Вы тут

Людзі — здабытак і перспектыва гаспадаркі «Крутагор'е-Петкавічы»*


Правераны, згуртаваны калектыў, добрыя эканамічныя паказчыкі і прадукцыя вышэйшай якасці ды найлепшай свежасці. Гэтыя словы — толькі сціплая характарыстыка працы ў сельскагаспадарчай арганізацыі Дзяржынскага раёна. За мясной прадукцыяй прадпрыемства каля спецыялізаванай крамы па выхадных стаяць чэргі са сталічных аўтамабіляў. А малако гаспадаркі выкарыстоўваецца для вырабу дзіцячага харчавання і італьянскіх сыроў. Такое прызнанне падштурхоўвае пакараць новыя вышыні, бо без мары пра большае і жыццё не такое, як мае быць, лічаць тут.


Ды­рэк­тар ААТ «Кру­та­гор'е- Пет­ка­ві­чы» Юрый Клі­маш.

У нас проста месца такое

На ўездзе ў Петкавічы стаіць стэла з надпісам «Тое, што мы бачым, залежыць ад таго, куды мы глядзім». Такім падыходам кіруецца і кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства «Крутагор'е-Петкавічы» Юрый КЛІМАШ, які радуецца водпускам па доглядзе дзіцяці сваіх супрацоўніц і ніколі не блытае паняцці «чалавек-работнік» і «чалавек-асоба». У дачыненні першага ён цвёрды, але не бязлітасны. Адносна другога — чулы і ўважлівы. «Перш чым загадваць камусьці нешта зрабіць, трэба быць упэўненым, што ты сам гэта здолееш», — запэўнівае дырэктар увесь кіруючы састаў.

Стаўленне да чалавека ў кіраўніка гаспадаркі сапраўды спагадлівае — кожнаму ён стараецца дапамагчы і словам, і справай. Жыллём, напрыклад, у «Крутагор'е-Петкавічы» забяспечаны ўсе. У мінулым годзе засялілі чарговы новы 12-кватэрны дом, сёлета здаецца яшчэ адзін, усяго ж такіх будынкаў да новага года будзе пяць. Сем кватэр для работнікаў ёсць у Дзяржынску, пад жыллё рэканструявалі два сельскія клубы.

На выпрабавальны тэрмін ад аднаго да трох месяцаў работнікі атрымліваюць, як правіла, падменнае жыллё — пакой ці койка-месца ў інтэрнаце або памяшканне ў кватэры-шматпакаёўцы. Даволі хутка ў супрацоўнікаў з'яўляецца ўласны куток. «Асабліва каштоўныя спецыялісты атрымліваюць асобнае жыллё адразу. Калі б прыйшоў зараз талковы заатэхнік, я б яму адразу трохпакаёўку даў», — паабяцаў дырэктар.

Сямейным парам спецыялістаў выдзяляюць адразу паўнавартасныя кватэры. Праз 10 гадоў працы ў гаспадарцы, дарэчы, гэтае жыллё можна набыць ва ўласнасць па ацэначным кошце з растэрміноўкай на 10 гадоў.

Галоўны эканаміст Таццяна ТАРАНТУХІНА і калегі:  Жанна ЕЖОВА, Сяргей ГРЫБАНАЎ, Ганна ІВАНОВІЧ.

34 работніцы гаспадаркі знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, пры гэтым трое з іх у трэцім, двое — у чацвёртым. А гэта сведчанне ўпэўненасці і ў сваім будучым, і ў будучым краіны, мяркуе дырэктар. Сярэдні ўзрост работнікаў, дарэчы, 40 гадоў.

— Калі нараджаюць, гэта добра, значыць ёсць рух наперад. Раней ці пазней жанчына выйдзе з дэкрэтнага водпуску, і гаспадарцы будзе карысць ад работніка. У нас многа шматдзетных сем'яў. У дзіцячы садок не паспяваем новыя ложкі купляць, — усміхаецца ён.

Супрацоўнікам, якія маюць пэўныя праблемы з дрэннымі звычкамі, а такіх у гаспадарцы, дарэчы, не набярэцца і 5%, Юрый Пятровіч таксама пакідае шанц. Сёння таварыства можа накіраваць чалавека, які п'е, на лячэнне не ў ЛПП, а ў праваслаўны цэнтр рэабілітацыі залежных ад алкаголю і наркотыкаў «Анастасіс».

