Вы тут

Літаратура і жыццё ў перапісцы Івана Шамякіна


Чытачы часопіса «Полымя» ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з перапіскай І. Шамякіна з пісьменнікамі, перакладчыкамі, грамадскімі дзеячамі. Чарговы раз прапануем падборку лістоў як самога Івана Пятровіча, так і пісьмы да яго. У гэтай публікацыі ўпершыню друкуюцца некаторыя водгукі чытачоў аб раманах «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «У добры час». Таксама ўпершыню публікуюцца ўрыўкі з дзённікаў за 1945—1946 гг. На жаль, поўны тэкст дзённікаў гэтых гадоў не выяўлены. Магчыма, яны згублены. Але мяркуем, што і прапанаваныя ўрыўкі таксама дадуць пэўнае ўяўленне пра першыя пасляваенныя гады.


1

У. Дубоўка — І. Шамякіну

15 чэрвеня 1970, Масква

Дарагі Іван Пятровіч!

Адказваю на ваш ліст ад 11/06 70 г. Перадусім фактычная даведка — я нарадзіўся 15 ліпеня. Вы згадваеце 2 ліпеня, мабыць таму, так будзе па ст. стылі. Але гэта — няправільна.

Наконт юбілею. Вам добра вядома, «што, чаму і як». Апрача ўсяго іншага, апошнім часам я хварэю (сэрца). Хварэе і мая Марыя Пятроўна. Ехаць у далёкую дарогу мы, безумоўна, не здолеем. Калі здолею, дык у канцы чэрвеня выеду з Масквы для лячэння.

Што датычыцца Вашага (з Міколам Гаўрылавічам) запытання — «якім чынам адзначыць» маё 70-годдзе — дык я нічога сказаць не магу. Думаецца, што Вы самі прыдумаеце лепш, чымсьці мог бы параіць я.

Самае сардэчнае прывітанне Вам, Вашай сям’і ад М. П. і ад мяне.

Ваш Уладзімір Дубоўка

Ліст напісаны беларускім пісьменнікам Уладзімірам Мікалаевічам Дубоўкам (1900—1976) наконт святкавання яго 70-годдзя.

Марыя Пятроўна — М. П. Дубоўка, жонка У. Дубоўкі.

…выеду з Масквы… — У. Дубоўка ў 1930 г. быў рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі (1957 г.) жыў у Маскве.

…(з Міколам Гаўрылавічам)… — з Міколам Гаўрылавічам Ткачовым (1918—1979), беларускім пісьменнікам, які ў 1959—1972 гг. працаваў сакратаром праўлення СП БССР.

М. П. — М. П. Дубоўка.

 

2

З рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» — І. Шамякіну

21 студзеня 1955, Мінск

Паважаны Іван Пятровіч!

У рэдакцыю нашай газеты паступае вельмі многа пісем ад юнакоў і дзяўчат, якія просяць рэдакцыю расказаць аб лёсе герояў вашай кнігі «Глыбокая плынь». Іх цікавіць, ці існуюць у сапраўднасці Насця Буйская, сям’я Маеўскіх, Ленка Лубян і іншыя, што яны робяць, дзе жывуць і г.д. Супрацоўнікі рэдакцыі пасылалі адказы на гэтыя пісьмы, дзе на свой погляд растлумачвалі падобныя пытанні. Але, як потым пераканаліся яны, нашы чытачы не заставаліся задаволенымі такімі адказамі.

Паважаны Іван Пятровіч! Просім Вас на старонках нашай газеты даць адказ нашым чытачам на ўпамянёныя пытанні. Просім коратка расказаць аб тым, як пісалася кніга «Глыбокая плынь», аб лёсе герояў кнігі.

Рэдакцыя звяртаецца да Вас ад імя чытачоў і спадзяецца, што Вы не адмовіце ў гэтай просьбе.

З павагай

Рэдактар газеты /Н. Дастанка/

Загадчык аддзела пісем /Л. Палякоў/

Ліст дасланы І. Шамякіну з рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». На адрас рэдакцый газет, часопісаў і выдавецтваў, на адрас самога пісьменніка прыходзіла шмат пісем ад чытачоў з розных абласцей Савецкага Саюза з водгукамі на раман «Глыбокая плынь». Некаторым адрасатам пісьменнік адказваў сам, часам свае адказы змяшчаў у газетах і часопісах. У гэтай публікацыі трохі ніжэй мы падаем некалькі лістоў ад чытачоў, напісаных па-беларуску.

 

3

К. Буйло — Максіму Танку, І. Шамякіну

Пасля 14 студзеня 1968, Масква

Дарагія мае Яўген Іванавіч і Іван Пятровіч!

Атрымала Вашу цёплую тэлеграму і глыбока кранула яна маю душу. Дзякуй Вам сардэчна за шчырае павіншаванне і добрыя пажаданні. У гэтыя дні я атрымала мноства тэлеграм, пісьмаў, адкрытак, быццам цёплая хваля любві, дабраты, цеплыні і сардэчнасці ахінула мяне. Быццам Беларусь, як добрая родная маці агарнула маю галаву пяшчотнымі рукамі і прытуліла да сваіх грудзей. Усхвалявала глыбока і ўзнагарода Вярхоўнага Савета. Нізка схіляю галаву перад Партыяй, Урадам і народам, які так высока ацаніў маю скромную працу. Дзякуй усім Вам, родныя, дзякуй Партыі і Правіцельству, дзякуй народу беларускаму — які так прыхільна прывітаў мяне ў юбілейны мой дзень.

Ліст напісаны беларускай пісьменніцай Канстанцыяй Буйло (сапр. Канстанцыя Антонаўна Калецыч; 1893—1986).

Танк Максім (сапр. Скурко Яўген Іванавіч; 1912—1995) — народны паэт БССР (1968). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1948). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966). Акадэмік АН БССР (1972).

Атрымала Вашу цёплую тэлеграму… — у сувязі з 75-годдзем, якое адзначалася 14 студзеня 1968 г.

Быццам Беларусь, як добрая родная маці, агарнула маю галаву пяшчотнымі рукамі і прытуліла да сваіх грудзей. — У 1923 г. К. Буйло пераехала да мужа ў Маскву і жыла там да самай смерці.

…так высока ацаніў маю працу. — У 1968 г. К. Буйло было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

 

4

І. Мележ, І. Шамякін — І. Пташнікаву

22 студзеня 1970, Мінск

Паважаны таварыш Пташнікаў І. М.

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў і «Литературная газета» падрыхтавалі правядзенне рэгіянальнай канферэнцыі — сімпозіума па тэме «Савецкі рабочы і яго вобраз у нашай многанацыянальнай літаратуры».

У абмеркаванні гэтай надзвычай актуальнай тэмы напярэдадні Ленінскага юбілею прымуць удзел пісьменнікі, сацыёлагі, філосафы, партыйныя работнікі, кіраўнікі заводаў, будоўляў з Масквы, Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі.

Каферэнцыя — сімпозіум пачне сваю работу ў памяшканні Саюза пісьменнікаў Беларусі (Мінск, вул. Энгельса, 9) 11-лютага г.г. у 12 гадзін дня.

Просім Вас прыняць актыўны ўдзел у рабоце канферэнцыі — выказаць свае думкі аб вобліку сучаснага рабочага і аб праблемах адлюстравання жыцця рабочага класа ў літаратуры.

Сакратары Праўлення

СП БССР /І. Шамякін/.

/І. Мележ/.

Ліст адрасаваны беларускаму пісьменніку, заслужанаму работніку культуры БССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР (1978) Івану Мікалаевічу Пташнікаву (нар. 1932).

Мележ Іван Паўлавіч (1921—1976) — народны пісьменнік БССР (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976; пасмяротна).

