Вы тут

Учора ў краіне распачаліся экзамены за курс сярэдняй школы


«Да ўзяцця Рэйхстага заставаліся лічаныя дні, а на вуліцах горада ў асобных яго кварталах яшчэ ішла перастрэлка, завязваліся зацятыя баі. Ашалелыя ў сваёй нянавісці, на апошняй мяжы адчаю, гітлераўцы хапаліся за кожную сцяну і камень, толькі б знішчаць, знішчаць...» — гэта ўрывак з тэксту «Просты рабочы чалавек», які прапанавалі адзінаццацікласнікам на выпускным экзамене па беларускай мове.


Учора ў краіне распачаліся экзамены за курс сярэдняй школы. І ўпершыню ў бацькоў, якія хваляваліся за сваіх дзяцей, была магчымасць яшчэ падчас экзамену асабіста пазнаёміцца са зместам заданняў. Міністэрства адукацыі (у тэставым рэжыме) размясціла на сваім сайце заданні па беларускай, рускай мове і матэматыцы для вучняў 11-х класаў, якія вывучалі гэтыя дысцыпліны на базавым і павышаным узроўні. Можна, вядома, задацца пытаннем, наколькі цікава 17-гадовым падлеткам пісаць пераказ пра бабрыху Клару, мядзведзіцу, у якой людзі забралі медзведзянят, ці «сямейную пару» ласёў (экзаменацыйныя камісіі маглі выбіраць з двух прапанаваных тэкстаў адзін). Адно можна сказаць дакладна: бацькам было цікава даведацца, што ж сабой уяўляе выпускны экзамен, у тым ліку і па матэматыцы. І чым адрозніваюцца заданні па матэматыцы для базавага і павышанага ўзроўню вывучэння прадметаў...

Па шматгадовай традыцыі тэксты і заданні для экзаменаў у пісьмовай форме абвяшчаюцца ў нашай краіне па тэлебачанні і радыё. Але ў Міністэрстве адукацыі не выключаюць, што ў перспектыве можа застацца толькі адзін канал інфармавання — міністэрскі сайт.

У бягучым годзе сярэднюю школу ў Беларусі заканчваюць 57,4 тысячы выпускнікоў 11-х класаў. Яны здаюць чатыры экзамены: пісьмовыя — па матэматыцы і пішуць пераказ па беларускай ці рускай мове на выбар; вусныя — па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

2 чэрвеня распачнуцца экзамены і для выпускнікоў базавай школы. Іх змест таксама можна будзе знайсці на сайце Міністэрства адукацыі. Дзевяцікласнікаў чакаюць дыктоўка па беларускай і рускай мовах і пісьмовы экзамен па матэматыцы.

Загаловак у газеце: Без тайны для бацькоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.