Вы тут

Рост балаў на ЦТ павысіў прахадную планку ў ВНУ


У вышэйшых навучальных установах краіны прыёмная кампанія выйшла на фінішную прамую. Сёння стануць вядомыя прозвішчы тых, хто «ўскочыў у апошні вагон», — быў залічаны на платную форму навучання. Чым жа запомніцца сёлетняя прыёмная кампанія? У першую чаргу, надзвычай высокімі прахаднымі баламі на шэраг спецыяльнасцяў.


Тэсты спрасціліся ці падрыхтоўка палепшылася?

382 балы неабходна было набраць сёлета, каб паступіць у БДУ на спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны» і «Міжнароднае права». Для таго, каб вывучаць у Белдзяржуніверсітэце «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», трэба было мець у сваім багажы не менш як 376 балаў, «Сусветную эканоміку» — 367 балаў, «Паліталогію» — 362 балы, «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму» — 361. На «Аўдыявізуальную журналістыку» прахадны бал склаў 370.

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце спасцігаць кітайскую мову на перакладчыцкім факультэце будуць абітурыенты, якія здолелі набраць 377 балаў і больш (размова ідзе пра спецыяльнасць «Кітайская (на базе англійскай) і другая замежная мова»).

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прахадны парог на спецыяльнасці «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» склаў 374 балы. Сапраўдны аншлаг назіраўся і на спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі», дзе на адно месца прэтэндавалі 7,6 чалавека (прахадны бал — 361).

Як відаць, планка, якая дазваляе абітурыентам разлічваць на бясплатную вучобу ў ВНУ, працягвае павышацца. Як расце і колькасць абітурыентаў, якім не хапіла літаральна два-тры балы да максімальнага выніку...

Так, выпускнік сталічнай гімназіі №61 Уладзіслаў Рэентовіч здаў на 100 балаў беларускую мову, фізіку і матэматыку. У суме са школьным атэстатам ён набраў 399 балаў з 400 магчымых і без праблем паступіў у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Не давялося хвалявацца за сваё паступленне на прэстыжны факультэт міжнародных адносін і выпускніцам бабруйскай гімназіі №3 Ірыне Івах і Ганне Зыкавай. Дзяржаўную мову, замежную і грамадазнаўства яны таксама здалі на 100 балаў. А ўвогуле на 100 балаў у гэтым годзе было напісана 330 тэставых работ (летась было 277 стабальных вынікаў). Вышэйшы бал па трох дысцыплінах — у трох чалавек, па двух прадметах — у 15 абітурыентаў.

Нават па такой традыцыйна складанай для абітурыентаў дысцыпліне, як фізіка, было зафіксавана 34 стабальныя вынікі і 25 — па матэматыцы. Парадавалі і вынікі ўдзельнікаў ЦТ па беларускай мове — на 100 балаў гэты прадмет здалі 50 чалавек — утрая больш, чым у папярэднім годзе.

Цяпер усе выказваюць здагадкі: або тэсты максімальна спрасціліся, або абітурыенты сталі больш мэтанакіраванымі? У галоўным адукацыйным ведамстве схільныя лічыць, што выпускнікі школ сталі больш свядома падыходзіць да сваёй падрыхтоўкі. Па той жа матэматыцы павялічылася колькасць абітурыентаў, якія здалі тэст больш чым на 50 балаў, і зменшылася колькасць удзельнікаў ЦТ, якія не пераадолелі мінімальны парог.

На думку міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, ідэальнай сістэмы здачы экзаменаў няма і, напэўна, не будзе: «Той, хто добра здаў той ці іншы экзамен, будзе яго хваліць, а іншы, наадварот, будзе казаць, што ўсё дрэнна. Тая ж акалічнасць, што сярод прэтэндэнтаў на студэнцкі білет ёсць маладыя людзі, якія здалі на 100 балаў усе тры экзамены, сведчыць, што абітурыенты навучыліся рыхтавацца да тэстаў...»