«Литературная газета» — савецкае і расійскае штотыднёвае літаратурнае і грамадска-палітычнае выданне. Лагатып газеты — профілі А. С. Пушкіна і Максіма Горкага. Выдаецца па ініцыятыве Максіма Горкага з 1929 г. у Маскве.

…напярэдадні Ленінскага юбілею… — напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння дзеяча расійскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху, заснавальніка Савецкай дзяржавы У. І. Леніна (сапр. Ульянаў; 1870—1924), якое адзначалася 22 красавіка 1970 г.

 

5

І. Шамякін — І. Пташнікаву

Паважаны Іван Мікалаевіч!

У жніўні 1977 года памёр беларускі пісьменнік Уладзімір Карпаў. Жыццё Ул. Карпава, яго работа педагога, актыўны ўдзел у партызанскім руху, творчасць раманіста, якая прынесла яму ўсесаюзную вядомасць, — з’яўляецца прыкладам вернага служэння партыі, народу.

Вы — адзін з тых, хто ведаў Уладзіміра Карпава, дзяліў з ім і радасці і нягоды. Звяртаемся да Вас з просьбай — напішыце пра яго, што Вы ведаеце, што падказвае Ваша памяць і сэрца. Можа, ў Вас ёсць пісьмы Уладзіміра Карпава, фота, іншыя дакументы? Вашы ўспаміны і ўспаміны таварышаў складуць кнігу пра Уладзіміра Барысавіча Карпава.

Матэрыялы дасылайце на адрас: г. Мінск, Ленінскі праспект, 28, кв. 40. Марыі Міхайлаўне Карпавай.

З павагай

Першы сакратар Праўлення

СП БССР /І. Шамякін/.

Ліст адрасаваны І. М. Пташнікаву. Гл. камент. да ліста № 4.

У жніўні 1977 года памёр беларускі пісьменнік Уладзімір Карпаў. — Памёр 6 жніўня 1977 г. Карпаў Уладзімір Барысавіч (1912—1977) — беларускі празаік, крытык.

…яго работа педагога, актыўны ўдзел у партызанскім руху, творчасць раманіста… — працаваць настаўнікам У. Карпаў пачаў да Вялікай Айчыннай вайны на Брагіншчыне, у Сіроцінскім раёне, пасля вайны выкладаў мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 42 г. Мінска; у гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу; вядомы як аўтар раманаў «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971).

Вашы ўспаміны і ўспаміны таварышаў складуць кнігу пра Уладзіміра Барысавіча Карпава. — Кніга «Успаміны пра Уладзіміра Карпава» выйшла ў 1991 г.

…Ленінскі праспект… — назва праспекта Незалежнасці ў 1961—1991 гг.

…Марыі Міхайлаўне Карпавай. — Карпава Марыя Міхайлаўна (1914—2008), жонка У. Б. Карпава.

 

6

Х. Жычка — І. Шамякіну

1975, Мінск

Старшыні Вярхоўнага Савета

Беларускай ССР

тав. Шамякіну І. П.

Рэдактар газ. «Л. і Маст.»

Жычка Х. Д.

Паважаны Іван Пятровіч!

Два гады таму назад першы намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР т. Шамякін І. П. звярнуўся да намесніка старшыні выканкама Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных тав. Паўлюкевіча У. Л. з просьбай аб устаноўцы кватэрнага тэлефона рэдактару газеты «Літаратура і мастацтва» па адрасу: в. Янкі Маўра, 56, кв. 53, г. зн. мне. Тав. Паўлюкевіч пераадрасаваў просьбу начальніку вузла сувязі Мінскага раёна т. Базану, які… адмовіў «з прычыны адсутнасці тэхнічных умоў».

Праз год, калі тэхнічныя ўмовы палепшыліся, т. Паўлюкевічу зноў была напісана ад праўлення СП паўторная просьба. Зноў адказаў той жа Базан той жа стандартнай адпіскай. А тэлефоны паціху ўстанаўліваліся ў доме, дзе я жыву, у тым жа пад’ездзе, паверхам ніжэй, кв. № 49. Вось ужо год як працуе тэлефонная ўстаноўка № ….

Я некалькі разоў спрабаваў трапіць на прыём да т. Паўлюкевіча, але выседжваць днямі ў яго прыёмнай у мяне проста няма часу. Дазваніўся па тэлефоне, і ён заверыў мяне, што зробіць усё магчымае. У сакавіку г.г. па маёй просьбе да т. Паўлюкевіча звяртаўся інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ тав. Парахневіч М. П. — і яго т. Паўлюкевіч запэўніў, што ў чэрвені-ліпені тэлефон на кватэры рэдактара «ЛіМа» будзе ўстаноўлены.

Прайшоў і ліпень, і жнівень, і верасень, і кастрычнік. Цяпер у новых мікрараёнах Фрунзенскага раёна г. Мінска масавая ўстаноўка кватэрных тэлефонаў. Але зноў я маю ўсе шанцы астацца па-за чаргой, бо на тыя просьбы праўлення СП БССР як бы ўжо дадзены адказы, а вусныя абяцанні т. Паўлюкевіча да справы не падшыты.

І хоць мне прыемна насіць пальму першынства — на сённяшні дзень я адзіны ва ўсім Савецкім Саюзе рэдактар рэспубліканскай газеты, які не мае кватэрнага тэлефона, — прашу Вас як афіцыйную асобу ўздзейнічаць неяк на тых таварышаў, ад якіх залежыць вырашэнне гэтай справы. Тэлефон на кватэры патрэбен не для асабістых патрэб, а для сувязі з кірўнікамі тых устаноў, органам якіх з’яўляецца газета «Літаратура і мастацтва» — Саюза пісьменнікаў і Міністэрства культуры БССР.

Ліст напісаны беларускім пісьменнікам і перакладчыкам Хведарам Змітравічам Жычкам (1927—2007).

Старшыні Вярхоўнага Савета Беларускай ССР тав. Шамякіну І. П…. — у 1971—1985 гг. І. П. Шамякін быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

«Л.і Маст.» — «Літаратура і мастацтва» — беларуская штотыднёвая літаратурная газета. Заснавана ў Мінску ў 1932 г. Выходзіць на беларускай мове адзін раз на тыдзень на 16 старонках (у 1957—1970 гг. выходзіла 2 разы на тыдзень).

 

7

В. Гарбук — І. Шамякіну

Паважаны

Іван Пятровіч!

Даруйце за лішні клопат, які прыношу сваім зваротам да Вас. Я, як мне напісалі, крыху (але не з прычыны абвастрэння свае хваробы) спазніўся з просьбай да Камітэта па друку і да Саюза аб выданні да майго 60-годдзя, якое мае быць у лістападзе 1973 падрыхтаванага аднатомніка маіх твораў. Зборнік прашу невялічкі: на дзесяць аўтарскіх аркушаў.

Даруйце за лішні клопат, які прыношу Вам гэтым пісьмом. Як мне напісалі, я не зусім, але ўсё ж такі крыху спазніўся з заяўкай аб выданні да майго 60-годдзя, якое мае быць у канцы 1973, падрахункованага аднатомніка маіх твораў. Зборнік прашу невялікі: на дзесяць аркушаў. У яго ў новай рэдакцыі ўвойдзе лепшае з надрукаванага і ненадрукаванага. Уступны артыкул згадзіўся напісаць доктар філалагічных навук прафесар Ю. Пшыркоў, які вывучае маю творчасць. Яго артыкул «Прага жыцця, творчасці», у свой час надрукаваны ў газеце «Звязда» ў якасці папярэдняй анатацыі і для асабістага азнаямлення дадаю да гэтага пісьма. Калі можна будзе, вярніце.

