Вы тут

Мой самы лепшы настаўнік


Прафесію настаўніка можна смела назваць адной з самых цяжкіх, адказных і ганаровых адначасова. Азіраючыся на гады вучобы ў ліцэі, я захацела расказаць пра свайго любімага настаўніка.


Ніколі не забуду ўрокі гісторыі і грамадазнаўства, за якія я ўдзячная Фёдару Васілевічу Радзіонаву. Наш настаўнік уключае ў працу кожнага вучня, можа своечасова пажартаваць, каб зняць стомленасць, а можа здзівіць нечаканым прыкладам. Ён выдатны арганізатар і цудоўны артыст. У чым жа асаблівасць яго ўрокаў?

Па-першае, хто не гатовы — таму варта панервавацца, бо Фёдар Васілевіч выклікае да дошкі не па класным журнале, а пры дапамозе скрыначкі з бочачкамі. Адказвае вучань, нумар па спісе якога адпавядае нумару бочачкі. А пакуль аднакласнік рыхтуецца каля дошкі, Фёдар Васілевіч гуляе з астатнімі ў «паравозік». Гэтая гульня ўяўляе сабой пытанні, што задае настаўнік, на якія вучні адказваюць па чарзе: калі першы не ведае адказу, то пытанне перадаецца наступнаму, — і так да канца рада. Такім чынам, вучні зарабляюць плюсы і мінусы. Вядома, спачатку нам было вельмі цяжка прывыкнуць да такіх урокаў, і я разам з аднакласнікамі заўсёды рыхтавалася да іх, ведаючы, што проста «адсядзецца» не атрымаецца.

Фёдар Васілевіч — настаўнік, які аддае сябе цалкам сваёй працы, вучням і прадмету. Ён заўсёды вучыў нас вылучаць галоўнае, умець выказваць свае думкі, быць заўсёды гатовымі змагацца за вынік. Я стала лепш разумець гісторыю, навучылася складаць кароткі план, які дапамагае адказваць на пытанні. Фёдар Васілевіч не толькі даў нам шмат ведаў, але і навучыў творча падыходзіць да таго ці іншага задання. Напрыклад, на першым уроку па грамадазнаўстве ён задаў кожнаму напісаць ліст-параду ананіму, які дапаможа яму справіцца з пэўнай праблемай. Для гэтага Фёдар Васілевіч расказаў нам тры гісторыі розных людзей. Гэта заданне было вельмі цікавым, бо мы апынуліся ў ролі псіхолага. Прачытаўшы нашы лісты, настаўнік сказаў, што мы добра справіліся з задачай і, магчыма, нашы парады дапамаглі б каму-небудзь. Такім чынам, мы вучыліся творча мысліць, разважаць, выходзіць з цяжкіх сітуацый. Цяпер я разумею, што такіх урокаў у мяне, магчыма, больш не будзе. Я вельмі рада, што мне давялося вучыцца ў такога Настаўніка.

Ганна КУРТАСАВА, выпускніца 11 класа ліцэя №2 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.