Вы тут

Чаму важна захаваць балоты і якая работа вядзецца ў гэтым кірунку?


Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці балот. У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя да пачатку актыўнага асушэння ў нашай краіне налічвалася 2,9 млн га балот, сёння ў натуральным альбо блізкім да гэтага стане балот засталося не больш за 900 тысяч га. Прыкладна 70% балот асушана, на многіх тарфяніках парушаны гідралагічны рэжым. Вучоныя б'юць трывогу. Чаму важна захаваць «лёгкія Еўропы» і якая работа вядзецца ў гэтым кірунку?

За­меж­ныя спе­цы­я­ліс­ты ра­яць бе­ла­ру­сам за­ха­ваць на­ту­раль­ныя ба­ло­ты: у Еў­ро­пе іх за­ста­ло­ся ня­шмат.

Як абясшкодзіць парахавую бочку?

Праз няграматнае ўмяшанне чалавека ў працэс асушэння балот Беларусь мае каля 500 тысяч га дэградаваных зямель. Многія з іх закінуты і не выкарыстоўваюцца. У той жа час парушаны тарфянік — выбухованебяспечная тэрыторыя.

— Работа па аднаўленні тарфянікаў пачалася яшчэ ў 1980-я гады, — расказвае загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва і навуковага суправаджэння прыродаахоўных канвенцый Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр КАЗУЛІН. — У той час ідэю экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў актыўна прапагандаваў акадэмік Мікалай Бамбалаў, але да яго заклікаў не прыслухоўваліся. І як выявілася, дарма: у 1999 і 2002 гадах была вялікая засуха, гарэлі амаль усе асушаныя тарфянікі краіны. Толькі дзякуючы намаганням спецыялістаў міністэрстваў лясной гаспадаркі і надзвычайных сітуацый бедства не вырасла да маштабу нацыянальнай катастрофы. У 2002 годзе агнём было ахоплена каля 5 тысяч га зямлі, затраты на пераадоленне пажараў склалі 1,5 млн долараў. Спецыялісты забілі трывогу і пачалі актыўна займацца аднаўленнем экасістэм.

Найбольш эфектыўным метадам барацьбы з тарфянымі пажарамі на тарфяніках, якія не выкарыстоўваюцца, прызнана паўторнае забалочванне. Гэтая мера дазваляе істотна знізіць колькасць узгаранняў: калі да забалочвання здаралася ад 5 да 15 пажараў у год, пасля быў адзначаны толькі адзін лакальны выпадак

Работа па аднаўленні парушаных экасістэм вядзецца ў рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Першым з іх стаў праект Глабальнага экалагічнага фонду і Праграмы развіцця ААН «Тарфянікі-1» (рэалізоўваўся з 2006 па 2011 год). На балоце Бартэніха, якое знаходзіцца ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, упершыню апрабавалі тэхналогію паўторнага забалочвання. На месцы парушанага тарфяніка ўтварылася новая экасістэма. Сярод трыснягу можна заўважыць невялікія адкрытыя ўчасткі вады — гэта ідэальныя ўмовы для птушак у перыяд кармёжкі; дзікі, алені, ласі на балоце пачуваюць сябе добра. Мясцовыя жыхары ловяць на каналах рыбу, збіраюць грыбы. Пазітыўны эфект ад паўторнага забалочвання ёсць і для прыроды, і для чалавека. Але галоўнае — балота больш не гарыць.

У 2013 годзе стартаваў праект «Тарфянікі-2». Яго мэта — распрацаваць інтэграваныя падыходы да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі. Праект актыўна садзейнічае аднаўленню тарфянікаў, якія раней выкарыстоўваліся ў сельскай і лясной гаспадарцы. Усяго ў рамках праекта больш за 7 тысяч га зямель вернуць да стану, блізкага да натуральнага. Дзякуючы экалагічнай рэабілітацыі парушаных балот аптымальны ўзровень грунтавых вод будзе падтрымлівацца не толькі на тарфяніках, але і на прылеглых землях, што спрыяльна адаб'ецца на вядзенні сельскай гаспадаркі.

