24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Крыніца натхнення


«Новая зямля» на новы лад.


Сёлета злавіла сябе на тым, што стала неяк спакайней і больш удумліва адносіцца да жыцця і да таго, што адбываецца вакол. Раней, прыехаўшы ў родную хату, думала больш пра тое, як бы гэта хутчэй усе справы парабіць ды заваліцца пад куст у цянёк з цікавай кніжкай ды прысмакамі. Цяпер жа магу хвілін дваццаць павольна хадзіць ад кветкі да кветкі на клумбе, дзівіцца колерамі, формамі, разглядаць парасткі, разважаць пра тое, як з такога маленечкага насення вырастае такая прыгажосць, адчуваць сваю самую непасрэдную да гэтага дзіва спрычыненасць, бо сама тое насенне ў зямлю вясной кідала. І гэта самы найлепшы рэлакс паміж работамі, якіх на двары і на агародзе ўвосень не восем — усе восемдзесят восем. У хату забягаеш толькі схапіць што паесці, кніжку чытаеш колькі хвілін перад сном, і то зусім няўважліва, бо, засынаючы, думаеш пра тое, што яшчэ паспець зрабіць заўтра...

Вось дзіва: ад гэткай размеранай штотыднёвай мітусні кожныя выхадныя не адчуваеш ні стомленасці, ні дыскамфорту. Пэўна, таму, што падобныя клопаты — самы што ні ёсць натуральны стан, закладзены ў генетычным кодзе пакаленнямі продкаў-сялян. (Гэтаксама як і непараўнальнае пачуццё заспакоенасці, якое мяккай пялюшкай ахутвае ўсю істоту позняй восенню, калі самая цемра і непагадзь. Седзячы ў гарадской кватэры, мы і не здагадваемся, што яно таксама адтуль, з нашай сялянскай біяграфіі: ураджай сабраны — значыць, можна спыніцца, адпачыць, упэўнена сустрэць зіму.)

Як ні круці, мы вясковая нацыя. І рана ці позна нават на самага адукаванага, самага гарадскога гараджаніна возьме дый нахлыне жаданне адчуць сябе гаспадаром. Не пяцідзесяці ці нават сотні квадратных метраў у бетоннай каробцы, а надзела зямлі, асобнай хаты на ім.

У нашым наваколлі процьма дачных пасёлкаў — сталіца зусім недалёка. Калі на пачатку галодных 90-х зямлю пад тыя дачы людзям толькі далі, карціна назіралася прыблізна такая: на шасці сотках — прыбіральня (гэта абавязкова), халупка з адным акенцам, не нашмат большая за тую «шпакоўню», агарод. Уладары гэтага багацця, якія штурмам спрабуюць узяць ужо і так забіты па дах прыгарадны аўтобус... Карціна сённяшняя: на шасці сотках — двухпавярховы дыхтоўны домік, побач гараж і лазня, агарод... Апошні застаецца нязменным атрыбутам, яго садзяць і даглядаюць не дзеля таго, каб пракарміцца, а дзеля таго, каб было чым сябе на сваёй зямлі заняць. Хтосьці, праўда, спрабуе гэты «генетычны сверб» з сябе выціснуць, каб «адпачываць цывілізавана», і засейвае тыя соткі газоннай травой. Хапае, праўда, яго ненадоўга: урэшце купляецца трымер, і тая трава, якая не паспявае нават на пару сантыметраў адрасці, кожны тыдзень скошваецца пад корань. Бо гены, якія, як вядома, пальцам не раздушыш, сядзець на сваёй зямлі без справы не даюць. І гудуць тыя бензінавыя косы з ранняй вясны да позняй восені, гэту спадчынную гіпотэзу пацвярджаючы.

Добра гэта ці дрэнна? Калі казаць пра асабістае — так яно сапраўды спакайней і трывалей. Калі пра агульнае... «Я часам думаю, што таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам — і хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай — і празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі. Гэта сапраўднае, гэта, як у ляльцы-матрунцы: самая сярэдняя — самая наша лялька...» Пра нас? Вядома, пра нас! А між тым з таго часу, як Караткевіч напісаў гэтыя радкі, мінула больш за паўстагоддзя. Значыць, дакладна і надоўга — пра нас.

Як пацвярджэнне таму — словы майго аднакласніка, чалавека больш практычнага і ад творчай рамантыкі ў сваёй прафесіі зусім далёкага. Родную хату, у якой і сёння жыве яго маці, аздобіў — суседзям на зайздрасць. І на падворку парадак, і на агародзе. І кветак — з гонарам хваліўся — пэўна, сартоў сорак на клумбах. Кожныя выхадныя ён на тым падворку нешта майструе, прыладжвае, прыдумляе. А ў самога ў райцэнтры кватэра трохпакаёвая, яна таксама догляду патрабуе. Але яе, прызнаецца, — па астаткавым прынцыпе. З жонкай праз гэта сварыцца. «А што я зраблю, — расказвае з усмешкай, — калі ў мяне там, у горадзе, натхнення няма. А тут — яно ўсюды»...

Вы не разумееце, пра што ён? Не хвалюйцеся, у вас яшчэ ўсё наперадзе...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.