Вы тут

«...Ім — няхай падол гарыць, але ж дай пагаварыць»


Што было — было. Адна пажылая (бо пажыла ж...) вяскоўка ў горад на зіму пераехала — да сваёй дачкі. А дачка ж не нявестка. Добра бабулі: смачна есць, доўга спіць, зрэдчас для «размінкі» на зяця пасварыцца, у двары на лавачцы пасядзіць...

Дык вось. Неяк раз вяртаецца адтуль і адразу ж да тэлефона: давай у вёску званіць, давай хваліцца, што ў яе тут, здаецца, грэйпфрут з'явіўся!

— Хто-хто? — не разумее сяброўка.

Дачка з-за спіны:

— Мама, не грэйпфрут, а бойфрэнд!


І сапраўды, дзеўкі, жанкі цяпер кавалераў гэтак завуць, хоць слоўца і не наша — грувасткае: людзям у гадах яго цяжка запомніць. (З той жа «оперы» — анекдот. Бабуля да ўнучкі: «Дзіцятка, нагадай мне, як завуць таго немца, з-за якога я розум трачу?» — «Альцгеймер, бабуля, Альцгельмер!»...)

І гэта, магчыма, смешна было б, калі б не было так сумна.

А зрэшты, усё змяшалася, як той казаў — і ў гэтым анекдоце, і ў нашай конкурснай пошце, бо, глянуўшы на верхні здымак, яно ж, згадзіцеся, цяжка не ўсклікнуць:

Эх, жыццё было даўно:

Што ні вечар — то кіно!

А цяпер — ляжы на печы...

Ці сядзі — глядзі ў акно.

Можна паспрачацца са спадарыняй Аленай Кулік з вёскі Нелюбы Валожынскага раёна, сказаць, што ёсць яшчэ, дзякаваць Богу, кнігі, інтэрнэт і экраны тэлевізараў, ёсць сямейнікі, якіх трэба глядзець, ёсць гаспадаркі-гароды, захапленні... Але рацыя ў словах Алены — таксама, бо не з неба ж зваліўся конкурсны здымак — у многіх мясцінах і сапраўды (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч):

Дзе была кінарэклама,

Засталася толькі «рама»...

Хто ж паедзе і адкуль

Фільм круціць для дзвюх бабуль?

А тым больш што іх, гэтых самых бабуль, дзядуляў (як, дарэчы, і людзей нашмат маладзейшых), трэба яшчэ добра пастарацца, каб... з той «печы зняць». Спадар Мікалай Старых з Гомеля, мусіць, паспрабаваў? Бо іначай, гледзячы на здымак, наўрад ці «пачуў» бы ад адной з кабет цалкам лагічнае тут:

Я ў клубе ўжо не госць,

Бо кіно — і дома ёсць: .

З паўсцяны тэлеэкран,

У «Звяздзе» — вагон праграм:

Там камедыя, там — драма,

Там хакей і «Панарама»,

А ўжо фільмаў пра каханне...

Круцяць з вечара да рання!

Што важна — «з дастаўкай» дахаты, нікуды ісці не трэба. Да таго ж Генадзь Хазанаў неяк рытарычнае пытанне задаў: «Ці можна ў Вялікім тэатры парыць ногі?» І сам жа на яго адказаў: «...А перад тэлевізарам — можна». Значыць, сядзі сабе і глядзі. Прычым — дзень пры дні, гадамі, бо ў той жа праграме незлічона, можна сказаць, не проста фільмаў, а серыялаў кшталту «Санты-Барбары»: усе забыліся, калі яна (нейкая чарговая...) пачалася і ніхто не ведае, калі скончыцца... (Два анекдоты ў тэму. «Доктар, ну як я?» — пытаецца хворы пасля аперацыі. Першы варыянт адказу: «Можаце браць крэдыт» — «А як аддаваць?» — «Аддаваць не прыйдзецца»... Другі — «Новыя серыялы глядзець не пачынайце»...)

Але ж, бывае, зачэпішся вокам за экран і «ўліпнеш», бо, як піша спадарыня Гудачкова:

Што кіно...

Кабетам сталым

Даспадобы серыялы:

Што адна не так убачыць,

То другая — растлумачыць.

