Вы тут

Галоўнае — не балы на ЦТ, а матывацыя на атрыманне прафесіі?


Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні зарэгістравалася каля 101 тысячы чалавек. Палову з іх склалі выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэтага года. Між іншым, школы, гімназіі і ліцэі выпусцілі сёлета ў дарослае жыццё крыху больш як 57 тысяч адзінаццацікласнікаў, такім чынам атрымліваецца, што амаль кожны з іх паспытаў шчасця на цэнтралізаваным тэсціраванні. Іншае пытанне, наколькі паспяховай аказалася іх спроба...


Дзе рыхтуюць стабальнікаў?

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ вынікамі ЦТ 2016 года застаўся задаволены.

— 100 балаў удзельнікі тэсціравання паказалі ў 330 выпадках. У 2015 годзе было выдадзена 277 стабальных сертыфікатаў. Пятнаццаць абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах і тры — па трох. Стабальным вынікам могуць пахваліцца 276 выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі бягучага года: з іх 135 гімназістаў, 39 выпускнікоў ліцэяў, 102 выпускнікі сярэдніх школ, а таксама 3 абітурыенты, якія скончылі ўстановы адукацыі за межамі Беларусі, — паведаміў Вадзім Богуш. — Пэўная частка абітурыентаў паказала дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі, што дазволіла арганізаваць конкурсны адбор абітурыентаў у ВНУ і ССНУ.

Сёлета мы ўсе назіралі высокую шчыльнасць уладальнікаў высокіх балаў на некаторых асабліва прэстыжных у моладзі спецыяльнасцях. Каб стаць студэнтам пэўных факультэтаў, у чаргу выстраіліся абітурыенты, якія мелі 360, 370 балаў і нават больш. На некаторых спецыяльнасцях колькасць месцаў на бюджэтнай форме навучання — адносна невялікая. Да таго ж на гэтыя спецыяльнасці падаюць свае дакументы і пераможцы алімпіяд. Таму канкурэнцыя нават паміж уладальнікамі сертыфікатаў у дыяпазоне ад 90 да 100 балаў назіралася вельмі вострая. Магчыма, для пэўнай часткі абітурыентаў тэсты ўжо трэба ўскладняць, інакш прыёмныя камісіі не змогуць у будучыні іх ранжыраваць.

З іншага боку, вялікая колькасць стабальных вынікаў — гэта добрая матывацыя для тых, хто яшчэ толькі плануе сваё паступленне. Сведчанне таго, што з тэстам можна справіцца і што мэтанакіраванасць навучэнца будзе ў выніку ўзнагароджана.

Усяго на бюджэтную форму навучання было прынята 27 тысяч 113 чалавек, у тым ліку на дзённую форму навучання — 22 462. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прынята 2 210 чалавек. У навучальных установах сельскагаспадарчага профілю прыём на завочную форму навучання будзе праходзіць у канцы каляндарнага года.

Без зніжэння планкі

Дадатковы набор быў аб'яўлены на 144 бюджэтныя месцы, якія засталіся вакантнымі (112 месцаў — на дзённай і 32 месцы — на завочнай форме навучання). І хоць парогавыя значэнні балаў падчас дадатковага набору не зніжаліся, практычна ўсе свабодныя месцы запоўніліся з другой спробы.

— У дадатковы набор у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова конкурс на спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка» склаў 2,2 чалавека на месца, — расказаў Вадзім Богуш. — Прычым, у асноўны набор прахадны бал быў 131, а ў дадатковы — 166. Конкурс на спецыяльнасць «Фізіка і інфарматыка» склаў 1,4 чалавека на месца. Прахадны бал у асноўны набор — 175, а ў дадатковы — 205. У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце конкурс на спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка» — 2,8 чалавека на месца (прахадны бал у асноўны набор — 110, а ў дадатковы — 168).

І ўсё ж на 18 бюджэтных месцаў на дзённай форме навучання (на геафаку ў БДУ, у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і Універсітэце фізічнай культуры) так і не знайшлося ахвотных. Для параўнання: у 2015 годзе нават пасля дадатковага набору не ўдалося запоўніць 144 месцы.

Што тычыцца платнай формы навучання, то колькасць запоўненых месцаў склала 28,3 тысячы, а гэта 80% ад запланаванага. У дзяржаўных ВНУ запоўнена больш як 24 тысячы месцаў (у 2015 годзе — 27,9 тысячы): 11,9 тысячы — на дзённай форме, столькі ж — на завочнай і 276 месцаў — на вячэрняй форме навучання.

