Вы тут

Сяргей Абламейка: «Прысутнасць БДУ ў рэйтынгах — наша візітная картка»


«Апошнія гады я прытрымліваюся прынцыпу «жыццё ўдалося, але яшчэ рана скідваць хуткасць», — прызнаўся ў адным са сваіх інтэрв'ю рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, аўтар больш як 600 навуковых работ, доктар тэхнічных навук, прафесар Сяргей АБЛАМЕЙКА. Зусім нядаўна Сяргей Уладзіміравіч адзначыў свой 60-гадовы юбілей, а 30 кастрычніка 95-годдзе адзначыць галоўная ВНУ краіны, якую ён узначальвае з 2008 года. Восень атрымалася для кіраўніка БДУ надзвычай клопатнай, тым не менш ён не адмовіў у інтэрв'ю нашаму выданню...


Ад студэнта — да рэктара

— Сяргей Уладзіміравіч, вы скончылі механіка-матэматычны факультэт БДУ ў 1978 годзе. А роўна праз трыццаць гадоў вас, вучонага з сусветным іменем, запрасілі ўзначаліць сваю альма-матар. Прызнайцеся, што для вас больш цікава: займацца навукай ці выхоўваць новае пакаленне людзей з нестандартным мысленнем? І ці часта вам даводзіцца лавіць сябе на думцы «а вось у мае часы...»?

— Я і цяпер працягваю займацца навукай, але, канешне, у значна меншай ступені. А, можа, усяму свой час? Рухаць навуку наперад павінна найперш моладзь. Ёсць меркаванне, што асноўныя адкрыцці робяцца да 40 гадоў, а потым ты ўжо пераважна абагульняеш, кансультуеш, кіруеш іншымі. Спадзяюся, што свой уклад у навуку я ўжо зрабіў. Да таго ж пераход ад навукі да адміністрацыйнай працы ў мяне атрымаўся досыць плаўны, паколькі ў Акадэміі навук я ўзначальваў Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі, а да гэтага працаваў намеснікам дырэктара інстытута, таму адміністрацыйнай працы мне і там хапала. Праўда, тут яе яшчэ больш (смяецца. — Аўт.), маштабы зусім іншыя...

Выкладаннем я займаюся большую частку свайго жыцця — з 1985 года, калі абараніўся і атрымаў званне кандыдата навук. Выкладаў паралельна з работай у Акадэміі навук і ў БДУ, і ў БДУІР, а пачынаў сваю выкладчыцкую дзейнасць у тагачасным політэхнічным інстытуце — сённяшнім БНТУ. Адным словам, прайшоў усе прыступкі: навука — выкладанне — менеджмент. А ў Белдзяржуніверcітэце ўсё сышлося ў адным пункце: і першае, і другое, і трэцяе. Я і цяпер з задавальненнем прыходжу да студэнтаў у аўдыторыю. І ні ў якім разе не падтрымліваю тых, хто скептычна ставіцца да сучаснай моладзі. Ва ўсе часы былі не толькі працалюбівыя і мэтанакіраваныя студэнты, але і гультаі, і тыя, каго цікавіць не сам працэс, а толькі хуткі вынік. І так будзе заўсёды...

Я часта сустракаюся са студэнтамі ў нефармальнай абстаноўцы і мне падабаецца іх разуменне свету. Яны вельмі дапытлівыя і разумныя. Дзякуючы інтэрнэту і сучасным тэхналогіям моладзь валодае інфармацыяй, якая была недаступная нам дваццацігадовым. Я ўвогуле лічу, што маладым значна цяжэй: яны павінны ведаць намнога больш, чым мы ў свае студэнцкія часы. Сёння нават школьнік разбіраецца ў гаджэтах і камп'ютарах лепш, чым акадэмік. Калі я вучыўся на мехмаце, праграміраванне ў нас выкладалася толькі на пятым курсе. Тагачасныя камп'ютары былі вельмі вялікія — на паўпакоя ці нават больш, мы пісалі праграмы, па іх прабівалі перфакарты, праз перфакарты ўводзілі інфармацыю ў камп'ютары, пралічвалася праграма, раздрукоўваліся вынікі і памылкі, і мы па новай праходзілі ўвесь шлях. Толькі калі мне было гадоў 25 і я ўжо працаваў у Акадэміі навук, з'явілася магчымасць па некалькі гадзін у дзень працаваць на міні-ЭВМ. А персанальныя камп'ютары з'явіліся яшчэ гадоў праз восем-дзесяць...

