Вы тут

Мар'ян Дукса. Вершы


Дукса Мар’ян Мікалаевіч нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Свірскае вучылішча механізацыі (1960), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1969). Працаваў у калгасе, настаўнічаў у Сольскай сярэдняй школе на Смаргоншчыне.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Спатканне» (1967), «Станцыя» (1974), «Забытыя словы» (1979), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989), «Горн прымірэння» (1993), «Прыйсці да алтара» (2003), «Птушка вечнасці — душа» (2015) і інш., кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980), «Світаюць сосны» (1987), «Працавітае сонца» (1994), «Нябесны карнавал» (1998), «Паэтычны каляндар» (2003).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1990).

 

 

Мар’ян ДУКСА

 

Страх цішыні

 

 

Лета

Лета… Задыхала роўна планета.

Квецень пладамі наўкруг прарасла.

Цёплыя пырскі бягуць з-пад вясла.

Пальцамі гладзіць ваду Віялета.

Чулых лакцей супакоены дотык.

Суіснаванне лагодных плячэй.

Знікла экспрэсія — зліцца хутчэй.

Выдыхся ў сэрцы вясенні наркотык.

Лета. На хвалях жывых калыханне.

Час хоць на міг задрамаў. Не ляціць.

Ціхенька толькі чарот шамаціць

Пра лёгкаплынную радасць кахання.

 

 

* * *

Прыйдзе — не прыйдзе… Зычым табе мы,

хлопец нацяты, шчаслівых хвілін.

Прыйдзе — не прыйдзе… Ад гэтай дылемы

дзьме неспакой найвялікшы адзін.

Ног маладых непрадбачаны танец,

думак бязладных маленькі хаос.

Як ён — ці збудзецца радасны шанец

сёння расквеціць, умаіць свой лёс?

Прыйдзе — не прыйдзе… Вось і змярканне.

Змрокі ў сэрца сягаюць глыбей.

Зараз няўжо яна — стрэлка спаткання,

хоць і застыне, а пойдзе далей.

З хлопцам на пару ўстрывожаны ўсе мы,

мусіць, трапечамся з ім недарма.

Прыйдзе — не прыйдзе… Ды большай праблемы,

чым гэта стрэча, у свеце няма.

 

 

* * *

З вандзэлкам ці з букетам кветак,

з плячэй сцягнуўшы балахон,

героі драм ці аперэтак

увесь запоўнілі вагон.

Усё чытаецца на тварах —

хто ў шчасці, хто бядой зарос.

Хто плавае ў дзіцячых марах,

каго піхнуў нядаўна лёс.

Дарожных хто размоў аматар,

хто ўмураваны нелюдзім…

Жыцця шматярусны тэатр,

ты ролі раздаеш усім.

Спакойны, радасны, трывожны —

ёсць папярэдні дагавор —

на свой спектакль едзе кожны,

дзе іх чакае рэжысёр.

 

 

* * *

— Мама, ну як ты жывеш-пачуваеш?

— З працы прышла я. Адпачываю.

Што прыляціш — і не думала зранку.

Ах, і прыемная неспадзяванка…

Дзякую, сыне. Пабудзеш?

— Паеду…

Трэба на працу мне пасля абеда.

Ну не сумуй, не хварэй. І дарэчы,

яблыкаў бы прыхапіць… Да сустрэчы!

— Мама, ну як ты? Ці чуеш? Ало!

Нешта званка ад цябе не было.

— Не дазванілася…

Мо ад змогі

штосьці баляць адвячоркамі ногі.

Не паддаюся хваробе ані.

Сам ты як маешся, сынку? Звані.

Вельмі чакаю твайго я званка.

Заўтра заскочыць, можа, дачка…

 

Божа, ах колькі нясуць асалоды

рэдкія стрэчы, званкоў эпізоды.

Кожны маленькі такі эпізод

склейвае і выратоўвае род.

Толькі б не лопнуў — вецер наўкруг! —

праведнай роднасці тонкі ланцуг.

 

 

* * *

Страх цішыні нас бегчы прымушае

туды, дзе гэтай цішыні ледзь-ледзь.

Загадвае, не толькі спакушае,

пявучыя навушнікі надзець.

