Вы тут

Як забяспечыць пенсіянерам дастойную старасць


Запусціць сацыяльныя паслугі для пажылых нескладана. Выклік у тым, каб пастаянна гэтыя праграмы падтрымліваць. Асабліва цяжка прыходзіцца краінам, дзе доля насельніцтва ва ўзросце 65+ перавышае 14 працэнтаў. Беларусь у іх ліку. Марвін ФАРМОЗА, дырэктар Міжнароднага інстытута ААН па праблемах старэння насельніцтва (Мальта), падчас семінара ў Мінску расказаў пра новыя формы работы з пажылымі.


Галоўны памочнік — сацработнік

Усяго тры пакаленні таму асноўнай падтрымкай пажылых людзей была сям'я. Цяпер родныя менш наведваюць старых. Прычыны гэтага простыя. Упала нараджальнасць, а значыць, паменела дзяцей, якія патэнцыяльна будуць клапаціцца пра пажылых. Зніжаецца колькасць жанчын, якія могуць даглядаць сталых бацькоў. Бо як толькі жанчыны пачынаюць рабіць кар'еру, а не проста хадзіць на працу, яны прападаюць у офісах круглыя суткі.

Што рабіць? Наладжваць грамадскія службы, лічыць Марвін Фармоза. Галоўным памочнікам пенсіянераў становіцца сацыяльны работнік.

— Гэта прафесія ў многіх краінах недаацэнена, сацыяльныя работнікі атрымліваюць мізэрны заробак. Яны не носяць халаты, таму пажылыя людзі не ўспрымаюць іх сур'ёзна. Галоўны чалавек для іх — урач. Але першы, да каго звяртаюцца старыя ў крызіснай сітуацыі, — гэта насамрэч сацыяльны работнік. Ён выконвае ролю і настаўніка, і адваката, і дамашняга памочніка, — заўважае эксперт.

Майстар на дом

Ідэал — гэта не пакой павышанага камфорту ў інтэрнаце, а дамашняе старэнне. «Ніхто не марыць, каб яго адправілі ў дом састарэлых.

Мы баімся гэтага, — кажа Марвін Фармоза. — Да таго ж з фінансавага пункту гледжання для ўрада забяспечыць дамашняе старэнне не так дорага, як утрымліваць інтэрнаты. Таму нам патрэбны паслугі, якія дапамагаюць павысіць незалежнасць чалавека».

Размова не толькі пра прыборку, паход па прадукты і аплату рахункаў (стандартную дапамогу, якую аказвае сацыяльны работнік). Сярод новых паслуг для пажылых, якія развіваюць у Еўропе, — майстар на дом. Мясцовыя органы ўлады бясплатна прысылаюць спецыяліста, які дапамагае пакласці плітку ці замяніць электраправодку, а пенсіянеры трацяцца толькі на матэрыялы.

Для тых, хто не можа самастойна прыгатаваць сабе ежу (напрыклад, чалавек, які перанёс інсульт), працуе дастаўка гарачых абедаў. Падаеш заяўку — і можаш разлічваць на адзін гарачы абед у дзень.

Пенсіянерам, якія баяцца начаваць дома адны (часта гэта жанчыны, у якіх памёр муж), прапануюць прыходзіць у начныя прытулкі. Некаторыя падобныя ўстановы дазваляюць заставацца на любы час. Але, лічыць дырэктар інстытута, лепш устанаўліваць пэўныя рамкі. Маўляў, вы можаце прыходзіць да нас на працягу месяца, і за гэты час мы паспрабуем дапамагчы вам супакоіцца.

Папулярная таксама трывожная кнопка — прылада гучнай сувязі, звычайна ў выглядзе кулона на шыі. Калі чалавеку стане дрэнна ці нехта будзе ламацца да яго ў кватэру, яму не давядзецца шукаць тэлефон і ўспамінаць нумар службы выратавання. Дастаткова націснуць чырвоную кнопку — і імгненна перазвоняць спецыялісты. З дапамогай сучасных тэхналогій наладзіць такую сістэму нескладана. Адзінае — трэба мець дзяжурную службу, работнікі якой 24 гадзіны ў суткі сядзелі б каля тэлефона і прымалі званкі. Але ў многіх краінах гэтым займаюцца валанцёры. Марвін Фармоза ўспамінае, што калі на Мальце забяспечвалі пажылых трывожнымі кнопкамі, баяліся, што людзі пачнуць званіць з прычыны і без яе. Але гэтага не адбылося. Затое пенсіянеры з такой падстрахоўкай сталі адчуваць сябе спакайней, калі заставаліся дома адны.