Яркія і паспяховыя

— Тым не менш сваё «алімпійскае золата» ў навуцы вы атрымалі вельмі рана, абараніўшы доктарскую дысертацыю ў 34 гады. А ці можаце прывесці аналагічныя прыклады ў вашым цяперашнім універсітэцкім акружэнні?

— Колькі заўгодна. На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Яўген Жук абараніў доктарскую ў 30 з «хвосцікам». На фізічным факультэце за апошнія гады было некалькі абароненых доктарскіх дысертацый нашымі супрацоўнікамі ва ўзросце да 35 гадоў. А ўвогуле за 2015 год супрацоўнікамі і аспірантамі ўніверсітэта абаронена 5 доктарскіх і 53 кандыдацкіх дысертацый, у 2014 годзе — 11 і 52 адпаведна. На мой погляд, у плане абароны сваіх даследаванняў маладым сёння прасцей, бо калі я ў 33 гады выйшаў на абарону доктарскай, былі праціўнікі, якія лічылі мяне занадта маладым, заяўлялі, што рана прысвойваць мне званне доктара навук. Проста звычайна такія дысертацыі абаранялі ў больш сталым узросце. А сёння да маладых кандыдатаў і дактароў навук зусім іншае стаўленне.

Упэўнены, што сярод нашых выпускнікоў не менш яркіх і паспяховых людзей, чым было дваццаць-трыццаць гадоў таму. Заснавальнік і кіраўнік ІТ-кампаніі «Іtransіtіon» — выпускнік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ 1996 года Сяргей Гвардзейцаў. Ён стварыў сваю кампанію «з нуля», а цяпер у ёй працуюць больш за тысячу чалавек і яна мае офісы ў шэрагу краін свету. Заснавальнік кампаніі «Wargamіng» — аднаго з лідараў у сусветнай гейм-індустрыі — Сяргей Кіслы, выпускнік фізічнага факультэта БДУ. Я магу гэты спіс працягваць...

— Студэнцкія каманды факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ традыцыйна ўваходзяць у фінал сусветных спаборніцтваў па праграмаванні сярод студэнтаў і займаюць там прызавыя месцы. Між іншым, кожны год я з цікавасцю назіраю, як пераможцы рэспубліканскай і міжнароднай алімпіяд сярод школьнікаў па інфарматыцы выбіраюць паміж БДУ і БДУІР. Скажыце, ці адчуваеце вы канкурэнцыю і як змагаецеся за лепшых?

— Мы з БДУІР дапаўняем адзін аднаго. Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі больш моцны ў прыкладных навуках, там рыхтуюць цудоўных сістэмных адміністратараў, электроншчыкаў. Я заўсёды кажу маладым людзям, якім складана вызначыцца з выбарам: калі табе падабаецца працаваць з «жалезам», то трэба ісці ў БДУІР. А калі ты любіш матэматыку, то, калі ласка, да нас — у БДУ рыхтуюць выдатных распрацоўшчыкаў складаных сістэм. А з маім калегам, рэктарам БДУІР Міхаілам Паўлавічам Батурам, у нас поўнае паразуменне і ўзаемная павага. За абітурыентаў мы не сварымся, а канкурэнцыя, лічу, усім ідзе толькі на карысць.

— А чаму самы вядомы юны праграміст Генадзь Караткевіч адправіўся атрымліваць адукацыю ў расійскую ВНУ? БДУ не змог яго зацікавіць?

— Пра гэта трэба пытацца ў хлопца. Мяркую, што ён зрабіў выбар на карысць Расіі, паколькі ў вялікай краіне адкрываюцца большыя магчымасці. Гэта аксіёма. Канешне, нам хацелася б, каб Караткевіч вучыўся ў нас. Але малады чалавек выбіраў не проста ўніверсітэт, а сваю будучыню. Вялікаму караблю — вялікае плаванне...

Тэст на сто балаў?

