«Ідэальны настаўнік — не шаблонная мадэль. Гэта цікавы, харызматычны, адукаваны чалавек, поўны творчай энергіі, які выхоўвае такіх жа актыўных, неабыякавых і мыслячых людзей», — такой думкі прытрымліваецца цяперашняя студэнтка Маскоўскага дзяржаўнага абласнога ўніверсітэта Гаар САРКІСЯН, якая вучыцца на настаўніка замежных моў. Адзінаццацікласніцай дзяўчына правяла невялікае даследаванне сярод вучняў сваёй гімназіі, іх бацькоў і педагогаў з мэтай параўнаць патрабаванні дзяржавы да дзелавых і асабістых якасцяў педагогаў (яны адлюстраваныя ў прафесійным стандарце педагогаў), і чаканні грамадства ад школы. Наколькі яны супадаюць? Усім рэспандэнтам прапаноўвалася ў свабоднай форме адказаць на пытанне: «Якія якасці мусіць мець ідэальны настаўнік?»
100% вучняў, якія прынялі ўдзел у апытанні, лічаць, што ідэальны настаўнік павінен быць строгім і цярплівым. Таксама ўсе вучні-рэспандэнты былі аднадушныя ў думцы, што настаўнік павінен умець зацікавіць вучэбным матэрыялам. 80% апытаных — за непрадузятае стаўленне з боку педагога і індывідуальны падыход («кожны хоча, каб яго ацэньвалі па справядлівасці і дапамагалі дасягнуць найлепшых вынікаў»).
Для ўсіх апытаных бацькоў ідэальны настаўнік — той, хто выдатна ведае свой прадмет. Як асобную якасць 100% бацькоў пазначылі «любоў да сваёй прафесіі і дзяцей» плюс неабыякавасць. Абсалютна ўсе апытаныя педагогі — за выдатнае веданне прадмета і цярплівасць. Да слова, найбольш уразілі старшакласніцу менавіта адказы педагогаў, калі высветлілася, што ў настаўніцкай практыцы здараецца мноства сітуацый, у якіх неспрактыкаваны чалавек проста разгубіцца. Зрабіць з чалавека добрага настаўніка можа толькі неабыякавасць: калі ў цябе ёсць імкненне змяніць свет да лепшага, гэтая прафесія для цябе — такі вердыкт вынеслі педагогі...
Мужчынскі голас у «школьным аркестры»
Не сакрэт, што быў час, калі на педагагічныя спецыяльнасці і ў нашай краіне, і ў Расіі выпускнікі школ ішлі па рэшткавым прынцыпе. Але ў апошнія гады сітуацыя пачала пакрысе выпраўляцца. Так, у расійскіх ВНУ сёлета конкурс на ўсе педагагічныя спецыяльнасці ў параўнанні з мінулым годам значна ўзрос, і ў першую чаргу — на факультэтах дэфекталогіі і пачатковых класаў. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка апошнія тры гады сярод абітурыентаў расце колькасць медалістаў, а таксама выпускнікоў ліцэяў і гімназій. Калі ў 2014 годзе ва ўніверсітэт прыйшло 100 медалістаў, у мінулым годзе — 132, то сёлета — 148. Плюс 22 медалісты будуць вучыцца на ўмовах аплаты.
Заўважна павялічыліся і прахадныя балы. Так, на спецыяльнасць «Лагапедыя» дзённай формы навучання прахадны бал вырас у параўнанні з мінулым годам на 50 пунктаў і склаў 323, на спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова» — на 49 пунктаў (289). І такіх спецыяльнасцяў у БДПУ, дзе прахадныя балы выраслі на 20—50 пунктаў, — 80% ад агульнай колькасці.
— Педагагічная прафесія стала пераважна жаночай: 85% настаўнікаў у сістэме адукацыі — жанчыны. Аднак з задавальненнем хачу адзначыць, што сёлета ў нас на чатырох факультэтах істотна павялічыўся працэнт хлопцаў, — падкрэслівае рэктар БДПУ, прафесар Аляксандр ЖУК. — Найбольш іх прыйшло на факультэт фізічнага выхавання (каля 60%), на гістарычны факультэт (42%), фізіка-матэматычны (40%) і на факультэт прыродазнаўства — каля 30% ад агульнай колькасці залічаных. Нам яшчэ трэба асэнсаваць гэты феномен, каб зразумець, як прыцягнуць яшчэ больш хлопцаў ва ўніверсітэт. Напэўна, наша праца, як і намаганні СМІ па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, прыносяць плён.
