Вы тут

Уладзімір Мароз. Італьянскія апавяданні


Вечны дождж у вечным горадзе

Нічога не паказвала на тое, што апошняя ноч у Рыме выдасца неспакойнай. Акрамя таго, што для мяне і Данілы яна мелася быць бяссоннай. Выбірацца ў зваротны шлях нам трэба было ў тры гадзіны ночы — які тут сон! Каб даць паспаць Вользе, а палове дзясятай вечара мы з сынам пайшлі пагуляць па начным горадзе. Ішлі нетаропка па вузкіх вулачках вечнага горада, назіралі сцішанае жыццё. Дабраліся да Пантэона, аб якім забыліся раней. Натуральна, неба ў праёме купала не ўбачылі, бо храм быў ужо зачынены, пастаялі каля яго. Потым зайшлі ў кавярню, выпілі каля стойкі моцнай і смачнай італьянскай кавы. Усю дарогу размаўлялі аб складанасцях жыцця і яго перспектывах. Здаецца, адгарадзіў бы сына ад жорсткага і няпэўнага свету, узяў бы на сябе ўсё, што можа шкодзіць яму. Але жыццё яго — чым тут можна дапамагчы? Толькі матэрыяльна ды маральна, парадаю. А практычна — аніяк. Яшчэ ў Мінску нешта змаглі б, а тут? Зразумела, пакуль вучоба, пакуль усё добра, шлях наперадзе відаць. Дык, можа, і не варта загадваць так далёка?

На развітанне зірнулі яшчэ раз на Цібр з высокімі сценамі набярэжнай. Калі называем Рым «вечным горадам», то што ўжо гаварыць аб рацэ? Рака вечная па азначэнні. Падумалася, што ў Парыжы набярэжная невысокая, да вады рукой дастаць. А Цібр недзе далёка ўнізе, сцены набярэжнай высокія. Напэўна, пры разліве вада рэзка падымаецца, таму так надзейна і зроблена. Нарэшце павярнулі дадому. Мне здавалася, што трэба браць улева, а Даніла вёў управа. Аказалася, ён не памыліўся. Дома апынуліся ўжо каля дванаццатай. А дзверы адкрыць не можам — жонка закрылася на засаўку знутры. Давялося будзіць. Праўда, Вольга адразу зноў прыснула. А мы з Данілам працягвалі сваю гутарку. Словы я ўжо ледзь вымаўляў, бо быў у даволі нервовым перадад’ездным і перадразвітальным стане. Разагнала яго крыху ладаванне чамаданаў. Увесь куплены тут абутак хацелі ўпакаваць са скрынкамі, але ўсё не месцілася. Дзве адразу давялося выкінуць. Прыкінулі, што вялікі чамадан не павінен пераважыць пятнаццаць кілаграмаў. На тым і спыніліся.

Час і Вольгу будзіць. Не паленаваліся яшчэ прыняць душ для бадзёрасці ды пакінулі ўтульныя апартаменты, наш прытулак на чатыры з паловай ночы і дні. Цэнтральны рымскі вакзал Тэрміні не так і далёка, аднак ноччу ісці кіламетры тры зусім не хочацца. Але праблем няма, гарадскія аўтобусы ў Рыме ходзяць і ноччу. На прыпынку яшчэ два чалавекі разам з намі. Цікава, для таго, каб аўтобус спыніўся на прыпынку (незалежна дня і ночы), трэба прагаласаваць рукой. Іначай праляціць, не спыняючыся. Чакаем нядоўга, пад’язджае. Людзей у салоне няшмат, восем-дзесяць, спакой. Але яму наканавана перарвацца — праз прыпынак у салон урываецца хлопец, які пачынае паводзіць сябе вельмі агрэсіўна. Ён гучна гаворыць, размахвае рукамі, робіць кульбіты, трымаючыся за верхнія парэнчы. Падбягае да вадзіцеля, нешта крычыць яму, потым дабіраецца да пасажыраў. Найперш да двух індусаў. З-за яго крыку здаецца, што зараз пачнецца бойка. Ты ўвесь у напружанні, асабліва, калі ён падскоквае да Данілы, які сядзіць з іншага боку. «Толькі не ўвязвайся!» — у думках хвалююся за сына. Ды ён і сам разумее, ніяк не рэагуе на кулакі перад вачыма. Потым скажа нам, што гэта, напэўна, італьянец з поўдня, дзе раскашуюць наркотыкі. На яве я ўпершыню сутыкаюся з наркаманам. Нервы трэба мець сталёвыя. Як ён яшчэ да мяне і майго амерыканскага капелюша не прычапіўся? Нарэшце буян выходзіць з аўтобуса, а недалёка ўжо і вакзал.

Вылет у Вільню з невялікага рымскага аэрапорта Чампіна вельмі рана, а палове сёмай, таму білеты ўзялі на самы першы аўтобус, недзе а пятай. Яшчэ нявыкрутка, што да білета трэба ўзяць пасадачныя талоны, калі адкрыецца каса. А талонаў на ўсіх можа і не хапіць. Мы прыехалі аднымі з першых, стаім каля зачыненых дзвярэй, але з часам людзей увачавідкі бо́льшае. Сам агромністы сучасны вакзал на ноч зачынены, каб не ператварыць яго ў прытулак для бамжоў. Тут, дзе мы чакаем адкрыцця касы, дзіўная асоба прысутнічае. Жанчына ў доўгай, да самага асфальту, спадніцы, неакрэсленага веку і няпэўнай нацыянальнасці. Яна ўся мокрая, бо ідзе невялікі дождж. За спадніцай цягнецца па чыстым бетоне шырокі след. І не даўмецца — ці ён толькі ад мокрай спадніцы, ці яшчэ і ад іншага. Істота не стаіць на месцы, у зубах цыгарэта, яна падсоўваецца то да аднаго, то да другога, на твары ўсё ж бачыцца запытанне ці патрабаванне — дайце цыгарэту! Таму слізкі след усюды, і ты з агіднасцю пераступаеш яго, каб не абрудзіцца.

Нечакана з’яўляецца яшчэ адзін персанаж — чарнаскуры высокі маладзён, які трымае ў руцэ скручаную газету. Гэты якраз не маўчыць — чапляецца да кожнага, гучна гергеча нешта па-свойму. Прычапіўся  зноў жа да Данілы, як і абколаты ў салоне аўтобуса. Стаў усутырч і даводзіць яму нешта, дзе рэфрэнам патрабаванне — ну, стукні мяне! Гэта зразумела з жэстаў. Крычыць, як потым сказаў Даніла, крыху на ламанай англійскай, а больш на нейкай сваёй афрыканскай — зразумець немагчыма. Я стараюся адвесці сына, але афрыканец заступае яго ад мяне спінай. Нарэшце ўдаецца аслабаніцца ад назолы — мы з Данілам адрываемся ў адчыненую кавярню. Афраітальянец за намі, гучны маналог працягваецца і ў памяшканні. Нарэшце гаспадары ўстановы выклікаюць паліцэйскага, той з’яўляецца, выштурхвае негра з будынка і адводзіць яго на другі бок вуліцы. А тут ужо і каса адчыняецца. Я аказваюся каля акенца першым у вялізнай чарзе, клічу сына, бо квіткі ў яго. Потым Даніла выказвае здзіўленне — як гэта я апынуўся першым? Проста звычка такая, я і дома імкнуся (без штурханіны, зразумела!) першым апынуцца каля дзвярэй аўтобуса, тралейбуса ці вагона метро. Адпаведна, і прысесці на сядзенне ў салоне. А калі дзе чарга, то неяк абысці яе ўперад. Чаму я павінен прапускаць паперад сябе натоўп? Ніхто з тых, каго ты прапускаеш уперад, ніколі не ацэніць тваю інтэлігентнасць і выхаванасць, наадварот, заштуршаюць. Дык лепш быць першым, няхай калі і пачуеш некалькі злосных слоў наўздагон. Гэта такі псіхалагічны момант, які і растлумачыць дарэшты немагчыма, проста ён існуе ад свядомага і падсвядомага асэнсавання, што жыццё — найперш барацьба. І ўсюды трэба імкнуцца да перамогі, быць першым. Проста чарга найбольш відавочна праяўляе такі стан, астатняе ўсё закамуфлявана, але ад таго і больш жорстка. Прыкладна так тлумачу сыну, у якога жыццё напрадзе, і раю яму браць прыклад. Ён і сам разумее, ва ўніверсітэце адзін з першых студэнтаў па вучобе. Але ў чарзе саступаў бы месца, бо выхаванне не дазваляе паступаць інакш.