Страх цішыні і там, дзе апроч птушкі,

якая цэдзіць мілагучны спеў.

Настойвае, каб з нашай легкавушкі

гром музыкі ва ўсе кусты ляцеў.

Пакуль маўчаць над галавою зоры,

пакуль праз ноч пабульквае рака,

дынамікі гучаць ва ўсёй прасторы,

спалохаўшы ў гняздзе лесавіка.

Як збаўчым мёдам, шумам наталенне

на скрыжаванні людным ці ў глушы.

Страх цішыні — ці голасу сумлення?

Страх цішыні — ці позірку душы?

 

 

* * *

Памылак шмат за век кароткі.

Змяніць бы што… Напэўна, рады

штангісты ўсе — у іх усё-ткі

аж тры падходы да снарада.

Вось ім палепшыць вынік можна

і здзейсніць запаветнасць мэты.

А ў нас які трыумф дарожны?

Адны паломкі і кюветы.

Яшчэ хоць раз бы нам вярнуцца,

крануцца з нулявога старту,

дарогай іншай крутануцца,

адкінуўшы кураж і жарты.

Але ж каб збегчы ад нягодаў,

нашто вяртацца тэрмінова.

У нас жа тысячы падходаў…

Рабіць бы іх своечасова.

 

 

* * *

Вось ён — гарматны ці ракетны стрэл…

Паветра загалёкала нібы.

Пагрозы тут няма для душ і цел.

Затое ёсць «эстэтыка стральбы»…

І залп па волі чалавечых рук

агонь і дым над галавой растрос.

Які высокі і парыўны гук

стартуе трыумфальна да нябёс.

Ды захапленне зыркае вачэй

ці цягне ну хаця б на паўграша?

Не цешыцца, а ўздрыгвае хутчэй,

бянтэжыцца, сціскаецца душа.

Яшчэ спакою не адбыўся крах.

Ёсць толькі шык, вясёлы знак гульбы.

Хоць гоніць у падкоркі кволы страх

грымучая «эстэтыка стральбы».

 

 

Нябесны пілігрым

 

Памяці Язэпа Драздовіча

 

Ты фарбы ўсе ў сваёй катомцы нёс,

і апроч іх, там не было нічога.

Была дарога, як дарога-лёс,

праз дзень і ноч бясконцая дарога.

Яна табе дарыла водар свой,

паклікаўшы гасцінна на світанку.

І вабіла прытульнаю травой,

пяшчотнаю птушынай калыханкай.

Душа ляцела вольная да зор

над мурагом, які наўкруг сушыўся.

Ды прыпыняў цябе сялянскі двор,

дзе дробны клопат буйна лапушыўся.

Спявалі жорны ў восеньскай глушы

пад скрып калёс спрадвечна-манатонны…

Ды марны лёс, калі ў тваёй душы

грувасціцца адзіны хлеб надзённы.

Ах як гуляе весела рука

па чыстым полі аркуша паперы.

Шчаслівы без казённага пайка,

узмоцнены жывою праўдай веры.

Абраннік Бога, мусіць, ты спярша —

празмернасці ў сваім не бачу слове.

Няхай сабе ў кішэні ні граша,

затое сэрца ў пацерках любові.

Як добра: лёс дарожны не прывёў

на ўсходні бераг, дзе лічыўся братам.

За тое, што свой край ты так любіў,

абавязкова быў бы вінаватым…

І падалі з тваіх нябесных сноў,

як мары-птушкі, дзіўныя лятункі

на ніткі ільняныя дываноў

такія цудатворныя малюнкі.

Ты быў для ўсіх такі жаданы госць,

нёс пекнату, нібы вясна пралескі.

Свет уратуе, пэўна, прыгажосць,

як прамаўляў нам Фёдар Дастаеўскі.

Твае малюнкі ўсе і дываны

знайшлі дарогу — у душу на покуць.

А высілкі твае — павер, яны

нас прыўзнімаюць болей, чым на локаць.

Каментары

Ад усяго сэрца віншую Мар'яна Дуксу з Нацыянальнай прэміяй у намінацыя "Паэзія". Выдатны выбар. Творчых поспехаў, чакаем новых паэтычных радкоў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.