Вы тут

Кітайскі каліграф – пра беларускага мастака


Гэтыя артыкулы кітайскага перакладчыка, публіцыста і каліграфа я пераклала на беларускую мову, калі яшчэ не была знаёмая з Гао Манам. Дакладней – маючы завочнае з ім знаёмства. Пасля ўжо былі сустрэчы з ім у Пекіне. Пісала пра Гао Мана болей як перакладчыка. Але хацела б заўважыць, што творца, які пераўвасобіў на кітайскую мову прозу Святланы Алексіевіч, -- шматбаковы і бязмежны талент. Ды і культурамі, літаратурамі ён цікавіцца шмат якімі... Гэта, пэўна, дазваляе Гао Ману ва ўсіх зацікаўленнях выбіраць самае істотнае, самае важкае... Мяркую пра гэта і па яго выказваннях пра Георгія Паплаўскага.

Вераніка Карлюкевіч


Гао Ман (Біяграфічная даведка)

Нарадзіўся ў 1926 годзе ў горадзе Харбін. Шмат гадоў працаваў на розных пасадах у Таварыстве кітайска-савецкай дружбы і Інстытута замежнай літаратуры, займаўся перакладчыцкай і рэдактарскай дзейнасцю. Займаючы пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Сусветная літаратура”, Гао Ман здолеў сабраць вакол сябе лепшых перакладчыкаў з рускай мовы. Сам таксама актыўна займаўся перакладамі. У яго спісе ёсць А.С.Пушкін, М.Ю.Лермантаў, І.А.Бунін, А.А.Ахматава, Б.Л.Пастэрнак, М.Танк і інш. Сярод арыгінальных твораў Гао Мана – “Нататкі пра рускае выяўленчае мастацтва”.ь Звесткі пра Гао Мана можна знайсці ў беларускай энцыклапедыі “Культура Беларусі” (том 6). У апошнія гады пра мастака і перакладчыка Гао Мана з’явіліся артыкулы ў беларускіх газетах і часопісах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”. Гао Ману прысвяціў адзін з сваіх вершаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Даведку падрыхтавала Вераніка Карлюкевіч


Гао Ман. Беларускі кніжны графік Георгій Паплаўскі.

Мастацтва савецкай кніжнай графікі прытрымліваецца  развіцця літаратуры. Актыўнасць нерускіх нацыянальных літаратур - адна з адметных рысаў багацця савецкай літаратуры. Разам з дасягненнямі нацыянальных літаратур, назіраюцца і значныя поспехі ў нацыянальнай кніжнай графіцы.

Перад Другой Сусветнай вайной і нават у першыя пасляваенныя гады вельмі мала нерускіх нацыянальных мастакоў атрымалі ўсесаюзнае прызнанне. У пяцідзесятыя гады кожная з рэспублік Савецкага Саюза выгадавала цэлую плеяду выдаючых кніжных графікаў. За апошнія дваццаць год яны ў поўнай ступені раскрылі свае таленты і майстэрства.

У гэтым нумары мы знаёмім вас з беларускім кніжным графікам Георгіем Паплаўскім. Ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў горадзе Ромны, у 1961 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1941 годзе фашысты ўварваліся ў Савецкі Саюз, ворагі амаль пераўтварылі Беларусь у папялішча. Тады Паплаўскаму было толькі дзесяць гадоў. Тут, на выпаленай зямлі пад кіраўніцтвам партыі беларускі народ распачаў страшны для ворага партызанскі рух. Дзе лютуе вораг, там і народнае супраціўленне. У ачышчальным агні, сярод крыві нарадзіліся годныя апявання гераічныя подзвігі. На гэтым фундаменце з'явіліся літаратурныя творы, якія кранаюць да глыбіні душы. Паплаўскі ганарыцца гісторыяй роднага краю. Ён бачыць сваім абавязкам расказваць пра барацьбу беларускага народа супраць фашыстаў. Георгій Георгіевіч стварае ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры, у першую чаргу да аповесцяў Васіля Быкава, якія апісваюць жыццё ў вайну. Графіка Паплаўскага хутка атрымала высокую адзнаку ў Беларусі і за яе межамі.