Каля дзвярэй аўтобуса, які нарэшце падышоў, таксама штурханіна неймаверная, але ўлазім, уладкоўваемся. У аэрапорце здаецца, што па часе не спазняемся, становімся ў вялізную чаргу. Потым аказваецца, што трэба да іншай стойкі рэгістрацыі, бо ў нас ёсць што здаваць у багаж. А тут перавага амаль на два кілаграмы. Адчыняю свой чырвоны чамадан, выкідваю пустыя скрынкі ад абутку, нешта забіраем у рукі. З рэгістрацыі кідаемся на дагляд. Чэргі агромністыя, нервовасць узрастае, асабліва Даніла хвалюецца, каб мы патрапілі на самалёт. Тут ужо пасажыраў нашага рэйса да Вільні клічуць у асобную чаргу, бо час падціскае. Хуценька распранаемся-разуваемся ды назад усцягваем усё на сябе. І подбегам да самалёта. Уздыхаеш з палёгкай ужо ў салоне, калі сядзіш на сваіх месцах. Потым Даніла сказаў, што яму давялося марнавацца ў гэтым аэрапорце дзве гадзіны, бо назад у горад у гэты час не было ніводнага аўтобуса. А чалавек жа ноч не спаў!

Згадалася, што і наш прылёт у Рым стаў нервовым, але зусім у іншым ракурсе. Найперш, сам шлях звілісты. Для зручнасці вылет у нас быў з польскай сталіцы. Начны цягнік Мінск—Варшава цудоўна падыходзіў, але ж і сэканоміць варта было. Таму білеты ўзялі два — да Брэста і ад Брэста. Ноччу давялося выйсці з цягніка і гадзіны дзве з паловай чакаць на вакзале, пакуль вагоны пераставяць на іншыя калёсы. А колькі тут ужо да Варшавы? Таму прымружыць вочы ўдалося ненадоўга. Ранішні варшаўскі вакзал здаўся агромністым, бязлюдным і няўтульным. Пасноўдаліся крыху, выпілі нетаропка кавы ды селі на электрычку. Яшчэ і аўтобусікам давялося пад’ехаць, каб дабрацца ўрэшце да зусім незнаёмага аэрапорціка Мо́длін. Простая шкляная будыніна сярод поля, параўнання з вялізнымі шыкоўнымі аэравакзаламі аніякага. Ды што чалавеку? — галоўнае, даляцець куды трэба. Так і мы даляцелі да Чампіна, зноў жа невялічкага рымскага аэрапорта. З аўтобусамі праблем няма — не трапілі ў адзін, адразу другі набірае пасажыраў. Але ў тым і здарылася прыкрая неспадзяванка, аўтобус аказаўся іншай кампаніі і прывёз у Рым не на тое месца, дзе нас павінен быў сустракаць Даніла.

Калі ехалі хвілін сорак, гэтага мы яшчэ не ведалі, проста разглядалі краявіды прадмесця і самога Рыма. Даволі часта кідаліся ў вочы парэшткі старадаўніх спарудаў, высокія колоны з порцікамі, якія тырчэлі, як трубы занядбанага завода. Няўжо пасля вайны яшчэ не паспелі ўсё аднавіць? — такое ўражанне і пытанне найперш у беларусаў, якія з руін паднімалі свае гарады пасля ўсіх войнаў, пасля апошняй асабліва. Каб нідзе і знаку не засталося, аніякіх руін! А тут…

Непаўторна-непрадказальны водсвет знаёмству з горадам надаваў дождж. У Чампіна ледзь крапаў, у Рыме ўжо не спыняўся. Не праліўны, але настойлівы, цёплы, мяккі. У вечным горадзе нас сустракаў дождж, гэтая з’ява таксама з катэгорыі вечных. Калі прыродзе трэба, ён ідзе незалежна прасторы і часу, крызісаў, недародаў ці, наадварот, светлых перыядаў у жыцці чалавецтва. Тым больш незалежна ад настрою асобнага канкрэтнага чалавека — ці радасць у яго, ці гора. Не выбірае чалавек, калі прыйдзе дождж. Вольга насунула капюшон, а ў мяне парасонам стаўся амерыканскі капялюш. Можна трываць, але дзе ж Даніла? Аптэкі, аб якой гаварыў, што насупраць, не відаць. Ёсць нейкая, але значна далей. Нервуемся, чакаем — а вось з’явіцца? Пакрысе прамоклі, зайшлі ў шкляны павільёнчык кавярні, каб выпіць кавы. Ужо, можа, гадзіну чакаем. Пайшоў шукаць магчымасці патэлефанаваць. Спрабаваў у каго папрасіць мабільнік, але не ўдалося, адзін хлопец паказаў, што вось там, маўляў, таксафон. Манеты ў мяне ўжо былі, дазваніцца, на маю вялікую радасць, удалося. Даніла таксама знерваваўся, чакаючы нас. Справа аказалася ў тым, што якраз у гэтага аўтобуса канечны прыпынак не на самым вакзале, дзе і чакаў сын, а проста на вуліцы, зусім недалёка, хоць вакзала з гэтай вуліцы не відаць. Божа, як прыемна была абняць сына, прыгожага юнака ў расшпіленым паліто, з якім не бачыліся паўтара года!

Жытло мы заказалі не ў гатэлі, а знялі апартаменты ў цэнтры Рыма. Слова «апартаменты» прыгожае, насамрэч гэта аказаўся невялікі пакойчык з шырокім ложкам, насупраць якога стол і шафа з кухонным рыштункам, у нішы газавая пліта. Прыбіральня з душам і бідэ. Даніла адзначыў, што гэты сантэхнічны атрыбут у Італіі абавязковы. Але самае прыемнае — даволі вялікая трохкутная тэраса, якая выходзіла на вузенькую брукаваную рымскую вулку. Уласна, у Рыме гэта ўжо называецца кватэраю, проста гаспадару больш выгадна здаваць яе па днях, бо з аднаго жыхара такую суму за месяц ён узяць не зможа. Адразу ўзнікла адчуванне, што ты тут не ў гасцях, а быццам сам жыхар Рыма, бо ў кішэні яшчэ і ключы ад уваходных дзвярэй з вуліцы. Ты ў гэтым сэнсе вольны, нікому абсалютна нічога не вінен. Калі ўжо дах над галавою, самапачуванне зусім іншае — ты на месцы, наперадзе велічны горад, які бачыш упершыню, але які па азначэнні не можа не стаць тваім хаця б таму, што даў твайму сыну на студэнцкія гады добры прытулак. Калі ўжо не казаць аб тым, што ўсе значныя помнікі вечнага горада табе вядомы яшчэ з першага курса архітэктурнага факультэта. А тое, што ведаеш па кніжках ды карцінках, вельмі ўжо хочацца згледзець і на свае вочы. І тут не важна, у якую пару жыцця дасць табе такую магчымасць Гасподзь, галоўнае — здарылася.