Тая акалічнасць, што прахадныя балы на некаторыя спецыяльнасці на платнай форме навучання аказаліся ўдвая меншымі, чым на бюджэце, або ўвогуле з прычыны адсутнасці конкурсу на платныя месцы залічваліся ўсе, хто падаў дакументы, кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не бянтэжыць. Як і даволі нізкія прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці, асабліва на кірунак, звязаны з фізікай, матэматыкай і інфарматыкай (ад 110 да 130).

Вадзім Богуш упэўнены, што галоўнае — гэта матывацыя на атрыманне той ці іншай прафесіі.

— Студэнты-першакурснікі маюць вельмі розны ўзровень падрыхтоўкі, але наш вопыт сведчыць, што матываваныя студэнты карыстаюцца магчымасцю дагнаць сваіх больш паспяховых аднакурснікаў і падцягнуць свае веды да ўзроўню, які дазваляе паспяхова рэалізаваць сябе ў прафесіі, — падкрэсліў ён. — З іншага боку, нам трэба думаць над тым, як прыцягнуць на педагагічныя спецыяльнасці больш таленавітых і матываваных маладых людзей. У гэтым плане найбольш паспяхова працуе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, які выхоўвае для сабе будучых абітурыентаў яшчэ са школьнай парты. Безумоўна, больш ранняя прафарыентацыя прымусіла б многіх выпускнікоў больш адказна і з лепшымі ведамі падыходзіць да прыёмнай кампаніі і здачы экзаменаў. У сваю чаргу існаванне мінімальнага парогавага значэння на ЦТ дазваляе «адсекчы» зусім слабых абітурыентаў пры паступленні як на бюджэтныя, так і на платныя месцы.

Журналістаў цікавілі таксама перспектывы ўкаранення сістэмы электроннага залічэння ва ўсіх беларускіх ВНУ. Пакуль што сістэма залічэння з улікам указаных абітурыентамі ў заяве прыярытэтных спецыяльнасцяў дзейнічае толькі ў БДУІР.

— Мы гэта пытанне з парадку дня не здымаем. Але арганізацыя так званай камп'ютарнай сістэмы залічэння ў адной установе адукацыі і ў рамках некалькіх устаноў адукацыі — гэта дзве абсалютна розныя задачы, — падкрэсліў Вадзім Богуш. У кожнай ВНУ ёсць пэўныя асаблівасці ў парадку прыёму. Мы гэта пытанне абмяркоўвалі, але пакуль няма такой стройнай сістэмы, якая б пры ўмове электроннага залічэння задаволіла ўсіх.

Стаць аўтаслесарам ці машыністам?

Вадзім Богуш нагадаў, што да 14 жніўня працягваецца прыём дакументаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на ўмовах аплаты. І да 20 жніўня абітурыентаў чакаюць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Згодна з зацверджанымі кантрольнымі лічбамі прыёму, у 2016 годзе для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 32,6 тысячы чалавек. Па стане на 5 жніўня на дзённую форму атрымання адукацыі ўжо падалі дакументы 23 106 чалавек (76,4% ад кантрольных лічбаў прыёму): у тым ліку 15 тысяч чалавек — на аснове агульнай базавай адукацыі, 7,5 тысячы — на аснове сярэдняй адукацыі і 633 — на аснове спецыяльнай адукацыі. Найбольшая колькасць дакументаў пададзена ва ўстановы прафтэхадукацыі Мінска, Мінскай і Гомельскай абласцей.

Найбольш запатрабаванымі ў моладзі з'яўляюцца прафесіі памочніка машыніста цеплавоза (электравоза), электрамеханіка цягнікоў, кухара, аператара сувязі, цырульніка, слесара па рамонце аўтамабіляў, абліцоўшчыка-плітачніка.

У структуры прыёму мяркуецца захаваць тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі будуць складаць каля 80 працэнтаў. Пры гэтым прадугледжваецца скарачэнне прыёму па профілях «Мастацтва і дызайн» (на 31,8 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам), «Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» (на 22,6 працэнта), «Тэхніка і тэхналогіі» (на 9,2 працэнта). У той жа час будзе павялічаны прыём па профілях «Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне» (на 13,1 працэнта), «Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва» (на 11,8 працэнта).

Для ўдасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам зменлівай патрэбы рэгіянальных рынкаў працы ў 2016 годзе быў спынены прыём па 183 незапатрабаваных і адкрыта падрыхтоўка па 142 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Упершыню ў 2016 годзе ажыццяўляецца набор на новую прафесію «Манціроўшчык шын і шынапнеўматычных муфтаў» у Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.

