Вы тут

Шчыры голас сэрца


Сёння мы прапануем чытачам песню «Не за вочы чорныя» — адзін з самых пранікнёных твораў беларускага класіка Юрыя Уладзіміравіча Семянякі (1925—1990), славутага кампазітара, лірыка, рамантыка, мастака з аптымістычным светаўспрыманнем.


Яго музыка прасякнута цеплынёй, задушэўнасцю, глыбокім пачуццём. Кампазітар лічыў, што «па прыродзе сваёй музыка — шчыры голас сэрца», і пацвярджаў гэта ўсёй сваёй творчасцю. Пяру кампазітара належаць оперы, музычныя камедыі, кантаты, рамансы, хоры. Але вялікае прызнанне знайшоў менавіта ў песні. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Явар і каліна», «Люблю цябе, Белая Русь», «Ты мне вясною прыснілася» і многія іншыя — каштоўная спадчына музычнай культуры Беларусі.

Аўтар слоў песні Адам Русак (1904—1987) — славуты беларускі паэт-песеннік і музыкант. Найбольшую папулярнасць у свой час атрымала яго песня на музыку І. Любана «Бывайце здаровы».

У песні «Не за вочы чорныя» ў розныя гады было шмат выканаўцаў, але, на мой погляд, найбольш удала яе выканаў жаночы ансамбль «Чараўніцы».

Паспрабуйце праспяваць яе. Думаю, вам спадабаецца.


Не за вочы чорныя

Ціха растрывожыла

Думкаю-бяссонніцай

Вечна неспакойная

Ты, любоў мая.

Не за вочы чорныя,

Не за бровы смуглыя,

А за сэрца шчырае

Палюбіла я.

 

Знаю, не праложаны

Мне дарогі роўныя,

Кветкамі не сцелюцца

Сцежкі у жыцці.

Пушчамі глыбокімі,

Горамі высокімі,

Рук не разнімаючы,

Нам з табой ісці.

 

Засвяціся яснаю,

Светлаю, нязгаснаю

Зоркаю шчасліваю

Ты, любоў мая.

Не за вочы чорныя,

Не за бровы смуглыя,

А за сэрца шчырае

Палюбіла я.

Нагадваем чытачам «Звязды», што працуе электронная скрыня pesnya@zvіazda.by, куды вы можаце дасылаць свае прапановы пра тое, з гісторыяй якіх песень вы хацелі б пазнаёміцца, якія словы і ноты пабачыць у нашай рубрыцы. Пішыце нам!

Рубрыку вядзе кампазітар Уладзімір КАРЫЗНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.