Нетаропкі шпацыр пад дожджыкам, выглядваем кавярню ці рэстаран, дзе можна было б павячэраць. Балазе, як і паўсюль у Еўропе, праблемы аніякай, яны — на кожным кроку, выбірай, куды павядуць ногі. Вось і атабарыліся за вялікім сталом. Даніла дае заказ, балазе, размоўная італьянская за паўтара года ў яго ўжо на добрым узроўні. Адзінае, што прашу я, каб было мяса, трэба ж хоць раз на дзень добра паесці. Тым больш падплывае белае італьянскае віно. Пад салату ды гарачае каштуем са смакам. Сядзім добра. Нам больш хочацца ўведаць, як тут жывецца сыну, як ідзе вучоба? Ды і аб сваіх справах сказаць колькі слоў, згадаць родныя Мінск і хутар у Мікалаеўшчыне. Гамонка не перапыняецца і ў апартаментах, куды вярнуліся пасля рэстарана. Вечар блізіцца да ночы, мы ўжо хвалюемся, каб Даніла даехаў дадому. Да таго ж у яго апошні іспыт назаўтра.

Чаму пакінуў яго на канец сесіі, незразумела, звычайна стараецца здаць іспыты яшчэ да новага года. Магчыма, не з шэрагу першых, але ж адолець трэба. Назаўтра недзе да абеду прыходзіць Даніла і гаворыць, што не здаў. Насамрэч не так, проста адзнака ў дваццаць шэсць балаў з максімальных трыццаці яго не задаволіла, бо па астатніх прадметах было дваццаць дзевяць-трыццаць, гэта значыць «выдатна». Няёмка было і нам — як быццам вінаватыя, што збілі рытм сваім прыездам. Да слова сказаць, не павысіў адзнаку па гэтым прадмеце ён і летам, і толькі на пачатку восені за трэцім заходам пагадзіўся на тыя ж дваццаць шэсць балаў. Як не склалася, то не склалася.

Як увогуле наш Даніла трапіў у Рым? Найперш, зразумела, натхняў прыклад старэйшага брата, якога лёс выкіраваў за акіян. Дый амбітнасць! Пасля ліцэя малодшы таксама пасылаў вынік тэста ды іншыя паперы ў заакіянскія каледжы, але станоўчага для нас адказу не было. Вучыцца за мяжою сёння не фокус, былі б грошы. А дзе іх узяць? Таму без гарантыі стыпендыі аніяк. Вось і пайшоў Даніла на эканамічны факультэт нашага ўніверсітэта. Поўбала не хапіла на бюджэт, застаўся толькі платны варыянт. Затое ніхто нікому нічога не вінен. Вучоба ішла нядрэнна, але без імпэту, нават адзін «хвосцік» пасля першага курса працягнуўся праз лета. І тут неяк вясной малодшы сын аб’яўляе, што знайшоў англамоўны ўніверсітэт у Рыме, ёсць магчымасць паехаць туды вучыцца. Тым больш, па выніках яго тэста аплату за вучобу абяцаюць зняць, а ўжо гэта палова справы! Але ж застаецца жытло і харчаванне, што ў сталіцы Італіі зусім нятанна. Хоць і нечаканасць, але думалі нядоўга. Добра ведаю адзін эканамічны, ці проста жыццёвы, закон — калі не ўкладзеш адпачатку ў справу, то і ў выніку анічога не атрымаеш. Ды яшчэ і скажа потым сын: быў у мяне шанс, а вы не падтрымалі. Чаго грэх браць на душу? А з грашыма неяк выкруцімся, не ўпершыню.

Так і паехаў Даніла пасля двух курсаў нашага універсітэта ў Рым, дзе якраз стаў адным з лепшых студэнтаў, выдатнікам. Здаецца, ў пэўнай ступені выпадкова надарылася тая Італія для нашага малодшага. Але ж вядома, што ў Госпада нічога проста так не адбываецца, што выпадковасць ёсць праяўленнем і ўвасабленнем заканамернасці, калі гаварыць філасофскім стылем. У мяне быў сантымент да Італіі, асабліва пасля нашага  «летапіснага» дакументальнага фільма «Канікулы для сіраты», які зняла Галіна Адамовіч. Там ішла размова аб аздараўленні ў краіне, якая па абрысах падобна на бот, выхаванцаў Жыткавіцкага дзіцячага дома. Камеру не падманеш — рэакцыя і стаўленне італьянскіх жанчын да нашых дзяцей непадробныя. Ды яшчэ вычытаў недзе меркаванне, што італьянцы з ўсіх еўрапейскіх народаў найбольш псіхалагічна і ментальна блізкія да беларусаў. А што ўжо казаць аб адметным італьянскім кіно?

Вось і мы тут нарэшце ў адведках. Што ўбачыш за лічаныя дні? Няшмат, але без сабора Святога Пятра ніяк. Пілігрымы са ўсяго свету імкнуцца сюды трапіць, а табе ад твайго часовага жытла цяпер варта толькі перайсці па мосце Цібр — і ты ўжо ў Ватыкане. І храм, і пляц перад ім вельмі знаёмыя па тэлевізійнай карцінцы, але сёння гэта рэальнасць. Нікуды не спяшаемся, кіруемся да ліфта, каб падняцца на купал. Ліфт — справа цудоўная, асабліва для людзей ва ўзросце. Але ж ён падымае толькі да асновы купала! Далей уверх — сваімі нагамі. Па спіралі вакол купала ідзе вузенькая каменная лесвічка, пляцовак для перадыху няма, адно можаш уціснуцца ў нішу акна, якія зрэдчас сустракаюцца, ды перавесці дых. І зноў бясконцая лесвіца ўгору. Не спынішся, бо ззаду падпіраюць такія ж цікаўныя, як і ты. Здаецца, няма больш сілы, дыханне збіваецца, нагу на наступную прыступку не падняць. Але псіхалагічна перасільваеш сябе і зноў уздымаешся. Бо ведаеш, што Гасподзь не пакіне, дасць сілы. Згадваецца, як мы з Вольгай у Парыжы ўзбіраліся па лесвіцы на Эйфелеву вежу, не так і даўно тое было. Але там лесвічныя пляцоўкі, на якіх можна прысесці, каб адпачыць. Нарэшце, вяршыня, тут кола вузенькай агляднай сцежкі, з якой відаць увесь вечны горад, яго адметная панарама. Сярод камяніц прыкмячаю і кропку праваслаўнага храма. Дождж пакуль ашчаджае нас, таму краявід сонечны, узвышаны. Спускацца назад лягчэй. Потым яшчэ колькі часу ходзім у самым агромністым саборы, любуемся яго манументальным аздабленнем. Божа, чаго толькі не створыць чалавек, калі яго творчыя дзеі адухоўлены высокімі памкненнямі!

Побач з высокімі матывы звычайныя — далей кіруемся пакаштаваць смачнага марожанага. І купіць абутак: на вуліцы безліч абутковых крам. Даніла ў адной вялікай краме цэлы стос адзення набраў для мамы і быў безапеляцыйны — купляйце. А чаму б і не ўзяць, шмоткі сапраўды каштавалі са зніжкамі вельмі нядорага. Прыадзелі крыху і сына. Так што на гэты бок нашай вандроўкі ў Рым скардзіцца не было падстаў.

