Вы тут

У педагагічным універсітэце адкрылі мастацкую галерэю


Пакуль яе калекцыя складаецца з сямі твораў, якія, вядома ж, маюць прамое дачыненне да таго, чаму ў гэтым універсітэце вучаць. Для студэнтаў адкрытая выстаўка стала чарговым напамінам, што ў будучыні яны, як педагогі, будуць перадаваць высокія ідэі і добрыя памкненні падобна тым, хто ў беларускай гісторыі вядомы як асветнік. Як Еўфрасіння Полацкая, Мікола Гусоўскі, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі. Новая галерэя адкрылася 30 верасня ў будынку Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка з сямю партрэтамі згаданых асоб і пад назвай «Асветнікі зямлі беларускай».


Аўтарамі работ сталі выкладчыкі факультэта эстэтычнага выхавання Георгій Лойка (куратар стварэння серыі партрэтаў), Мікалай Андруковіч, Алена Шлегель, Каміль Камал, Леанід Гоманаў, Аляксандр Кошалеў, Леанід Данелія — яны перадалі свае работы БДПУ ў дар.

— Гэта знамянальная падзея ў жыцці нашага ўніверсітэта. Сімвалічна, што галерэя пачынае сваю работу перад нашым прафесійным святам — Днём настаўніка, і адкрыццё яе адбываецца ў Год культуры, — кажа рэктар педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук. — Наша краіна мае багатую і слаўную гісторыю, прадстаўленую славутымі асобамі. Кожнага з іх хвалявалі не толькі ідэі гуманізму, духоўнай чысціні і служэння сваёй радзіме, але і выхаванне, адукацыя беларускага народа. Яны былі сапраўднымі асветнікамі і педагогамі ў розныя перыяды нашай мінуўшчыны і склалі той трывалы падмурак, на якім і ў сённяшні час трымаюцца адукацыя, навука, педагогіка, выхаванне. На прыкладзе іх жыцця фарміруецца светапогляд сучаснай беларускай моладзі.

Галерэя «Асветнікі зямлі беларускай» стала састаўной часткай экспазіцыі музея педагагічнага ўніверсітэта.

Соф'я КІСЯЛЁВА

Загаловак у газеце: Мінулыя асветнікі — будучым

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.