Вы тут

Ступень доктара навук летась атрымалі 40 чалавек, а кандыдата навук - 307


У 2020 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія прысудзіла навуковую ступень 347 саіскальнікам: ступень доктара навук атрымалі 40 чалавек, а кандыдата навук — 307. Як расказаў журналістам намеснік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Кірыл ДАБРЭГА, па колькасці прысуджаных вучоных ступеняў пераважае медыцынcкая галіна: летась там было абаронена 67 дысертацый (або 19,3 працэнта ад агульнай колькасці). У тэхнічных навуках абаронена 65 навуковых работ, эканамічных — 38, фізіка-матэматычных — 34, філалагічных — 24 работы, педагагічных — 20 і г. д.


Таксама ўладальнікамі навуковай ступені сталі 34 замежныя вучоныя з дзевяці краін: Кітая, Расіі, В'етнама, Лівіі, Украіны, Венесуэлы, Грузіі, Казахстана і Туркменістана. Найбольшая колькасць замежнікаў, якія абараняліся ў Беларусі, былі грамадзянамі КНР (16 чалавек).

Сярэдні ўзрост саіскальніка вучонай ступені склаў 35,5 года для кандыдатаў навук і 49,8 года — для дактароў навук.

— Летась упершыню ўзрост саіскальнікаў ступені доктара навук стаў меншым за 50 гадоў, — падкрэсліў Кірыл Дабрэга.

Калі глядзець дынаміку за апошнія пяць гадоў, то колькасць абароненых работ зменшылася. Для параўнання: у 2019 годзе вучоную ступень прысудзілі 397 саіскальнікам (ступень доктара навук атрымалі 39 чалавек).

Вучонае званне прафесара ў 2020 годзе прысвоена 31 саіскальніку, дацэнта — 313 (у 2019 годзе — 39 і 351 адпаведна).

Летась ВАК не зацвердзіў 27 дысертацый (у 2019 годзе — 47), з іх 19 былі зняты саіскальнікамі самастойна для дапрацоўкі. 8 дысертацый (з іх адна доктарская і сем кандыдацкіх) былі адхілены Прэзідыумам ВАК у выніку правядзення адпаведнай экспертызы. Па адной доктарскай і пяці кандыдацкіх дысертацыях Прэзідыумам ВАК ствараліся камісіі для ўстанаўлення фактаў некарэктнага запазычання матэрыялаў, уключаных у іх. Па прадстаўленні камісіі дзве кандыдацкія былі знятыя з разгляду з правам паўторнай абароны не раней чым праз пяць гадоў. «Гэта даволі жорсткая мера, але пытанні фальсіфікацыі, падлогу і некарэктнага запазычання з'яўляюцца пры падрыхтоўцы дысертацый надзвычай важнымі», — падкрэсліў Кірыл Дабрэга.

Дысертацыі адхіляліся ў сувязі з адсутнасцю навуковай навізны прадстаўленых вынікаў, а таксама спасылак на аўтара і крыніцу пры выкарыстанні матэрыялаў і вынікаў, якія належаць іншым даследчыкам. На адмоўныя рашэнні Прэзідума ВАК у 2020 годзе было пададзена 8 апеляцый, з іх задаволена адна (у 2019 годзе было 12 апеляцый, а задаволена адна — па доктарскай дысертацыі).

Па стане на 31 снежня ў краіне дзейнічалі 135 саветаў па абароне дысертацый: з іх 103 — па абароне і доктарскіх, і кандыдацкіх работ. Як заўважыў намеснік старшыні ВАК, іх колькасць нязначна зменшылася, што звязана і са змяншэннем колькасці навуковых работ, якія абараняюцца, і з барацьбой за якасць. Вышэйшая атэстацыйная камісія аддае вялікую ўвагу якасці работы саветаў па абароне дысертацый. У сувязі з парушэннем парадку прадстаўлення і абароны дысертацый, неадпаведнасці складу саветаў патрабаванням нарматыўных актаў і адсутнасцю абароненых дысертацыйных работ калегія ВАК прыняла ў 2020 годзе рашэнне аб спыненні работы сямі саветаў па абароне дысертацый (па тэхнічных, фармацэўтычных, псіхалагічных, сельскагаспадарчых і юрыдычных навуках).

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: grsu.by

Загаловак у газеце: Дактары навук памаладзелі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.