Зрэшты, як і ва ўсім астатнім. Да дажджу-дожджыку, вечнаму дажджу ў вечным горадзе, які церусіў амаль без перапынку першыя два з паловай дні, змушана прывыклі. Наадварот, гэта падавалася за своеасаблівы каларыт, адметнасць, якую спецыяльна не прыдумаеш. Адно што назалялі практычна на кожным кроку індусы са сваімі прапановамі купіць парасон. У адрозненне ад Парыжа, у Рыме арабаў практычна не відаць, «акупавалі» яго якраз індусы. Але што нам да таго?

На вуліцах вечнага горада раз-пораз кідаліся ў вочы плакаты з анонсам выставы Мадзільяні і Суціна. Вось табе і акраец культурнай праграмы, які варта спажыць, бо твораў нашага земляка ніколі «ўжывую» нідзе не бачыў. Ужо не адзін наш рэжысёр выказваў жаданне зняць дакументальны фільм пра Хаіма Суціна, які нарадзіўся ў Беларусі, а стаў французскім мастаком. Дык што ўжо там такога, за што плацяць мільёны на аўкцыёнах? Было гэта цікава і Данілу, і Вользе. Не ў першы дзень, але знайшлі галерэю, дзе праходзіла выстава. Харошая адпаведная атмасфера, паўзмрок невялічкіх залаў, слайд-фільм з чорна-белых фотаздымкаў першых дзесяцігоддзяў дваццатага стагоддзя ў Парыжы, якія даюць уяўленне аб багемным жыцці мастакоў і дзе мы бачым іх твары. Хаім Суцін нейкага ўсё ж сялянскага беларускага выгляду, хоць твар не беларускі, але і на чыста яўрэйскі не выдае. Выстава не толькі Мадзільяні і Суціна, але і кола іх мастакоў, сярод якіх мне знаёмыя прозвішчы толькі Утрылы ды Кіслінга. А вось з паўтузіна яўрэйскіх прозвішчаў (народжаныя ў Польшчы) бачу ўпершыню. Відаць, што гэта мастакі другога-трэцяга шэрагу, але ж малявалі, неяк зараблялі на жыццё. Дзе было падзецца ў тыя часы беларускім і польскім яўрэям, які мелі нейкі талент? У сталіцах расійскай імперыі іх не вельмі чакалі па прычыне рысы аселасці, вось і шукалі яны долі ў сталіцы французскай, якая прымала ўсіх. Крыху пазней і Шагал пойдзе такім жа шляхам. Розныя гэта мастакі — Шагал і Суцін, у кожнага свая манера, свой стыль. Адно, што кожны быў не вельмі добрым малявальшчыкам у наўпроставым значэнні гэтага слова (умець рабіць малюнак алоўкам). Праўда, у Шагала ўсё ж лінія была. Але што мы аб ім, калі выстава Мадзільяні і Суціна? У першага лінія таксама ёсць, няхай і вельмі абагуленая. А вось у нашага Суціна лініі малюнка практычна няма, у яго адметны каларыт, аб’ём лепіцца фарбамі, а не трымаецца на лініі. Але якая шыкоўная палітра, багацце фарбаў і іх адценняў! Так, так, за часам яго працы сапраўды шэдэўры, цяпер зразумела, чаму сёння яны каштуюць так шмат. Карцін чатырнаццаць было на выставе, цяпер смела магу гаварыць, што з творчасцю нашага земляка Хаіма Суціна я знаёмы добра.  

Адхланне ўтульнай галерэі — і зноў нетаропкая мітусня вечнага горада, які абсалютна ласкавы да цябе, які кліча пагуляць па яго вуліцах, зайсці ў старадаўнія храмы, якіх тут шмат. Калі я першы раз у горадзе, то назвы вуліц і плошчаў не вельмі запамінаю. Проста як былы горадабудаўнік арыентуюся ў прасторы, неяк адкладваю структуру горада ў галаве, каб не заблудзіцца. Так і тут.

Адно запомнілася добра П’яцца дэль Попала. Назва гэтая аднекуль даўно знаёмая. Але справа нават не ў тым, проста мы тут бывалі практычна кожны дзень, бо праводзілі Данілу. Далей ён ехаў трамваем да свайго жытла. Гулялі па Рыме шмат, я для сябе зрабіў візуальную выснову, што на чатырох узвышшах з сямі, на якіх стаіць Рым, мы пабывалі. Чаго яшчэ хацець за такі кароткі час? Нечакана дождж спыніўся, але так ужо цёпла, каб зняць куртку і капялюш, не было. Усё ж зіма яшчэ, што ні кажы. А капялюш мой амерыканскі Індзіяна Джонс Данілу спадабаўся, на сябе прымерваў некалькі разоў.

Ад П’яцца дэль Попала паехалі аднойчы трамваем і мы, каб паглядзець, дзе жыве сын і дзе вучыцца. Прыехалі ў ціхі і акуратны буржуазны, як я акрэсліў для сябе, раён, месца абсалютна не турыстычнае, спакойнае. Жылыя дамы нават не для сярэдняга класа, а вышэй па статусе. Жыллё, дзе Даніла здымае пакой, называецца атэлье, бо ў кватэру ўваход не з агульнага пад’езда, а асобны, з тарца нешматпавярховага будынка. Перад уваходам пляцоўка для машыны пад навесам, тут жа два апельсінавыя дрэвы. Так, так, з ярка-аранжавымі апельсінамі! Вось гэта найбольш здзіўляла Вольгу ў Рыме, ёй, натуральна, хацелася сарваць і пакаштаваць хоць адзін апельсін. Даніла штораз спыняў (так тут не робяць!), не дазволіў сарваць і каля сваёй кватэры, дзе ніхто б і не ўбачыў. Сама кватэра-атэлье ўтульная, у кожнага з кватарантаў свой пакой, вялікая агульная зала, дзе стаіць тэлевізар.

Ад жытла да ўніверсітэта Данілу ісці недзе хвілін дзесяць, зусім недалёка. Сам будынак мы ўжо бачылі на фотаздымках, не падманвае нашых чаканняў універсітэт і цяпер. Неакласіцызм у харошым сэнсе слова, мяне асабліва кранаюць балюстрады і лесвічныя парэнчы з класічнымі балясінамі. Здаецца, можна было б і без такога элемента абысціся, але ж гэта Рым! Адным словам, прыемна ў такім будынку знаходзіцца, адпаведна, прыемна і вучыцца. І добра, што ўсё ідзе як належыць. І сябры ёсць у нашага сына. Як жа не пазнаёміцца, калі столькі ўжо чулі пра іх? Ларэнца, бацька якога трымае конную справу на ўскраіне Рыма, і Сальваторэ з Сіцыліі. Даніла быў у іх і на вакацыях, і так у гасцях, беларускага хлопца бацькі прымаюць гасцінна. Падсвядома згадваецца сітуацыя з Цімохам, у якога за чатыры гады вучобы ў новым свеце амерыканскіх сяброў так і не з’явілася. Сябры былі толькі з кола замежных студэнтаў. У старым свеце, аказваецца, крыху інакш. А, можа, гэта толькі ў Італіі людзі такія гасцінныя? Са свайго боку, Даніла стараецца быць удзячным, дапамагае таварышам з вышэйшай матэматыкай. Хлопцы харошыя, знаёмства і гутарка цяклі нязмушана. Больш гнуткі на язык Ларэнца — і аб літаратуры колькі слоў, і аб мастацтве пагаварылі.