Праект «Сlіmа Еаst» ажыццяўляецца на тэрыторыях заказнікаў «Спораўскі» і «Званец». Яго мэта не толькі прыродаахоўная, але і эканамічная. Спецыялісты прапануюць замяніць торф на паліўныя пелеты з біямасы, атрыманай з кустоўя, якім зарастаюць балоты.

У некаторых выпадках на месцы спісаных меліярацыйных сістэм праводзіцца паўторнае забалочванне з аднаўленнем чорнаальховых лясоў. Усяго ў рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ўжо адноўлена больш за 50 тысяч га парушаных тарфянікаў. Дарэчы, торфаздабыўныя прадпрыемствы пасля здабычы карыснага выкапня таксама паўторна забалочваюць выпрацаваныя тарфянікі за ўласныя сродкі — гэта абавязковая ўмова для выдзялення зямельнага ўчастка пад торфаздабычу.

Асу­ша­ны тар­фя­нік — як боч­ка з по­ра­хам.

Балота: кліматычны сябра ці вораг?

Балоты непасрэдна ўплываюць на эмісію парніковых газаў, бо торф напалову складаецца з вугляроду. На натуральных балотах пры высокім узроўні вады штогод прырастае тарфяны слой. Карысныя выкапні назапашваюцца цягам многіх стагоддзяў, а сама экасістэма пераўтвараецца ў кладоўку вугляроду. Калі балота асушыць, то ўвесь вуглярод пачынае мінералізоўвацца: пры раскладанні торфу выдзяляецца СО2, які сыходзіць у атмасферу.

Па падліках спецыялістаў, у Беларусі расход торфу перавышае яго прырост у 14 разоў: штогадовая страта торфу ў выніку сельскагаспадарчага выкарыстання і здабычы карыснага выкапня складае 14,1 млн тон, а штогадовае назапашванне — толькі 1,04 млн тон. У выніку выдзяленне ў атмасферу СО2 з тарфянікаў (без уліку тарфяных пажараў) складае прыкладна 16,7 млн тон штогод, у той час як балоты паглынаюць толькі 0,9 млн тон СО2 у год. Па аб'ёмах выкідаў наша краіна знаходзіцца на другім месцы ў свеце, саступаючы пальму першынства Інданезіі.

Улік эмісіі парніковых газаў з тарфянікаў — дастаткова складанае пытанне. Толькі два гады таму з'явіўся дакумент, у якім дакладна прапісана, як правільна праводзіць гэтую працэдуру. У Беларусі праводзяцца даследаванні па эмісіі з асушаных тарфянікаў, адноўленых і натуральных балот.

Аднак пры паўторным забалочванні ў першыя гады пасля аднаўлення ў 34 разы павялічваюцца выкіды метану ў атмасферу. Таму вельмі важна разлічыць аптымальны баланс парніковых газаў: скараціць выкіды дыаксіду вугляроду і метану. Вядома, што трыснёг выдзяляе шмат метану, аднак паглынае СО2, таму гэтая расліна лічыцца кліматычна нейтральнай. А рагоз і асака, наадварот, даюць вялікія выкіды метану, але не паглынаюць вуглярод.

Тры гады вучоныя праводзілі маніторынг на Бартэнісе. Балота стала паказальным прыкладам удалага паўторнага забалочвання: дыаксід вугляроду не выдзяляецца, а эмісія метану застаецца нізкай. У цэлым паўторнае забалочванне ў Беларусі моцна знізіла выкіды парніковых газаў з тарфянікаў. Калі парушаны тарфянік выдзяляе 20 тон дыаксіду вугляроду з аднаго га тэрыторыі, то на паўторна забалочаным тарфяніку гэтая лічба паніжаецца да 1-2 тон.

Ці бяспечны «законны пал»?

У супрацоўнікаў МНС тарфянікі асацыююцца ў першую чаргу з пажарамі. Летась упершыню на беларускім балоце была апрабавана інавацыйная для нашай краіны тэхналогія — выпальванне, якім можна кіраваць. Гэта строга кантралюемае, навукова абаснаванае прыродаахоўнае мерапрыемства.

