Вы тут

Заўтра адкрыецца восьмы Усебеларускі фестываль народнага гумару


Каб адчуць, што такое беларускі народны гумар, варта паехаць у Аўцюкі.

Добрая навіна: у пятніцу 8 ліпеня на раздарожжы паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі адкрыецца восьмы Усебеларускі фестываль народнага гумару. Аб тым, што там будзе і хто, «Звязда» папрасіла расказаць «бацьку-заснавальніка» фестывалю, пісьменніка Уладзіміра ЛІПСКАГА.


— Уладзімір Сцяпанавіч, факт, напэўна, вядомы ўсім: Аўцюкі — сталіцу айчыннага гумару — адкрылі вы. А вось як гэта адбылося?.. Давайце нагадаем.

— Давайце, і пачнём здалёку, з таго, што некалі ў Малых Аўцюках жыла мая старэйшая сястра. Яна была замужам за ляснічым і якраз нарадзіла двойню. Мы з бацькам выправіліся глядзець. Шашы там, вядома ж, не было, нейкага транспарту — таксама. І таму з нашых Шоўкавічаў мы пайшлі пехатой. Помню, па нейкіх балотах, па кладках... Месцамі бацька мяне пераносіў...

Што яшчэ з таго часу помню — першы раз еў куплёную каўбасу і першы раз адчуваў сябе госцем... Але ж потым сястра пераехала ў Калінкавічы, і я пра гэту вандроўку, напэўна, забыўся б, бо на дзіцячы розум Аўцюкі як Аўцюкі — вёска як вёска...

— ...Ну хіба што дзве іх — Аўцюкі Вялікія і Малыя... І Малыя, дарэчы, большыя за Вялікія?

— Што, вядома ж, смешна... А далей болей, як той казаў, бо праз многія гады ў тыя ж мясціны я вырашыў завітаць ужо як старшыня Беларускага Дзіцячага фонду і як пісьменнік. Дарэчы, еду туды, а кіроўца ў мяне пытаецца, ці ведаю я, што гэта за вёскі, расказвае, што аўцюкоўцы — яны, маўляў, такія: яны, калі нешта не даспадобы, то і пабіць яшчэ могуць.

— Было ад чаго спалохацца?

— Па шчырасці, я рады, што гэтага не зрабіў, што некалі не збочыў, што, як пісаў Генадзь Бураўкін: шмат дзе «...ездзіў і крочыў, у аб'езд і нацянькі, і шчаслівы, што аднойчы завітаў у Аўцюкі...». Бо людзі там сапраўды адметныя — вельмі шчырыя, працавітыя, вясёлыя... Такія ж, як у маіх родных Шоўкавічах. І ў той жа час — трошкі не такія. Узяць першы і, напэўна, ужо кожнаму вядомы жарт: «Манька, а ці мыешся ты? — Мыюся. — А дзе? — У рэчцы. — А зімой? — А колькі той зімы?» Гэта ж адтуль... Ці «Калінка, чаму ў вас толькі адзін сынок? Дачушку пара пашукаць... — Каласок, не падлаўлю свайго мужа цвярозым». Альбо вось яшчэ. Цешча — зяцю: «Мне так дрэнна было, так дрэнна — думала, памру». Ён ёй: «А я спадзяваўся». Альбо вось: «Ці праўда, што свая жонка лепш, чым чужая? — Так, але пераканацца ў гэтым хоча кожны»... Зноў жа пра аўцючку. Просіцца тая ў загадчыка фермы: «Адпусці, каласок, раней часу дамоў. — Навошта? — А я з канём дамовілася...»

— Сапраўдная «смеханосная» жыла!

— Так. Дык ці трэба здзіўляцца, што я, патрапіўшы на яе, пайшоў па бабках, па дзядках, па хатах і проста ўлюбіўся ў гэтых людзей! Помню, начаваў у адной бабулі... Раніцай прачынаюся, яна даўно на нагах, але ж кажа, што яшчэ не снедала. «А што ж, — пытаюся, — у вас на сняданак?» — «Патапцы», — адказвае. Колькі жыў, думаю, такой стравы не чуў... А гэта, як высвятляецца, хлеб, пакрышаны ў малако... Вось вам і патапцы.

