Вы тут

Што трэба ведаць падводным рыбаловам i паляўнiчым з сабакамi


Сярод паляўнiчых, мабыць, асаблiвую iх катэгорыю складаюць тыя, хто аддае перавагу здабычы звера або птушкi пры дапамозе паляўнiчых сабак. Тое ж можна, напэўна, сказаць i пра падводных рыбаловаў. Спецыфiка захаплення i першых, i другiх патрабуе i спецыяльных ведаў. I калi вопытны аматар такога актыўнага адпачынку, як правiла, ужо мае патрэбны досвед, дык у навiчкоў, што толькi жадаюць далучыцца да адпаведнага захаплення, можа ўзнiкнуць шэраг пытанняў. На некаторыя з iх сёння адкажуць спецыялiсты Дзяржаўнай iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь.


Трэнiроўкi па правiлах

Палявое навучанне як неад'емная частка фармiравання рабочых якасцяў розных парод паляўнiчых сабак часцяком выклiкае ў iх уладальнiкаў пытанне: якiм чынам дазволена весцi нагонку, муштроўку i прывучванне сваiх гадаванцаў.

Згодна з Правiламi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, для трэнiроўкi i палявання дазваляецца выкарыстоўваць толькi паляўнiчых сабак, зарэгiстраваных Беларускiм таварыствам паляўнiчых i рыбаловаў.

Зоны трэнiроўкi павiнны выдзяляцца ў абавязковым парадку ў кожнай паляўнiчай гаспадарцы плошчай больш за 25 тысяч гектараў i складаць не менш за 1 тысячу гектараў. У гэтых зонах паляўнiчым дазваляецца трэнiраваць сваiх сабак пры ўмове, што яны будуць знаходзiцца там у светлы час сутак без зброi. Права на здабычу паляўнiчых жывёл яны таксама не маюць.

Трэнiраваць паляўнiчых сабак можна не толькi ў паляўнiчых угоддзях. Абласныя выканаўчыя камiтэты маюць права прымаць рашэннi аб выдзяленнi ўчасткаў для гэтых мэт у межах забароненых для палявання зон (за выключэннем зон масавага адпачынку).

З 1 па 31 мая, у перыяд з'яўлення маладняку, трэнiроўка паляўнiчых сабак (акрамя выжлаў) забароненая.

Паляўнiчы павiнен ведаць, што, калi ў працэсе трэнiроўкi яго сабака здабыў (умярцвiў альбо нанёс траўмы, не сумяшчальныя з жыццём) паляўнiчую жывёлу нармiруемых вiдаў або чырванакнiжную жывёлу, неабходна паведамiць пра iнцыдэнт службовай асобе карыстальнiка паляўнiчых угоддзяў, не перамяшчаючы i не разбiраючы здабытую жывёлу.

Паляўнiчы сабака, у адпаведнасцi з Правiламi, з'яўляецца прыладай палявання. Разам з тым не прызнаецца паляваннем знаходжанне асоб у паляўнiчых угоддзях цi iншых месцах пражывання паляўнiчых жывёл з паляўнiчым сабакам на павадку або якi ўдзельнiчае ў выпрабаваннях i спаборнiцтвах, а таксама ў працэсе трэнiроўкi ў названых вышэй выпадках.

Як пазбегнуць «камянёў» падводнiкам

Апошнiм часам у розныя дзяржаўныя органы, у тым лiку рыбалоўнага кантролю, паступае значная колькасць зваротаў, якiя тычацца падводнага палявання. У iх грамадзяне выказваюцца як за развiццё такога спосабу лоўлi рыбы, так i кажуць пра негатыўнае стаўленне да яго. Спецыялiсты Дзяржiнспекцыi вывучылi мiжнародны вопыт арганiзацыi i ўмоў вядзення падводнага палявання, у прыватнасцi, у краiнах Балтыi.

У Лiтве з трох тысяч вадаёмаў падводнае паляванне дазволена толькi на 7, пры гэтым неабходна мець бiлет рыбалова. У Эстонii падводныя паляўнiчыя ў абавязковым парадку набываюць рыбалоўную карту. Цягам пяцi дзён пасля заканчэння тэрмiну яе дзеяння яны павiнны даць справаздачу аб улове, iнакш наступны раз у выдачы карты iм будзе адмоўлена. Падводнае паляванне можна весцi толькi на двух азёрах — Курэмаа i Саад'ярв. Каштуе гэта два еўра за адзiн дзень.

Цiкава, што ў Эстонii, калi вам пашанцуе злавiць рыбу з пластыкавай пазнакай каля спiннога плаўнiка (на ёй — звесткi пра вiд i памеры рыбы пры яе ўсяленнi ў вадаём), можна адправiць гэтую пазнаку, а таксама апiсанне вылаўленай асобiны (выгляд, вага, даўжыня, час i месца вылаву, спосаб лоўлi) у рыбагадавальнiк i атрымаць у якасцi ўзнагароджання 5,11 еўра i добрую блешню. У Латвii падводнае паляванне дазволена толькi ў вадаёмах, пералiк якiх ухвалены Мiнiстэрствам земляробства. У гэтым спiсе — каля 30 рыбалоўных угоддзяў.

Да 2006 года падобны пералiк iснаваў i ў Беларусi. Ён уключаў 34 водныя аб'екты: у Брэсцкай вобласцi — 7, Вiцебскай — 11, Гомельскай — 5, Гродзенскай — 6, Магiлёўскай — 5. У Мiнскай вобласцi падводнае паляванне было цалкам забаронена.

Сёння абмежаванняў у падводнiкаў куды менш. Iснуе пералiк рыбалоўных угоддзяў (зацвярджаецца пастановай Мiнсельгасхарча), у якiх забаронена рыбачыць некаторымi спосабамi, у тым лiку весцi падводнае паляванне. Водныя аб'екты фонду запасу, якiя не ўваходзяць у гэты спiс (а iх значна больш), адкрытыя для так званай iнтэнсiўнай лоўлi. Аднак, каб рыбачыць там з дапамогай падводнай стрэльбы, займацца тролiнгам (лоўляй з суднаў з рухавiкамi на дарожку) i выкарыстоўваць вялiкую колькасць кручкоў (да 10), рыбаку неабходна быць членам Беларускага таварыства паляўнiчых i рыбаловаў.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Узброеныя iнфармацыяй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.