Вы тут

Развіваць у чалавеку чалавечнасць


У Беларусі і Таджыкістана добрыя палітычныя і эканамічныя стасункі. Як, дарэчы, няблага складваюцца і адносіны ў галіне культурнага і літаратурнага ўзаемадзеяння. У Душанбэ выходзяць кнігі беларускіх пісьменнікаў. У Мінску ладзяцца сустрэчы, імпрэзы, прысвечаныя таджыкскай літаратуры — як класічнай, так і сучаснай. Таму невыпадковай падаецца сустрэча і размова са старшынёю Саюза пісьменнікаў Таджыкістана, народным паэтам Таджыкістана, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Рудакі Нізомам Касімам.


— Паважаны спадар Нізом Касім, ваш верш пра Дамулу Азізава — гэта верш і пра Беларусь... Як даўно вядомая вам гісторыя подзвіга таджыкскага настаўніка і салдата, здзейсненага на беларускай зямлі?

— Пра нашых землякоў-воінаў, асабліва пра Герояў Савецкага Саюза, у тым ліку і пра Дамулу Азізава, мы, савецкія школьнікі, ведалі яшчэ са сваіх школьных падручнікаў. Пасля — пастаянныя сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай, знаёмства з многімі публікацыямі ў газетах і часопісах. І ў выніку наша ўяўленне пра гэтых асоб і іх вялікі подзвіг паступова пашыралася і паглыблялася.

У далёкім 1980 годзе я, тады карэспандэнт таджыкскай камсамольскай газеты, пабываў у горадзе-героі Мінску на Усесаюзным злёце савецкай моладзі. У нас было шмат сустрэч, гутарак, пабывалі мы і ў Хатыні, пра якую я ведаў. І ведаў не толькі з даведнікаў, публікацый маскоўскага друку. Але і па тым мностве мастацкіх твораў, якія з'явіліся пасля ўзвядзення хатынскага мемарыяла ў самых розных нацыянальных літаратурах. А наш таджыкскі паэт, вельмі на той час папулярны сярод моладзі Саідалі Мамур напісаў цыкл вершаў пра Хатынь.

— Дарэчы, цыкл вершаў перакладзены на беларускую мову Міколам Аўрамчыкам... Неаднойчы ў нас друкаваліся.

— І радкі Саідалі Мамура не маглі не кранаць душу, сэрца. Праўда, у той час я асабліва не вельмі цікавіўся, ці ёсць у Беларусі вуліцы і школы з назвамі ў гонар таджыкскіх салдат, афіцэраў, якія загінулі за вызваленне ад нямецкага фашызму радзімы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не цікавіўся мо яшчэ і таму, што ўжо такая была звычайная практыка — называць імёнамі герояў вуліцы, паселішчы. А яшчэ навучальныя ўстановы, караблі, геаграфічныя аб'екты — усё сталася добрай традыцыяй. Гэта было адным са складнікаў выхавання. Зразумела, найперш моладзі, школьнікаў. Так і казалі: героіка-патрыятычнае выхаванне... І так рабілася ва ўсіх куточках неабсяжнай савецкай краіны. І там, дзе ваявалі таджыкі ці прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, і там, адкуль яны пайшлі на вайну, дзе вучыліся, у іх на малой радзіме.

А вось больш дэталёва я пра гэта задумаўся гадоў праз трыццаць пасля паездкі ў Мінск. І папрасіў нашага вядомага пісьменніка і драматурга Ато Хамдама, які часта бывае ў Мінску і з'яўляецца добрым сябрам беларускай літаратуры, даведацца, ці не названа ў Мінску вуліца імем Дамулы Азізава...

— Ато Хамдам — і член Саюза пісьменнікаў Беларусі... У Мінску выйшла яго кніга «Подзвіг Эмамалі Рахмона»...

— Так, напісаная, між іншым, разам з ураджэнцам Беларусі — рускамоўным пісьменнікам Таджыкістана Леанідам Чыгрыным. Дык вось Ато і прывёз мне здымак шыльды з назвай вуліцы, якая названа ў гонар нашага гераічнага земляка. Такая гісторыя майго аднаго верша.

А на самай справе — гэта гісторыя нашых узаемаадносін, пераканаўчае сведчанне, што нашы папярэднікі, таджыкі і беларусы, рускія і ўкраінцы, здабывалі ў Вялікай Айчыннай вайне адну агульную Перамогу. І хіба мы не павінны ганарыцца такой гісторыяй?!.

— Ці ёсць у таджыкскай літаратуры іншыя творы, прысвечаныя Дамулу Азізаву?

— Пра жыццё і мужную смерць герояў Вялікай Айчыннай вайны таджыкскімі літаратарамі напісана вельмі і вельмі шмат. Асабліва вершаў, дакументальных твораў. У тым ліку — і пра Дамулу Азізава. Пісьменнік Рахмон Сафар прысвяціў воіну дакументальную аповесць, у аснове якой — звесткі з архіваў Таджыкістана, Масквы і Беларусі. Паэт Алі Бабаджон, доктар гістарычных навук Усманджан Гафараў напісалі пра яго і нарысы, і артыкулы. Подзвіг Дамулы згадваецца ў многіх творах таджыкскай мастацкай літаратуры.

— Што значыць для вас асабіста тэма Вялікай Айчыннай вайны?