Творца, мудры псіхолаг і справядлівы суддзя
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт да свайго 100-годдзя праводзіў творчы конкурс на найлепшае сачыненне школьнікаў і студэнтаў пра настаўніка. Прачытаўшы конкурсныя работы, без праблем можна скласці «зборны» вобраз.
«Галоўнымі рысамі настаўніка з'яўляюцца здольнасць да разумення, цярплівасць і творчасць. Прафесія педагога не менш творчая, чым прафесія мастака ці пісьменніка, — лічыць выхаванка Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Яніна Кухарава. — Сучасны настаўнік павінен быць гнуткім, мабільным, таму што з кожным годам рытм нашага жыцця паскараецца, паток інфармацыі расце. Настаўнік будучыні павінен ісці не ў нагу з часам, а на крок наперадзе. Для мяне настаўнік — гэта чараўнік, сябра, творца, чалавек, у сэрцы якога знойдзецца месца для кожнага. Гуманнасць, талерантнасць, настойлівасць і мабільнасць, адказнасць і адданасць сваёй прафесіі, крэатыўнасць і аптымізм — усё важна для таго, каб быць Настаўнікам з вялікай літары».
«...Гэта музыкант, які віртуозна грае на тонкіх струнах дзіцячай душы. І ад майстэрства педагога-музыканта залежыць, як будзе гучаць мелодыя...» — напісала Вераніка Ленская з Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна.
«Сапраўдны настаўнік — гэта не толькі чалавек, які вучыць дзяцей. Ён і выхавальнік, і мудры псіхолаг, і справядлівы суддзя, выдатны імправізатар, артыст, хаця і не чакае апладысментаў» (Вікторыя Барысава, СШ № 2 г. Петрыкава).
«Які ён, педагог ХХІ стагоддзя? 1. Мудры, адукаваны, інтэлігентны, справядлівы настаўнік. 2. Ён ідзе ў нагу з часам, уключае ва ўрок інфармацыйныя тэхналогіі. 3. Гэта настаўнік-выхавальнік, якому неабыякавая будучыня планеты і міру на Зямлі. 4. Ён не стаіць на месцы, вучыцца ўсё жыццё, пазнае новае. 5. Творчая асоба. 6. Гэта старэйшы сябра, памочнік, які паважае нас і наша меркаванне» (Аксана Кізун, СШ №25 г. Брэста).
«Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, таму што адзін чалавек павінен быць адначасова псіхолагам, навуковым работнікам, аратарам, акцёрам, арганізатарам. Адказнасць неверагодная: памылка педагога не настолькі заўважная як, напрыклад, памылка ўрача, але яна можа прывесці да непрадказальных наступстваў» (Анастасія Рагель, СШ №1 г. Валожына).
«Настаўнік — унікальная прафесія па-за часам, модай і геаграфіяй» (Марыя Сцефняк, гімназія №1 г. Жлобіна).
Не практыкант, а Педагог
У новым навучальным годзе працаваць ва ўстановах адукацыі нашай краіны пачнуць 5800 маладых спецыялістаў, 580 з іх — у сталіцы. Як правіла, перад кожным маладым педагогам паўстае шэраг пытанняў. З чаго пачаць? Што сказаць вучням пры першай сустрэчы? Як наладзіць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам? Як зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі?
Аляксандра ЯЦЭВІЧ у гэтым годзе скончыла інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ і будзе выкладаць у 165-й сталічнай школе інфарматыку. Прызнаецца, што вельмі чакае першай сустрэчы са сваімі вучнямі. «Спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца: я гатова і да радасцяў, і да цяжкасцяў у стасунках з імі. Гатова і сама вучыцца ў дзяцей. Вельмі спадзяюся на добразычлівую атмасферу ў калектыве і дапамогу калег. Хацелася б стаць добрым настаўнікам, але я цудоўна разумею, што для гэтага трэба пастаянна самаўдасканальвацца», — прызнаецца без пяці хвілін малады педагог.
А вось у настаўніцы рускай мовы і літаратуры 165-й мінскай школы Вікторыі СІНЮК ужо маецца невялікі вопыт.
— Можна скончыць універсітэт з «чырвоным дыпломам», магістратуру, аспірантуру, як гэта было ў маім выпадку, але гэта яшчэ не гарантыя таго, што ты прыйдзеш у дзіцячую аўдыторыю і ўсё пойдзе як па масле, — кажа яна. — Калі ты трапляеш у дзіцячы калектыў, то сутыкаешся са стыхіяй, якой трэба навучыцца кіраваць, а гэта вельмі няпроста.Трэба вучыцца ўстанаўліваць кантакт, улічваць індывідуальныя асаблівасці кожнай маленькай асобы, трэба чуць і прымаць іншага чалавека. Настаўнік павінен развівацца не толькі як прадметнік, але і як псіхолаг...