Трэба заўважыць, што высокая колькасць уладальнікаў максімальных балаў абумовіла надзвычай вострую канкурэнцыю паміж імі на асабліва прэстыжных у моладзі спецыяльнасцях.

Увогуле ў Белдзяржуніверсітэце сёлета 63% залічаных на бюджэтную форму навучання па агульным конкурсе маюць сумарны бал сертыфікатаў 300 і вышэй. Узрасла сярод першакурснікаў і колькасць пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Такіх абітурыентаў у БДУ — 95, сярод іх 6 лаурэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кожны чацвёрты першакурснік скончыў сярэднюю школу з медалём або ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Дарэчы, у БДУ сёлета канстатуюць рэкордна нізкі паказчык сярод залічаных на першы курс мінчан — 33,5%: гэта значыць, што вядучы нацыянальны ўніверсітэт прыцягвае лепшых выпускнікоў з усёй краіны.

У Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі сярод 1045 залічаных на першы курс маладых людзей 300 балаў і больш маюць 73%. У прыёмнай камісіі падлічылі: сярэдні бал першакурснікаў — 324!

Тэхнічныя спецыяльнасці: выбар лепшых з горшых?

Паколькі Беларусь з'яўляецца экспартна арыентаванай краінай, для яе эканомікі выключна важнае значэнне мае тэхнічная адукацыя. Патрэба ў высокакваліфікаваных спецыялістах расце, а патрабаванні да ведаў і прафесійных навыкаў становяцца ўсё больш жорсткімі. Разам з тым вельмі многія тэхнічныя спецыяльнасці не могуць пахваліцца якасным наборам першакурснікаў. Напрыклад, усяго 152 балы трэба было набраць сёлета, каб вучыцца ў БНТУ на будаўніка цеплавых і атамных электрастанцый. На спецыяльнасць «Суднабудаванне і тэхнічная эксплуатацыя воднага транспарту» прахадны парог склаў 118 балаў, «Дызайн гусенічных і колавых машын» — 118,3 бала, «Гарадскі электрычны транспарт» — 168, «Тэхналогія матэрыялаў і кампанентаў электроннай тэхнікі», «Рухавікі ўнутранага згарання» — 171.

У Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А. Д. Сахарава БДУ, каб вывучаць энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент, дастаткова было мець 142 балы.

У Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце бюджэтнікі з самымі нізкімі адзнакамі будуць вучыцца на спецыяльнасці «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў (сельская гаспадарка)». Для паступлення на яе хапала 118 балаў.

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце прасцей за ўсё было паступіць на спецыяльнасць «Лясная гаспадарка» — усяго 131 бал для бюджэтнай формы навучання.

Прахадны бал на «Тэхналогію дрэваапрацоўчых вытворчасцяў» — 137. Вышэйшым аказаўся прахадны парог на спецыяльнасці «Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» — 197. На «Біятэхналогію» патрабаваўся 261 бал. А самая запатрабаваная спецыяльнасць у тэхналагічным універсітэце — «Тэхналогія лекавых прэпаратаў», куды для паступлення патрабавалася 290 балаў. У той жа час дадатковы набор у БДТУ не абвяшчаўся — ва ўніверсітэце змаглі «закрыць» усе бюджэтныя месцы.

Патрэба ў дадатковым наборы нечакана ўзнікла ў БДУ на геаграфічным факультэце: на спецыяльнасці «Гідраметэаралогія», «Геалогія і разведка радовішчаў карысных выкапняў» і «Геаінфармацыйныя сістэмы (зямельна-кадастравыя)» залічылі ўсіх, хто падаў дакументы. Недабор ва ўніверсітэце звязваюць з не вельмі ўдала падабранымі профільнымі прадметамі: фізіка і геаграфія.