А значыць, сустрэўшыся, ім ёсць аб чым пагаманіць. Да таго ж абедзве ўвесь час пры справе...

Іншая размова — наколькі яна, тая справа, карысная, бо...

Неяк хвілін праз дзесяць пасля пачатку фільма глядач з кінатэатра выскачыў, да афішы пакіраваў, прачытаў там: «Дзеці да 16-ці не дапускаюцца» і прызнаў: «Шчаслівыя...»

Як, магчыма, і гэтыя дзве кабеткі, бо (паводле спадарыні Валянціны) яны,

Баба Маня з бабай Таняй

Не сумуюць па экране.

Цікавей усё адно

Жыць!..

Не пяліцца ў кіно!..

Трэба разумець, з ранку да вечара?

А вось нешта людскае — да таго ж на вялікім экране, зрэдчас — паглядзець можна. Ды што там — дзеля гэтага нават кампанію добра сабраць! Як некалі... Ці як маладыя цяпер — тэлефануюць адзін аднаму, дамаўляюцца аб сустрэчы, ідуць у кінатэатр... (Было, кажуць: там, падчас прагляду фільма, гук прапаў. Нехта адразу ў крык: «Эй, у каго там пульт?!»)

Трэба думаць, што прыладу гэту хутка знайшлі. А вось на кампанію не ўсім шанцуе. Адна з гераінь здымка (спадарыня Алена Кулік не ўдакладняе, каторая — тая, што справа ці злева?) паспрабавала яе сабраць, а другая – паглядзіце на здымак — якраз пытаецца:

— Што, Пятроўна, тут стаім?

Кажаш: у кіно схадзіла б?

Толькі з Федзем са сваім?

Ці Івана запрасіла?

На Валожыншчыне, выходзіць, ёсць мужчыны!.. Ёсць нават выбар!

Аб іншых населеных пунктах гэтага не скажаш. «Уважліва паглядзеўшы на здымак, — піша, прынамсі, спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — я вырашыў, што гэтыя жанчыны сварацца, прычым вельмі даўно і не на жарт».

З-за чаго? З-за каго? Ну вядома ж: шукайце... мужчыну!

Калі клуб наш закрывалі —

Штось прадалі, што спісалі:

Быў загад начальніка...

А жанчынам як тут быць?

Як на ўсіх ім падзяліць

Кіншчыка-механіка?!

І сапраўды: калі ён, той кіншчык, мужчына і добры гаспадар, то ў кабет — праблема. Прычым — не жартоўная. Як яе вырашыць, ведае хіба спадарыня Галіна Пятроўская з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна, якая ад імя адной жанчыны кажа другой (і многім іншым):

Ой суседка дарагая,

Кавалер у нас адзін.

Ты раўнуеш, я раўную...

Давай лепей прададзім!

Сучасны падыход, згадзіцеся — рынкавы. Да таго ж жанчыны сказалі — жанчыны зробяць. А грошы, трэба разумець, падзеляць? Спадарыня Любоў Чыгрынава ведае, на што іх можна патраціць:

Па аб'явах баба Вера

Ўсё шукае кавалера

Каб — з заможных,

Вельмі модных,

Каб не меў ён

Звычак шкодных...

Ды такія кавалеры

Не яе штурмуюць дзверы.

Сумнае кіно. А што да кавалераў, то ёсць у акрузе іншыя, але ж іх — паводле спадара Міколы Кісяля з Мінска — баба Вера «не разглядае», у разлік не бярэ, бо:

Ну і лянівец гэты Міша! —

Смалячкоў не мае:

Кожны дзень сабе... афішы

На падпал здзірае!

А з імі, з афішамі, трэба разумець, і шлюбныя абвесткі... У выніку на «грэйпфрута» бабе Веры спадзявацца цяжка — шанцаў амаль няма. Ці ўсё ж такі ёсць? І пакідаюць іх сужэнцы Астроўскія з Мінска:

За мастацтва ўжо даўно

У нас важнейшае кіно...

Ды жывуць паблізу цёткі

Ну і мастачкі ж плесці... плёткі!

Ім — няхай падол гарыць —

Але ж дай пагаварыць,

Потым — чутку-пагалоску

Як... кіно — пусціць на вёску.

А ўжо там усе чыста яго «ўбачаць», усе чыста пачуюць, бо (на думку спадара Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны):

За сабой пакінуць след

Можна і на хутары.

