Вы тут

Віктар Гардзей. Каляровыя прысняцца сны…


Гардзей Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1984). Працаваў у часопісах  «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», у выдавецтве «Мастацкая літаратура», газеце «Літаратура і мастацтва».

Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), «Зялёныя дажджы» (1997), «Межань» (1999), «Трыадзінства» (2010), кніг прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992), трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), рамана «Бедна басота» (2003), кнігі выбраных твораў прозы «З мінулага не вяртаюцца» (2014), шматлікіх паэтычных кніжак для дзяцей.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1994), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2008) і іншых.


 

Каляровыя прысняцца сны…

 

Сырадой

«Дубцом распусніка малога!»

Стаю ў куце ля абразоў,

І вучыць бабка вельмі строга:

— Ты на зямлі не лішні ў Бога,

Таму зважай яго любоў.

 

Яшчэ не шмат мы скутку маем,

І я, і Васька — коцік мой.

Паўдзённы час здаецца раем,

Сядзім, на хлеўчык пазіраем:

— Нясі ж ты, бабка, сырадой!

 

Не лішне чуць яе выснову:

— Без маці — ласкі нестае.

Падатлівы святому слову —

Загналі гіцлі ў хлеў карову.

Давайце ж посудкі свае!

 

 

Валадар ваўкоў

Бадлівая карова ў чарадзе —

Бяруцца ў «рожкі» мірныя каровы.

Мне боязна: а воўк як нападзе?

Далёка хаты, і няма аховы.

 

Пасля вайны адвага пастушкоў

Лічылася амаль ці не геройскай.

На Юр’е рог я згублены знайшоў —

То дар апекуна жывёлы свойскай.

 

Сусед сказаў, разглядваючы рог:

— Бадалася карова не старая.

Устаў свісток, і будзе абярог —

Напасці не пасмее шэрых зграя.

 

Ды так і ёсць! Хаджу паўсюль наўпрост,

І справа тут у чарадзейным розе:

Як засвішчу — воўк падцінае хвост,

Як затрублю — трымціць ваўччо ў бярлозе.

 

Разбойнік люты, прэч у свой гушчар!

Свішчу, трублю — даўно жуда забыта.

Ваўчыны я сягоння валадар,

Хоць ведаю, што воўк цікуе з жыта.

 

 

Згадка пра замець

Ні птушкі, ні дзеці не ўцямяць,

Якою парой і адкуль

Наўсцяж разгулялася замець —

Зімы неаспрэчны патруль.

 

Здаецца, прамчаліся коні,

І сіверу моцны парыў

За вёскаю, на абалоні,

Камечыць кудзелю іх грыў.

 

Узвіхраны снег капытамі:

З пагоркаў сцякае плывун.

Паўз вуліцу, перад платамі —

То белы струмень, то бурун.

 

Да ранку тут лягуць сумёты,

Як пух з растрыбушаных соф.

У ведзьмаў начныя палёты —

Серыйныя, без катастроф.

 

Пачнецца і скончыцца рухам,

Дый мроіцца шоргат купюр.

Галопам, і рыссю, і трухам —

Нязменны ў мяцеліц алюр.

 

Малыя, мы выбяжым з хаты:

Замецена вёска да стрэх.

Сумёт на падворку бухматы

Упёрся ў спалоханы брэх.

 

 

Вясковыя вяселлі

Чуткі пра вясковыя вяселлі

Даганяюць нават праз гады,

Зрэшты, як і думы аб пахмеллі,

Што не пядзяў тры ад барады.

 

Маладых узносяць пад аблокі:

Спраўныя і ў працы, і ў гульбе.

Ён, канечне, статны і высокі,

Згрыбшчыў дзеўку гожую сабе.

 

На вяселлях быў я госць пазваны —

Маладому шафер, а то й брат.

Між вясёлых кепска, хто не п’яны —

Дужа смела ходзіш ля дзяўчат.

 

І нуда, і сэрцу ўсё балесней,

Хоць пажыць на свеце не паспеў.

Сяду ўпобач з жаласнаю песняй,

І ў кабет наладзіцца прыпеў.

 

Пачынае свацця цётка Ганна,

Не змаўкайце — вам я падпяю.

Мне здаецца, што жаніх падманна

Выкраў з песні любую маю.

 

Марна толькі навярэдзіў сэрца —

Б’е крыніца пругка з-пад вярбы.

Упусціла дзеўчына вядзерца,

Поўнае і ласкі, і журбы.

 

Бубен раптам абудзіў закуткі,

Дрогнуць скрыпка і акардэон.

Пра вяселлі даганяюць чуткі,

Дый вядзерца ўроненага звон.

 

 

Сон-трава

 

Памяці Міколы Лойкі

 

Не зацягваў ты блатных куплетаў,

Ідучы праз неруш баравы.

Назбірай нам, Коля, першацветаў —

Сінь-пралесак або сон-травы!

 

Коля, каб паспець на працу ўранні,

Да прыпынку лучыць нацянькі.

Глянь, рука яго ў блакітным ззянні?

— Дзе збіраў?

— Ля вёскі Мельнікі!

 

Коля Лойка — журналіст «раёнкі»

І прызнаны чалавек лясны.

Кажа: — Пах у першых кветак тонкі —

Каляровыя прысняцца сны.

 

Сны прыходзяць — і куды падзецца? —

У калёрах, як і наяву.

Трэба ж так на краскі наглядзецца! —

На пралескі і на сон-траву.