«А калі быў узведзены Калізей?» — пытаюся. Тут замінка выйшла невялікая, але ж інтэрнэт у хлопцаў пад рукою. У сярэдзіне першага стагоддзя нашай эры. Бач ты, амаль дзве тысячы гадоў таму! А стаіць. Дарэчы, у Калізей мы спецыяльна не ішлі. Трапілі аднаго дня, ужо цёмначы, калі праводзілі Данілу на трамвай у іншы бок, чым звычайна. Абышлі вакол агромністую велічную спаруду, праз арачныя праёмы зазірнулі ўнутр на арэну. Паўцемра начнога горада і дождж дадавалі сваю фарбу ва ўспрыманне такога адзінага ва ўсім свеце помніка дойлідства.

Калі па прыездзе абгаворвалі, што хочам убачыць у Рыме, я прасіўся, акрамя іншага, убачыць мора. Як чалавек, які вырас на Нёмане, нешырокай яшчэ, бо выток недалёка, рэчцы, краявід за якой абавязкова ўпіраўся ў лес, маю сантымент да мора, дзе вока спыняе толькі лінія гарызонта, месца сустрэчы  вады і неба. Праўда, у апошнія гады большая сімпатыя да акіяна, але мора гэта ці акіян — справа толькі ў галаве, псіхалагічна, наяве успрыманне бяскрайняй вады аднолькавае. Дык вось — горад фармальна стаіць на моры, быць тут і не ўбачыць яго? Тым больш гэтая з’ва таксама з катэгорыі вечных, як і дождж.

Выбраліся на мора толькі ў апошні дзень. Метро, пасля з гадзіну электрычкай — і мы ў курортным гарадку. Ён акуратненькі, прывабная набярэжная, унізе пляжы. Сонца свеціць, так што можна ўявіць, як тут прыемна летам, у курортны сезон. Але не сёння, бо вецер ледзьве не збівае з ног. Сярод дамоў не так, але мы выйшлі на пляцоўку, якая выступае проста ў мора. Тут вецер з усіх бакоў, трымаю адной рукой капялюш, бо ён умомант можа стаць здабычай стыхіі. Фотасесія захоўвае на памяць гэтакі наш падветраны стан. Вялізныя хвалі бесперапынна з грукатам накочваюцца на бераг. Вада зялёная і мутная, як у такой купацца? Потым яшчэ раз спыняеш сябе — братка, гэта ж яшчэ зіма! А мора тут называецца Тырэнскае, хоць можна і падагуліць — затока Міжземнага. Затое як добра пасля невыноснага ветру паабедаць ва ўтульнай кавярні! Тут жа заходзім у прыстойны ўніверсам, такіх у цэнтры Рыма, дзе мы жывём, няма. Нешта купляем ужо ў Мінск, але граппы так і не знаходжу. Ды і нятанная яна тут, так што асаблівага сэнсу купіць няма, тым больш, гэты напой ты ведаеш яшчэ да Італіі.

Дабіраемся паабедзе да сваіх апартаментаў, потым выходзім яшчэ ў горад на развітальны шпацыр. Чатыры з паловай дні ў вечным горадзе праляцелі вокамгненна. Але нават такога кароткага часу хапіла, каб горад стаў тваім. Калі па-праўдзе, то не кожны горад, куды закідваў цябе лёс, рабіўся сваім, нешта трэба яшчэ, акрамя проста прысутнасці. Тут жа і думаць шмат не трэба — у Рыме вучыцца твой сын, як горад можа застацца чужым? І нават неспакойная ноч ад’езду, з якой і пачаўся гэты аповед, не можа збіць пазітыўнага настрою. Як не складзецца потым лёс у сына, і для яго Рым застанецца назаўсёды. Зразумела, у мітусні ад’езду так не думаеш, гэта прыходзіць пасля. А цяпер тры гадзіны палёту — і мы ўжо ў Вільні, практычна дома, хоць яшчэ тры гадзіны цягніком да роднага Мінска.

 

Вуліца паэта, кватэра мастачкі

Як быццам спецыяльна мы вырашылі адкрываць для сябе Італію! Спачатку Рым, цяпер вось Мілан. На самай справе ўсё проста — Даніла скончыў тры гады на бакалаўра ў рымскім універсітэце, а магістратуру выбраў ва ўніверсітэце ў Мілане. Па той зразумелай прычыне, што гэтая навучальная ўстанова больш прэстыжная, адна з лепшых у Еўропе па эканамічнай адукацыі. Мы думалі летам яшчэ ў Рым пераскочыць, але не атрымалася. І планы адведаць у лістападзе Цімоха ў Флорыдзе не спраўдзіліся, хоць жонка спецыяльна два тыдні адпачынку пакінула на гэты час. А я ўвогуле пакуль не браў таго адпачынку. Выйшла як заўсёды — думаеш нешта, плануеш, а рэальнасць незваротная.

Хапіла мітрэнгі і без вандровак. Аб тым, як збіралі безліч даведак дзеля таго, каб Даніла атрымаў стыпендыю ў новым універсітэце, хоць ты цэлы аповед пішы! Нават даведку з ЗАГСа запатрабавалі, што Даніла не жанаты. Як ні дзіўна, такую паперку далі. А выпіскі па нашым з Вольгай банкаўскіх картках, дзе павінны быць адзначаны ўсе транзакцыі за год, — у перакладчыка.ю як кажуць у такіх выпадках маладыя, дах знесла ад гэтых табліц! Ізноў жа, у амбасаду дзеля візы колькі папер! Дзецца няма куды — сабралі, запыт далі аб візе на два гады. Як на маё меркаванне, усё падыходзіла: віза на год (французская) у нас ужо была, ды і астатніх шэнгенскіх хапала. Ды і ўзрост такі, што імігрыраваць наўрад ці будзеш, тым больш ёсць амерыканскія візы — пры жаданні маглі б там даўно застацца. І галоўнае — вучыцца сыну якраз два гады, не будзем жа мы на кожную паездку зноў афармляць дакументы.

За пашпартамі да італьянскай амбасады прыйшоў за дзесяць хвілін да прызначанага часу. Месціцца яна ў Ракаўскім прадмесці, побач дом дзевятнаццатага стагоддзя на вуліцы Ракаўскай, дзе майстэрня Марыны. Думаю: вось бы ўбачыць дачку, бо знізу якраз відаць яе акно ў паддашку. Як пачула мае думкі — тэлефануе сама і прывітальна махае рукою з акна. Я ў адказ. Выдатнае ў яе ўсё ж месца — стары горад, стары дом, паддашак. Можа, з-за гэтага прыемнага знаку і з візай будзе добра? Дзе там! Калі ўжо на вуліцы зазіраю на патрэбную старонку, бачу, што на паўгода. А, каб на іх! Хоць і разумееш — усім трэба больш грошай сабраць. Нічога асабістага.

Зрэшты, такой бяды, усё роўна сына ўбачым другі раз за чатыры гады. Наперадзе дарога. З тым, як узрост робіцца ўсё больш паважным, неяк цяжэй збірацца ў дарогу. Незалежна ад канчатковай мэты, думаеш: а што ты там забыўся? Але гэтая хвілінная слабасць адольваецца пакуль яшчэ лёгка. Я вельмі люблю вандроўкі, якіх за жыццё было даволі. Як толькі садзішся ў машыну, цягнік, самалёт, практычна адразу забываешся на штодзённыя працоўныя і жыццёвыя клопаты. Яны вернуцца, калі будзеш ехаць назад: тады пачнеш успамінаць недаробленыя справы, зноў нервавацца, але цяпер ты вольны, у цябе наперадзе новыя ўрбаністычныя і натуральныя краявіды, сустрэчы, адкрыцці. Ты нікому нічога не вінны! Гэта самае галоўнае ў падарожжах.

