, 24 тысячы — на фізіку, 21 тысяча — на біялогію, каля 20 тысяч — на англійскую мову.

Штодня ў пункты рэгістрацыі звяртаюцца ў сярэднім ад 4 да 6 тысяч чалавек. Між іншым, як заўважылі арганізатары ЦТ, абітурыентаў, якія адкладваюць свой візіт па пропускі на экзамен на апошні дзень, кожны год хапае. Напрыклад, летась 4,5 тысячы абітурыентаў «ускочылі ў апошні вагон» менавіта 1 чэрвеня.

Некаторых абітурыентаў цікавіць, ці могуць яны змяніць кола экзаменацыйных дысцыплін, калі тры пропускі на цэнтралізаванае тэсціраванне паспелі аформіць раней. Такое права ў абітурыентаў ёсць, але толькі да заканчэння тэрміну рэгістрацыі — гэта значыць, да 1 чэрвеня. Для гэтага ім трэба звярнуцца ў пункт рэгістрацыі з пропускам па тым прадмеце, які трэба замяніць, і квітанцыяй аб аплаце і аформіць пропуск для ўдзелу ў ЦТ па іншай дысцыпліне. У выпадку страты пропуска на ЦТ абітурыенту таксама трэба звяртацца ў пункт рэгістрацыі, каб атрымаць дублікат.

Трэба мець на ўвазе, што пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар.

Экзаменацыйная кампанія стартуе ў краіне ў панядзелак 13 чэрвеня — у гэты дзень абітурыенты будуць здаваць на ЦТ беларускую мову. Такім чынам паміж атрыманнем атэстата, выпускнымі вечарамі і першым экзаменацыйным днём у маладых людзей будзе паўза, каб перавесці дух. 14 чэрвеня ў пункты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання абітурыенты прыйдуць, каб прадэманстраваць экзаменатарам свае веды па рускай мове. Грамадазнаўства прэтэндэнты на студэнцкі білет будуць здаваць 16 чэрвеня, біялогію — 18-га, матэматыку — 19 чэрвеня, гісторыю Беларусі — 21-га.

Тэсціраванне па хіміі будзе праходзіць 23 чэрвеня, па фізіцы — 24-га. Сваё веданне замежных моў абітурыенты змогуць прадэманстраваць 25 чэрвеня. А на 27-га запланаваныя тэсты адразу па дзвюх дысцыплінах — па сусветнай гісторыі найноўшага часу і геаграфіі (гэта адны з самых малаколькасных экзаменацыйных дысцыплін).

Графік ЦТ складаўся такім чынам, каб ва ўсіх абітурыентаў паміж экзаменамі было для падрыхтоўкі некалькі дзён, патлумачылі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў.

Ніхто не будзе здаваць, напрыклад, сёння беларускую мову, заўтра — хімію, а паслязаўтра — біялогію (той набор дысцыплін, які патрабуецца для пэўнага профілю).

Рэзервовы дзень для здачы ЦТ пакуль што застаўся адзін (прадугледзець некалькі рэзервовых дзён яшчэ толькі плануецца ў будучыні). Здаць 5 ліпеня можна будзе толькі адну дысцыпліну і толькі па ўважлівай прычыне. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовы дзень устаноўлены з 28 чэрвеня па 1 ліпеня. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў гэты дзень для абітурыентаў з усёй краіны вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

«Парогавыя» значэнні балаў на ЦТ, якія дазваляюць удзельнічаць у конкурсе на званне студэнта ВНУ, засталіся на ўзроўні 2015 года. Нездавальняючымі адзнакамі па беларускай і рускай мовах будуць лічыцца балы ад 0 да 9. Выключэнне складаюць толькі некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, па якіх, для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, трэба будзе набраць не менш як 20 балаў.

Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з'яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 14 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 15 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з'яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў).

Калі першай профільнай дысцыплінай з'яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 19. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба будзе набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе.

А самыя нізкія парогавыя значэнні ўстаноўлены для абітурыентаў, якія будуць сёлета паступаць у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

Дарэчы, у гэтым годзе магчымасцю адрэпетаваць цэнтралізаванае тэсціраванне абітурыенты карысталіся вельмі актыўна. У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў праэкзаменаваць сябе (на бланачным ці камп'ютарным тэсціраванні) можна было па 31 мая ўключна. І нават у будныя майскія дні сюды звярталіся 70-80 чалавек, каб яшчэ раз праверыць свае веды. А па суботах для ахвотных былі арганізаваныя нават дзве экзаменацыйныя сесіі.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Ускочыць у апошні вагон!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.