Што было зроблена сёлета для павышэння якасці тэстаў:

— упершыню заданні па геаграфіі і гісторыі Беларусі з невербальнай формай падтрымкі (карты, ілюстрацыі, схемы і г.д.) былі прапанаваныя ў колеры, пры гэтым увесь картаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял тэста быў прадстаўлены ў знаёмым для абітурыентаў выглядзе (каляровы фон максімальна набліжаны да малюнкаў у атласах і вучэбных дапаможніках);

— была праведзена карэкціроўка заданняў па матэматыцы, хіміі і фізіцы з улікам стандартных (звыклых для абітурыента) фармулёвак навучальных дапаможнікаў, павялічана ўдзельная вага задач практыка-арыентаванай накіраванасці. У тэставых заданнях лічбавыя даныя падабраныя такім чынам, каб мінімізаваць вылічальныя памылкі;

— зменены час выканання заданняў тэста па хіміі (у 2015 годзе — 120 хвілін, у 2016 годзе — 150 хвілін) у сувязі з павелічэннем колькасці заданняў, якія мадэлююць найпрасцейшы хімічны эксперымент;

— удасканалена канструкцыя заданняў па дзяржаўных мовах (беларускай і рускай): структурным ядром з'яўляўся адаптаваны тэкст з комплексам заданняў, якія дазваляюць вызначыць не толькі ўзровень моўных ведаў, але і культуру маўлення і мыслення ўдзельніка экзамену;

— прыведзены ў адпаведнасць з узроставымі асаблівасцямі асноўнай масы абітурыентаў тэксты, прадстаўленыя ў экзаменацыйных матэрыялах па замежных мовах, што спрыяла падтрыманню ўвагі абітурыентаў у працэсе іх чытання.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Каментары

Тую акалічнасць, што ў дадатковы набор прахадныя балы на педагагічных спецыяльнасцях выраслі, Міністэрства адукацыі чамусьці прыпадносіць як станоўчы факт. А давайце разам паразважаем, наколькі матываваныя маладыя людзі ўскочылі ў апошні вагон, няхай нават і з больш высокімі баламі. Шчыра кажучы, і 110, і 168 балаў пры паступленні сведчаць пра вельмі нізкі ўзровень валодання прадметам. Тым, хто паступае ў педуніверсітэт на “фізіку”, “матэматыку”, “інфарматыку”, патрабуецца здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні ў якасці профільных прадметаў фізіку і матэматыку, а гэта самыя складаныя для нашых выпускнікоў дысцыпліны. Прычым такія ж прадметы трэба здаваць і на ўсе тэхнічныя спецыяльнасці, у тым ліку і на прэстыжны ІТ-напрамак. А ці многа вы ведаеце абітурыентаў з высокімі баламі ў сертыфікатах (асабліва па фізіцы), якія выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці? А пераможцаў алімпіяд? Будзем шчырымі: маладыя людзі (асабліва хлопцы, якім трэба ісці служыць у армію), па-ранейшаму разглядаюць педагагічныя спецыяльнасці як запасны аэрадром. Не прайшлі у БДУІР, БНТУ,БДТУ і тут раптам з’яўляецца апошні шанц. Ну як ім не скарыстацца? Пра якую матывацыю да прафесіі можа ісці гаворка? Не ўпэўнены, што нават у першую хвалю вучыцца на настаўніка фізікі, матэматыкі і інфарматыкі ідуць выключна матываваныя маладыя людзі і гэта іх усвядомлены выбар. А для каго ў такім разе дадатковая магчымасць трапіць на бюджэтнае месца? Атрымліваецца, што для тых, хто не паспеў больш нідзе ўладкаваць свае сертыфікаты? Крыўдна… Застаецца спадзявацца, што ўдасца за чатыры гады “заразіць” іх педагагічнай прафесіяй. Але ж з дрэннага сукна якасны шынель не пашыеш! Ці пашыеш? На платную форму адукацыі я параіў бы проста залічваць усіх ахвотных. Няўжо 10 ці 15 балаў на ЦТ -- гэта барьер? Але потым адлічваць без шкадавання ўжо пасля першай сесіі, каб не дэвальваваць дыплом. Няхай усе разумеюць: за права вучобы на бюджэце трэба змагацца. Але нават калі ты можаш заплаціць за сваю вучобу, ты ўсё роўна павінен даказваць на кожнай сесіі, што ты ў стане авалодаць неабходным наборам ведаў для асваення прафесіі. І не цягнуць платнікаў штучна з курса на курс. А вось з тэстамі насамрэч штосьці адбываецца. Ведаю, што не ўсе уладаьнікі стабальных сертыфікатаў і школьных атэстатаў з адзнакай здолелі прабіцца сёлета на бюджэт на прэстыжныя спецыяльнасці ў БДУ. Так што або тэсты трэба ўскладняць, каб яны ранжыравалі самых моцных абітурыентаў, або павялічваць месцы на прэстыжных спецыяльнасцях, дзе практыкуюцца мінімальныя наборы на бюджэтную форму навучання, затое на платнай форме план прыему на парадак большы. Толькі грошы плаці…

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.