Вы тут

Выданню «Белорусская военная газета. Во славу Родины» — 95 гадоў


Перыядычнае выданне «Белорусская военная газета. Во славу Родины» адсвяткавала свой юбілей. Сімвалічна, што адбылося гэта акурат 22 чэрвеня — у 75-ю гадавіну з пачатку Вялікай Айчыннай вайны...


Пра багатую гісторыю газеты, развіццё ваеннай прэсы ў XXІ стагоддзі, а таксама пра актуальнасць прафесіі ваеннага карэспандэнта мы пагутарылі з Аляксеем ПАШКЕВІЧАМ, начальнікам ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр», на базе якога выдаюцца «Белорусская военная газета. Во славу Родины», часопісы «Армия» і «ВПК. Беларусь».

— Аляксей Казіміравіч, «Белорусская военная газета. Во славу Родины» — найстарэйшае ваеннае выданне краіны. Станаўленне газеты, тады «Красноармейской правды», адбывалася ў вельмі неспрыяльны час...

— Першы нумар «Красноармейской правды» быў надрукаваны 22 чэрвеня 1921 года.

Толькі што скончылася Грамадзянская вайна, але засталіся неліквідаваныя ўзброеныя групоўкі праціўнікаў новай улады. А яшчэ пагражаюць — і вельмі сур'ёзна — разруха, голад, тыф. Гэта важныя кірункі барацьбы, якая працягваецца... Такі час: усё — барацьба, нават ліквідацыя непісьменнасці — таксама фронт. Дарэчы, гэтай сур'ёзнай задачы асабліва шмат увагі надавала, так бы мовіць, паралельная, а дакладней, іншая газета — «Чырвонаармейская праўда», якая выдавалася на працягу амаль 10 гадоў, мела ўсе атрыбуты самастойнай газеты, але ўсё ж уваходзіла ў склад «Красноармейской правды».

— Як і «Звязда», газета не спыніла свайго выхаду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ваенныя карэспандэнты змагаліся з ворагам на фронце ідэалагічным...

— У гады вайны ўсе супрацоўнікі «Красноармейской правды» ў складзе Заходняга і 3-га Беларускага франтоў зведалі і горыч адступлення, і радасць перамог. Завяршыўся іх баявы шлях у адным з былых цэнтраў мілітарызму і агрэсіі — пад Кёнігсбергам. Пяць супрацоўнікаў рэдакцыі не вярнуліся з заданняў, папоўніўшы той страшэнны па колькасці ахвяр спіс загінуўшых за Радзіму, Свабоду і Незалежнасць.

У першы дзень вайны, калі выйшаў экстранны нумар газеты, у пункт яе прыпіскі (цяпер рэдакцыя нашай газеты) прыбылі беларускія пісьменнікі: Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Ілья Гурскі, Васіль Барысенка, Алесь Стаховіч... Але ўжо праз некалькі дзён усе яны былі пераведзены ў толькі што створаную газету «За Савецкую Беларусь». У першыя дні вайны ў «Красноармейской правде» працавалі Канстанцін Сіманаў, пазней — Аляксандр Твардоўскі, Вадзім Кажэўнікаў, Аляксей Суркоў, фотакарэспандэнты Міхаіл Савін, Аркадзь Аркашаў, мастак Арэст Вярэйскі. На старонках газеты друкаваліся публіцыстычныя і мастацкія творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Леаніда Прокшы, многіх іншых беларускіх пісьменнікаў. Вядома, што ў 1942—1943 гадах «Красноармейская правда» выходзіла на казахскай, таджыкскай, туркменскай і ўзбекскай мовах. Але шмат у гэтым перыядзе і «белых плямаў». Мяркуйце самі, у Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца толькі два (!) нумары «Красноармейской правды» за ўсю вайну.

— Лёс ваенкараў быў заўжды зайздросны і разам з тым небяспечны. Якія задачы ў ваенных карэспандэнтаў сёння?

— З канца 1947 года газета стала выходзіць пад назвай «Во славу Родины», якая цалкам адлюстроўвала імкненне рэдакцыі заставацца на перадавых пазіцыях. На яе старонках расказвалася пра пасляваеннае аднаўленне краіны, ваеннае будаўніцтва ў новых умовах. Невыпадкова Указам Вярхоўнага Савета СССР у 1968 годзе «выданню ў пагонах» уручаны ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля набыцця нашай краінай незалежнасці і ўтварэння Узброеных Сіл Беларусі «Белорусская военная газета. Во славу Родины» стала органам друку Міністэрства абароны. У нашы дні яна застаецца вернай свайму галоўнаму прызначэнню — даваць вычарпальную, дакладную інфармацыю па пытаннях ваеннага будаўніцтва, падтрымліваць у грамадскай свядомасці пазітыўны імідж нацыянальных Узброеных Сіл.

Журналістыка ва ўсе часы была небяспечнай прафесіяй.