У другой бабулі (гадоў 80-ці) вечарам быў. Яна за прасніцай сядзела: расказвала мне і паказвала, колькі падушак мае (а яны ж гарой на ложках ляжаць... І ўсе навалкі ў вышыўках!), расказвала, што замужам ніколі не была: не знайшлося, маўляў, чалавека... Я запісваю ўсё на дыктафон. А яна, бачу, вочкам на яго пакосіцца і адсунецца. Пытаюся, чаму? Адказвае: «Дык жа нейкае вочка гарыць. Баюся, каб мая кудзелька не ўспыхнула».

Карацей, я там столькі ўсяго сабраў і запісаў, што з'явілася кніжка «Пра каласкоў і калінак, якія гаруюць і жартуюць».

Але і пасля гэтага кропку паставіць не мог. Хацелася неяк уславіць гэтых людзей, нешта зрабіць для іх, хацелася, каб Аўцюкі для сябе адкрылі іншыя.

— Атрымліваецца, якраз на гэтай «глебе» і нарадзілася ідэя фестывалю беларускага народнага гумару?

— Так. Але ж спачатку я падзяліўся ёю з калегамі па пяры. І толькі пасля гэтага разам з Генадзем Бураўкіным і Алесем Петрашкевічам мы пайшлі да тагачаснага міністра культуры Анатоля Бутэвіча. Ён, дзякаваць Богу, і выслухаў нас, і падтрымаў, і потым прыехаў на адкрыццё... Цуд якое свята атрымалася! Пасярэдзіне, паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі, у лесе пабудавалі вялікую сцэну і ўсё патрэбнае, правялі электрычнасць, назапрашалі гасцей — у тым ліку замежных...

Дарэчы, напярэдадні папрасілі месцічаў выкасіць траву. Прыехалі, так бы мовіць, «прымаць работу» і вачам не паверылі: латка скошана, латка не. Пытаемся, чаму? Кажуць: «А той травы нашы каровы не ядуць». Ну хіба ж гэта не смешна?!

— Уладзімір Сцяпанавіч, на першым фестывалі, 20 гадоў таму, і сапраўды былі дэлегацыі з Балгарыі, з Расіі, з Украіны... Такім чынам вашы і нашы Аўцюкі па сутнасці апынуліся на міжнароднай арбіце?

— Я ганаруся, што так атрымалася, што ў мяне хапіла пораху не толькі адкрыць іх, але і дваццаць гадоў падтрымліваць дух фестывалю. Бо гэта — маё дзецішча.

Я рады, што на папярэднім, сёмым фестывалі, мы адкрылі ў Аўцюках музей беларускага народнага гумару, што там ёсць карчма «Ганарысты парсюк», што людзі, можна сказаць, з усяго свету ідуць і едуць туды, што там спраўляюць вяселлі... І я, дарэчы, усім кажу, што можна сядзець у інтэрнэце, нешта «стрыгчы» адтуль, нешта прыдумляць. А можна паехаць у Аўцюкі і адчуць, што такое народны гумар. Прычым ён не толькі аўцюкоўскі, ён сапраўды беларускі і сапраўды народны! Гэта ж мы вось такія — можам сказануць дык сказануць!

На вялікі жаль, сёлета на фестываль не прыедзе заўсёдны госць, легендарны дырыжор і народны артыст Міхась Дрынеўскі. Надоечы мы размаўлялі з ім, і я папрасіў, каб той расказаў нейкі жарт. Ён злёту, на трасянцы выдаў «аўцюкоўскі» дыялог: «Ты ўжо ўстроіўся? — Не, пакуль не: яшчэ работаю».