Як адключаць інтэрнэт,

Дык і так пагутарым.

Трэба разумець, не ўсе яшчэ развучыліся — умеюць размаўляць. І слухаць таксама звычка засталася, асабліва — у сталых вяскоўцаў.

Адкуль гэтыя каштоўныя ўменні браліся, разважае спадар Гаўрыш. «Некалі прачынаешся, — піша ён, — і з самага ранку чуеш галасы. Гэта радыё ў хаце гамоніць: нешта распавядае табе, навіны перадае, песні спявае. Быццам, жывыя людзі паблізу...»

Праўда, былі, — як зазначае чытач, — бо цяпер тое правадное радыёвяшчанне пакінулі гэты свет... Як недзе (і па ўважлівых прычынах) школы, крамы, клубы... Што ёсць, тое ёсць. Але ж нават у гэтых выпадках і населеных пунктах, на думку спадара Валерыя, страчана не ўсё, бо:

Шмат хто едзе ў горад жыць, —

Кліча даль туманная...

Але і вёсцы нашай — быць,

Покуль радыё гучыць...

Хай і сарафаннае!

Адну з яго «перадач», гледзячы на здымак, «агучыла», так бы мовіць, спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна:

— Чуй, кума, гутораць людзі,

Што «кіна ўдзень не будзе»:

Кіншчык з жонкай пасварыўся,

І праз тое — у дым напіўся.

Рачкі поўзае па сенцах —

Чыстае кіно і немцы!

Вось пайду — яго палаю:

Дзе «Вяртанне Будулая»?!

І сапраўды: жанкі могуць дараваць многае, але ж не гэта!

І зрабіць могуць бог ведае што. Спадар Гаўрыш піша: «Нам, мужчынам адзенне — нават на жанчынах — як правіла, да лямпачкі. А вось жанчынам — не. Ва ўсякім разе жонка мая, убачыўшы здымак, тут жа згледзела, што адна з кабет — прыбраўшыся, а другая — у будзённым... Адсюль мае радкі:

Сто задумаў, як відно,

У кабет няхворых:

Ганну цягне ў кіно,

Клаву — шыць уборы.

І гэта, зазначым, за шчасце. Бо, як лічыць спадарыня Лосева з Навагрудчыны, можа пацягнуць яшчэ і не туды:

Дзве жанчыны з вёскі Верас

Ад'язджаюць у... Лас Вегас:

Не вязуць, маўляў, кіно, —

Паляцім у... казіно.

Кажаце, што не было ў Лас-Вегасе такіх гульцоў? Значыць, будуць! А ўжо з грашыма адтуль вернуцца ці без... Неяк, расказвалі, старшыня калгаса сеў у карты гуляць са сваім кіроўцам — і раз, і два, і тры... Старшыня той картуе і картуе, бо ўвесь час «у дурнях» сядзіць. Кіроўца яму:

«Ну што ж вы так, Пятровіч... Сканцэнтруйцеся, уключыце мазгі. Гэта ж вам не калгасам кіраваць... Тут думаць трэба».

У казіно, зазначым, таксама... Як, дарэчы, і ў нашым конкурсе на лепшы подпіс да здымка.

...Дык «хто ж каго?» — перамудрыў, перасягнуў на папярэднім этапе?

Вялікае чытацкае журы найвышэй ацаніла прыдумкі спадароў Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны, Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, гурткоўцаў «Спроба пяра» СШ №3 г. Вілейкі, спадарынь Валянціны Гудачковай з Жыткавіч, Раісы Васільевай з Гомеля і Любові Чыгрынавай...

З гэтым, апошнім, меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцу газету «Звязда» застаецца ў Мінску.

Хочаце, каб яна — старэйшая, адзіная (сярод штодзённых) беларускамоўная, – пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, падумаць, што гэта значыла б, і напісаць. Варыянтаў подпісу можа быць шмат, але кожны з іх — не больш за восем радкоў, прычым — трапных, дасціпных, прыгожых... Поспехаў!

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые варыянты не прайшлі строгага конкурснага адбору — гэтым разам. А ўжо наступным... Пішыце і, як вучыла знаёмая жабка, не здавайцеся: вам пашанцуе!

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.