— Мы змагаемся за нашых людзей да апошняга, даём ім магчымасць выправіцца, — кажа Юрый Клімаш. — Не важна, колькі на гэта спатрэбіцца часу, галоўнае, каб ён вярнуўся ў стане весці нармальнае жыццё.

У той дзень, як карэспандэнты «Звязды» гасцявалі ў гаспадарцы, якраз вярнулася з ЛПП, дзе правяла 1,5 года, былая работніца. Цяпер, узяўшыся за розум, яна выйдзе на працу.

Га­лоў­ны бух­гал­тар Жан­на Анд­рэй­чы­ка­ва  і ка­ле­гі: Ка­ця­ры­на Ку­дзЁл­ка,  Ла­ры­са Га­рач­ка, Тац­ця­на Рай.

Сумесна з раённым Домам культуры, якому гаспадарка аддала ў бязвыплатную арэнду клуб, што знаходзіцца на іх балансе і месціцца недалёка ад адміністрацыйнага будынка прадпрыемства, праводзяцца ўсе ўрачыстыя мерапрыемствы і віншаванні. Цікава, што арганізоўвае гэтыя канцэрты і святы загадчыца клуба, маці груднога немаўляці. Акрамя таго, тут дзейнічаюць тры дзіцячыя студыі. А на дыскатэку можна і ў Фаніпаль з'ездзіць, тым больш што маршруткі туды ходзяць часта і дапазна.

Сталовая ў гаспадарцы працуе круглы год. Амаль усё гатуецца са сваёй прадукцыі. Сабекошт абеду ў гаспадарцы 3,5 рубля, але ж працаўнікі плацяць за яго 1,5 рубля. Вячэра ўвогуле бясплатная. У гарачую пару ежа падвозіцца работнікам у поле.

Спецыяліст па закупках Ала КУЛАЖАНКА.

Лепш даваць, чым прасіць

Шмат якую дзейнасць «Крутагор'е-Петкавічы» можна ў наш час палічыць проста дабрачыннай. Напрыклад, падарункі на першае верасня і Новы год школьнікам. Прычым на зімовае свята ў дзвюх падшэфных школах гаспадаркі іх атрымліваюць дзеці і сваіх супрацоўнікаў, і з іншых гаспадарак. Увосень школы поўнасцю забяспечваюцца бульбай, морквай ці капустай — зыходзячы з таго, што саджалі на палях таварыства.

На Новы год комплексны падарунак атрымліваюць усе работнікі гаспадаркі, незалежна ад узросту іх дзяцей і таго, ці ёсць яны ўвогуле. Ласункамі ад прадпрыемства можна накрыць святочны стол — акрамя кілаграма цукерак, тут бутэлька шампанскага, каўбаса, кава, гарбата, банка шпротаў і маслін.

Калектыўны дагавор складзены так, што, зыходзячы з медыцынскіх паказанняў, падбіраюцца і поўнасцю аплачваюцца пуцёўкі ў санаторна-курортныя профільныя лагеры, куды работнікі адпраўляюцца сем'ямі. Праўда, для гэтага трэба не мець нараканняў і парушэнняў працоўнага распарадку. Напрыклад, загадчык фермы з двума дзецьмі адпачывае зараз у Друскінінкаі, а ў снежні дзве сям'і па сямейных пуцёўках паедуць у Крым. А пуцёўкі ў летнія лагеры адпачынку бясплатна выдзяляюць абсалютна ўсім дзеткам супрацоўнікаў без абмежаванняў па колькасці, а калі хто хоча — то і не на адну змену.

Калі работніку патрэбны дарагія лекі або аперацыя, грошы на іх таксама кампенсуе гаспадарка. Двум дапамаглі зрабіць аперацыі на вочы, а ў аднаго аплацілі аперацыю дзіцяці.

Ра­бот­ні­кі буль­ба­схо­ві­шча за­ня­тыя сар­та­ван­нем буль­бы.

Грашовыя прэміі ў гаспадарцы атрымліваюць да ўсіх асноўных свят. А ў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці адзначаюцца і персанальныя пенсіянеры — тыя, хто без перапынку адпрацаваў у гаспадарцы 10 гадоў. Яны ж, дарэчы, маюць палову ад усіх ільгот, якімі карыстаюцца сённяшнія работнікі.