Ліст (чарнавы варыянт) напісаны беларускім пісьменнікам Вісарыёнам Сцяпанавічам Гарбуком (1913—1986). У красавіку 1936 г. рэпрэсіраваны. Вярнуўся на Беларусь у 1940 г. Поўнасцю рэабілітаваны ў 1961 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1946 г. цяжка захварэў на поліартрыт і быў прыкаваны да ложка. Жыў у Пяцігорску.

…аб выданні да майго 60-годдзя, якое мае быць у лістападзе 1973 падрыхтаванага аднатомніка маіх твораў. — 60-годдзе з дня нараджэння В. Гарбук адзначаў 24 лістапада 1973 г. У 1973 г. выйшла кніга В. Гарбука «Хто такія мы».

Пшыркоў Юліян Сяргеевіч (1912—1980) — беларускі літаратуразнавец, крытык. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980).

Яго артыкул «Прага жыцця, творчасці», у свой час надрукаваны ў газеце «Звязда»… — рэцэнзія на кнігу В. Гарбука «Лицо в полоску» (Мінск, 1967) «Прага жыцця, творчасці» («Звязда», 1968, 25 крас.). «Звязда» — дзяржаўная рэспубліканская газета. Выдаецца з 1917 г. у Мінску на беларускай мове.

 

8

І. Шамякін — Янку Брылю

29 красавіка 1959, Церуха

Янка!

Артыкул я напісаў. Пяць старонак. Не вельмі каб, але на такую тэму памераць выціснуць што-небудзь большае цяжка. Я публіцыст — ні к чорту.

Прачытаў тваю аповесць з вялікай прыемнасцю. На маю думку, гэта — сапраўдная рэч. Гэта тое, што нам трэба. Безумоўна, могуць знайсціся ханжы і кой за што кінуць закід… Плюй на іх! Рэцэнзію Кір’янаву вышлю заўтра-паслязаўтра.

Будзеш ехаць у Адэсу — не мінай Церухі.

Як пагуляў на вяселлі?

Прывітанне

Іван

29/ІV-59 г.

Р.S. Скажы «Лімаўцам», што артыкул ім я зраблю крыху пазней.

Ліст адрасаваны беларускаму пісьменніку Янку Брылю (Іван Антонавіч; 1917—2006). Народны пісьменнік БССР (1981). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1952). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982).

Артыкул я напісаў. — Відаць, артыкул «Калі ласка, дарагія сябры» («Полымя», 1959, № 8).

Прачытаў тваю аповесць… — відаць, аповесць «Расчараванне» ў рукапісе або ў карэктуры (апублікавана ў часоп. «Полымя», 1959, № 6).

Рэцэнзію Кір’янаву… — хутчэй за ўсё, рэцэнзію на адну з кніг, якая павінна быць уключана ў план выдавецтва «Советский писатель». Кір’янаў Сяргей Леанідавіч (1907—1982) — у той час загадчык рэдакцыі прозы народаў СССР выдавецтва «Советский писатель».

Церуха — вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобл.

Скажы «Лімаўцам», што артыкул ім я зраблю крыху пазней. — У 1959 г. на старонках «ЛіМа» быў надрукавыны толькі адзін артыкул І. Шамякіна «Румынія сёння: дарожныя нататкі» (1959, 22 жн.).

 

9

І. Шамякін — Янку Брылю

1960-я гг.

Янка!

Машыну я прышлю табе, але не 27, а 24. Пазней трэба будзе прывозіць Л. Кручкоўскага і вазіць яго па Мінску. Дарэчы, спытай, калі ласка, у яго, калі трэба прыслаць за ім машыну.

Машына ў нас толькі адна. Літфондаўская на рамонце, а Макарэвіч у адпачынку.

Прывітанне тваёй сям’і і сям’і Л. Кручкоўскага.

З прывітаннем

І. Шамякін.

Ліст адрасаваны Янку Брылю. Гл. камент. да ліста № 8.

Кручкоўскі Леон (1900—1962) — польскі пісьменнік, драматург, празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч.

Макарэвіч Міхаіл Лявонцьевіч — шафёр СП БССР.

 

10

В. Віннікаў — І. Шамякіну

12 лютага 1963, Гомель

Паважаны Іван Пятровіч!

Гледачы нашай тэлестудыі жадаюць, каб пасля нарады маладых у Маскве, некалькі маладых пісьменнікаў (паэт, празаік і абавязкова крытык) заехалі да нас у Гомель па дарозе з Масквы і выступілі па тэлебачанню.

Мы звяртаемся да Вас, каб Вы пасадзейнічалі гэтаму карыснаму мерапрыемству.

Намеснік старшыні камітэта па

Радыёвяшчанню і тэлебачанню /В. Віннікаў/.

Ліст напісаны намеснікам старшыні Камітэта па радыёвяшчанню і тэлебачанню В. Віннікавым.

 

11

П. Броўка — І. Шамякіну

10 мая 1958, Кіславодск

Кіславодск

Дарагі Іван Пятровіч!

Дзякую Вам за пісьмо. Я так і зраблю, як наважыў. Іду сёння і купляю білет на самалёт на 20/V. Але ўся бяда, што няма прамога самалёта на Мінск. Трэба ляцець праз Маскву. Ва ўсялякім выпадку 21-га раніцой я буду ў Мінску. Калі вечар у Мінску 21-га, дык якраз я буду ў час. Уступная прамова ў мяне будзе гатова, трэба будзе толькі ўставіць прозвішча гасцей.

У Ашмяны з’ездзіце без мяне.

Цяпер адносна прыёма па хатах. Трэба падзяліць гасцей на 3-х чалавек. Вылучыце і мне пэўную колькасць. Думаю, што хатнія прыёмы трэба зрабіць 22-га Мая пасля выступленняў на прадпрыемствах Мінска.

 Запрасіце на ўсялякі выпадак з Масквы Лесючэўскага і Владакіна, якія можа не паедуць, а запрасіць варта. Колькі разоў мы ім гэта гаварылі!

Вось і ўсё. Старайцеся там, каб усё было добра. Падумайце і пра прыём у Каралішчавічах. Яго, відаць, трэба зрабіць па леташняму ўзору пад самы канец. Калі грошай малавата, дык можа дапусціць складчыну?

Шчырае вітанне Максіму Іванавічу, Тарасу, Якімовічу, Есакову, Васілёнку, усім сябрам.

Ваш

Пятрусь Броўка.

Ліст напісаны народным паэтам БССР (1962), Героем Сацыялістычнай Працы (1972), лаўрэатам Сталінскай прэміі (1947, 1951), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1970, 1976), лаўрэатам Ленінскай прэміі (1962), акадэмікам (1966) Петрусём (Пётр Усцінавіч) Броўкам (1905—1980).

Кіславодск — горад-курорт Стаўрапольскага краю (Расія).

Калі вечар у Мінску 21-га — 21 мая 1958 г. адбыўся літаратурны вечар з нагоды адкрыцця Тыдня літоўскай літаратуры ў Беларусі. З прывітальным словам выступіў П. Броўка.

…Лесючэўскага… — Лесючэўскі Мікалай Васільевіч (1908—1978), літаратурны крытык і публіцыст. Старшыня праўлення выдавецтва «Советский писатель».

Владакіна. — супрацоўнік выдавецтва «Советский писатель».