— Такіх нізкіх узроўняў грунтавых вод на балоце, якія мы назіралі летась, даўно не было, — расказвае навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Міхаіл МАКСІМЕНКАЎ. — Правядзенне кантралюемых выпальванняў узімку, калі на балоце ляжаць снег і лёд, дазваляе вырашыць праблему летніх пажараў. Мы пазбавіліся трыснягу, які мог загарэцца ў маі-чэрвені. Агнём было пройдзена 4700 га зямлі. Вучоныя сумесна з супрацоўнікамі МНС падрыхавалі новыя дакументы аб методыцы правядзення кантралюемага выпальвання.

Кантралюемыя выпальванні добра прыжыліся на верасовых пустках Англіі. Без «навуковага пажару» доўгі час не могуць утрымлівацца прэрыі, саванны і балоты. Такія выпальванні не толькі папярэджваюць пажары, але і выкарыстоўваюцца для кіравання балотамі. Раней пойменныя лугі штогод скошваліся мясцовым насельніцтвам, расліннасць прыбіралася, таму асаблівай патрэбы ў выпальванні не было. Сёння сенакашэнне больш не практыкуюць, балоты загушчаюцца, змяняецца флора, знікаюць рэдкія віды жывёл. Таму для выратавання экасістэмы трэба знайсці дастойную альтэрнатыву. І яе бачаць менавіта ў кантралюемым выпальванні.

Вучоныя запэўніваюць: тэхналогія не шкодзіць біяразнастайнасці. Ад зімовага пажару экасістэма атрымлівае толькі карысць. Па папярэдніх ацэнках першы вопыт быў удалым.

На ба­ло­це Бар­тэ­ні­ха пра­вод­зяц­ца за­ме­ры га­за­аб­ме­ну па­між  гле­бай і рас­лі­на­мі, з ад­на­го бо­ку, і ат­мас­фе­рай — з дру­го­га.

Стратэгія для тарфянікаў

Летась былі прыняты нацыянальны план і стратэгія дзеянняў па прадухіленні дэградацыі земляў (уключаючы глебы) на 2016—2020 гады. У рамках рэалізацыі гэтых дакументаў сёлета будзе праводзіцца рэкультывацыя 108 выпрацаваных кар'ераў на землях сельскагаспадарчых арганізацый агульнай плошчай больш за 120 га. Акрамя таго, плануецца высадзіць лес на гарах і эразійна небяспечных землях. Вядзецца работа над законапраектам па арганічнай сельскай гаспадарцы — гэты кірунак развіцця гаспадаркі атрымлівае ўсё большае развіццё ў Беларусі.

Дарэчы, наша краіна можа пахваліцца напрацаванымі практыкамі па аднаўленні зямель: беларускі вопыт пераймаюць і ў іншых краінах. Адна з іх — паўторнае забалочванне тарфянікаў, паказальным прыкладам з'яўляецца тарфянік Бартаніха ў Валожынскім раёне. Ужо адноўлена 10% усіх парушаных тарфянікаў Беларусі.

Па меркаванні Аляксандра Казуліна, неабходна завяршыць інвентарызацыю тарфянікаў, а таксама правесці комплексную інвентарызацыю гідралесамеліярацыйных сістэм з вызначэннем дальнейшых кірункаў іх выкарыстання. Што датычыцца натуральных балот, эксперт прапануе пабудаваць міні-заводы па перапрацоўцы журавін, стварыць прадпрыемствы па вытворчасці пелет з расліннай біямасы, якая расце на тарфяніках.

— Для беларусаў галоўнае — захаваць натуральныя балоты, — адзначае магістр ландшафтнай экалогіі, балотазнаўца Анет ЦІЛЕ. — Такіх балот, як у Беларусі, у Еўропе практычна няма альбо засталося вельмі мала (для параўнання: у Беларусі 30% балот знаходзяцца ў натуральным стане, у Германіі — усяго 4%). На мой погляд, трэба працягваць паўторна забалочваць тарфянікі, бо гэтая працэдура дазваляе пазбегнуць пажараў на іх. Таксама важна праводзіць маніторынг: ён дазваляе ўбачыць змены, якія адбыліся на балоце.

Ганна ХОДАР

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Другое жыццётарфянікаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.