 

З Кругавіч ідзі любой дарогай —

Ландышамі снежаць саснякі,

Кураслеп — наўсцяж Сяла Малога,

Сон-трава — ля вёскі Мельнікі.

 

Помняцца адценні фіялетаў

І ў блакіце неруш баравы.

Коля зноў бліжэй да першацветаў —

Да пралесак і да сон-травы.

 

 

Насупраць акна

Надта многа жадаць ад кахання:

Пацалунка на вуснах апёк.

Чырваніцца ўжо кропля світання

Толькі кроплю не бачна здалёк.

 

У акне варухнуцца гардзіны:

Хтось праверыў, скуль ціш на дварэ?

Драч азартна скрыпіць з лугавіны,

Кажуць, гэтак ён кужаль дзярэ.

 

У кахання бязгрэшная стаўка:

Па расе праблукаць давідна.

Глянь, між дрэў незанятая лаўка,

Не бяды, што насупраць акна.

 

Пасядзім, а туману палотны

Ноч ніяк з-за драча не датчэ.

Пацалунак нясмела-зваротны,

Вось яшчэ, вось яшчэ і — яшчэ!

 

 

Горкія словы

Ну, не шалець жа з пераляку —

Пчалу патрапіш ці асу?

Нясу табе сваю падзяку,

А горкіх слоў не прынясу.

 

Яны пры мне, благія словы,

Што раняць сэрца і душу,

Нібы ў свавольстве хлапчуковым

Гняздо асвы разварушу.

 

Даўно няма вясны салярнай —

То нудны дождж, то сухавей.

Шкада пчалы — самаахвярна

Запусціць джала як глыбей.

 

За што падзяка — не гадаю,

Цябе ж прымрою маладой,

А дні плывуць з-за небакраю,

Як і сплываюць,— чарадой.

 

У горкіх слоў і кошт нязначны —

Не адбалела, не прайшло,

Ды выбар собіць адназначны —

Забыць ці помніць, што было.

 

 

Паданне

Апаўночы ляскочуць калёсы

На развілцы дарог разгуканай,

Дзе прайшлі пакаленні і лёсы

З біяграфіяй іх паламанай.

 

Ля дарогі ні лоймаў, ні феяў,

Хто праліў бы слязу ў спачуванне.

Па крыжовых шляхах без трафеяў

Князь кіруе з падання ў паданне.

 

У ваколіцах Начы і Лані

Мроіць ён свой забыты ўжо церам,

І цяпер, толькі ў вобліку здані,

Углядаецца ў змрок з недаверам.

 

У паходзе князь, кажуць, загіне,

Дык гукае кагось — вось паслухай,

І на голас ягоны княгіня

Шмат стагоддзяў бяжыць з медавухай.

 

 

Імгненні

Шчымяць балюча сэрца нарвы,

І ўслед за выраем не раннім

Гарачыя, як вусны, барвы

Яшчэ напружаны чаканнем.

 

Вось клён, асмуглы ад загару,

Дапіў цяпла вясёлы трунак

І дотык лісціка да твару

Прыемны, што і пацалунак.

 

Сярод нязменных дэкарацый,

Між барваў верасня ў здзіўленні

Свавольны час, як папарацы,

Фіксуе вечныя імгненні.

 

 

Тэма

Зачаўралі рэчкі, сышлі беларосы.

Пра восень і просінь пісаць не да твару,

Таму нестандартныя рыфмы, як восы,

Назойліва ўюцца, шукаючы пару.

 

Вось «рытм», ён у гуках і фарбах асенніх

Не мае, на дзіва, сугучнага слова,

Хоць рытм у практычным увасабленні —

Сілаба-танічнага верша аснова.

 

Не трэба, дарэчы, і сумных верлібраў:

Гаворка пра восень, прычым — залатую.

Дарогай праз лес тэму сам гэту выбраў —

Чаго ж я хачу і чаго лямантую?

 

На ўзлессі рудым, як у кадрах Сінемы,

Сарокі стракочуць, мяняючы дублі,

І сотні паэтаў прыселі да тэмы,

Якую, бы курыцу, самі ж абскублі.

 

Хвалюе найболей, чым змена фармацый

Размежжа, як ёсць, паміж порамі года,

А восень — у свеце алітэрацый,

А просінь сцякае адвечнай лагодай.

 

 

Парада імператара

Завея летняя з істот адушаўлёных

На царскіх сажалках змяшчаецца па цэнтру,

Аднак відаць: без снежна-белага акцэнту

Не бачна фарбаў — сініх і зялёных.

 

— Умомант падняліся ў вышыню, аблуды! —

Тлумачыць егер, здзіўлены прапажай.

— Карміць іх трэба лепш, — тут імператар кажа,—

Дык лебедзі з вады не паляцяць нікуды!

 

 

Натоўп

«Колькі ён выдужаў сонцазваротаў?» —

Будзе натоўпу шушукаць аб чым.

То не рахунак паношаных ботаў,

Стлелых апратак на целе чужым.

 

Кропкай адліку хаджэння ў пакутах

Стане твой дзень паяўлення на свет,

Дзе, акрамя вольных дум непрыкутых,

Шмат персанальных для шпегаў прыкмет.

 

— Піў і курыў, ды і біўся не храбра, —

Рэй пачынае натоўп здаляка.

Гэтак і плоткі ацэняць па жабрах

Снулага ўжо на кручку шчупака.

 

Тут жа, не верачы сонцазваротам,

Новыя боты нам шыюць шаўцы,

Ды на раллі перад раннім узлётам

Спяць залацістыя птушкі — сяўцы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.