Вы тут

Забарона абортаў — панацэя?


У Польшчы бязглуздая заканадаўчая ініцыятыва на поўную забарону абортаў выклікала хвалю пратэстаў. Пад націскам не толькі жаночай грамадскасці парламентарыі вымушаны былі адмовіцца ад намеру прыняць адпаведны закон. Але следам за палякамі актыўна загаварылі пра адмову ад абортаў як рэзерв паляпшэння дэмаграфіі ў Расіі. Не засталася без увагі тэма і ў нас. Хоць у нашай краіне як быццам бы гаворка пра забарону штучнага перарывання цяжарнасці не ідзе, але мяркуючы па апошніх перадачах на ТБ, публікацыях у СМІ, выспяваюць альбо прапіхваюцца невялікія іншыя папраўкі ў заканадаўства, да якіх таксама трэба паставіцца вельмі асцярожна. Каб не наламаць дроў, не пакалечыць лёсы, або як гавораць медыкі, не нашкодзіць.


І для пачатку прывяду меркаванні па названай тэме розных жанчын, з якімі ўдалося пагутарыць за некалькі дзён.

Альбіна ЧАРАНКЕВІЧ, акушэр-гінеколаг Брэсцкага абласнога радзільнага дома, урач з 42-гадовым стажам:

— Найперш хачу адзначыць, што абортаў цяпер робіцца ў разы меней, чым раней. І гэта вынік асветніцкай, выхаваўчай работы, якую праводзяць урачы пры дапамозе работнікаў адукацыі і прадстаўнікоў грамадскасці. Гадоў трыццаць назад многія жанчыны разглядалі аборт ледзь не як сродак кантрацэпцыі. У нас былі пацыенткі, што прыходзілі на аперацыю па перарыванні цяжарнасці амаль кожны год. Нельга сказаць, што тады не было сродкаў і метадаў кантрацэпцыі. Не такія разнастайныя як цяпер, але яны былі. Проста ў жанчын бракавала пісьменнасць і адказнасць у адносінах нават да свайго здароўя. Тым жа можна растлумачыць і крымінальныя аборты, з якімі мы сутыкаліся 30—35 гадоў таму. Аперацыя, як вядома, не была пад забаронай і тады. Але час ад часу нам дастаўлялі жанчыну ў найцяжэйшым стане, якой шляхам складанай аперацыі даводзілася ратаваць жыццё. Яшчэ на маёй памяці выпадкі, калі розныя шарлатаны спрабавалі выклікаць аборт фікусам, цыбуляй, вязальнымі пруткамі. Усё гэта рабілася не ў пару сівой даўніны, а ў час актыўных палётаў у космас, атамных ледаколаў і стапрацэнтнага ахопу тэрыторый радыё- і тэлевяшчаннем.

Таму апошнія два дзесяцігоддзі асветніцкая работа ў гэтым кірунку вялася з асаблівым напорам. І плады яе прыкметныя. Ну, нават калі ўзяць статыстыку, якая апошнім часам нярэдка прыводзіцца: калі ў 2000 годзе ў краіне на 1000 жанчын фертыльнага ўзросту рабілася 46 абортаў, то ў 2015-м такіх аперацый было 12,8. Як кажуць, адчуйце розніцу.

Але і гэтых 12 — многа, — працягвае Альбіна Аляксееўна. — Асабіста я стаўлюся адмоўна да такой сацыяльна-маральнай з'явы, як аборт. Бо праз мае рукі прайшлі дзясяткі, а то і сотні жанчын, якія доўга лячыліся, пакутавалі ад наступстваў названай аперацыі, асабліва тыя з іх, хто перарываў першую цяжарнасць. Бясплоднасць, запаленчыя захворванні і немагчымасць у рэшце рэшт нарадзіць дзіця — гэта гора для сям'і, трагедыя для самой жанчыны. І добра, што цяпер ёсць абавязковае псіхалагічнае кансультаванне тых, хто адважыўся пайсці на гэтую аперацыю.

Забароны ў гэтай справе да дабра не даводзяць. Забароны абавязкова прывядуць да дзікунства, якое ўжо аднойчы пераадолелі — да крымінальных абортаў.

Могуць і павялічыць статыстыку злачынстваў у дачыненні да нованароджаных. Нядаўна рэзананс атрымаў выпадак у Мачулішчах пад Мінскам, калі жанчына выкінула немаўля ў смеццеправод. Памятаю аналагічны выпадак у Брэсце крыху больш за 10 гадоў таму. Таксама пасля нараджэння маці скінула дзяўчынку з 9-га паверха дома. На шчасце, малую выратавалі, урачы рэанімацыі далі ёй імя Вікторыя і прозвішча па дні тыдня, калі яе знайшлі. Апошнія — прыклады крыху іншага кірунку. Такім грамадзянкам не можа быць наогул ніякага апраўдання, у нас адпрацаваная сістэма адмовы ад непажаданых дзяцей, малое можна пакінуць у любой установе аховы здароўя... Трэба проста імкнуцца да таго, каб дзеці былі жаданыя.