Цягнік да Вільні, потым вельмі кароткая (сем хвілін усяго) электрычка з вакзала да аэрапорта. Час да самалёта ёсць, можна перавесці дых. Дый падсілкавацца, балазе, хатнія бутэрброды з сабою. Мінулым разам, калі ляцелі ў Парыж, узялі ў кавярні па кілішку віскі, каб палёт не здоўжыўся. А цяпер у вочы кінулася «Старка», да якой маю сімпатыю яшчэ з даўніх савецкіх часоў. Першы раз у Вільні плачу еўра — літоўцы зусім нядаўна перайшлі на гэтыя грошы. Сядзім з Вольгай утульна ў куточку, нетаропка даядаем бутэрброды пад «Старку». Неблагі напой, спіртам не патыхае — навучыліся рабіць. Бо адзін час, недзе гадоў дзесяць таму, гарэлка ў Вільні была проста брыдкая. У зале вылету ў дзюці-фры бяром ужо ў Мілан поўлітровую пляшачку віскі. Вось цяпер можна і ў палёт.

Аэрапорт Бе́ргамо не такі і маленькі, бо доўга не можам выйсці. Але нарэшце трапляем да аўтобусаў і пытаемся «стацьоне чэнтральна», як вучыў Даніла. Кіроўца адказвае Вользе па-руску: «Да вакзала, да вакзала!». Якраз бярэцца на прыцемкі, бо позняя восень, дваццаць дзявятае кастрычніка ўжо, але практычна да горада краявіды з акна аўтобуса яшчэ відаць. Хаця, і глядзець асабліва няма на што — спрэс вытворчыя пабудовы. Мы якраз ведалі, што Мілан — прамысловы горад, больш багаты за сталіцу краіны Рым. Але, адпаведна, і больш дарагі. Ведалі, што там тэатр Ла Скала, які не патрабуе каментарыяў, што гэта сталіца моды. Аб футбольным клубе «Інтэр» і казаць няма чаго, ды і «Мілан» у ліку першых у італьянскім футболе. Знакаміты стадыён Сан Сіро. А сёлета яшчэ і сусветная выстава «Экспо-2015» якраз у Мілане. Праўда, яна ў гэтыя дні зачынялася, у нас і думкі не было яе наведаць. Адразу скажу, што не пабачылі мы і стадыёна, адно каля Ла Скала праходзілі. Фасад аніяк не ўразіў, там галоўнае — непаўторная канцэртная зала ўнутры. Што яшчэ да культуры, то самае важкае ў Мілане — «Тайная вячэра» Леанарда да Вінчы. Але яе паказваюць не штодня, у чаргу невядома калі трэба запісвацца, ды і кошт — самі разумееце. Так што аб гэтым і гаворкі не вялося. Не турысты мы, найперш убачыцца і пабыць з сынам, а ўсё астатняе — як Бог дасць.

На цэнтральным вакзале Данілу чакаць давялося даволі, не раўнуючы як у Рыме. Праўда, тут ён папярэджваў, што можа спазніцца. Стаім мы з Вольгай каля сцяны, я ніяк не магу ўявіць сабе гэты вакзал, у мяне ўражанне, што вялічэзная спаруда ў нейкім закінутым стане — рамонт ці што? А жонку асабліва не кінеш пайсці разгледзецца, усё ж мы ў незнаёмым горадзе. Потым ужо зразумеў, што мы стаялі каля бакавога фасада, а галоўны фасад мае шыкоўны пампезны выгляд ды агромністую плошчу перад ім.

А вось і сын у сваім кашаміравым палітончыку наросхрыст, з адметнаю фрызураю, дзе чупрына спадае на лоб і кожны раз яе рухам галавы ці рукою трэба адкідваць назад. Твар з выразна вылепленым прыгожым носам. Па вобразе — выліты дзядуля Вікенцій у маладосці, праўда, ад дзядулі Сашы таксама нешта ёсць. Хара́ктарны твар, адным словам, хоць ты ў кіно здымайся, што, зрэшты, і было ў Беларусі. Абдымаемся. Але адразу не спяшаемся ў метро ехаць ў свае апартаменты, бо з пакаёўкай сын дамовіўся на больш позні час. Таму нетаропка перакусваем у вакзальным Макдональдсе ды пакрысе рушым у падземку. Ехаць недалёка, тры прыпынкі. Метро функцыянальнае — ніякіх дарагіх аздабляючых матэрыялаў, як у нас. Усё сціпла, па-вытворчаму, але чысценька і па-свойму ўтульна.

Наверсе ўжо цёмна, таму горад практычна не робіць ніякага ўражання, калі ідзём з метро па вуліцы, якая нам патрэбна і якая цягнецца доўга. Назва ні аб чым не кажа, акрамя таго, што яна — у гонар персоны. У святле ліхтара я ўпэўніваюся, што ідзём правільнай дарогай — чытаю шыльду на сцяне. Яна даволі вялікая па памерах і там пазначана «via Giovanni PASCOLI», а знізу напісана слова «poeta» і даты «1855—1912». Усё зразумела! Мы будзем жыць на вуліцы паэта Джавані Пасколі. Па-праўдзе, я такога, да сораму свайго, не ведаў і, натуральна, не чытаў, але ж гэта класік італьянскай літаратуры! Пачытаю, штуршок ёсць.

Ва ўсе астатнія дні ў Мілане я ўжо з цікавасцю глядзеў на шыльды. Там актрыса, там генерал гадыбальдзістаў, там дзяржаўны дзеяч…

Пацьвельваю з сябе: мы невыпадкова пяць дзён жывём у Мілане на вуліцы паэта — а дзе ж яшчэ жыць паэту беларускаму? Вуліца як вуліца, утульная, дамы разнастайныя па архітэктуры, пасярэдзіне агароджаная турнікетамі з абодвух бакоў зялёная паласа (бульварчык), па якой бегаюць трамвайчыкі. Памяншальнае слова тут дарэчы, бо першы трамвай, які ўбачылі назаўтра, калі выйшлі з дому, быў «рэтра», яшчэ драўляны, гадоў мо пяцідзесятых. «Ён дзеля каларыту?» — адразу запытаўся я ў Данілы. Ды не, ёсць тут такія. Трамвайчык весела грукацеў па рэйках, моцна кляцаў дзвярыма на прыпынку, з гэтакім жа грукам вытыркалася знізу прыступка. Не трэба нічога адмыслова шукаць, каб здымаць рэтра-кіно.  Увогуле, трамвайных каляін і трамваяў у Мілане шмат, папулярны тут гэты від транспарту. Трамваі разнастайныя — ад згаданых да сучасных з акруглымі насамі, ад якіх грукату значна менш. Як і ў Рыме, ноччу зрэдку ходзяць дзяжурныя, так што дабрацца дадаму зможаш і без таксі.

Для Данілы гэта было актуальна ў першы вечар, бо доўга не хацелася развітвацца пасля сустрэчы. Мы знайшлі патрэбны дом, пакаёўка (індуска, што для нас было ўжо і не дзіўна) паказала нам кватэру (як жыллё для тых, хто прыехаў, гэта называецца апартаменты), растлумачыла, што і дзе. Думку ісці ў рэстарацыю на вячэру адкінулі найперш з-за эканоміі, проста выбраліся ў краму купіць ежы. Але з крамамі, як і ў іншым еўрапейскім горадзе, невялікая праблема.  Вось і тут бліжэйшая ўжо зачыненая (было а дзевятай вечара), давялося пытацца і шукаць іншую. Пасту з вяндлінкай гатаваў сам Даніла, нават маці не падпускаў. Смачна было, ды і віно дадавала да вячэры свой нюанс. За размовамі і расповядамі разыходзіцца не хацелася, але браў сваё наш біялагічны рытм — тут дванаццаць гадзін, поўнач, а ў нас ўжо дзве гадзіны ночы, час моцнага сну. Ніяк не магу прывыкнуць, што мы, як і Масква, перасталі пераводзіць свой час на зімовы ці летні, таму за поўгода і вырастае розніца з Еўропай на дзве гадзіны.