У Кітаі шмат разоў выдавалі пераклады аповесцяў Васіля Быкава (нар. 1924). Амаль усе яго творы пра вайну. Яны праз асаблівыя умовы вайны раскрываюць самыя розныя чалавечыя праявы і паводзіны, даследуюць фарміраванне і змены ў поглядах на мараль. Цяжкае жыццё Радзімы, беды людзей, лёс роднай краіны, усё гэта выклікае ў Паплаўскага такія ж глыбокія пачуцці, як і ў Быкава, таму мастак так паспяхова выканаў ілюстрацыі да аповесцяў. Праз крыху перабольшаную дэманстрацыю характару герояў, Паплаўскаму ўдалося перадаць напружанасць сюжэту, дзе развіццё падзей даходзіць да трагічнага ўзроўню. Кніжны графік старанна прамалёўвае ўсе востра акрэсленыя маральныя праблемы. Напрыклад, яго ілюстрацыя 1977 года да аповесці «Сотнікаў».  На малюнку з'яўляюцца два героя: чырвонаармеец Сотнікаў і яго «кампаньён» Рыбак. З-за пакутлівай хваробы Сотнікаў знясілен да крайнасці, але перад тварам смерці ён дэманструе доблесць і высокую мараль савецкага чалавека і патрыёта. А Рыбак, па словах Сотнікава, - «нядрэнны воін, але яму, несумненна, нечага не хапае, каб стаць чалавекам, грамадзянінам».

Савецкі крытык Л.Азімава так напісала пра графіку Паплаўскага: ён «на аснове сюжета аповесці Быкава, з дапамогай літаграфіі стварыў шэраг ілюстрацый. Гэтыя ілюстрацыі сваёй рашучасцю, вострай экспрэсіўнасцю, атмасферай жорсткасці, нават бязлітаснасці, якая не саступае творам Быкава, прымушаюць паверыць, скараюць нас». (Глядзі савецкі часопіс «Мастацтва», 1980 г., № 9)

Перад тым, як пачаць працу над графікай да аповесцяў Быкава, Паплаўскі займаўся ілюстрацыямі да твораў «Хатыньская аповесць» і «Партызаны» іншага беларускага пісьменніка –Алеся Адамовіча. Іх можна разглядаць як падрыхтоўчы этап да быкаўскіх ілюстрацый.  Паплаўскі імкнецца адлюстраваць трагічныя, але поўныя гераізму часіны. Ён аб'ектыўна, з асцярожнасцю ставіцца да літаратурных твораў і жыццёвага матэрыялу. Калі ілюструе аповесці Быкава, у мастака праяўляюцца новыя памкненні. Паплаўскі згушчае рэалістычны складнік, павялічвае ступень абагульнення, выявы становяцца болей грубымі, кампазіцыя набывае большую экспрэсіўнасць.

Акрамя кніжнай графікі са сцэнамі ваеннага жыцця, Паплаўскі стварае ілюстрацыі, поўныя лірызму і паэтыкі. Напрыклад, ілюстрацыя 1978 года да паэмы беларускага паэта Янкі Купалы «Яна і я», напісаная яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паплаўскі старанна ўвасабляе задумку паэта: выключная духоўнасць, традыцыйная для працавітых беларускіх сялян, любоў да работы, мары пра чыстае каханне.

Сёння Георгій Георгіевіч Паплаўскі знакаміты савецкі кніжны графік, неаднойчы ўганароўваўся ўзнагародамі на радзіме і за мяжой. Ён таксама выдатны гравёр. На задняй вокладцы гэтага нумара размешчаны «Пейзаж з царквою», выбраны з серыі 1977 года «Прагулкі з Ганешам». Гравюра дэманструе не жорсткія сцэны вайны, а жыццё ў мірны час, працавіты і ціхі гарадок.

Пераклад з кітайскай Веранікі Карлюкевіч

Пераклад з кітайскай зроблены з часопіса “Элосы вэньі”(“Руская літаратура і мастацтва”) (1986г., №5), с. 112-113

Гао Ман. Таленавіты савецкі графік – Паплаўскі.

(Урывак)

Па Беларусі цяжка не сумаваць. Я ездзіў туды аднойчы, а было гэта трыццаць гадоў таму назад. Але мне ніколі не забыць тыя азёра, лясы, упрыгожаныя нацыянальным арнаментам дамы, тых сардэчных і гасцінных людзей. Кожны раз, калі сустракаю сяброў з далёкай Беларусі, нам заўсёды ёсць пра што пагутарыць.

