Вы тут

Некалькі цікавых спосабаў дабіцца згоды ад выбранніцы


Пачуць слова «так» хоча кожны хлопец, які вырашыў зрабіць прапанову рукі і сэрца сваёй каханай. Мы пагутарылі з тымі, хто ўжо прайшоў гэты этап і зараз рыхтуецца да вяселля. Жаніхі згадваюць, як рабілі адзін з найважнейшых крокаў у жыцці, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся і за што хваляваліся больш за ўсё.


З зямлі да нябёсаў

Каця і Саша пазнаёміліся на вяселлі сяброў. Пра ўласнае такое ж свята пара загаварыла праз тры гады. Але спачатку, зразумела, была прапанова. Тут хлопцу прыйшлося паламаць галаву, каб уразіць не вельмі рамантычную выбранніцу.

— Музыку, плюшавыя цацкі і цукеркі я адкінуў адразу. У паўсядзённым жыцці яна на іх нават не звяртае ўвагі, што ўжо казаць пра дзень «Х». Варыянт з дарагім рэстаранам і жывой музыкай таксама паказаўся мне простым, — успамінае жаніх. — Ідэя з верталётам прыйшла падчас ранішняй прабежкі. Рэалізаваць яе было нескладана, а вось хваляванні наконт таго, што нешта пойдзе не так, былі. Але ў верталётным клубе маю ідэю не проста падтрымалі, а адразу папрасілі выкарыстоўваць нашы фота для рэкламы новай паслугі «Прапанова рукі і сэрца ў небе».

Запаветнае пытанне, пакуль пара была ў небе, мелам выводзілі супрацоўнікі клуба. «Мастакі» загадзя разлічылі плошчу ўзлётнай паласы, каб надпіс атрымаўся прыгожым.

— Каці я сказаў, што мы ідзём на фотасесію (яна даўно хацела). Тая, нічога не падазраючы, надзела самую прыгожую сукенку і пазіравала перад фатографам (аб гэтым я таксама паклапаціўся). Ляталі мы паўгадзіны. За гэты час пілот паспеў расказаць нам з дзясятак гісторый пра Мінск, а мае далоні змакрэлі зусім. «Нешта памянялася ў нас тут», — указваючы на ўзлётную паласу, сказаў пілот. Каця нават вокам не павяла. Маўляў, навошта мне ваш асфальт, калі за акном неба! — дзеліцца жаніх.

Мужчына за штурвалам звярнуўся да «гераіні свята» яшчэ раз. Тая зрабіла ласку — паглядзела ўніз. Апісваць ТАКІЯ эмоцыі я не ўмею. Калі проста: дзяўчына сказала «так».

Твая роля — галоўная

Сяргей і Ганна — будучыя рэжысёры. Гадоў праз дзесяць мы будзем глядзець іх фільмы. Пакуль жа пара здымае кіно толькі для закрытага кола гледачоў. Але адна стужка ўсё-такі патрапіла на вялікі экран.

— У кінатэатр мы пайшлі на фільм, пра які Ганна прагаварыла мне ўсе вушы. Я ведаў, што прапусціць яго яна не зможа, і мне трэба гэтым карыстацца, — успамінае Сяргей.

Хлопец каля месяца цішком здымаў каханую дома, ва ўніверсітэце, на вуліцы, з сябрамі. Жаніх падключыў усіх родных дзяўчыны і тыя, трэба аддаць належнае, тайну збераглі. Фільм агучваў і манціраваў Сяргей сам. Сябры-аднагрупнікі дапамаглі толькі з тымі кадрамі, у якія трэба было ўвесці галоўнага героя-жаніха.

— Прэм'ера адбылася перад пачаткам той стужкі, на якую Ганна, уласна, і прыйшла. Разам з ёй «кіно» глядзела і ўся кіназала. Перад гэтым я сышоў быццам бы ў прыбіральню. За дзвярыма ветлівыя кантралёры ўжо чакалі мяне з загадзя падрыхтаваным букетам кветак. Дачакаўшыся патрэбнага моманту і запаленага святла, я зайшоў у залу — Ганна рыдала.

Далей — усё як у сапраўдным кіно. Але гэта ўжо другая «серыя».

— Вельмі хваляваўся, як маю задуму ўспрымуць звычайныя гледачы. Людзі ў кіно прыйшлі, а тут — «цырк», — дзеліцца Сяргей. 

— Але мне пашчасціла. Мужчыны ў зале падтрымлівалі поглядам, потым падыходзілі — руку ціснулі, а жанчыны, напэўна, усе слёзы выплакалі і далоні ад апладысментаў сцерлі.

Дарэчы, сёння таксама модна выкладваць міні-фільмы з прапановай рукі і сэрца на відэахостынгі або ў сацыяльныя сеткі. Жаніхі скідваюць спасылку сваёй выбранніцы і чакаюць рэакцыі, калі тая зразумее, што гаворка ідзе пра яе. Публічна прызнацца ў каханні можна і праз мясцовую радыёстанцыю. Галоўнае — ведаць момант, калі каханая будзе слухаць радыё.

Прапанова на... узбочыне

Вадзім з дзяцінства марыў маляваць. Але знайшоў сябе хлопец у сферы ІT-тэхналогій. Як і нявесту. Марына і Вадзім працуюць разам ужо два гады.

— Чаму білборд? Для мяне ён нечым нагадвае карціну, а я заўсёды хацеў адчуць сябе мастаком. Спачатку была ідэя павесіць партрэт Марыны ў музеі ці галерэі, але ўсе мае спробы даказаць кіраўніцтву, што «гэта» таксама свайго роду мастацтва, праваліліся. Прыйшлося шукаць іншы варыянт, — успамінае Вадзім.

Праз тыдзень білборд з выявай каханай і словамі «Ты будзеш маёй жонкай?» ужо ўпрыгожваў адзін з участкаў дарогі ў напрамку Гомеля. Менавіта па дарозе да бацькоў Марына павінна была заўважыць незвычайную «рэкламу».

— Перад самым сюрпрызам у нас быццам бы зламалася машына. У гэтую версію Марына паверыла. Яна выйшла з салона і хвіліны дзве глядзела на білборд. «Або мы вельмі падобныя, або маё фота скралі. Я гэтага так проста не пакіну», — нечакана пачуў я. На момант я пачаў сумнявацца ў сваёй задуме.

Праз секунд трыццаць Марына раптам зазіхацела ўсмешкай і кінулася да Вадзіма. Хлопец ужо паспеў дастаць з кішэні пярсцёнак і стаць на калена. «Я згодная!»

— Колькі фотаздымкаў каля білборда было зроблена намі, бацькамі, сябрамі і проста падарожнымі — падлічыць цяжка. Але, ведаеце, ні адна камера не перадасць тых эмоцый, якія на ўсё жыццё адбіліся ў нашай памяці, — дадае Вадзім.

У канцы нашай размовы Вадзім расказаў пра ўсе тэхнічныя, матэрыяльныя і нават маральныя цяжкасці сваёй задумы. Але аўтару матэрыялу падалося, што гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Бо гэты аповед пра натхненне, смеласць, фантазію, рызыку і, вядома, каханне!

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прашу рукі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.