Даніла паехаў дадому, можна разгледзецца, куды трапілі. У нас бы такое называлася аднапакаёвай кватэрай. Насамрэч гэта быў адзін вялікі пакой, больш візуальна, чым фармальна разбіты на жыллёвыя зоны — прыхожую, сталовую з круглым сталом, кухню, дзе стаць можна толькі каля адпаведнага начыння, гасцінную з мяккай канапай і тэлевізарам насупраць, спальню з шырокім ложкам. Толькі апошняя была выдзелена шторкай па дыяганалі адносна ўсяго памяшкання. Якраз не перагародкай, а шторкай, няхай і стацыянарнай, бо і не даверху, і да сцяны з абодвух бакоў не далучалася. Дзвярэй нідзе няма. Дзверы толькі ў ванны пакой, што за сцяной, і там ракавіна, бідэ, унітаз і ванна. Ды вузкае акно, дзённае святло ў такіх выпадках абавязковае.

Кватэра стварала поўнае жыццёвае ўражанне, быццам гаспадар толькі-толькі сышоў адсюль. Усё на кухні, адно гатуй, на паліцах кнігі, у асноўным па мастацтву. Сама цікавае — каля трыццаці асобнікаў-персаналіяў сусветна вядомых мастакоў. Выданні няхай і бюджэтныя, але поўныя па наборы ілюстрацый, некаторых карцін нідзе і не бачыў. І сцены завешаныя карцінамі, найбольш рэпрадукцыі Мадыльяні з аголенай натурай. Асабліва шмат іх у спальнай зоне. Уся атмасфера сведчыла аб тым, што гаспадыня кватэры (так сказаў Даніла, ён жа шукаў жытло) ці сама мастачка, ці рупная прыхільніца прыгожага. У ванным пакоі вісела колькі прац не вельмі выразных, але арыгінальных. Мо якраз гэта была графіка самой гаспадыні?

Кватэрка-апартаменты ды і сам горад у хуткаплыннасці чатырох поўных дзён рабіліся ўсё больш знаёмымі. Асноўны час займаў шпацыр па горадзе. Жылі мы не ў самым яго цэнтры, але і не так далёка, каб не прайсціся пехатою. Вось і хадзілі, дзеля чаго ж прыехалі? Мілан — гэта не Рым з яго аскепкамі і флёрам антычнасці, хоць горад таксама старажытны. І вузкія вуліцы звілістыя ёсць, і старыя дамы. У першы дзень дайшлі да Міланскага сабора, Duomo di Milano, як называюць храм жыхары горада. Мы падыходзілі з алтарнай часткі, але адразу было зразумела, што гэта агромністая збудаванне. Было адчуванне прыплюснутасці яго да зямлі, але палымяная готыка адпрэчвала прыцягненне і клікала ў неба. Кінуўся ў вочы вялізны рэкламны шчыт на бакавым нэфе — такога я яшчэ нідзе не бачыў. Падумалася, што гэта ўжо занадта... Не ўсіх гандляроў выгнаў Хрыстос з храма. Вялікае ўражанне рабіў фасад сабора. На вуліцы было ўжо цёмна, ён сваім белым каменем свяціўся без падсветкі. Перад саборам агромністая плошча. Прыходзілі мы да сабора яшчэ раз, але ўнутр так і не трапілі — чарга, ды яшчэ плаціць, каб патрапіць у храм? І падымацца, каб згледзець Мілан зверху, па той жа прычыне не сталі. Сабора Святога Пятра ў Рыме было, відаць, даволі...

Калі ў цябе новыя ўражанні і шмат вольнага часу, раптам нібы спахопліваешся, ты з шэрагу тых, хто піша, тады хочацца запісаць думку ці ўражанне, каб яны не забыліся. І тут банальнае — сурвэтка на століку ў невялічкай кавярні, дзе мы стомленыя, спыніліся выпіць піва і віна — падыйдзе для таго, каб сёе-тое запісаць. Па пунктах двума словамі запісваю тое, што не хацелася б згубіць, аб чым і буду пісаць потым у гэтым аповедзе. Пачынаю з таго, што яшчэ ў самалёце ў думках з’явіўся самы просты, на мяжы банальнасці, постмадэрнізм: Я не быў ніколі у Мілане, Ды сюды якраз закінуў лёс… Такімі штрыхамі і астатняе...

Кожны дзень мы вячэралі ў сваіх апартаментах, утульнасць сапраўднага жытла падабалася Данілу, аб чым ён сам сказаў аднойчы. Зразумела было, што засумаваў без бацькоў, што пабыць разам і пагаварыць хочацца. Якім не быў бы ён мужным маладым чалавекам, але калі адзін у чужой краіне, у чужым горадзе, то сумуе па родным.. І якія б ні былі ў яго сябры, бацькі — гэта зусім іншае. Памятаю сябе студэнтам, асабліва ў святочныя дні ў Мінску, калі не было куды падацца, вельмі востра адчуваў адзіноту. Але я мог у любую хвіліну сесці ў цягнік і хутка прыехаць да бацькоў ці да дзеда з бабай. А мой сын такой магчымасці не мае. І шкада яго, але нічога зрабіць не магу. У Данілы сваё жыццё, свае цяжкасці, свае выпрабаванні, але і свае радасці, і засмучэнні. Я магу толькі псіхалагічна падтрымаць яго, часцей слаць электронныя лісты, што ўдаецца далёка не заўсёды. Але гэтыя дні мы разам, і гэта цудоўна!..

Ідзём знаёміцца з яго універсітэтам і інтэрнатам. Першае, што паказвае (іхні корпус), асабліва не ўражвае, але потым накіроўваемся да галоўнага корпуса,  гэта ўжо агромністае саліднае збудаванне з выразным фасадам. Вялізны вестыбюль, унізе зала, дзе праходзяць усялякія мерапрыемствы. І студэнцкая сталовая, куды сын пакуль не ходзіць — нятанна. Інтэрнат яго месціцца на невялічкай ужо згаданай вуліцы, недалеч трамвайнае дэпо — вялізная брама ноччу вартуе трамваі. Сам будынак інтэрната сучасны, вельмі цікавай архітэктуры. Асноўны крыжападобны пяціпавярховы аб’ём стаіць на квадратным даволі высокім сцілабаце. Канструктывізм у спалучэнні з манументалізмам — постмадэрнізм, адным словам. Пакой у белых колерах сцен і чорных убудаванай мэблі. Яна функцыянальная і зручная — пісьмовы стол, паліцы, шафы. Уражанне халоднае, тым больш што за прыадчыненым акном позняя восень, няхай сабе і міланская.

Сядаем на ложак, дзе толькі-толькі перасланая пасцель. Сэрвіс харошы, але і кошт неблагі — трыста еўра ў месяц. І ўсё роўна выдатна, што ў Данілы атрымалася з гэтым жытлом, бо зняць кватэру ў Мілане абышлося б значна даражэй.