Сёлета атрымаў альбом з рэпрадукцыямі ад Георгія Паплаўскага (нар.1931). Ён сваёй рукою зрабіў надпіс на тытульным лісце: “З любоўю і пяшчотай дару гэты невялічкі падарунак далёкаму сябру і калегу.” Акрамя гэтага, я яшчэ атрымаў напоўнены цеплынёй ліст ад яго жонкі, таксама славутай мастачкі, і паштовую марку, адбітую па яе малюнку, што імгненна прымусіла мяне ўспомніць пра адно здарэнне. 。

Некалькі гадоў таму да мяне дахаты завітаў мастак Гу Гань. Калі ён убачыў, што я разглядаю альбом Паплаўскага, у яго сарвалося з языка: “А я аднойчы скапіраваў яго карціну!”. Гу Гань – выдатны кітайскі мастак сярэдняга ўзросту, вядомы сваімі наватарскімі падыходамі. Нельга недаацаніць яго ролю ў спробах спалучыць новыя стылі каліграфіі і кніжнай ілюстрацыі ў Кітаі. Чаму ён надумаўся капіраваць карціну другога мастака? Яму падалося, што твор Паплаўскага вельмі наватарскі, і таму ўзяўшы пэндзаль для каліграфіі, паўтарыў яго малюнак на сюаньчэнскай рысавай паперы. Імкнучыся атрымаць іншы мастацкі эфект, Гу Гань далучыўся да сакрэту выключнага майстэрства Паўлоўскага. Мне хацелася б верыць, што гэтыя цудоўныя словы Гу Ганя застануцца ў гісторыі савецка-кітайскага выяўленчага мастацтва.

На гэты раз, я ўважліва паглядзеў альбом з рэпрадукцыямі Паплаўскага, мне здаецца, што яго апраўдана называюць майстрам сучаснай савецкай ілюстрацыі. Моцны шукальніцкі дух Паплаўскага праяўляецца не толькі ў мастацкай тэхніцы яго малюнкаў, а і ў раскрыцці галоўнай ідэі. Удосталь напіўшыся пакутамі ваеннага часу, гэты беларускі мастак не можа абмінуць праявы гераічнага супраціўлення беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Некалькі гадоў таму Паплаўскі ў сваіх работах актыўна адлюстроўваў новую тэму заваявання космасу, рабіў ён гэта вельмі паспяхова. У апошнія гады ён зноў звярнуўся да пошуку унікальных з’яў у паўсядзенным жыцці. Магчыма, менавіта з-за гэтага вось ужо трыццаць год Паплаўскі атрымлівае ўзнагароды амаль на кожнай выстаўцы. Прадстаўляючы савецкае выяўленчае мастацтва, ён шмат дзе пабываў: Фінляндыя, Аўстралія, Індыя, Інданэзія, Сінгапур, Польша, Балгарыя… Атрымаў новыя веды, пашырыў кругагляд. Асабліва ўзбагаціла яго падарожжа ў Індыю, дзе ён пазнаёміўся з унікальнай мастацкай спадчынай Усходу. 

Аднойчы я спытаў Георгія Георгіевіча пра яго адносіны да мастацтва. У альбоме, які ён мне даслаў, у сярэдзіне якраз быў змешчаны невялічкі тэкст з пазнакай, што Паплаўскі “Расказвае пра сябе”. У мастака шмат твораў, прысвечаных супраціўленню беларускага народа фашысцкім акупантам, таму з самага пачатку артыкула закранаецца тэма гераічнай рашучасць ў жыцці і ілюстрацыях. “Загаварыўшы пра гераічную цвёрдасць, я звязваю яе ў адно цэлае з Вялікай Айчыннай вайной. З першага дня вайны я не забываўся на яе. Акупацыя, вызваленне, перамога. Што да людзей майго пакалення, гераічная цвёрдасць – не раман, дзе старонка за старонкай апісваецца вайна. Гэтая цвёрдасць – наша памяць”. Затым ён згадвае некалькі сваіх знакамітых малюнкаў: ““Прысяга” і “Аблава”, “Партызанская арба” і “Байцы”, “Памяць” і “Хатынь” – так я аддаю даніну павагі гераізму беларускага народа. Я з выключнай прыязнасцю стаўлюся да беларускіх пісьменнікаў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Валянціна Тараса і іншых, да твораў якіх я рабіў ілюстрацыі. Мае асабістыя ўспаміны і расказ пісьменнікаў заўсёды ўзаемадапаўняльныя. Гэтыя пісьменнікі самі ўдзельнікі падзей таго суровага часу, а з маёй дапамогай могуць больш глыбока і поўна расказаць праўду пра ўсе цяжкасці, барацьбу і гераізм.”

Паплаўскі адзначыў адметныя рысы сваіх малюнкаў: “У сваіх творах я імкнуся ад плыўнасці ліній, бездакорнай формы, гармоніі колеру. Я звычайна не пакідаю намёкаў, кажу ўсё да канца. Жыццёвы і творчы вопыт мастака павінны выходзіць за рамку карціны.

Пераклад з кітайскай Веранікі Карлюкевіч

Пераклад зроблены з кітайскай мовы з часопіса “Элосы вэньі” (“Руская літаратура і мастацтва”) (1986г., № 5), с.67

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.