Святлана КАРОЛЬ, журналіст:

— Я прыхільнік такой ідэалогіі: трэба нараджаць столькі дзяцей, колькі Бог дае. Аборт, як ні круці, з'яўляецца маленькім забойствам. Гавару так і лаўлю сябе на думцы, што гэта разважанні саракагадовай жанчыны, якая мае надзейны тыл у выглядзе добрай сям' і. Але ж у жыцці здараецца ўсяляк. І можна ўявіць сабе разгубленую, пакінутую маладую жанчыну, якой няма на каго абаперціся і няма ў каго шукаць спагады. Яна разумее, што сама не зможа выхаваць дзіця, даць яму добрыя ўмовы жыцця і прыстойную адукацыю. Скажаце, можна цывілізавана адмовіцца ад малога. Але не кожны здольны пасля нараджэння пакінуць сваю крывіначку ў бальніцы з адпаведнай заявай. І вось калі яна стаіць на мосце з такімі думкамі... Не ўсе ж у нас моцныя духам, пачаць з нуля і дабіцца ўсяго могуць толькі гераіні серыялаў, а ў жыцці, на жаль, здараецца зусім наадварот.

Таму я за такую забарону абортаў, якая выспее ў галаве кожнай жанчыны.

І для гэтага па-мойму ў нашым грамадстве робіцца нямала. Можа, трэба рабіць яшчэ болей. Магчыма, варта выхоўваць адказнасць і мужчын за новае жыццё. Толькі не ведаю як.


Галіна ЯФІМАВА, настаўніца на пенсіі, педагог з 38-гадовым стажам:

— Хачу сказаць, што ў апошнія гады мы рабілі нямала для выхавання дзяўчынак як будучых маці. Як класны кіраўнік я не мінала выпадку, каб запрасіць на гутарку доктара. І спадзяюся, што мае выпускніцы многа ўзялі для сябе з тых класных гадзін, што мы, дарослыя, прымусілі іх думаць, разважаць менавіта аб адказнасці за свае паводзіны, будучую сям'ю і будучых дзяцей. А інфармацыі для роздуму яны атрымалі дастаткова. Але цяпер думаю: мы заўсёды гаварылі пра гэта з дзяўчынкамі, а вось у выхаванні хлопчыкаў нешта грунтоўнае ўпускаем. Пра апошняе сведчаць і тая лёгкасць, з якой многія маладыя людзі цяпер ставяцца да абортаў. Нядаўна гераіня адной з тэлеперадач прапаноўвала заканадаўча замацаваць неабходнасць пісьмовай згоды на аборт бацькі магчымага будучага дзіцяці. Можа, гэта і ёсць той стымул, які ўскалыхне адказнасць. Бо да зараджэння новага жыцця маюць дачыненне два чалавекі, а мы ўвесь час гаворым толькі пра жанчыну.


Нехта, можа, зробіць заўвагу аўтару гэтых радкоў, чаму не папыталася пра меркаванне мужчын па тэме. Я пыталася, але не рызыкну прывесці іх, ва ўсялякім разе, цяпер. Бо іх трэба было б перакладаць на літаратурную мову, а лейтматыў іх агульны: пакіньце ў спакоі жанчыну, гэта найперш яе справа. Адзін найбольш рамантычны з апытаных працытаваў радок Марыны Цвятаевай: «Бог, не суди, ты не был женщиной на земле». І за гэта яму дзякуй.

Варта паглядзець на праблему больш пільна. Менавіта жанчына носіць у сабе дзіця дзевяць месяцаў, потым нараджае і пакуль яшчэ нярэдка гадуе, ставіць на ногі адна. Можна спытаць у медыкаў цэнтра «Тонус», дзе дапамагаюць хворым ад нараджэння дзеткам, колькі бацькоў сышло, яны не вынеслі цяжару жыцця ў сям'і з хворым дзіцем. І тады нясе гэты крыж адна жанчына. А можа, пытаць дазволу на аборт у алкаголікаў, сямейных гвалтаўнікоў, што робяць жыццё невыносным? Можа, наогул дайсці да абсурду, калі дзяўчына не вельмі «цяжкіх» паводзін будзе вымушаная плаціць грошы суб'екту з вуліцы, каб схадзіў з ёю ў паліклініку і напісаў патрэбны ліст. Таму не трэба ламаць дроў, не варта, як з віламі на паравоз, перціся з заканадаўчымі ініцыятывамі ў вельмі далікатную сферу чалавечага жыцця. Рашэнне нармальнай жанчыны на гэты конт, паверце, і так выплакана і выпакутавана. Трэба ёй падставіць плячо, калі яна вагаецца, а не прымушаць ды пужаць забаронамі. Розных прымусаў і забарон у нас і так хапае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прымусам нікога не ашчаслівіш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.