— Калі вы паступалі ва ўніверсітэт, на піку папулярнасці ў моладзі былі тэхнічныя навукі. А сёння ўсе рэкорды б'е факультэт міжнародных адносінаў (ФМА). Туды ідуць абітурыенты практычна з максімальна магчымай сумай балаў. Скажыце, а вы ніколі не цікавіліся іх чаканнямі: кім яны сябе бачаць на выхадзе з універсітэту?

— Канешне, міжнароднікамі (смяецца. — Аўт.). У 17—18 гадоў усе мараць ездзіць па свеце. Мараць пра дыпламатычную кар'еру. Але жыццё ўносіць свае карэкціроўкі... Нельга ж увесь выпуск прыняць на працу ў Міністэрства замежных спраў. Адзін-два выпускнікі трапляюць туды адразу пасля заканчэння ФМА, але гэта лепшыя з лепшых. Я наведваю шмат краін і паўсюдна сустракаю нашых выпускнікоў не толькі ў пасольствах і дыпламатычных прадстаўніцтвах, але і ў транснацыянальных карпарацыях, замежных прадстаўніцтвах беларускіх кампаній. Паспяховых сярод выпускнікоў факультэта міжнародных адносін хапае, але ж усе не могуць быць такімі.

— А як атры­ма­ла­ся, што ФМА стаў пе­ра­важ­на жа­но­чым фа­куль­тэ­там?

— Прос­та дзяў­ча­ты больш ста­ран­ныя за хлоп­цаў. Яны лепш ву­чац­ца ў шко­ле і ад­па­вед­на цэнт­ра­лі­за­ва­нае тэс­ці­ра­ван­не зда­юць лепш. А на ФМА са­мыя вы­со­кія пра­хад­ныя ба­лы ў кра­і­не. Да сло­ва, на прэ­стыж­ным юры­дыч­ным фа­куль­тэ­це на­зі­ра­ец­ца ана­ла­гіч­ная сі­ту­а­цыя. Дзяў­ча­ты і там зай­ма­юць лі­дзі­ру­ю­чыя па­зі­цыі. Ха­чу за­ўва­жыць, што на­ват у га­ды май­го сту­дэнц­тва на ме­ха­ні­ка-ма­тэ­ма­тыч­ным фа­куль­тэ­це дзяў­чат бы­ло больш, чым хлоп­цаў (пры­клад­на дзве трэ­ці), і яны заў­сё­ды да­па­ма­га­лі нам з кан­спек­та­мі лек­цый.

— Як вы мяркуеце: калі б вам давялося здаваць пры паступленні тэсты, вы б з імі справіліся? Ці ёсць у вас прэтэнзіі да сістэмы адбору кандыдатаў на студэнцкі білет?

— Тэсты выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце. Маладыя людзі іх здаюць, а потым толькі рассылаюць свае вынікі па розных універсітэтах. Сістэма цэнтралізаванага тэсціравання працуе і са сваёй задачай спраўляецца. А «плюсы» і «мінусы» можна знайсці ва ўсіх сістэмах ацэньвання. Прэтэнзій да вусных экзаменаў заўсёды хапала. Ці не таму ва ўсім свеце ў вышэйшай школе практыкуюцца пераважна пісьмовыя формы ацэньвання ведаў студэнтаў і абітурыентаў? Я увогуле б дазволіў абітурыентам здаваць не тры, а чатыры, пяць і больш тэстаў. А потым няхай думаюць, якія з дысцыплін ім даюцца прасцей.

Канешне, у тэсты я глядзеў: сумняваюся, што набраў бы сто балаў з першай спробы. Каб дасягнуць такога выніку, трэба сістэмна працаваць. Я зараз рухаюся па школьнай праграме разам са сваім унукам-пяцікласнікам, і прызнаюся вам, што становіцца ўсё складаней і складаней (усміхаецца. — Аўт.). У маім школьным дзяцінстве задачкі былі прасцейшыя... Добра, калі ўсё адбываецца паслядоўна. А калі б мне цяпер далі задачку для адзінаццацікласніка, напэўна, трэба было б над ёй яшчэ падумаць.

Уні­вер­сі­тэц­кі га­ра­док лі­чыц­ца ад­ным з най­пры­га­жэй­шых кут­коў ста­лі­цы. Тут ство­ра­ны свое­асаб­лі­вы му­зей гіс­то­рыі бе­ла­рус­ка­га асвет­ніц­тва.