…у Каралішчавічах. — Каралішчавічы, дом творчасці беларускіх пісьменнікаў у в. Каралішчавічы Мінскага раёна, па Магілёўскай шашы, дзе да 1949 г. знаходзіўся паляўнічы домік Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі Н. Наталевіча. Рашэннем Урада гэты будынак быў перададзены Саюзу беларускіх пісьменнікаў. У Доме творчасці з 1950 г. адпачываў Якуб Колас. Пасля смерці Якуба Коласа (1956) Дому творчасці прысвоена імя народнага пісьменніка. Пасля заканчэння будаўніцтва Дома творчасці пісьменнікаў «Іслач» Каралішчавічы былі перададзены ААТ «Мінскрамбуд», дзе іх намаганнямі адкрыты дом адпачынку «На ростанях». На будынку захавана мемарыяльная дошка: «У гэтым доме жыў і працаваў у 1950—1956 гг. народны паэт БССР Якуб Колас». У пакоі, дзе летаваў Якуб Колас, супрацоўнікамі музея створана экспазіцыя, якая дапамагае прасачыць жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, азнаёміцца з матэрыяламі аб адпачынку Якуба Коласа ў Каралішчавічах.

…Максіму Іванавічу… — Максім Танк, гл. камент. да ліста № 3.

…Тарасу… — Хадкевічу Тарасу Канстанцінавічу (1912—1975), беларускаму пісьменніку, перакладчыку.

…Якімовічу… — Якімовічу Алесю (Аляксандр Іванавіч; 1904—1979), беларускаму пісьменніку, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР (1974).

…Есакову… — Есакову Алесю (Аляксандр Аляксандравіч; 1911—1985), беларускаму крытыку, літаратуразнаўцу.

…Васілёнку… — Васілёнку Яўгену Пятровічу (1917—1973), беларускаму паэту і празаіку.

 

12

П. Броўка — І. Шамякіну

22 верасня 1962, Цхалтуба

Цхалтуба

Дарагі Іван Пятровіч!

Не разлічыў, мала ўзяў паперы, вось і даводзіцца пісаць на бланках.

Адбыў я ў Цхалтуба палову тэрміну, хаджу кожны дзень на ванны, упэўніўся, што яны мне дапамагаюць. Адсюль паеду 1 Кастрычніка на 13 дзён у Сочы, а адтуль дахаты. Не ведаю, можа прыехаўшы адразу вазьмуся за дзяжурства ў Маскве, а можа пачну з 1 лістапада.

Што там у Вас добрага? Відаць вялікі клопат з кватэрамі. Што ж, няхай камісія паступова аглядае ўмовы ўсіх, хто падаў заявы. Прыблізна можна і меркаваць тое-сёе, але мая парада — не рашайце загадзя пакуль дом не гатовы. Рашэнне трэба прымаць, калі ў Дом ужо можна будзе ў’язджаць, інакш жыцця не будзе.

Трэба абавязкова ўлічыць яшчэ адно: перад канчатковым зацвярджэннем спіса, каму камісія мяркуе даць, трэба абавязкова вывешваць за два тыдні.

Я думаю, што Вам трэба заслухаць справаздачу Літфонда. Неабавязкова чытаць усім. Можна цяпер, а можна і пасля размеркавання кватэр.

Вось ледзь не забыўся, напішыце афіцыйнае пісьмо З. П. Матузаву з просьбай выдаць у 1963 годзе раман Ш. Рашыдава «Сильнее бури». Ён мне казаў аб гэтым, а я забыўся.

Якое ў вас там надвор’е? Баюся, што па-ранейшаму лье. Якая гэта бяда для нас. А тут цёпла, удзень нават хаваюся ад сонца, але шлю Вам і Вашай сям’і, а таксама Ткачову, Грамовічу, Хадкевічу, Кучару, Русецкаму, Т. К., М. К. і ўсім, усім маім сябрам самы шчыры, сонечны прывет!

Ваш Пятрусь Броўка.

Ліст напісаны П. Броўкам. Гл. камент. да ліста № 11.

Цхалтуба — горад-курорт на захадзе Грузіі.

Матузаў Захар Пятровіч (1911—1977) — дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР (з 1963 г. — «Беларусь») у 1948—1977 гг.

…выдаць у 1963 годзе раман Ш. Рашыдава «Сильнее бури». — Раман (1958) Ш. Рашыдава. Рашыдаў Шараф Рашыдавіч (1917—1983) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Узбекістана (1959—1983). Герой Сацыялістычнай Працы (1974, 1977).

…Ткачову… — гл. камент. да ліста № 1.

…Грамовічу… — беларускаму пісьменніку і перакладчыку Івану Іванавічу Грамовічу (1918—1986).

…Хадкевічу… — гл. камент. да ліста № 11.

…Кучару… — беларускаму крытыку і драматургу Алесю (Айзік Евелевіч) Кучару (1910— 1996).

…Русецкаму… — беларускаму паэту Аляксею Сцяпанавічу Русецкаму (сапр. Бурдзялёў; 1912—2000).

…Т. К. … — супрацоўніцы СП БССР Таццяне Кузьмінічне Іваніцкай.

…М. К. … — загадчыцы бібліятэкі СП БССР (1928—1941, 1944—1977) Марыі Канстанцінаўне Хайноўскай (1903—1989).

 

13

Янка Журба — І. Шамякіну

27 красавіка 1963, Полацк

27/ІV—63 г.

Дарагі Іван Пятровіч!

Сардэчна віншую Вас з Першамайскім святам, жадаю правесці святочныя дні ў поўным душэўным спакоі, у самым лепшым настроі і як можна весялей.

Я сустракаю святочныя дні нявесела. Прычына гэтаму — мае захворванні, ад якіх я лячуся ў Полацкай бальніцы сёмы месяц і не ведаю, калі перайду на кватэру.

Я ўспомніў сваё першае знаёмства з Вамі, якое было ў Мінску, успомніў таксама і тое, як я быў у Вас на кватэры, дзе Вы далі мне напамяць свой першы раман «Глыбокая плынь».

Прашу Вас напісаць мне, як Вы адчуваеце сябе з боку здароўя, над чым працуеце ў сучасны момант, якія навіны ў жыцці Саюза пісьменнікаў БССР, ці весела правялі Першамайскае свята.

Я атрымаў вельмі цёплае віншаванне з Новым годам ад Прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР. Вельмі непрыемна мне, што я не мог паслаць віншаванне з Новым годам Прэзідыуму нашага Саюза: у той час я вельмі дрэнна адчуваў сябе з боку здароўя.

Мой адрас: г. Полацк, Віцебскай вобл., Скарынская, 6, Івашыну І. Я.

З гарачым прывітаннем і са шчырым пажаданнем Вам здароўя і новых творчых поспехаў.

Я. Журба.

Ліст напісаны беларускім паэтам і перакладчыкам Янкам Журбой (сапр. Івашын Іван Якаўлевіч; 1881—1964).

…як я быў у вас на кватэры… — па вул. Карла Маркса, 6.

…Вы далі мне напамяць свой першы раман «Глыбокая плынь». — Падараваў з дарчым надпісам.

…над чым працуеце ў сучасны момант… — І. Шамякін у гэты час працаваў над раманам «Сэрца на далоні».

 

14

М. Калачынскі — І. Шамякіну

1 ліпеня 1958, Рыга

Дарагі Іван Пятровіч!

Сёння роўна тыдзень як я на ўзмор’і. Першыя два дні было вельмі няўтульна, а, галоўнае, холадна. Марасіў дождж, мора, свінцова-сінее ад холаду, не прынімала да сябе. Здавалася, з лета мы прыехалі ў зіму; за вакном нават пішчэлі сініцы — іх тут багата.

Апошнія дні, пасля латышскага народнага свята Ліга, усё змянілася. Многа сонца, паветра, цеплыні. Калі наступае вечар, гараць водбліскі белых паўночных начэй. Хораша спіцца, але не пішацца. Пад бокам, акрамя мора, рака. Але рыба ў ёй не ловіцца, хадзіць туды няма ахвоты.