Спачатку ў мяне ўзнікалі складанасці ў ацэньванні, бо вельмі няпроста ацэньваць чужую працу і быць аб'ектыўнай. На мой погляд, у ацэньванні трэба быць вельмі справядлівым і ўлічваць асаблівасці і дынаміку развіцця кожнага вучня. У нас зараз дзейнічае 10-бальная сістэма ацэньвання, але насамрэч, калі вучань, які вучыўся на «двойкі», робіць поспехі, я не пашкадую самай высокай адзнакі, нават калі яго «дзясятка» і будзе адрознівацца ад «дзясяткі» выдатніка.
— Адна з праблем, з якімі сутыкаюцца ўсе маладыя спецыялісты, — гэта стасункі з бацькамі, аднак я заўважыла, што існуюць праблемы і ў стасунках бацькоў і дзяцей, — канстатуе маладая настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 155 Мінска Марыя ДАРАШЭНКА. — Таму паставіла для сябе задачу — згуртаваць калектыў не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Мы стварылі бацькоўскі клуб «Сям'я» і цягам года праводзілі сумесныя сустрэчы і мерапрыемствы накшталт «Калядных казак ля каміна»...
«Вайбер» — для кантактаў з бацькамі...
У мінулым навучальным годзе ў сталіцы дзейнічалі пяць школ маладых педагогаў па розных прадметах. Адну з іх узначальвала намеснік дырэктара сярэдняй школы №165 Ніна Дзмітрыеўна ХАЦЯН.
— Кантрольна-ацэначная і тым больш безадзнакавая дзейнасць у малодшых класах выклікаюць цяжкасці нават у сталых педагогаў, а тым больш у пачаткоўцаў. Да праблем, з якімі сутыкаецца большасць маладых настаўнікаў, трэба аднесці і цяжкасці ў рабоце з дзецьмі з дэвіянтнымі паводзінамі, з бацькамі вучняў, таму што не заўсёды нават вопытны педагог здольны прымусіць бацькоў пачуць, што хоча данесці да іх настаўнік, — дзеліцца яна сваімі назіраннямі. — Да слова, мы праводзілі апытанне сярод маладых настаўнікаў, каб высветліць самыя важныя якасці сучаснага настаўніка. І вось што яны назвалі: творчасць, незалежнасць, канкурэнтаздольнасць, ініцыятыўнасць, маральнасць і духоўнасць, мабільнасць, адказнасць, прафесіяналізм, кампетэнтнасць у галіне тэхналогій...
— У сучасным свеце дзіця можа знайсці любую інфармацыю, але пакуль яшчэ не прыдумалі камп'ютар, які навучыць яго аналізаваць, параўноўваць, мысліць лагічна і рабіць высновы, — упэўнены малады настаўнік гісторыі 165-й сталічнай школы Андрэй АРСЯНОВІЧ.
Трэба прызнаць, што інтэрнэт па сіле ўплыву на маладых людзей істотна пераўзыходзіць магчымасці сучаснага настаўніка, а падручнік перастаў быць галоўным сродкам навучання. «Таму настаўнік не можа быць проста транслятарам ведаў, ён павінен быць кансультантам, памочнікам, сябрам дзяцей. Задача настаўніка — даць аснову, абудзіць цікавасць да свайго прадмета і навучання ўвогуле, навучыць вучня самастойна здабываць веды, аналізаваць, і, магчыма, самае важнае — сфарміраваць стрыжань асобы дзіцяці, — упэўнены рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Цяпер наш універсітэт распрацоўвае прафесійны стандарт педагога, у якім мы прапісваем новыя кампетэнцыі, звязаныя з ІТ-тэхналогіямі і працай з сям'ёй у новых умовах».
Цікава, што маладыя настаўнікі ўжо прыдумалі, як паставіць сабе на службу новыя тэхналогіі. Вось іх «рэцэпт»: паколькі вучні не заўсёды даносяць да сваіх бацькоў важную інфармацыю, можна стварыць групу ў «Вайберы» і кантактаваць там з бацькамі без пасрэдніцтва дзяцей у любы зручны для ўсіх час. Пры гэтым уласныя старонкі ў сацыяльных сетках маладыя настаўнікі лічаць сваёй тэрыторыяй і не пускаюць на яе ні вучняў, ні іх бацькоў. Усё ж такі пэўныя бар'еры ў стасунках павінны захоўвацца...
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея Нікановіча
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.
Каментары