Дарэчы, у БДУ рыхтуюць і будучых атамшчыкаў. На фізічным факультэце ёсць спецыяльнасць «Ядзерная фізіка і тэхналогіі». Прахадны бал на факультэт склаў 167. Гэта пры тым, што працаваць у ядзернай галіне было прэстыжна ва ўсе часы, вось толькі вучыцца на адпаведных спецыяльнасцях даволі складана. Да таго ж і здаваць пры паступленні трэба фізіку і матэматыку. У педагагічных ВНУ менавіта гэты напрамак запаўняецца з цяжкасцямі: так, у Магілёўскім педагагічным універсітэце на «Матэматыку і інфарматыку» прахадны бал — 131, на «Фізіку і інфарматыку» — 134. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пропуск на «Матэматыку і інфарматыку» — 172 балы, на «Фізіку і інфарматыку» — 143.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў спецыяльнасць з мінімальным балам (192) — «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць».

Прафесіі будучыні ў каталогу найноўшых спецыяльнасцяў

Выкладчыкі канстатуюць, што абітурыенты тэхнічных ВНУ менш ведаюць пра абраную спецыяльнасць, чым нацэленыя на паступленне ў медыцынскія, педагагічныя і творчыя ВНУ. Яны не могуць ацаніць уласныя здольнасці да інжынерна-тэхнічнай дзейнасці і маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра будучую прафесію. Менавіта ў тэхнічных ВНУ ў апошнюю гадзіну перад закрыццём прыёмных камісій абітурыенты стыхійна (зыходзячы са сваіх балаў у сертыфікатах ) выбіраюць для сябе будучую спецыяльнасць. Але калі мітусіцца паміж факультэтамі, можна прабегаць свой лёс.

Многія прадстаўнікі вышэйшай школы таксама лічаць, што на конкурсы ўплывае і пазнавальнасць тых ці іншых спецыяльнасцяў. Для прыкладу, інфармацыйныя тэхналогіі — традыцыйна адзін з самых запатрабаваных абітурыентамі кірункаў. Але ёсць мноства востра запатрабаваных спецыяльнасцяў, якія знаходзяцца на скрыжаванні праграмавання і інжынернай навукі. Напрыклад, спецыяльнасць «Аўтаматызаваныя электрапрыводы». Дзве траціны электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў свеце, выкарыстоўваюцца ва ўстройствах, якія адносяцца да электрапрыводаў. Тыя ёсць паўсюдна — ад швейнай машынкі да шматтонных пракатных станаў. Энергія — дарагая, і, натуральна, трэба ствараць найбольш эканамічныя мадэлі. Гэту задачу павінны вырашаць інжынеры, таму спецыяльнасць «Аўтаматызаваныя электрапрыводы» не проста сучасная — яна арыентавана на будучыню. Вось толькі старшакласнікам яна не падаецца прывабнай. Магчыма, калі б замяніць старамодную назву спецыяльнасці на сучасную, скажам, на «Камп'ютарызаваныя электрапрыводы» ці «Мехатронныя сістэмы і ўстройствы», яна прыцягнула б да сябе больш увагі з боку абітурыентаў?

Увогуле тыя крытэрыі, якімі доўгі час кіраваліся абітурыенты і іх бацькі пры выбары спецыяльнасці (прэстыжнасць, запатрабаванасць, высокааплатнасць і г.д.), сёння ўжо не спрацоўваюць.

Тое, што здавалася надзейным і перспектыўным яшчэ ўчора, часта аказваецца эфемерным сёння і непатрэбным заўтра. Каб знайсці высокааплатную работу, мала быць проста праграмістам. Трэба валодаць унікальнымі кампетэнцыямі, быць над сярэднім узроўнем, ведаць і бачыць больш, чым іншыя. Кампаніі — рэзідэнты ПВТ усё часцей распрацоўваюць уласны прадукт, звязаны, напрыклад, з інтэрнэтам рэчаў. Безумоўна, для гэтага патрабуюцца праграмісты, але таксама патрэбны і спецыялісты ў пэўных прадметных галінах, якія могуць сфармуляваць задачу і вырашыць тэхнічную праблему.