Але сёння нашы карэспандэнты не павінны рызыкаваць дзеля таго, каб падрыхтаваць матэрыял.

Меры бяспекі стаяць на першым месцы пры арганізацыі жыццядзейнасці ў арміі. І гэта добра вядома там, дзе выкарыстоўваецца тэхніка, дзе «круцяцца колы». Мы і сёння прытрымліваемся тых прынцыпаў журналістыкі, што і нашы папярэднікі. Гэта інфарматыўнасць, кампетэнтнасць, аб'ектыўнасць. Канешне, журналістам у пагонах, нават калі гэтыя пагоны ўмоўныя (у нас нямала цывільных карэспандэнтаў), уласцівы свой характар, нашы публікацыі і фотаздымкі адрозніваюцца ад іншых. Але ж інакш і быць не можа, бо не былі б мы тады ваенна-інфармацыйным агенцтвам.

— Сучасная газета, у першую чаргу, разлічана на людзей у пагонах. Але кожны раз у ёй публікуюцца матэрыялы, цікавыя самаму рознаму чытачу...

— Мы імкнёмся, каб кожны чытач знайшоў на старонках нашых выданняў нешта карыснае, цікавае для сябе.

Нашы чытачы — гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, жонкі і дзеці вайскоўцаў, проста людзі, якія цікавяцца жыццём сучаснай арміі, ваеннай гісторыяй, нарэшце, бацькі салдат і сяржантаў тэрміновай службы...

Мы спрабуем задаволіць інтарэсы кожнага, але гэта няпроста. Напэўна, больш гэта ўдаецца ў суботніх выпусках, дзе ёсць і паэтычныя старонкі, і матэрыялы на сельскагаспадарчую тэматыку, нават пра кулінарыю ўсіх краін і народаў.

— Часопіс «Армия», які выдаецца на базе агенцтва, — першы ў краіне ваенны поўнакаляровы ілюстраваны часопіс. Наколькі ён папулярны сярод чытачоў?

— Часопіс «Армия» нядаўна разам з газетай адзначыў свой юбілей. Праўда, меншы — 20-годдзе. Для нашага, падчас занадта энергічнага часу, калі многія выданні не могуць утрымацца і некалькі месяцаў, гэта немалы тэрмін. У армейскага часопіса ёсць сур'ёзныя перспектыўныя планы, ёсць рэсурс, падпісчыкі, а яшчэ — ён не залежваецца ў кіёсках. Да таго ж у «Армии» цікавыя і карысныя дадаткі: літаратурна-мастацкі — «Армия и культура», навукова-тэарэтычны — «Армия и военная безопасность», навукова-практычны — «Идеологические аспекты военной безопасности». Вельмі шмат зрабіў для станаўлення часопіса яго першы рэдактар, можна нават сказаць (прычым без перабольшвання) стваральнік выдання — Лявонцій Іванавіч Раманюк. Ён, як і раней, працуе ў калектыве.

— У холдынгу выходзіць і даволі вузкаспецыялізаванае выданне — сумесны часопіс з Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі «ВПК. Беларусь»...

— Ён стаў першым айчынным часопісам, які друкуецца ў інтарэсах беларускага экспарту, узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Можна нават сказаць, што гэтае выданне, нарэшце, прабіла інфармацыйную заслону сакрэтнасці, што ахутвала ваенна-прамысловы комплекс, паклала краевугольны, вельмі важны камень у падмурак «будынка» інфармацыйнай прасторы пра яго дзейнасць. Часопіс трэба патрымаць у руках, пагартаць яго старонкі. Гэта і амаль тэхнічныя тэксты, і элементы рэкламы, і папулярызацыя тых ці іншых канкрэтных вырабаў, вельмі часта арыгінальных і нават унікальных. І ўсё гэта на вельмі прыстойным паліграфічным узроўні.

— Асноўны кантэнт, які стварае ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр», — перыёдыка. Якія падыходы да работы ў гэты вельмі няпросты для друкаванай прадукцыі час дазваляюць агенцтву трымацца на плаву?

— Пры стварэнні ў 2009 годзе ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» «Белорусская военная газета» стала моцным падмуркам, які дазволіў паспяхова развівацца сучаснаму медыяхолдынгу. У 2010 годзе яна ўвайшла ў сусветны электронны інфакіёск прэсы, і цяпер у нас ёсць пастаянныя падпісчыкі ў Бельгіі, ЗША, Канадзе, Афганістане і ў дзясятках іншых краінах свету. У 2012 годзе ўпершыню пачалася падпіска ў сеціве інтэрнэт на «Белорусскую военную газету» праз дадатак Press Reader для Androіd. А матэрыялы ваенных журналістаў цяпер друкуюцца не толькі ў газеце, але таксама размешчаны ў буйнейшых сацыяльных сетках — у «Твітары», «УКантакце», на «Фэйсбуку», «Аднакласніках». Газета стала мультымедыйнай.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Газета «ў пагонах»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.