Са знаёмых тут Карпаў, Модэль і Кабзарэўскі. Усе мы нічога не ведаем, як прайшло абмеркаванне Кулакоўскага. Ці быў ты на абмеркаванні? Напішы хаця пару слоў.

Учора Кабзарэўскі атрымаў пісьмо з ленінградскай «Звязды». Да 40-годдзя БССР «Звязда» хоча даць поўнасцю беларускі нумар: трэба аповесць, апавяданні, вершы, крытыка. Што мы можам прапанаваць? Хто мае новую «повестушку»? Даручы, калі ласка, Багушэвічу спытаць хлопцаў. Мы павінны тэрмінова даць «Звяздзе» адказ.

Што новага ў Саюзе, у цябе асабіста? Магчыма закончыў другую частку «Непаўторнай вясны»? За ёй палюецца «Нява». Давай, браток, на — гара!

Як тваё здароўе? Скажу па шчырасці, што на Рыжскім узмор’і ты можаш падлячыць толькі нервы, гіпертанію і зоб, калі такі ёсць. Загартоўваць лёгкія і іншыя «органы» нельга: многа вільгаці, сырасці, на пляжы — поўна трухлявых старушэнцый і дзяцей.

Вось, бадай, і ўсё.

Прывітанне Пятру Усцінавічу, Тарасу, Есакову, Юру, усім нашым, а таксама — тваім дамачадцам: Машы, дзецям ад мяне і сям’і.

Па-сяброўску абдымаю!

Міхась Калачынскі.

1.VІІ-58.

Ліст напісаны беларускім паэтам Міхасём (Міхаіл Іванавіч) Калачынскім (1917—1990).

…як я на ўзмор’і. — На Рыжскім узмор’і.

…пасля латышскага народнага свята Ліга… — або Янаў дзень, латышскае народнае свята. Адзначаецца звычайна ў ноч з 23 на 24 чэрвеня і лічыцца адным з самых вялікіх і папулярных свят сярод латышоў. Дзень перад Ліга называюць Зялёным днём або днём Лігі.

Карпаў — гл. камент. да ліста № 5.

Модэль Міхась (Мендэль Моўшавіч; 1904—1980) — беларускі крытык.

Кабзарэўскі Павел Сямёнавіч (сапр. Гардон Фавій Залманавіч; 1909—1970) — рускі паэт, перакладчык.

…як прайшло абмеркаванне Кулакоўскага. — Магчыма, абмеркаванне аповесці «Дабрасельцы» («Маладосць», 1958, № 5). Кулакоўскі Аляксей Мікалаевіч (1913—1986) — беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры БССР (1974). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна).

…з ленінградскай «Звязды». — Са штомесячнага літаратурнага часопіса, які выдаецца ў Петраградзе — Ленінградзе — Санкт-Пецярбурзе з 1924 г.

Да 40-годдзя БССР… — адзначалася 1 студзеня 1959 г.

…Багушэвічу… — беларускаму пісьменніку Юрыю (Георгій Канстанцінавіч) Багушэвічу (1917—1983).

Магчыма закончыў другую частку «Непаўторнай вясны»? — Тут маецца на ўвазе другая аповесць «Начныя зарніцы» (1958) з пенталогіі «Трывожнае шчасце». «Непаўторная вясна» (1956) — першая аповесць з пенталогіі «Трывожнае шчасце».

За ёй палюецца «Нява». — У часоп. «Нева» сапраўды была надрукавана аповесць «Непаўторная вясна», але не ў 1958 г., як піша М. Калачынскі, а на год раней (1957, № 10). «Нява» — штомесячны літаратурны часопіс, які выдаецца ў Ленінградзе — Санкт-Пецярбурзе з 1955 г.

…Пятру Усцінавічу… — П. У. Броўку, гл. камент. да ліста № 11.

…Тарасу… — Т. Хадкевічу, гл. камент. да ліста № 11.

…Есакову… — гл. камент. да ліста № 11.

…Юру… — Ю. Багушэвічу.

…Машы… — Шамякінай Марыі Філатаўне (1921—1998), жонцы І. П. Шамякіна.

 

15

М. Лынькоў — І. Шамякіну

29 красавіка 1962, Мінск

Дарагі Іване!

Прымі з Марыяй Філатаўнай і ўсёй сям’ёй сардэчнае павіншаванне з першамайскім святам і цэлы кош самых добрых вясновых пажаданняў, каб у сям’і заўсёды пахла вясной, веснавой бадзёрасцю і радасцю.

З сяброўскім прывітаннем

Міхась Лынькоў.

29/ІV 1962 г.

Віншавальны ліст напісаны народным пісьменнікам БССР (1962), акадэмікам (1953), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) Міхасём (Міхаіл Ціханавіч) Лыньковым (1899—1975).

…з Марыяй Філатаўнай… — гл. камент. да ліста № 14.

 

16

М. Лынькоў — І. і М. Шамякіным

26 красавіка 1963, Мінск

Дарагія Іван Пятровіч і Марыя Філатаўна!

Прыміце з сям’ёй сардэчнае першамайскае павіншаванне і найлепшыя нашы пажаданні: здароўя, шчасця, поспехаў і вясновых радасцей!

З прывітаннем

Міхась Лынькоў.

26/ІV 1963 г.

Віншавальны ліст напісаны М. Лыньковым. Гл. камент. да ліста № 15.

…Марыя Філатаўна! — гл. камент. да ліста № 14.

 

17

І. Шамякін — З. Матузаву

24 ліпеня 1968 г., Мінск

Паважаны Захар Пятровіч!

У тэматычны план 1970 года прапаную мой новы раман аб жыцці інтэлігенцыі ў наш час — «Снежныя зімы». Хоць хацеў бы, каб выданне рамана не адцягвалася так далёка, бо твор гатовы, зданы ў «Полымя».

Маю намер зноў звярнуцца да сельскай тэмы — да жыцця сённяшняй вёскі, да тых працэсаў, якія адбыліся там у апошнія гады. Гэта будзе аповесць ці раман. Рэальна было б планаваць гэтую рэч на 1972 год. Больш блізкая задума: паспрабаваць напісаць апавяданні на аснове некаторых ленінскіх дакументаў. Тэма і жанр для мяне новы, не ведаю, што атрымаецца, але жаданне такое маю. Ёсць работа, якая пачата ўжо, але выдавецтва яна асабліва не зацікавіць, бо гэта — п’еса.

Такія мае планы. Калі яны ўнясуць крупінку ў Ваш вялікі пяцігадовы план — буду рады.

З павагай

Іван Шамякін.

24/VІІ 68 г.

На лісце наступная рэзалюцыя З. П. Матузава:

тов. Жычко

Прошу завести папку с ответами наше письмо. Попросите у т. Шамякина рукопись романа и по ознакомлении с ним будем решать в каком году издать.

З. Матузов

26.VІІ 68 г.

Ліст адрасаваны З. П. Матузаву. Гл. камент . да ліста № 12.

У тэматычны план 1970 года ~ «Снежныя зімы». — Раман выйшаў у 1970 г.

…зданы ў «Полымя». — Раман «Снежныя зімы» апублікаваны ў часоп. «Полымя», 1968, № 11, 12.

…напісаць апавяданні на аснове некаторых ленінскіх дакументаў. — У гэты час І. Шамякіным на ленінскую тэму напісаны наступныя творы: «Хлеб», «Камандор з “Алега”», «Браняпоезд “Таварыш Ленін”», «Эшалон прайшоў».

 

18

Вучні Церабунскай школы — І. Шамякіну

Пачатак 1960-х гг., Брэсцкі раён

Паважаны Іван Пятровіч!

Мы, вучні Церабунскай васьмігадовай школы Брэсцкага раёна, вельмі любім чытаць Вашы творы. Асабліва нам спадабаўся раман «Крыніцы» і тэтралогія «Трывожнае шчасце».