Не хапае ў пакоі нейкіх цёплых элементаў, якія б псіхалагічна адпрэчвалі б пэўную халоднасць. Адно што кніжная паліца над сталом, дзе ўжо стаялі і мае кнігі. Калі сын па скайпе папрасіў іх прывезці, мне стала прыемна — ну вось, дачакаўся! Бо дома, у Мінску, не дапрасіцца было, каб прачытаў хоць які мой тэкст. Я не крыўдзіўся (экзістэнцыйная адзінота творцы), але надзею меў, што хоць потым дзецям стане цікава — што ж бацька пісаў? У гэтым выпадку «потым» сталася не такім далёкім. З радасцю сабраў пяць сваіх кніг: «Хутаранская зорка», «Беларускі храм», «За брамай забытых мелодый», «Шляхцянка-восень», «Крыжы на ростанях». Чатыры ў мяккіх вокладках, адна ў цвёрдай. Нават без эмацыянальнай афарбоўкі адзначыў для сябе, што гэта практычна ўсё асноўнае, што я напісаў. За выключэнне аповедаў жыцця, якіх таксама ўжо назбіралася на кнігу. Няшмат як быццам, але мне не сорамна за вершы і тэксты. Яны мае, у іх свая стылістыка, іх не зблытаеш з іншымі. А ў цэлым кніг у мяне нямала, і ўрэшце напісанага хопіць, з улікам «Хутаранскіх згадак», якія яшчэ не друкаваліся, на восем-дзесяць тамоў збору твораў. Што і варта было б ажыццявіць. Там жа, у Мілане, і аўтографы напісаў сыну. Мо дзе і пафасна, але зычэнні былі шчырымі. Галоўнае, знайшоў аб’яднаўчы для ўсіх пяці абзацаў элемент — свой асобны эпітэт перад словам «сыну». Да прыкладу, «мужнаму сыну Данілу».

Кнігі падпісваў там, дзе жылі мы. Калі пабылі ў інтэрнаце ў Данілы, стала зразумелым, чаму яму падабаліся нашы тут вячэры. Бо абжытая хатняя атмасфера, няхай свая толькі на гэтыя дні, але ўтульная. У Рыме ў яго было ўсё ў парадку — кватэра-студыя, харошыя сужыхары. А тут з гэтым інтэрнатам нейкае большае адчуванне адзіноты. На мой погляд. Добра, што толькі два гады. За вячэрамі доўжыліся нашыя размовы. Здаецца, ужо і перагаварылі ўсё, але кожны раз знаходзілася іншая тэма. Сын папрасіў мяне расказаць аб пісьменніках. Падумалася, што я сапраўды шмат з кім знаёмы (быў знаёмы, калі аб тых, хто ўжо ў іншым свеце), шмат якіх выпадкаў здаралася. Добра, што занатоўваў гэта ў «Хутаранскіх згадках». Расказаў Данілу спачатку пра Пісьмянкова. Затым пра некаторых іншых, каго ведаў і ведаю. Бачу, яму сапраўды цікава — усё роднае ж...

Дома мелася мапа, я ўсё разглядваў план Мілана — дзе тут што? Кінулася ў вочы адсутнасць ракі ў цэнтры, што падалося нязвыклым. Толькі недзе бліжэй да ўскраіны ў адным месцы відаць былі ці то каналы, ці рака. Гэта аказалася недалёка ад універсітэта і інтэрната, Даніла павёў нас туды. Бралася ўжо на цемень, пакрысе запальваліся агні, вада адразу надавала іншы каларыт гораду. Мы прайшліся па беразе, дзе шмат кавярняў, якія яшчэ пакуль пуставалі — вечаровы час тут пачынаецца а дзевятнаццатай гадзіне. Ну, і крамы не абміналі, каб дачакацца вячэры — думалі пасядзець недзе тут, але потым перадумалі і паехалі трамваем дадому, дзе больш смачна і ўтульна.

На мапе я разабраўся, што ў цэнтры ёсць вялікі замак. Трапілі туды, але маштабу спаруды не адчувалася з-за вечарова-ліхтаровай паўцемры. Адно што плошча перад ім такая ж агромністая, як перад саборам і перад вакзалам. Замак як замак, розныя стылі спалучаюцца, бо будавалі не адно стагоддзе. Пахадзілі мы тут, як і астатнія турысты, да пасунуліся зноў жа дадому. Ці тады, ці ў іншы вечар, але наткнуліся на нешта незвычайнае. Ад той вуліцы, па якой ішлі (народу тут практычна не было), адыходзіла невялікая добра асветленая вулка. Цікава, што машын, не раўнуючы як на ўсіх астатніх, на ёй амаль не было, што давала адчуванне нейкай нязвыкласці. Глянуў на шыльду: «Via private Santa Maria». Вось табе і маеш — прыватная вуліца! Ну, дом — зразумела, але каб цэлая вуліца, няхай і невялікая! Мо і няма нідзе больш такога.

З зелянінай (паркамі і прысадамі) у Мілане, як мне падалося, не вельмі. Зразумела, што мы бачылі невялікую частку горада, але такое ўражанне склалася. Каменны мех, нездарма прыдумана. Ды ніякіх праблем — садзіся ў электрычку і менш чым за гадзіну будзеш на возеры Комо! Даніла прапанаваў зрабіць невялікую экскурсію ў нядзелю, мы і выправіліся. Аказваецца, горы тут зусім недалёка. Швейцарскія Альпы, трэба думаць. І вось пасярод гор, у катлавіне, цудоўнае возера! Больш дакладна, пачатак яго, а за павароткам канца не відаць. Ад горада на беразе адразу ўзнікла адчуванне курортнага мястэчка. Якраз кантынентальнага, а не прыморскага. Падобна Бад-Хомбургу ў Германіі, дзе калісьці ўдалося пабываць. Людзей тут шмат, мо таму, што выхадны дзень? Ніхто нікуды не спяшаецца, ходзяць па набярэжных. Можна на фунікулёры падняцца на вяршыню гары, але ад гэтай думкі адмаўляемся, бо мне здаецца, што цалкам возера не ўбачыш і адтуль. Як адказваемся і ад воднай прагулкі на цеплаходзе. Можа таму, што проста хочацца спакою? Сядзім на лавачцы, глядзім на возера і горы. На схілах гор, на іх вяршынях там і там жылыя дамы. Ну, хочацца чалавеку ўзабрацца вышэй, няхай і нязручна туды падымацца.  Як адпрэчыць такое імкненне? Затое высока, вышэй астатніх людзей, ды з відам на спакойнае возера. Дарэчы, як потым згледзелі недзе, жыллё тут (як у горадзе, так і ў гарах) вельмі дарагое, у сярэднім дзвесце-трыста тысяч еўра, а пра катэджы і гаварыць няма чаго. Тым не менш, жыве ж нехта. Пераходзім якраз бліжэй да пачатку гор. Даволі цёпла, хоць першы ўжо дзень лістапада, галоўнае — сонечна. Стан нейкі ірэальны, быццам нічога і нікуды не трэба, ёсць толькі гэты спакой каля вады… Добра, што ўбачылі і гэтую прыгажосць — так думаецца, калі ўжо вечарам вяртаемся на электрычцы ў Мілан, дзе зноў чакае ўтульная сямейная вячэра на вуліцы паэта ў кватэры мастачкі.

А праз дзень ужо і ад’езд, з самай раніцы. І неўзабаве мы ўжо дома, у Мінску...

У першую ж суботу пасля вяртання прыехалі ў Мікалаеўшчыну з раніцы. Я злётаў да бацькоў у Даманава, а Вольгу пакінуў збіраць грыбы, зялёначкі з падзялёначкамі, якія не зніклі яшчэ і ў лістападзе. Дзіўныя грыбы! Наеліся іх даволі гэтай восенню. Сядзім на лавачцы каля нашага круглага стала пад яблынямі. Ідылія ды рэальнасць, за што мы і любім такія вечары на сваёй роднай зямлі, на сваім хутары. Яны непаўторныя: цёплыя, добрыя... Свае.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.