Вы тут

Будзь аўтарам свайго жыцця


Наш чарговы творчы конкурс для юных і маладых няштатных аўтараў выходзіць на фінішную прамую. Самыя нецярплівыя ўдзельнікі або іх настаўнікі ці бацькі ўжо даўно асцярожна (а нехта і адкрыта) спрабуюць высветліць, маўляў, якое месца прысудзілі таму ці іншаму аўтару? Яшчэ крыху цярпення, і канкурсанты даведаюцца імя ці імёны пераможцаў. Чакаць засталося нядоўга! А каб гэты час праляцеў хутчэй, раім нашым юным і маладым аўтарам дасылаць свае чарговыя допісы ўжо па-за конкурсам. Сачыце за «Чырвонкай. Чырвонай зменай»!


Лічу, што поспех любой справы заключаецца ў простай ісціне: пасля дасягнення пастаўленай задачы не спыняйся, а рухайся далей. У маім жыцці ёсць адна самая галоўная мэта, і да яе я іду, хоць і павольна, затое ўпэўнена! Я не з тых, хто любіць даказваць тэарэмы па геаметрыі або вылічваць па хімічнай формуле колькасць рэчыва. Дакладна ведаю, што хачу звязаць сваё жыццё з мастацтвам. І вельмі рада, што маю магчымасць займацца тым, што мне падабаецца і такім чынам шукаць сябе.

Я захапляюся фатаграфіяй і не магу ўявіць сваё жыццё без гэтага. Узяць у рукі камеру і адправіцца ў новае падарожжа — што можа быць лепш? Захаваць самыя шчаслівыя моманты, а затым пераглядаць, успамінаць, колькі ўсяго было, і марыць, колькі яшчэ будзе! А яшчэ люблю апынуцца па той бок камеры, спрабую сябе ў якасці мадэлі. Мне падабаецца ствараць вобразы, абдумваць дэталі фотаздымка, а пасля атрымліваць асалоду ад вынікаў працы.

«Ад фатаграфіі да відэа — адзін крок», — аднойчы падумала я. Спачатку рабіла рэпартажы пра свае фотаздымкі, пра тое, як ствараецца вобраз. Затым у аб'ектыў камеры ўсё часцей сталі трапляць аднакласнікі і падзеі са школьнага жыцця. Першымі гледачамі такога «міні-кіно» былі бацькі і сябры. Безумоўна, з'яўлялася думка падзяліцца сваімі ролікамі з астатнім светам, перадаць іншым усе свае эмоцыі. Але тады я баялася, што мяне не зразумеюць, і відэа так і засталося ў хатнім архіве. Да лета мінулага года. У летніку я, як звычайна, не выпускала камеры з рук. Усе вакол увесь час цікавіліся: дзе можна пабачыць работы? Тады я і зразумела, што маё відэа цікавае астатнім, і адважылася завесці канал на YouTube. Відэаблогерам назваць сябе не магу, проста люблю здымаць ролікі і дзяліцца імі.

У сем гадоў я напісала свой першы «верш». Праз чатыры гады пачала пісаць апавяданні і адпраўляць іх у часопісы, якія чытала. Спачатку іх не публікавалі, але я не здавалася, і ўжо праз год маю першую нататку змясцілі ў часопісе «Стрекоза». Мае работы на старонках маладзёжных выданняў можна сустрэць і сёння.

Кожны раз, калі чую пра які-небудзь творчы конкурс, мне адразу ж хочацца прыняць у ім удзел. І не для таго, каб абавязкова выйграць. Мне цікава паглядзець, на што я здольная. Сам творчы працэс, падрыхтоўка да мерапрыемства займаюць велізарную колькасць часу, але потым я разумею, што ўсё было зроблена не дарма. А выходзячы на сцэну, усведамляю, што ўсё тое, што раблю, мне сапраўды падабаецца. І няхай спачатку дрыжыкі па ўсім целе, сэрца шалёна стукае ў грудзях, але першыя крокі, першыя словы... і я адтуль ужо не хачу сыходзіць. А пасля выступлення прыемна чуць пра тое, што мае нумары кагосьці прымусілі плакаць ці, наадварот, смяяцца. Любоў публікі — вось самы галоўны прыз для артыста.

Калі вы скажаце, што не любіце музыку, не паверу. Я даволі часта слухаю розныя музычныя творы, і яны мяне натхняюць. Калі чую любімую мелодыю, то не магу ўседзець на месцы і пачынаю танцаваць. А праз танец выказваю свае эмоцыі. Музыка — вось што дапамагае мне ствараць новыя творы: пісаць вершы і апавяданні, рабіць фотаздымкі і відэа. Менавіта музыка кіруе мной. У цяжкія хвіліны падтрымае, а самыя вясёлыя моманты напаўняе шчасцем.

Дэвіз, з якім я іду па жыцці, гучыць так: «Лепш зрабіць і шкадаваць аб гэтым, чым не зрабіць і ўсё адно шкадаваць». Кожны раз, калі збіраюся зрабіць нешта важнае, што можа змяніць ход падзей, успамінаю гэтую фразу і дзейнічаю. Калі ты сапраўды хочаш чаго-небудзь дабіцца, адкінь усе свае страхі і смела ідзі наперад.

Пра аўтара

— У матэрыяле я шмат напісала пра сябе. Яшчэ займаюся эстраднымі танцамі, вакалам, вучуся ў тэатральным класе і не ўяўляю свайго жыцця без мастацтва, — распавяла нам 17-гадовая аўтарка. — Любімым прадметам у школе з'яўляецца літаратура, таму што на гэтых уроках мы вучымся разважаць і абгрунтоўваць сваё меркаванне.

Што можна дадаць да слоў Святланы? Толькі ўдакладніць, куды канкрэтна яна збіраецца паступаць. Канешне ж, у Інстытут журналістыкі БДУ!

Святлана КІСЛАЯ, вучаніца 11 класа гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.