Вы тут

Сёння вечарам на «Славянскім базары» пачнецца апошні канцэрт


Робат-вядучы і іншыя «зоркі» ў сталіцы «Славянскага базару».

Сёння на «Славянскім базары» ў Летнім амфітэатры позна вечарам пачнецца апошні канцэрт. Ён і стане фінішам у 9-дзённым марафоне фестывальнага дзейства.


Карэспандэнты «Звязды» ўсе гэтыя дні, а часта і ночы нешта пісалі і здымалі. А «зорныя» ўдзельнікі фэсту не скупіліся на кампліменты Віцебску і нашай краіне. Падкрэслівалі, што такога, як на «базары», больш нідзе не бачылі. Некаторыя параўноўвалі «Славянскі базар» з таксама знакамітым фэстам у Рыа-дэ-Жанэйра, дзе ў жніўні пройдуць летнія Алімпійскія гульні.

Словы са шлягера: «Горад-казка, горад-мара...» — напэўна, гэта і пра Віцебск. «Зоркі», калі сюды трапляюць упершыню, абавязкова хочуць зноў вярнуцца.

Вядучы «зорных гадзін» у прэс-цэнтры «базару» Сяргей Шусціцкі, вядомы журналіст і кампазітар, лічыць сябе віцяблянінам. І мала хто з гараджан ведае, што менавіта ён — аўтар акорда фэсту, які гучыць перад пачаткам усіх «базарных» мерапрыемстваў.

— У 1999-м я напісаў гэтыя ноты. І ганаруся, што ўсе гады і сёлета яны адкрываюць усе галоўныя падзеі на «базары». Віцебск стаў мне родным горадам. Тут хочацца парадаваць гледачоў творчасцю і сустрэцца са старымі добрымі сябрамі. Мы — расійскія ўдзельнікі — удзячныя арганізатарам за найвышэйшы прафесіяналізм. А жыхарам горада — за надзвычайную гасціннасць, — сказаў ён.

Папулярны спявак Сяргей Лазараў сёлета першым на «Славянскім базары» выступіў з сольным канцэртам. Яго новая шоу-праграма «The Best» публіцы вельмі спадабалася.

— 20 гадоў таму я выступаў у Летнім амфітэатры ў складзе дзіцячага калектыву. І гэта цудоўна памятаю, хоць з таго часу шмат дзе быў. Віцебск для мяне горад, які выклікае самыя станоўчыя эмоцыі, — прызнаўся спявак.

Сёлета 25-гадовы юбілей фэсту супаў з аналагічным юбілеем папулярнай арт-групы «Хор Турэцкага». На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы «базару» спевакі прадставілі шоу «З табой назаўжды».

— Ваш цудоўны фестываль заўсёды прыцягвае. Тут прыемна бываць, выступаць. Віцебску і яго самаму вядомаму фэсту можна прысудзіць тытул чэмпіёна ў сэнсе магчымасці культурнага абмену, яднання. «Базар» — гэта «краіна», дзе правяць баль любоў і дружба, — падкрэсліў Міхаіл Турэцкі.

Мэтр кіно, расійскі рэжысёр Аляксандр Прошкін, упершыню пабываў на фэсце. Нагадаю, ён аўтар такіх папулярных кінастужак, як «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга...», «Міхайла Ламаносаў» і іншых.

— Раней я не быў у Віцебску, і літаральна з першых крокаў ён мяне прыемна ўразіў. А шостай гадзіне раніцы пешшу прайшоўся з вакзала. Віцебск ідэальна падыходзіць у якасці «дэкарацыі» для здымак жыцця ў горадзе, дзе ўсё добра, а гараджане шчаслівыя, — прыемна здзівіў разважаннямі майстар кінематографа.

Валерый Лявонцьеў сёлета ўзначальваў журы конкурсу маладых выканаўцаў.

— «Славянскі базар» для мяне даўно стаў родным. Прыемна, што 25 гадоў таму я выступіў з сольным канцэртам яшчэ да яго афіцыйнага адкрыцця, — канстатаваў адзін з самых «зорных» удзельнікаў юбілейнага фэсту.

Чым яшчэ запомніцца гасцям і ўдзельнікам 25-ы «базар»? Сёлета шмат чаго тут адбылося ўпершыню.

У прыватнасці, правялі спаборніцтвы па бегу. У спартыўным мерапрыемстве бралі ўдзел і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Кіраўнік федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі сказаў, што такія святы спорту трэба праводзіць пастаянна, у розных гарадах. Пасля «Славянскага забегу» ўсе, незалежна ад вынікаў, атрымалі памятныя медалі.

Упершыню правялі і ўнікальны «Вершаваны марафон». Без перапынкаў ён цягнуўся больш за 14 гадзін! І таксама быў дэмакратычным. Трэба было прачытаць верш пра Віцебск. Усяго агучылі больш за 850 вершаў! Цікава, што іх чыталі і кіраўнікі дырэкцыі «базару», і «зоркі». Гэтая акцыя ўвойдзе ў Кнігу рэкордаў фэсту, над стварэннем якой пачалі працаваць.

На «Славянскім базары» адным з вядучых стаў робат (жаночага полу). Не жартую. На свае вочы бачыў машыну на сцэне амфітэатра ў ноч з нядзелі на панядзелак. Гэта адбылося на канцэрце «EUROPA PLUS TV HІT NON STOP у Віцебску». На шоу выступілі артысты, якія вельмі падабаюцца моладзі. Любімых «зорак» аказалася так шмат, што канцэрт распачаўся каля 2 гадзін ночы, а скончыўся прыблізна ў 6.00. Таксама своеасаблівы рэкорд.

Усё самае цікавае ў адным артыкуле не асвяціць. А што на «базары» сумнае? Ды нічога! Так яно было і будзе!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Віцебск стаў родным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».