Яшчэ новаўвядзенне — служба дапамогі асобам з нетрыманнем. Падгузкі для дарослых вельмі дарагія, таму не ўсе пажылыя могуць іх сабе дазволіць. Каб знізіць кошт, мясцовая ўлада можа закупляць падгузкі оптам, а потым прадаваць іх насельніцтву. У Італіі такім чынам змаглі збіць цану на 40 працэнтаў.

Хопіць лекцый пра здароўе

Міжнародны эксперт высока ацаніў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых пры нашых тэрытарыяльных цэнтрах. Ён адзначыў, што гурткі па інтарэсах, якія там ствараюць, якраз тое, што трэба.

— Неяк наведваў адзін еўрапейскі цэнтр дзённага догляду. Зранку там гулялі ў бінга, а потым прыходзіла медсястра і чытала лекцыі пра здароўе. У мяне склалася ўражанне, што пенсіянеры былі на транквілізатарах. Яны спакойна сядзелі, не ведалі, які сёння дзень тыдня, бо штодзень яны рабілі адно і тое ж. Але мы павінны не проста даваць пажылым ежу, ваду і снатворнае — раней у цэнтрах так і клапаціліся. Калі мы хочам палепшыць жыццё сталых людзей, трэба сысці ад гэтых стэрэатыпаў.

Безумоўна, у пенсіянераў ёсць праблемы са здароўем. Але варта знізіць градус увагі да медыцынскіх аспектаў і думаць больш пра тое, як заняць наведнікаў інтэлектуальнай і карыснай дзейнасцю. Адкрываць у дзённых цэнтрах невялікія фітнес-студыі, камп'ютарныя класы, бібліятэкі (што і робяць у нашых ТЦСАНах).

У многіх краінах 90 працэнтаў наведнікаў аддзяленняў для пажылых — жанчыны. Прычына не толькі ў тым, што прадстаўніц прыгожага полу ва ўзросце 65+ больш. «У Еўропе кажуць, што мужчыны не зацікаўлены ў такіх цэнтрах. Але калі вы ўлічваеце толькі інтарэсы жанчын, я б таксама не пайшоў. Павінны быць гурткі і для мужчын. Тыя ж майстэрні з інструментамі. Нават калі пенсіянеры не будуць працаваць, яны адчуюць сябе там больш камфортна ў гэтай абстаноўцы», — дзеліцца сваім бачаннем Марвін Фармоза.

Каб арганізаваць гурткі для мужчын, не трэба шмат грошай. Як варыянт, майстэрні можна рабіць у старых пажарных часцях ці ў паліцэйскіх (у выпадку нашай краіны — міліцэйскіх) аддзяленнях.

Грашовае пытанне

Праблема, якая заўсёды ўзнікае: хто будзе плаціць за паслугі для пажылых? Дзяржава, бізнес, самі людзі?

— На мой погляд, найбольш прыдатная мадэль для Беларусі — фінансаванне метадам дзяржаўна-прыватнага партнёрства, калі кожны бок аплачвае нейкую частку. Дзяржава ніколі не будзе дастаткова багатай, каб забяспечыць усе паслугі пажылым бясплатна. Тым больш чаканні пенсіянераў з кожным годам усё вышэйшыя, — пракаментаваў Марвін Фармоза.

На думку эксперта, добра было б, калі б пажылыя людзі таксама плацілі за паслугі. Няхай сабе і сімвалічную суму. Тады б ніхто не заказваў дапамогу без патрэбы.

Афіцыйна

У Беларусі ўсё больш людзей, да якіх ходзяць сацыяльныя работнікі, пераводзяць на платнае абслугоўванне. Калі ў 2012 годзе на ўмовах поўнай аплаты было каля 10 тысяч пажылых і інвалідаў, то ў 2016-м — 73 тысячы. Пры гэтым тарыфы на сацыяльнае абслугоўванне застаюцца нізкімі.

— Чалавек аплачвае толькі 15—18 працэнтаў ад кошту паслугі. Дзяржава не ўстанаўлівае цэны, якія пенсіянеры не змогуць пацягнуць. Сёлета тарыфы не павышаліся, — адзначыла начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацабароны Марыя ГАРБАЦЭВІЧ.

Інтэрнаты для пажылых — даволі расходная частка бюджэту, згаджаецца спецыяліст. Каб папярэдзіць утрыманскія настроі ў грамадстве, зрабілі больш жорсткімі крытэрыі для засялення ў дамы састарэлых. У прыватнасці, пенсіянеры, у якіх ёсць дзеці, могуць пражываць у інтэрнатах толькі на платных умовах.

Каб актывізаваць сямейныя формы догляду, родным пажылых прапануюць афармляць дапамогу па доглядзе, забяспечваюць паслугі сядзелкі.

Развіваюць таксама новыя формы сацыяльнага абслугоўвання: прыёмныя і гасцявыя сем'і, дамы самастойнага пражывання, зімоўкі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Ежа і снатворнае — гэта не клопат»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.