Мы вельмі хацелі б мець Вашу апошнюю кніжку «Матчыны рукі» з Вашым асабістым аўтографам ці іншы Ваш твор у нашай школьнай бібліятэцы. Калі ласка, прышліце нам.

Ад усёй душы жадаем Вам творчых поспехаў.

Вучні Церабунскай васьмігадовай школы: Апанасік, Кулеша, Панасюк, Ляўчук.

Наш адрас: Брэсцкая вобласць, Брэсцкі раён, вучням Церабунскай васьмігадовай школы.

Ліст напісаны вучнямі Церабунскай школы Брэсцкага раёна. Датуецца прыкладна пачаткам 1960-х гг. паводле зместу ліста: «… тэтралогія “Трывожнае шчасце”» і «…мець Вашу апошнюю кніжку “Матчыны рукі”». «Трывожнае шчасце» да 1964 г. было тэтралогіяй. А зб. «Матчыны рукі» выйшаў у 1961 г.

…апошнюю кніжку «Матчыны рукі»… — зборнік апавяданняў. Выйшаў у 1961 г.

 

19

В. Туркевіч — І. Шамякіну

14 лютага 1953 г, Пінск

Дарагі наш таварыш Шамякін!

Дазвольце мне, студэнту Пінскага педвучылішча, сказаць Вам, маладому таленавітаму пісьменніку, аўтару незабыўнай «Глыбокай плыні», шчырае маё студэнцкае «дзякуй» за Вашу цудоўную кнігу. Асабіста з Вамі я не знаёмы, але адчуваў сябе шчаслівым, прачытаўшы «Глыбокую плынь» , а асабліва, калі Вам прысудзілі за яе Сталінскую прэмію. Я вельмі люблю родную мову, мову Купалы, Коласа, Багдановіча, Каліноўскага, Скарыны, мову Глебкі, Броўкі, Крапівы, Шамякіна. Я ганаруся, што гэта беларусы. Таму з’яўленне кожнага новага твора сустракаю з вялікай радасцю. Вашу кнігу я чытаў 3 разы. Кожны раз знаходжу ў ёй новае Ваша паэтычнае майстэрства. Вось чаму я так горача люблю Вас, мой настаўнік, мой старэйшы брат, таварыш Шамякін.

Я думаю, Вы не ўзлуецеся, калі я звярнуся да Вас з просьбай. Я прашу ў Вас (вельмі шчыра прашу!) прыслаць мне экзэмпляр «Глыбокай плыні» на роднай мове і свой фотаздымак.

Дарагі Іван Пятровіч! Прабачце, калі ласка, што турбую Вас сваім лістом, адрываючы ў Вас дарагі час — час творчай працы.

Надта моцна прашу выканаць маю просьбу, дарагі Шамякін.

Бывайце! Жадаю поспехаў!

Ваш чытач і вучань

В. Туркевіч,

студэнт Пінскага

педвучылішча імя А. С. Пушкіна

г. Пінск

14 лютага 1953 года.

На лісце рукой І. Шамякіна: Адк.

Ліст напісаны студэнтам Пінскага педвучылішча В. Туркевічам.

…Сталінскую прэмію. — Прысуджана ў 1951 г.

…Купалы… — Купала Янка (сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 1882—1942) — народны паэт БССР (1925), акадэмік АН БССР (1928). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1941).

…Коласа… — Колас Якуб (сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 1882—1956) — народны паэт БССР (1926), акадэмік АН БССР (1928). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1946).

…Багдановіча… — Багдановіч Максім Адамавіч (1891—1917) — беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык, перакладчык.

…Каліноўскага… — Каліноўскі Кастусь (Канстанцін (Вінцэнты) Сямёнавіч; 1838—1864) — рэвалюцыянер, публіцыст, паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. на тэрыторыі Расійскай імперыі.

…Скарыны… — Скарына Фрынцыск (каля 1490 — каля 1551) — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч.

…Глебкі… — Глебка Пятро (Пётр Фёдаравіч; 1905—1969) — беларускі паэт, драматург, крытык, перакладчык. Акадэмік АН БССР (1957).

…Броўкі… — гл. камент. да ліста № 11.

…Крапівы… — Крапіва Кандрат (сапр. Атраховіч Кандрат Кандратавіч; 1896—1991) — народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Акадэмік АН БССР (1950). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1941, 1951). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974).

 

20

В. Туркевіч — І. Шамякіну

24 сакавіка 1953 г., Пінск

Дарагі Іван Пятровіч!

Я атрымаў Ваш падарунак 24 сакавіка г.г., за што ад усяго сэрца выказваю Вам шчырую-шчырую падзяку. Я ад сэрца дзякую Вам, што Вы задаволілі найвялікшую маю просьбу, што Вы, нягледзячы на ўсю сваю занятасць, знайшлі час прачытаць мой ліст з просьбай прыслаць уласную кнігу, выканалі яе, хоць гэта каштавала вялікіх сродкаў і турбот. Як граніт, моцнае, як горы, вялікае і ад усяго сэрца шчырае Вам дзякуй за гэта шаноўны і родны Іван Пятровіч! Праз некалькі хвілін пасля таго, як я атрымаў Ваш пакет, аб гэтым незвычайным здарэнні ўжо ведалі ўсе 324 студэнты. Гэты выпадак зрабіў станоўчае ўражанне на нашых студэнтаў. Гэта знішчыла меркаванне, якое ў некаторых захавалася аб пісьменніку, як аб чымсьці незвычайным. Некаторым са студэнтаў, асабліва малодшых курсаў, цяжка растлумачыць, што пісьменнік — гэта самы звычайны, самы просты чалавек, як і ўся інтэлігенцыя, рабочыя, калгаснікі.

Дарагі Іван Пятровіч!

Я жадаю паведаміць Вам, што з гэтага часу мы станем добрымі сябрамі. Я лічу Вас сваім настаўнікам, сваім бацькам і сваім старэйшым верным таварышам. Не бяда, што мы асабіста не можам яшчэ сустрэцца: чытаючы «Глыбокую плынь», я буду лічыць, што праводжу час у размове з Вамі, дарагі таварыш Шамякін. «Глыбокая плынь» — з гэтага часу мой неразлучны спадарожнік. Такую каштоўную і цікавую кнігу штораз будзем чытаць з усё ўрастаючым захапленнем.

Жадаю Вам, паважаны Іван Пятровіч, новых поспехаў у Вашай творчай працы па стварэнню новых вобразаў гераічнага беларускага народа, будаўніка камуністычнага грамадства!

Іван Пятровіч! Вы вельмі мяне ўзрадавалі б, калі б адказалі на наступныя пытанні, што мяне дужа цікавяць:

1. Над чым Вы зараз працуеце, аб чым пішаце новы твор, як ён называецца?

2. Ці наведае Пінскі АДНТ у хуткім часе хто з нашых пісьменнікаў і паэтаў?

3. Вельмі прашу перадаць ад мяне і ўсіх нас, чытачоў, прывітанне Бацьку нашай літаратуры Якубу Коласу і ўсім іншым пісьменнікам.

Вельмі шчыра прашу, мой любімы Іван Пятровіч, даць адказ у форме пісьма.

Яшчэ раз дзякуй за кнігу!

Жадаю вялікіх поспехаў!

Бывайце!

З пашанай да Вас студэнт Пінскага педвучылішча

Ваш чытач і малодшы таварыш

Васіль Туркевіч

24/ІІІ-53 г.

г. Пінск

Туркевіч.

Ліст напісаны В. Туркевічам. Гл. ліст № 19 і камент. да яго.

…Якубу Коласу… — гл. камент. да ліста № 19.

