Вы тут

Уладзімір Макей: лідары Еўропы не маюць адзінай думкі датычна ўцекачоў


Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей здзіўлены негатоўнасцю еўрапейскіх лідараў прыйсці да адзінага меркавання па пытанні бежанцаў. Аб гэтым дыпламат заявіў у інтэрв'ю радыё ААН, паведамілі ў прэс-службе МЗС.


"Гэта праблема цяпер, я лічу, праблема нумар адзін, асабліва для еўрапейскага кантынента. І здзіўляе негатоўнасць, няздольнасць вядучых еўрапейскіх лідараў, кіраўнікоў вядучых дзяржаў знайсці вырашэнне гэтага пытання, прыйсці да адзінага меркавання па ім. Мы нават у Еўрапейскім саюзе назіраем розныя пункты гледжання наконт гэтага", - сказаў Уладзімір Макей.

Міністр адзначыў, што прычыны маштабнай міграцыі на паверхні: адбываюцца ўзброеныя канфлікты, у выніку чаго ўзнікаюць хвалі бежанцаў. "Значыць, трэба імкнуцца да таго, каб выкараніць прычыны, якія вядуць да з'яўлення гэтых хваляў бежанцаў. Не дапускаць узброеных канфліктаў. І мы павінны адкрыта гаварыць аб тым, што адказнасць павінны несці тыя дзяржавы, якія развязваюць гэтыя канфлікты, - упэўнены дыпламат. - Хоць, зноў-такі, кожная дзяржава мае свой пункт гледжання наконт гэтага, і кожны гаворыць, што ў гэтай сітуацыі мае рацыю, не жадаючы прызнаваць сваю неправату. Таму павінна быць шчырае стаўленне з боку вядучых дзяржаў свету да гэтага пытання".

Уладзімір Макей расказаў, што ў Беларусі знаходзіцца больш за 160 тыс. бежанцаў з Украіны. У рэспубліцы своечасова прынялі неабходныя рашэнні, каб людзі не адчувалі, што яны апынуліся ў бядзе. "Але тут, аб чым мы гаварылі на сустрэчах на высокім узроўні, нам неабходна вельмі дакладна захоўваць баланс. Я сустракаўся з прадстаўнікамі многіх еўрапейскіх краін, і ў неафіцыйных размовах яны гаварылі, што бежанцы, якія прыбылі ў тую ці іншую краіну, не заўсёды ўспрымаюць законы, якія дзейнічаюць у гэтай краіне, не заўсёды паводзяць сябе адэкватным чынам. Таму тут павінен быць адпаведны баланс, гэта значыць гатоўнасць грамадства прыняць гэтых бежанцаў, але і гатоўнасць бежанцаў да інтэграцыі ў тое ці іншае грамадства ў той ці іншай краіне. Гэта вельмі важна", - сказаў кіраўнік ведамства.

Асаблівую ўвагу, паводле слоў міністра, неабходна ўдзяляць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, жанчынам, дзецям. "У іх адрас павінен быць праяўлены асаблівы клопат. І тут вельмі важна, аб гэтым таксама гаварылася на сустрэчах, выбудаваць правільную лінію ў адносінах да бежанцаў з боку ўсяго грамадства. Дзяржава, у нашым разуменні, павінна прадаставіць нейкія легальныя прававыя рамкі для інтэграцыі бежанцаў у тое ці іншае грамадства. Але і прыватны бізнес таксама павінен думаць аб тым, каб дапамагчы гэтым бежанцам: ствараць новыя рабочыя месцы, прадастаўляць магчымасць і для пражывання, і іншае, - лічыць Уладзімір Макей. - Праблема, вядома, глабальная, але ў нас, у Беларусі, на гэтым этапе яна вырашана. Спадзяёмся, што больш такіх хваляў у будучым не будзе. Але мы, з боку назіраючы за тым, што адбываецца ў Еўропе, лічым, што трэба прымаць хуткія, дакладныя і канкрэтныя рашэнні, інакш хутка еўрапейцы будуць думаць аб захаванні еўрапейскай ідэнтычнасці".

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.