Вы тут

Абвешчаны конкурс на стварэнне новых падручнікаў


Нацыянальны інстытут адукацыі і Міністэрства адукацыі абвясцілі конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.


У іх пералік увайшлі падручнікі для 8-га класа па беларускай літаратуры, рускай літаратуры і рускай мове, геаграфіі і працоўным навучанні. Тэрмін падачы конкурсных матэрыялаў — да 1 снежня 2016 года.

Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя аўтары, так і аўтарскія калектывы, якія маюць вопыт навукова-даследчай, навукова-метадычнай або педагагічнай дзейнасці, а таксама вопыт распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Аўтары вучэбных дапаможнікаў (падручнікаў), якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйнай практыцы цяпер, удзельнічаюць у конкурсе на агульных падставах.

Нагадаем, што з 2015 года ўмовы правядзення конкурсу змяніліся. Раней патэнцыяльным аўтарам трэба было спачатку напісаць увесь падручнік, а потым... даведацца, што твая праца (а яна магла заняць не адзін год) была марная і перамог падручнік тваіх канкурэнтаў. Пры такім падыходзе было не шмат ахвотнікаў удзельнічаць у конкурсе. Цяпер на конкурс трэба прадставіць канцэпцыю падручніка і адзін з найбольш складаных яго раздзелаў.

Пад увагу бярэцца бачанне будучага падручніка аўтарскім калектывам, а таксама ацэньваецца шэраг іншых параметраў, напрыклад узровень складанасці выкладання матэрыялу, ілюстрацыйны матэрыял, адпаведнасць узроставым асаблівасцям школьнікаў, адукацыйным стандартам і вучэбным праграмам, сучаснаму стану развіцця навукі, паслядоўнасць і пераемнасць зместу пры пераходзе з класа ў клас, унутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі. У аснову стварэння новых падручнікаў закладваюцца арыентаванасць на практыку ў выкладанні матэрыялу і рэалізацыя кампетэнтаснага падыходу.

Для забеспячэння адукацыйнага працэсу ў 2016/2017 навучальным годзе ў Беларусі прадугледжаны выпуск 135 найменняў падручнікаў для ўстаноў агульнай, сярэдняй і спецыяльнай адукацыі агульным накладам каля 4 млн асобнікаў. Большая частка кніг ужо выйшла з выдавецтваў і паступіла ва ўстановы адукацыі. Сярод іх — падручнік па чытанні для малодшых класаў, а таксама дапаможнікі па прадметах «Чалавек і свет», «Айчынная і сусветная мастацкая культура» для 5-х класаў, «Гісторыя Беларусі» і «Гісторыя сярэдніх вякоў» для 6-х класаў. Усе яны з'яўляюцца падручнікамі новага пакалення, у якіх паралельна з традыцыйнай падачай матэрыялу даюцца спасылкі на дадатковыя крыніцы.

Да 2020 года ў Міністэрстве адукацыі запланавана выданне 299 найменняў падручнікаў, з іх 185 — абсалютна новыя выданні.

Загаловак у газеце: Падручнік, які задаволіць усіх

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.