Вы тут

Што трэба ведаць студэнту, каб знайсці работу?


«Ваш працоўны досвед?» — такое пытанне даводзілася чуць кожнаму, хто спрабаваў знайсці работу. А што, калі яно адрасавана нядаўняму выпускніку ВНУ, чые веды адпавядаюць прынцыпу «ўсяго патроху». На гэта пытанне адказала Карына Міхалевіч, заснавальніца інтэрнэт-праекта па пошуку работы для студэнтаў «Jellyfіsh».


Ка­ман­да «Джэ­лі­фіш» (Ка­ры­на ў цэнт­ры).

— На чацвёртым курсе ўніверсітэта я сур'ёзна задумалася наконт працаўладкавання. Вопыту ў мяне ніякага не было, акрамя штогадовай месячнай вучэбнай практыкі. На жаль, у большасці такіх выпадкаў студэнт і працадаўца сустракаюцца ўсяго два разы, у першы і апошні дзень практыкі. Гэта можа адбывацца з розных прычын. Кампанія не гатова марнаваць час і грошы на навучанне старонняга чалавека, другі варыянт — студэнт не матываваны, ён не цікавіцца справамі кампаніі і, наогул, прыйшоў туды дзеля «птушачкі». Асабліва гэта датычыцца студэнтаў першых курсаў. А час ляціць хутка, і раптам ты разумееш, што нічога не ведаеш і не ўмееш. Так я прыйшла да неабходнасці пошуку стажыроўкі. Праштудзіраваўшы некалькі сайтаў, заўважыла, што прапаноў такога кшталту мала і ўсе яны разрозненыя. Я стварыла групу «УКантакце» і стала збіраць існуючыя ў інтэрнэце запрашэнні. Гэта ідэя была падтрымана карыстальнікамі сацыяльнай сеткі. Так у мяне і саспела ідэя стварыць адзіную мультыплатформу па пошуку работы для студэнтаў, — распавяла Карына.

«З намі супрацоўнічаюць больш як 150 кампаній. У сярэднім за месяц мы атрымліваем 30—40 прапаноў. Ад 8 да 15 чалавек штомесяц знаходзяць праз нас месца работы. Для тых, хто шукае заробак, стажыроўка — не лепшы варыянт. Кіраўніцтва калі і будзе плаціць, гэтага хопіць хіба на праезд ды лёгкія «перакусы». А вось прымяніць тэарытычныя веды, атрыманыя ў інстытуце, зацікавіць працадаўцу і атрымаць месца — іншая справа. Ведаеце, прасцей навучыць студэнта, чым пераробліваць пад сябе прафесійна сфарміраваную асобу. Пасля стажыроўкі кампанія будзе лабіраваць вашу кандыдатуру, бо на вас выдаткаваныя пэўныя сродкі».

Як расказала далей Карына, найбольшую складанасць для студэнтаў уяўляе напісанне рэзюмэ — калі яны разумеюць, што ў іх няма досведу, а пад гэты пункт адведзена больш за ўсё палёў, то міжволі пачынаюць панікаваць.

Звычайна ў такіх выпадках саіскальнік не піша нічога. А трэба ўсё ж такі пастарацца прыгадаць, магчыма, вы набылі нейкія навыкі падчас практыкі або пісалі курсавую па тых пытаннях, што датычацца палітыкі кампаніі. А там, дзе патрабуецца расказаць пра сябе, студэнты звычайна проста капіруюць нешта з інтэрнэту.

— Праглядаючы рэзюмэ, заўважыла яшчэ адну распаўсюджаную памылку — жаданне расказаць пра ўсе прафесійныя сферы, у якіх выпала быць задзейнічанымі. Напрыклад, дзяўчына шукае стажыроўку на пасаду менеджара, а піша, што працавала ў «Макдональдсе». На нашым сайце мы ўвялі відэарэзюмэ. Гэта папулярная сусветная практыка, але да нас прыйшло пакуль толькі адно такое пасланне, дзе дзяўчына расказвала пра сябе на англійскай мове. Атрымалася вельмі эфектна, — працягвае заснавальніца інтэрнэт-праекта.

Напрыканцы размовы Карына падзялілася планамі на будучыню.

— Мы ўводзім практыку тэматычных семінараў, куды запрашаем працадаўцаў і студэнтаў, дзе апошнія могуць задаць пытанні, якія датычацца палітыкі кампаніі і іншага. На нашым сайце будуць прадстаўлены не толькі актуальныя стажыроўкі, але і карысныя парады, лайфхакі, інтэрв'ю стажораў і прадстаўнікоў кампаній. Мы збіраемся публікаваць падборку кніг, сайтаў, інтэрнэт-рэсурсаў для прафесійнага развіцця. Асноўнай «фішкай» будуць відэаагляды офісаў лепшых кампаній. Робіцца гэта для таго, каб студэнт мог пазнаёміцца з карпаратыўнай культурай магчымага месца работы. Грошы на распрацоўку сайта мы збіралі праз краўдфандынг: за два месяцы — сем мільёнаў рублёў старымі. Фатаграфіі нашых дабрачынцаў мы размесцім на сайце ў раздзеле «Алея славы». Наогул, будзем старацца напаўняць кантэнт цікавымі рэчамі. Наша каманда — нядаўнія студэнты, маладыя спецыялісты, якія самі памятаюць, як шукалі работу і чаго ім канкрэтна не хапала. Цяпер мы яшчэ вырашаем пэўныя пытанні, якія датычацца дызайну, вёрсткі, але ў хуткім часе плануем канчаткова запусціцца.

Алена ЯКАВЕНКА

Загаловак у газеце: Студэнт шукае работу...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.