Вы тут

Адзін дзень у жніўні ў нашым тэатры можна пачуць французскую мову


Адзін дзень у жніўні ў нашым тэатры можна пачуць французскую мову. Як ні дзіўна, такое магчыма менавіта ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, на сцэне якога ўжо некалькі гадоў увасабляецца міжнародны праект «Французскі экспрэс». Маладыя акцёры кантактуюць з калегамі з іншых краін, удасканальваюць сваё майстэрства, а летняе тэатральнае зацішша дае ім магчымасць прадставіць вынікі супрацоўніцтва ў спецыяльным канцэрце. Чарговы адбыўся 26 жніўня, у беларускім тэатры гучала французская мова.


Сцэ­ны са спек­так­ля «Тры Жы­зэ­лі» РТБД.

Але праект цікавы не толькі з прычыны французскага каларыту, які забяспечваецца ўдзелам тэатральнай асацыяцыі Demaіn le Prіntemps і міжнароднага грамадскага аб'яднання «Тэатра». Сёлета ў Мінск прыехалі ўдзельнікі не толькі з Францыі, але таксама з Канады і Чэхіі, каб займацца вакалам, танцамі, працаваць над сцэнічнымі рухамі і дыкцыяй. Удумайцеся: маладыя акцёры прыязджаюць да нас павучыцца! «Ёсць чаму», — вырашыў аднойчы рэжысёр Фабрыс Карэ. Ён ведае беларускую тэатральную школу, мае добрую думку пра акцёрскую падрыхтоўку ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Шмат гадоў ён арганізоўвае майстар-класы з удзелам замежных акцёраў у самых розных краінах. У Беларусі ў рамках праекта «Французскі экспрэс» у мінулыя гады прадстаўлялі спектаклі на тэму «Тэатральны ваяж». Але бываюць адмысловыя вечарыны ці канцэрты, як апошні, што стаў вынікам акцёрскага трэнінгу. Месяца экспрэс-стажыроўкі дастаткова, каб паназіраць за прадстаўнікамі іншай культуры (г.зн. за намі) і праз мініяцюры паказаць сваё бачанне ці разуменне беларускага жыцця. Лепшае і цікавейшае трапляе ў канцэрт, дзе драматычныя нумары чаргуюцца з танцавальнымі ці вакальнымі. Чым нас звычайна прывабліваюць тэатральныя капуснікі? Якраз вольнай формай, гумарам, неардынарнымі знаходкамі і нястрыманай фантазіяй. Па-французску, але зразумела, таму што мова тэатра — гэта мова мастацтва, якое даходзіць праз пачуцці. Але для тых, каму важна разумець сутнасць сказанага, забяспечваецца сінхронны пераклад.

Што яшчэ важна, гэта не апошні раз: сумесны праект на базе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пад назвай «Тэатральная арка» будзе доўжыцца і парадуе новымі крэатыўнымі мерапрыемствамі цягам наступнага сезона. І, магчыма, дзе-небудзь у Парыжы таксама ўбачаць беларускі тэатр: у афішы ёсць спектакль на французскую тэму «Тры Жызэлі» (рэжысёра Аляксандра Гарцуева паводле Андрэя Курэйчыка). Каб не толькі яны да нас, але і мы да іх...

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шарм тэатральнай стажыроўкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.