— Вялікая Айчынная вайна — агульнародны боль для ўсяго сумленнага свету. Але і мой уласны, асабісты боль. Як чалавека-адзінкі, як літаратара. Па той простай прычыне, што шмат тых, хто здолеў бы зрабіць наша жыццё прыгажэйшым, багацейшым, цікавейшым, не вярнуўся з поля бою. У іх шэрагах — вядомыя паэты Хабіб Юсуфі, празаік Хакім Карым, літаратуразнаўцы Лутфуло Бузургзадэ і Абдушукар Пірмухамадзадэ. Гэты боль я паспрабаваў выказаць у адным трагедыйным цыкле і ў некалькіх асобных вершах. У тым ліку і ў вершы «Вуліца вечнасці», прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза Дамулы Азізава. Дзякуй вялікі паэту Міколу Мятліцкаму, што пераклаў гэты твор на беларускую мову. Пранізлівы, несціхаючы боль сэрцаў маці, якія да бясконцасці чакаюць з вайны сваіх дзяцей, — чырвоны стрыжань усіх гэтых вершаў. І ў творах тых — і памяць пра гераічна загінуўшага таджыка, і памяць пра кожнага трэцяга беларуса, які не вярнуўся дахаты, які па-зверску закатаваны фашысцкімі нягоднікамі.

— У Мінску не толькі вуліца носіць імя Дамулы Азізава, але і школа названа ў гонар таджыкскага воіна...

— І ведаю, што ў школе працуе музей героя. Яго напаўненне адбываецца пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Таджыкістан у Беларусі, дзякуючы нашаму актыўнаму кіраўніку дыпламатычнай місіі ў Мінску Казідаўлату Каімдодаву.

— Спадар Нізом, а беларуская паэзія... Наколькі яна вядомая сёння ў Таджыкістане? Пагадзіцеся, у каго, як не ў паэта, пытацца пра гэта...

— Найперш пытацца трэба ў чытача. Народ наш песенны, чуйны да лірыкі, ды і да эпічных паэтычных расповедаў таксама... Мо таму па душы ў ранейшыя дзесяцігоддзі таджыкам былі творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка... І я асабіста шмат што чытаў з беларускай літаратуры. І цяпер шкадую, што як перакладчык мала працаваў з беларускім мастацкім словам. Хоць меў вялікую асалоду і задавальненне, калі перакладаў п'есу вядомага на ўсёй постсавецкай прасторы драматурга Аляксея Дударава «У прыцемках». Яна досыць доўга пасля ішла на сцэне Таджыкскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Абулькасіма Лахуці. Бліскуча выконвалі ў спектаклі свае ролі «зоркі» савецкага тэатральнага мастацтва — народныя артысты Ато Мухамеджанаў і Хабібула Абдуразакаў. На жаль, трагічны сыход з жыцця першага з іх і працяглая хвароба другога вывелі са сцэны гэтае надзвычай цікавае дзейства. Рады, што як перакладчык пераўвасобіў на таджыкскую мову прозу Алеся Бадака, паэзію Міколы Мятліцкага. Мы ў Душанбэ выдалі асобныя кнігі згаданых літаратараў. А мае калегі ў апошнія гады прадставілі таджыкскаму чытачу на роднай мове творы Мікалая Чаргінца, Георгія Марчука, Людмілы Рублеўскай, Андрэя Федарэнкі, Марыі Рудовіч, Юрыя Сапажкова, Віктара Шніпа, шмат яшчэ каго з вядомых сёння пісьменнікаў Беларусі.

Нельга не заўважыць, што нашы даўнейшыя літаратурныя сувязі паступова ўзнаўляюцца на досыць сур'ёзным узроўні. Усяго за мінулыя гады ў нас выдадзена каля дзесяці кніг пісьменнікаў Беларусі. Прэзентацыя таджыкскай анталогіі сучаснай беларускай літаратуры «Вячэрняе вогнішча» прайшла ў Мінску ў Доме дружбы. Там, дарэчы, адбыўся і вечар Рудакі.

Увогуле мінскі Дом дружбы — сапраўдная пляцоўка творчага, літаратурнага пабрацімства.

Ведаю, што і вашы беларускія літаратары гэта адзначаюць.

— Вяртаючыся да тэмы вайны, хацелася б ведаць вашы асабістыя падказкі: што з антыфашысцкіх твораў таджыкскіх пісьменнікаў параілі б адкрыць нашым беларускім чытачам?..

— Народны пісьменнік Таджыкістана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Таджыкістана Фацех Ніязі, які юным афіцэрам удзельнічаў у вайне, стварыў тры маштабныя мастацкія палотнішчы пра подзвіг савецкіх салдат: раманы «Вернасць», «Не кажы, што лес пусты», «Салдаты без зброі». А яшчэ — драму «Мост». Усе гэтыя рэчы перакладзены на рускую мову. І хоць напісаны яны дастаткова даўно, я раіў бы прачытаць іх і беларусам.

Упэўнены, што многім былым савецкім чытачам вядомая паэма Муміна Канаата «Галасы Сталінграда», геніяльна перакладзеная на рускую мову Робертам Раждзественскім. У 1978 годзе Муміну Канаату была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за гэтую паэму. Вось дзе ўзоры пранікнення ў падзеі вайны, у той драматызм, якім былі напоўнены ўсе гады, месяцы, дні, гадзіны, кожная хвіліна ліхалецця. У згаданых творах ёсць і жыццё, і каханне, і дружба, і, вядома ж, напісаны яны з пазіцый сцвярджэння гуманістычных, чалавекалюбівых ідэалаў. І зараз наша нацыянальная літаратура прадаўжае шукаць чалавечнасць іншымі, паэтычнымі словамі:

Ісціна сапраўдная

тады дае прырост,

калі з імгненняў

вырастае вечнасць.

І фабула жыцця

паўстане нам наўпрост:

смяротны чалавек

і вечна чалавечнасць.

Гутарыў Максім ЛАДЫМЕРАЎ,

Душанбэ — Мінск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.