 

21

Я. А. КулагаІ. Шамякіну

20 ліпеня 1953 г., в. Суенец

Дарагі і шаноўны пісьменнік Іван Шамякін!

Я з захапленнем прачытаў Ваш твор «Глыбокая плынь», але то, што я адчуваў, калі чытаў Ваш новы твор «У добры час» не здолею і апісаць: для гэтага патрэбна быць такім як Вы — Іванам Шамякіным! Я плакаў і не саромеўся сваіх слёз. Можна шмат за што з Вашага рамана Вам падзякаваць, але звыш таго бясконца дзякуй Вам за мову Вашага твора: якая ж яна праўдзівая, прыгожая і жыццярадасная!

Жадаю Вам і на далей такіх жа поспехаў у будучым! У добры час!

20.7. 1953 г. Е. А. Кулага

Хочацца Ваш твор убачыць на экране ў кіно, але каб Ваша «пісьмо» захавалася такім жа.

На адваротным баку ліста рукой, хутчэй за ўсё, М. Ф. Шамякінай напісана: Могил. обл. Кировский р-н Мышковичский с/с Кулага Евгений Алексеевич

Ліст напісаны чытачом Я. А. Кулагам.

 

22

Вучні Каменскай СШ — І. Шамякіну

24 студзеня 1957 г., Шчучынскі раён

Добры дзень, дарагі і паважаны Іван Пятровіч!

Дарагі Іван Пятровіч!

Вы, напэўна, і не падазравалі, што ў нашай рэспубліцы ёсць дзесяцігодка, якая называецца Каменскай. Вучні дзясятага класа гэтай школы і пішуць Вам.

Паважаны Іван Пятровіч!

Хоць Вы нас і не ведаеце, але мы з Вамі пазнаёміліся ўжо даўно гадоў пяць таму назад, чытаючы Вашу кнігу «Глыбокая плынь». Гэтая кніга стала адной з самых любімых нашых кніг.

Праз некалькі год мы з Вамі, як з добрым знаёмым, сустрэліся зноў: мы чыталі Ваш новы раман «У добры час», які стаў самай папулярнай кнігай сярод нашай савецкай моладзі. Па раману «У добры час» вучнямі нашай школы два разы праводзілася чытацкая канферэнцыя пры прысутнасці настаўнікаў. І неяк само сабой увайшло ўжо ў традыцыю, што вучнямі нашай школы праводзіцца раз у год чытацкая канферэнцыя па якой-небудзь Вашай кнізе. А так як быў надрукаваны Ваш новы раман «Крыніцы», то мы рашылі правесці чытацкую канферэнцыю па гэтаму раману.

Мы ўжо ўсе прачыталі раман, чыталі з вялікай цікавасцю і захапленнем. І вельмі добра было б, дарагі Іван Пятровіч, каб з заключным словам на канферэнцыі выступілі б Вы самі! Пагэтаму вельмі і вельмі просім Вас прыехаць к нам на канферэнцыю, якая адбудзецца 2 лютага ў 7 гадзін вечара!

Калі ж прыехаць не зможаце, дык напішыце, калі ласка, над чым Вы працуеце цяпер і пра першыя літаратурныя крокі (гэтае пытанне цікавіць асабліва некаторых вучняў, таму што яны пачынаюць пробаваць сваё пяро).

На гэтым дазвольце пажадаць Вам добрага здароўя на доўгія гады і выдатных поспехаў у Вашай цяжкай і слаўнай працы на карысць народу і Радзіме!

Прыязджайце, калі ласка!

Будзем чакаць!

Да хуткай сустрэчы, дарагі і шаноўны Іван Пятровіч!

Ад імя вучняў дзясятага класа:

Белаец І.

Дубок П.

Лебядзінская Т.

Шэўчык І.

Якушка А.

24/І-1957 года.

На лісце рукой М. Ф. Шамякінай напісана: Гродзенская вобл. Шчучынскі р-н Каменская СШ.

Ліст напісаны вучнямі Каменскай сярэдняй школы Гродзенскай вобл.

 

23

З дзённікавых запісаў І. Шамякіна 1945—1946 гг.

9 снежня 1945 г.

Мы з Машаю прыгожа жывём. Удвух працуем, дапамагаем адзін другому, жартуем, натхняемся і верым у вялікую чароўную будучыню. Часта ў нас няма хлеба. І тады ядзім бульбяны суп і бульбяныя аладкі і за ядою вясёла кпім са свайго становішча. Маленькая Лінка дапамагае нам смяяцца.

Я перапрацоўваю і перапісваю старыя апавяданні. Маю «Помсту» абяцаюць надрукаваць і абяцаюць (абяцаў у лісце Крысько) выклікаць на пашыраны пленум Праўлення ССПБ, які мае адбыцца 10 снежня, але праз паўтары гадзіны будзе 10, а выкліку ніякага няма.

Абраны сакратаром пярвічнай партарганізацыі. Сёння — выхадны, а мы ўтрох (я, Маша і Таня) амаль увесь дзень рыхтавалі топліва — пілілі, калолі і насілі ў пакой дровы.

Мароз. Бясснежна. Халодна нават і ў пакоі.

 

13 снежня 1945 г.

Сакратару партарганізацыі работы надта многа і работа адказная. Пазаўчора правёў партыйны сход, учора — сход настаўнікаў і сход калгаснікаў — вылучалі кандыдатаў у састаў выбарчых камісій. На сходзе калгаснікаў упаўнаважаны райкама партыі парушыў дэмакратыю — не ўвёў у спісак для галасавання кандыдатуру, пададзеную калгаснікамі.

Пасля я чуў калгаснікі бурчэлі:

— Каго захацелі, таго і вылучылі. Навошта сабіралі нас.

У гэтым, лічу, вялікая бяда нашых многіх працаўнікоў: зразаць правы калгаснікаў, паніжаць іх значэнне, як гаспадароў свайго калгаса. У калгасах справы вельмі дрэнныя. Трэба добрая агітацыя, каб умацаваць працоўную дысцыпліну. І навогул трэба шырока развярнуць агітацыйную работу.

Спрачаюся з Машай. Яна не верыць у сілу нашай агітацыі. Даказваць ёй цяжка. Яна — індывідуалістка, нават некалькі эгаістка і ўжо пачынае раўнаваць мяне «к совещаньям, книгам и друзьям». Сёння яна без прычыны расплакалася і заявіла, што я не добры, што яна жадала б, каб я быў такім, якім быў у 1940 годзе — у першы год нашай жаніцьбы, калі мы пражылі разам толькі 26 дзён. Дзіўная.

Не шанцуе ў гаспадарцы. Без мяне яна завяла цёлку, парасёнка. Тыдзень назад цёлка цяжка захварэла, і мы вымушаны былі прырэзаць. Сёння раніцою раптам захварэў парасёнак. Ужо падрыхтавалі нож, але вырашылі пачакаць. Зараз дзяжурым каля яго, каб не даць яму здохнуць. Але здаецца яму стала лепш.

Пабыла Таня. Гасціла тыдзень. Сёння пайшла. Вельмі ўжо я адарваўся ад сваіх бацькоў.

 

18 снежня 1945 г.

Атрымаў тэлеграму ад Лынькова. Прыглашае на пленум ССП. Пытае, ці згодны прыехаць. Сёння я даў тэлеграму, што паехаць вельмі рад і папрасіў афіцыяльнага выкліку, каб па ім атрымаць права выехаць з месца работы і ўехаць у Мінск.

Выпаў снег. Бела, чыста, прыгожа. Месячныя ночы. Учора нас наведаў Коля Літвінаў, а ў нас не было нават і хлеба, не маглі знайсці па чарцы. Частавалі бульбай ды салам (парася забілі).