У выкладчыкаў універсітэта да стабальнікаў ніякіх прэтэнзій няма — гэта мэтанакіраваныя дысцыплінаваныя студэнты, якія прызвычаіліся да сістэмнай працы. І ўвогуле, вынікі ЦТ вельмі добра суадносяцца з вынікамі першай экзаменацыйнай сесіі — значна лепш, чым з ацэнкамі ў школьных атэстатах.

Глабальная канкурэнцыя

— Якасць БДУ пастаянна ацэньваюць розныя агенцтвы. Што вам гэта дае? Ці можна ўвогуле канкурыраваць з універсітэтамі, якія ўваходзяць у першую сотню?

— Адукацыя — гэта сур'ёзны рынак, дзе ёсць многа гульцоў. Прысутнасць у сусветных рэйтынгах прэстыжна для любой ВНУ, бо за імі сочыць сусветная супольнасць. Гэта свайго роду візітная картка для шматмільённай аўдыторыі. Тваё месца ў рэйтынгу — адзін з галоўных параметраў для замежнага абітурыента, магістранта ці аспіранта. Работадаўцы цікавяцца рэйтынгамі, каб ведаць, якія ўніверсітэты рыхтуюць лепшых спецыялістаў. Высокія пазіцыі маюць значэнне і пры падпісанні міжнародных пагадненняў, і ўвогуле пры фарміраванні іміджу ўніверсітэта ў вачах замежных партнёраў, павышаюць яго інвестыцыйную прыцягальнасць. Канешне, у розных рэйтынгавых агенцтвах — свае крытэрыі ацэнкі дзейнасці ВНУ, але колькасныя паказчыкі, пакладзеныя ў аснову ўсіх аўтарытэтных сусветных рэйтынгаў, адлюстроўваюць аб'ектыўны стан вышэйшай адукацыі ў свеце. Самыя значныя крытэрыі — гэта акадэмічная рэпутацыя, індэкс цытавання навуковых прац, суадносіны колькасці выкладчыкаў і студэнтаў, навуковая прадукцыйнасць, ацэнкі наймальнікаў і іншыя.

— А як вы ставіцеся да журналісцкіх ацэнак кшталту «БДУ здаў пазіцыі, але застаўся ў рэйтынгу» або «ў рэйтынгу лепшых універсітэтаў свету БДУ скаціўся на апошнія пазіцыі?»

— Спакойна. Пісаць можна ўсё што заўгодна. Рэйтынг — гэта тое ж спаборніцтва, і немагчыма ўвесь час рухацца толькі наперад. У адным рэйтынгу можна прасунуцца наперад, а ў іншым — крыху адступіць. Не бачу ў гэтым трагедыі. У свеце налічваецца каля 30 тысяч універсітэтаў. А Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт стабільна трапляе ў 2% лепшых.

Напрыклад, у верасні гэтага года БДУ заняў 354-е месца ў сусветным рэйтынгу QS, а ў 2015 годзе дзяліў 421—430 пазіцыі. У самым масавым сусветным рэйтынгу Webometrіcs (WRWU) у студзені 2016 года сярод 22 000 ранжыраваных устаноў вышэйшай адукацыі Белдзяржуніверсітэт заняў 584-ю пазіцыю, а ў ліпені — 634-ю. У студзені бягучага года электронная бібліятэка БДУ заняла 100-ю пазіцыю сярод універсітэцкіх бібліятэк. Увогуле, бібліятэка БДУ з'яўляецца лідарам сярод электронных бібліятэк ВНУ краін СНД. Яна таксама ўваходзіць у 60 лепшых рэпазіторыяў еўрапейскіх універсітэтаў (у яе 59-е месца).

Але будзем рэалістамі: канкурыраваць на роўных з універсітэтамі, якія ўваходзяць у першую тройку і нават у першую сотню, мы пакуль не можам. Прывяду толькі адну лічбу: гадавы бюджэт Гарвардскага ўніверсітэта складае 60 мільярдаў долараў. Увогуле бюджэт першай сотні ўніверсітэтаў брытанскага рэйтынгу вагаецца ад пяці да шасцідзесяці мільярдаў долараў. Бюджэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта — 1 мільярд долараў. А ў нас — каля 75 мільёнаў долараў. На фоне сціплых фінансавых магчымасцяў рэзкі пад'ём БДУ ў сусветных рэйтынгах, куды рэдка трапляюць іншыя беларускія ВНУ, я лічу заслугай найперш нашага калектыву.