— Шкада, вядома ж, што не будзе Міхаіла Паўлавіча... А хто будзе? І што будзе на сёлетнім фестывалі?

— Усе карты раскрываць, вядома ж, не хацелася б — нават для любімай «Звязды». Але ў нашай краіне ёсць нямала цікавых, самабытных калектываў — у Спораве (Бярозаўскі раён), у Дубіне (Валожынскі), у Шуміліне, у Быхаве, у Капылі, на радзіме Крапівы... У Гомелі, кажуць, бабулькі-энтузіясткі знайшліся... А ўсё чаму? Таму, што гумар быў і застаецца запатрабаваным, таму што людзям падабаецца — і самім нешта сказануць, і прыпеўку скласці, і іншых паслухаць...

На фестывалі выступіць ансамбль «Свята», прыедуць Уладзімір Радзівілаў, Анатоль Зэкаў, Мікола Шабовіч, рэдакцыя часопіса «Вожык»... Сваю выставу зладзіць мастак Алег Карповіч (дарэчы, сёлета мы з ім выдалі сумесную кнігу «Над Аўцюкамі тармазні»)... І без сумнення будзе мноства адкрыццяў — новых таленавітых анекдотчыкаў, прыпевачнікаў, чытальнікаў, апавядальнікаў...

— Фестываль пачнецца, як заўжды, на раздарожжы?

— Так, паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі, непадалёк ад карчмы «Ганарысты парсюк». Сёлета мы там адкрыем помнік Каласку ды Калінцы і Лаву прымірэння, каб усе, хто пасварыўся ці паспрачаўся — хлопец з дзяўчынай, сусед з суседам, мужык з жонкай, — маглі завітаць туды, «высветліць адносіны» і ўрэшце памірыцца.

А назаўтра ажыве вялікая плошча ў Калінкавічах. Там жа адкрыецца і новая вуліца, на якой будуць прадстаўлены падворкі — з Вялікіх і Малых Аўцюкоў, з Сырода, з усіх 17 сельсаветаў! І гэта ўнікальна, бо там усе адметнасці, усе «фірмовыя» фішкі: і прыказкі-прымаўкі, і стравы, і народныя ўмельцы, і напоі...

— Можа, нават «Рагатуха» будзе?

— А як жа!.. Міліцыянер у Аўцюках застукаў дзеда ля самагоннага апарата. Кажа: «Кіньце гэтую справу, а то пасаджу ў турму. — А тады мой сын будзе гнаць. — Я і сына пасаджу. — То ўнук заменіць. — А калі і ўнука? — То ўсё роўна без «рагатухі» не будзем, бо к таму часу я ўжо адсяджу».

— Вось і пагутары з імі, з тымі аўцюкоўцамі...

— Я настойліва гэта раіў бы, прычым — кожнаму госцю. А яшчэ — не прапусціць «Алімпійскія аўцюкоўскія гульні», конкурс прыгажосці «Міс Аўцюкі»...

Паралельна з імі на галоўнай сцэне распачнецца выступленне гумарыстаў — дэлегацый з усіх абласцей і горада Мінска. Журы будзе вызначаць пераможцаў у шасці намінацыях: анекдот, жарт, прыпеўка, мініяцюра...

Напрыканцы адбудзецца заключны гала-канцэрт. Карацей, і на гэтым фестывалі павінна быць весела, мудра, прыгожа, што здольна стварыць добры настрой. А ён, у сваю чаргу, — паўплываць на здароўе і нават на лёс. Так што сардэчна запрашаю.

— Засталося нагадаць, што трапіць на свята можна толькі праз аўцюкоўскую мытню?

— Так. Але ж пашпартоў ды віз там ніхто спаганяць не будзе, а вось без жарту ці прыпеўкі можна і не прайсці... Хіба што на лапу мытнікам даць. Так што выбірайце, што танней. І, вядома ж, прыходзьце: я ўпэўнены — не пашкадуеце.

— Дзякуй.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Загаловак у газеце: Смеху варта!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.