Маша нездаволена, што я многа работаю. І сапраўды гэта цяжка, асабліва пры такіх умовах. Самага прастога і неабходнага — лямпы няма. Ад газніка закапціліся сцены, кнігі, люстра, і кожнае ранне поўны нос копаці. Апрача ўсяго гэтага — цяжка вачам. А работаць трэба многа і ўпарта. Трэба вучыцца. Многа часу аднімаюць абавязкі сакратара партарганізацыі.

 

21 снежня 1945 г.

Учора позна ўвечары хадзіў у Чарацянку (вёска за 4 км) праводзіць сход калгаснікаў. Зрабіў нядоўгі, але яскравы і пераканаўчы даклад аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР. Пасля выступіў з гарачай прамовай аб выкананні лесанарыхтоўкі і пазыкі. Паслухаў як адна цётка лаялася са старшынёй. Вось гэта дэмакратыя! У другой краіне за такія словы на кіраўніка яе пасадзілі б. А тут старшыня, відаць, прывыкнуў да гэтага — і вухам не шавеліць, як быццам так і трэба.

Увесь час мяне здзіўляла апалітычнасць нашай вясковай інтэлігенцыі, асабліва настаўнікаў. Я шукаў прычыны гэтай апалітычнасці і толькі сёння знайшоў. Сёння выпадкова ў размове я нечакана высветліў, што ўсе тры настаўніцы НСШ выключна нічога не ведаюць аб працэсе галоўных нямецкіх злачынцаў у Нюрбергу. Вось яна прычына — яны выключна нічога не чытаюць і апрача свайго прадмета і сваёй хатняй гаспадаркі нічога не ведаюць і не хочуць ведаць. Больш гадзіны расказваў ім аб гэтай вялізарнай гістарычнай з’яве міжнароднага значэння.

Маша таксама не чытае газет і не ведаю, як заставіць яе рабіць гэта. Па-ранейшаму яна цікавіцца толькі мастацкай літаратурай.

 

3 студзеня 1946 г.

З 25 па 31 снежня быў у Мінску на пашыраным пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пазнаёміўся з усімі пісьменнікамі і паэтамі. Перапоўнены ўражаннямі і жаданнем пісаць, як мага, больш і лепш. Але пісаць цяжка. Многа пабочнай работы. Апрача таго, Маша глядзіць на мой творчы труд, як на нейкую забаву, не цікавіцца ім і не цэніць яго. Нават, здаецца, часамі яна проста хоча перашкодзіць мне пісаць. Гэта яе абыякавасць да маёй працы абражае мяне. Я пакуль што ўмела адкупляюся жартамі. Але гэта вельмі непрыемна і крыўдна нават за яе, якую я заўсёды так высока цаніў. Маё напружанае намаганне да творчай работы яна расцэньвае як гультайства, нежаданне займацца гаспадарчымі работамі і маё жаданне ўсё ўзваліць на яе. Гэта глупа і больна! Я бачу, што ёй цяжка, я стараюся дапамагчы ёй усім, чым толькі магу, але яна проста часамі бывае неразважна і неразумна несправядлівай. Я ж хачу толькі аднаго, каб мы заўсёды так разумелі адзін другога, як разумелі раней і заўсёды так кахалі друг друга, як кахаем цяпер.

 

16 студзеня 1946 г.

Мая творчая работа мае марудныя тэмпы. За тры месяцы, якія я ўжо знаходжуся дома, я не напісаў ні аднаго апавядання, ні аднаго верша. Я толькі перапісаў некалькі старых апавяданняў. Яшчэ горш тое, што я амаль нічога не чытаю, не вучуся. Работа ў школе, партыйная работа і сям’я аднімаюць амаль увесь час. Асабліва многа часу аднімае партыйная работа. Я не магу не работаць, калі навокал так дрэнна рухаецца перабудова жыцця. Мне здаецца, я аддаў бы сваё сэрца, жыццё, каб толькі пераканаць людзей у самым простым: тое, што маем мы — сацыялізм — самае найлепшае, што ёсць на зямлі і што шчасце ўсіх, паляпшэнне жыцця залежыць ад іх, ад іх працы. Многія гэтага не разумеюць. Маша таксама добра не разумее гэтага і нам даводзіцца спрачацца. Яна абвіняе мяне і дакарае, што я хутка зусім закіну сваю творчую працу. Не, я ніколі не закіну яе. Але пісаць цяжка. Я ўспамінаю, як хутка і лёгка я напісаў «Помсту» і як цяжка пішацца зараз аповесць «Пасля вайны». Ну, нічога! Дрэнны той пісьменнік, хто сам не прынімаў удзел у барацьбе, якая кіпіць кожны дзень.

Дрэнна з матэрыяльнымі ўмовамі. Вось ужо паўмесяца не бачу хлеба і даводзіцца сядзець на адной бульбе з капустаю. Адчуваю, што слабею фізічна: часта кружыцца галава, часта баліць, панізілася работаздольнасць, з’явілася санлівасць. Але я стараюся не паказваць сваёй слабасці і кожны новы дзень сустракаю з радасцю, з цвёрдай надзеяй на лепшае, на шчаслівейшае жыццё.

 

28 студзеня 1946 г.

Кажуць, што чалавек вельмі трывалы — трывалей любой жывёліны. Мне здаецца, што гэта не так. Чалавечае жыццё вельмі часта абрываецца, канчаецца так раптоўна, так нечакана, што толькі здзіўляешся. Пазаўчора я гаварыў з адным нашым камуністам, старшынёй калгаса. Гэта быў выключна вясёлы, чэсны, адданы сваёй справе чалавек. Ён сказаў мне: «Не я буду, калі не падніму калгас». І на ўчарашні дзень назначаў пайсці ў сваты. Учора раніцою прыбег чалавек і паведаміў, што гэты цудоўны хлопец, Коля Карніенка, памёр, без хваробы, нечакана, у дзесяць гадзін вечара пазаўчора. У чым справа? Толькі за некалькі гадзін да смерці ён паскардзіўся на ангіну. Крыўдна і жалка да болю, да слёз. Шэсць год ён прабыў у арміі, праваяваў усю вайну, ранены, узнагароджаны. І зараз — жыць бы і жыць, але — не… Што гэта лёс, ці што? Мяне вельмі ўразіла гэта смерць.

На сённяшні дзень поўны варыянт дзённікаў гэтых гадоў не выяўлены. Тэкст падаецца ў аўтарскай рэдакцыі.

…з Машаю… — гл. камент. да ліста № 14.

…Лінка… — Шамякіна Ліна Іванаўна (нар. 1941) — дачка І. Шамякіна.

Маю «Помсту» абяцаюць надрукаваць… — надрукавана ў часоп. «Полымя» 1945, № 11—12.

Крысько — Вітка Васіль (сапр. Крысько Цімох Васільевіч; 1911—1996) — беларускі дзіцячы пісьменнік, драматург, перакладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972).

…выклікаць на пашыраны пленум Праўлення ССПБ… — пленум праходзіў з 27 па 30 снежня 1945 г.

Таня — Смірнова Таццяна Пятроўна (1931—1996) — сястра І. Шамякіна.

…Лынькова… — гл. камент. да ліста № 15.

Чарацянка — вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобл.

…аб працэсе нямецкіх злачынцаў у Нюрбергу. — Маецца на ўвазе Нюрбергскі працэс — судовы працэс над групай галоўных нацысцкіх ваенных. Праходзіў з 20 лістапада 1945 па 1 кастрычніка 1946 г.

…як цяжка пішацца зараз аповесць «Пасля вайны». — І. Шамякін у гэты час працаваў над раманам «Глыбокая плынь».

 

Уступнае слова, падрыхтоўка тэкстаў і каментарый Алесі ШАМЯКІНАЙ.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.