Свет, прагрэс, а разам з імі і рынак працы развіваюцца надзвычай імкліва. Вельмі ўплывовы футуролаг тэхнічны дырэктар Gооglе Рэй Курцвейл сцвярджае, што неўзабаве прагрэс стане настолькі хуткім і складаным, што чалавек ужо будзе не ў стане яго зразумець. Курцвейл адносіць гэты момант да 2045 года. Таму адзінае, у чым могуць быць упэўнены сённяшнія абітурыенты, — што выбраная імі спецыяльнасць не зможа служыць ім заўсёды. У залежнасці ад таго, як будзе развівацца эканоміка, куды будзе рухацца прагрэс і якіх прафесійных вышынь яны захочуць дасягнуць, ім давядзецца пастаянна абнаўляць старыя веды (або ўвогуле забыцца на іх з-за непатрэбнасці) і авалодваць новымі кампетэнцыямі.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў паабяцаў у хуткім часе прэзентаваць грамадскасці каталог найноўшых спецыяльнасцяў, якія плануецца ўводзіць у беларускіх ВНУ пасля 2021 года. Размова ідзе пра падрыхтоўку спецыялістаў, якія будуць распрацоўваць беспілотныя канструкцыі, займацца робататэхнікай і іншых. Каталог збіраюцца апублікаваць загадзя для таго, каб даць вышэйшым навучальным установам час падрыхтавацца да ўкаранення неабходных для эканомікі нашай краіны спецыяльнасцяў...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Рэкорды прыёмнай кампаніі

Каментары

Скажыце, чаму ўсіх хвалююць невысокія балы на інжынерных спецыяльнасцях, а 130—140 балаў, з якімі абітурыенты паступаюць на “фізку”, “матэматыку”, “інфарматыку” ў педагагічныя ВНУ ці ў Белдзяржуніверсітэт успрымаюцца ўжо як норма? Гэта ж ганьба! Няўжо магчыма выхаваць будучага настаўніка, з такім “багажом” ведаў на старце? Значыць, зноў ВНУ будуць вымушаны ўводзіць спецыяльныя курсы, каб хоць крыху падцягнуць слаба падрыхтаваных першакурснікаў да ўніверсітэцкага ўзроўню. А потым зноў будзем здзіўляцца, чаму абітурыенты не ведаюць, якім прыборам вымяраецца сіла тока. А хто іх вучыць у школе? На жаль, вышэйшая адукацыя стала ў нас усеагульнай. Яна даступная ўсім, у каго ёсць сродкі, каб аплачваць сваё навучанне. Паглядзіце на прахадныя балы на платную форму навучання. У тым жа Лінгвістычным універсітэце на перакладчыцкім факультэце на кітайскую мову, каб прайсці на бюджэт трэба было набраць 377 балаў, а на платную форму навучання – усяго 150! На англійскую мову – 371 і 243! Спецыяльнасць “праектаванне і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі” ў БДАТУ” – усяго 84 балы на платную форму навучання! Зоймемся арыфметыкай: дапусцім, абітурыент набраў мінімальную колькасць балаў па трох тэстах (10+15+10 балаў) – гэта 35 балаў у суме. Які ж у яго сярэдні бал школьнага атэстата – 5,0? І гэта будучы канструктар? А на вельмі многіх спецыяльнасцях прахадныя балы ўвогуле адсутнічаюць – гэта значыць, што ўзялі ўсіх, хто падаў дакументы! Абсалютна відавочна, што ЦТ прыцягвае шмат выпадковых людзей. І ўстаноўленыя мінімальныя парогі – ўмоўная рэч. Асабліва для тых, хто паступае ў ВНУ сілавых ведамстваў і на ваенныя факультэты, дзе дзейнічаюць самыя нізкія парогавыя значэнні для абітурыентаў. Няўжо 5 балаў, якія трэба набраць на ЦТ будучым ваенным, пагранічнікам, праваахоўнікам ці ратавальнікам, можна назваць сур’ёзным шлагбаумам на ўваходзе? Давайце лепш увогуле зноў адменім мінімальны парог ці ўсё ж такі задумаемся над тым, а ці патрэбна нам столькі людзей з дыпломамі, але без ведаў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».