Вы тут

Ці патрэбны школе будучага настаўнік?


Дэбаты па педагагічнай футуралогіі «Школа заўтрашняга дня» прайшлі ў рамках сёмага этапу Фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі ў БДПУ.


Іх удзельнікамі сталі навучэнцы педагагічных класаў сталічнай гімназіі № 20 — тыя, хто праз колькі гадоў самі прыйдуць працаваць у школу. Камандам «У дэбатах толькі дзяўчаты» (капітан — Анастасія Шыманская) і «Джала камара» (капітан — Максім Камароў) прапанавалі абмеркаваць пытанне, якое хвалюе сёння ўсіх: навукоўцаў, педагогаў-практыкаў і бацькоў — «Ці патрэбны школе будучага настаўнік?»

Для доказу сваёй пазіцыі каманды прывялі сістэму навуковых канцэпцый, фактаў, гіпотэз, прагнозаў, аргументаў і контраргументаў. У прыватнасці, удзельнікі дэбатаў прыйшлі да высновы, што школа будучыні павінна стаць месцам, дзе навучэнцы змогуць атрымаць веды самымі рознымі спосабамі: самастойна, праз кансультацыі з настаўнікам або пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій. Настаўнік у школе будучага, хутчэй за ўсё, застанецца, аднак кардынальным чынам зменяцца яго функцыі. У ходзе дэбатаў хлопцы і дзяўчаты змаглі стварыць розныя мадэлі развіцця школы. Сёння цяжка адназначна сказаць, якая з іх рэалізуецца ў будучыні. Але з упэўненасцю можна сказаць адно: калі ў школу прыйдуць выпускнікі педагагічных класаў — у ёй усё будзе добра!

Госці і балельшчыкі, якія прысутнічалі ў зале — навучэнцы педагагічных класаў, студэнты, магістранты, аспіранты, маладыя выкладчыкі — таксама актыўна ўключыліся ў дыскусію «Свабодны мікрафон».

У ролі экспертаў выступалі супрацоўнікі розных структурных падраздзяленняў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта: Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі, Інстытута псіхалогіі і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій універсітэта. Падводзячы вынікі, яны адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх удзельнікаў дыскусіі, лагічнасць і доказнасць меркаванняў каманды «У дэбатах толькі дзяўчаты», а таксама эмацыянальнасць, пераканаўчасць і дасціпнасць удзельнікаў каманды «Джала камара».

Кандыдат педагагічных навук, дацэнт, начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ Аляксандра Пазняк падкрэсліла актуальнасць і складанасць заяўленай праблемы. Улічваючы, што ў 2016/2017 навучальным годзе колькасць педагагічных класаў у краіне павялічылася ўтрая (сёння ў 342 педагагічных класах і групах навучаюцца ўжо больш як 3,5 тысячы навучэнцаў), Аляксандра Валянцінаўна прапанавала прадоўжыць абмеркаванне тэмы на рэспубліканскім узроўні і абвясціла конкурс праектаў для навучэнцаў педагагічных класаў «Будучыя педагогі — пра школу будучыні».

Фестываль маладзёжнай навукі — унікальны праект, які стартаваў у бягучым годзе па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і які рэалізоўваецца на пляцоўках розных ВНУ краіны. У рамках Рэспубліканскага кірмашу інавацыйных праектаў студэнтаў і маладых навукоўцаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы ў БДПУ былі прадстаўлены 18 лепшых праектаў БДПУ і іншых ВНУ краіны. У рабоце кірмашу прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі Біржы сацыяльных праектаў, грамадскае аб'яднанне «Сонечны круг», ТАА «Інвестыцыйны клуб», сацыяльна-інавацыйная платформа «Talaka.by» і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalаeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.