— Ці мог бы паспрыяць прасоўванню БДУ на міжнароднай арэне асаблівы статус нацыянальнага ўніверсітэта?

— Не сумняваюся ў гэтым. З улікам таго, што БДУ сёння ўключаны ў глабальную канкурэнцыю ў сістэме вышэйшай адукацыі, асаблівы статус пасадзейнічаў бы ў нашым намеры стаць на адзін узровень з прызнанымі флагманамі навукі і адукацыі. Гэта зусім іншае фінансаванне, мы маглі б запрашаць больш выкладчыкаў з замежных універсітэтаў. Мелі бы большую свабоду ў правядзенні ўступнай кампаніі (Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт такое права мае). З'явілася б магчымасць абараняцца і атрымліваць навуковыя ступені ўнутры свайго ўніверсітэта...

— Цягам апошніх дваццаці гадоў сродкі навучання моцна эвалюцыянавалі. БДУ не адстае ад агульнасусветных трэндаў?

— Стараемся. Зразумела, што дошка і крэйда — гэта ўчарашні дзень. Студэнты ўвогуле не жадаюць нічога запісваць за выкладчыкам. Пагадзіцеся, што сучасная моладзь ацэньвае нас перш за ўсё па прысутнасці ў «сусветным павуцінні». Таму я патрабую ад выкладчыкаў стварэння электроннага партфоліа. Увогуле, стварэнне адукацыйнага мультымедыйнага кантэнту (відэазапісаў лекцый, лабараторных дэманстрацый, запісаў відэаканферэнцый, навучальных ролікаў і г.д.) — прыярытэтная задача ў інфарматызацыі ў БДУ. Для доступу да мультымедыйнага кантэнту ў найбліжэйшы час павінна быць укаранёная сістэма «відэа па запыце». Дарэчы, я таксама выкладаю на сайце ўніверсітэта свае лекцыі ў электронным выглядзе, інакш як можна патрабаваць гэта ад іншых?

— Сяргей Уладзіміравіч, што значыць быць рэктарам самай прэстыжнай навучальнай установы ў краіне? Рэктар — гэта ў першую чаргу вучоны, топ-менеджар або, можа быць, адміністратар? Якімі якасцямі трэба валодаць, каб кіраваць такім гігантам, як Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт?

— І першае, і другое, і трэцяе. Пра свае прафесійныя якасці мне складана разважаць, няхай лепш гэта робяць супрацоўнікі ўніверсітэта. Мяркую толькі, што людзі з матэматычным складам розуму бяруць ад матэматыкі сістэмны падыход да ўсіх жыццёвых і прафесійных сітуацый. Мне трэба ўсё раскласці па палічках, пралічыць лагістыку, каб рухацца далей. Я, дарэчы, у дзясятым класе меў першы дарослы разрад па шахматах. Можа быць, я і нядрэнны менеджар, калі мяне яшчэ трымаюць на гэтай пасадзе? (Усміхаецца. — Аўт.) Але і дэканы гуманітарных факультэтаў у нас таксама выдатныя менеджары. Значыць, справа не толькі ў матэматыцы. А, можа, галоўнае — уменне працаваць у камандзе? Хачу падкрэсліць, што ва ўніверсітэце ў нас склалася проста выдатная каманда аднадумцаў.

— А якім вы бачыце БДУ, скажам, гадоў праз 50?

— Так далёка яшчэ не зазіраў, бо і дзесяць гадоў у сучасным зменлівым свеце — гэта зашмат. Я бачу ўніверсітэт буйным адукацыйным, навукова-даследчым і нават вытворчым цэнтрам, які забяспечвае лідарства нашай краіны па шэрагу навуковых напрамкаў і тэхналогій. Якасць падрыхтоўкі нават не абмяркоўваецца. Трэба расці і ў свеце, бо мы прадстаўляем ўсю вышэйшую школу і навуку Беларусі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — гэта нацыянальны брэнд. Так, давайце ўвойдзем у сусветных рэйтынгах спачатку ў 1 працэнт найлепшых, а затым і ў палову працэнта. Адукацыя і навука сталі глабальнымі, і БДУ гатовы адказаць на гэты выклік.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.