Матэрыяльныя «віншаванні» прымаюць і супрацоўнікі, што ўпершыню пабраліся шлюбам або нарадзілі дзіця. Дадайце сюды 13-ю зарплату, даплату за перапрацоўку і выхадныя дні, 10% ад заробленай за год сумы ў якасці матэрыяльнай дапамогі да адпачынку, а таксама выплаты пры дасягненні работнікам 50, 55 і 60 гадоў (па 4 базавыя велічыні за кожны год працы ў гаспадарцы, але не больш за 100 базавых). Каб уявіць мясцовы сацыяльны пакет, трэба тут працаваць. Пасля смерці работнікаў або іх сваякоў, а таксама пенсіянераў іх блізкім гаспадарка дапамагае грашыма, прадуктамі і транспартам.

— Лепш даваць, чым прасіць. А каб было з чаго даваць, трэба, каб было жаданне зарабляць, — падсумаваў дырэктар расказ пра сацыяльныя плюсы работы ў таварыстве. — Калі чалавеку даць тры разы па рублю, на чацвёрты — ён прынясе гаспадарцы карысці на 100 рублёў. Дзеці чуюць, што бацькі гавораць пра працу, расказваюць пра гэта ў школе, гэтая інфармацыя даходзіць і да тых, хто не заняты ў нашым таварыстве. Такім чынам, складаецца цэльная карцінка атмасферы ў гаспадарцы, ствараецца яе імідж.

Фар­моў­шчы­кі Воль­га ТарайковІч і Але­на Бай­дак  зай­ма­юц­ца фар­моў­кай каў­бас.

Без каманды кіраўнік нічога не значыць

Каму захочацца парушаць правілы, працуючы ў такіх умовах? Прынамсі, і дысцыпліна тут узорная. Гаспадаркай вырабляецца 78 найменняў паўфабрыкатаў і мяса-каўбаснай прадукцыі. Набыць яе можна ў фірменнай краме па цэнах ніжэй, чым у сталіцы.

— Па выхадных у краму не ўвайсці — чэргі. Шмат прыязджаюць са сталіцы. Аднак выклікана гэта перш за ўсё не цаной, а якасцю, якую наша таварыства гарантуе пакупнікам, — прызнаўся Юрый Пятровіч. — Уся наша прадукцыя зроблена сумленна.

Усяго фірменных крамаў пяць: тутэйшая — у Петкавічах, па адной — у Дзяржынску і пасёлку Энергетыкаў і дзве крамы ў Фаніпалі. Зыходзячы з павышанага попыту, плануецца адкрыць краму і ў сталіцы.

Свой малочны тавар гаспадарка сама не перарабляе — усё накіроўваецца на прадпрыемствы сталіцы і Дзяржынскага раёна. Штодзень прадаецца каля 40 тон малака, 60% якога адпраўляецца на перапрацоўку класам «экстра».

— У нас, напэўна, высокая планка патрабаванняў да людзей і да гаспадаркі ў цэлым. Але ж калі ў цяперашняй сітуацыі хоць крыху прыпыніцца, то мы шмат страцім, і нагнаць гэта будзе складана. Чалавек, у якога няма мэты, нічога не даб'ецца, — упэўнены дырэктар. — Калі не будзеш сёння берагчы і шанаваць работнікаў, перажываць за іх, нічога не атрымаецца, яны пайдуць ад цябе. У першую чаргу павінна быць каманда — без яе кіраўнік нічога не значыць. А людзі ў нас добрыя.

Ужо гатовы праект на рэканструкцыю з будаўніцтвам новага малочнатаварнага комплексу для павелічэння гатавання малака. На свінакомплексе зманціраваны будынак новага цэха халастых і супрасных свінаматак.

У планах — выйсці на замежныя рынкі. Для гэтага тэрмінова трэба будаваць новы забойны цэх першай катэгорыі, каб прадукцыя адпавядала ўсім міжнародным стандартам і можна было напрамую пастаўляць яе ў Расію. Тым больш, прапановы і попыт на прадукцыю з таго боку маюцца. Хаця і зараз усе каўбасы, вэнджанасці ды мяса распрадаюцца поўнасцю.

На­мес­нік ды­рэк­та­ра па вы­твор­час­ці Дзміт­рый Ста­ра­вой­таў і заа­тэх­нік-се­лек­цы­я­нер Ва­лян­ці­на Час­ноЎ­ская пра­вя­ра­юць якасць утры­ман­ня жы­вё­лы.

Робатызаваная ферма Дзягільна — адзінае ў сельскай гаспадарцы прадпрыемства, дзе максімальна выключаны чалавечы фактар. Пра 320 кароў клапоцяцца чатыры робаты і два даглядчыкі жывёлы ў змену. Адзін робат «Астранаўт-4» можа абслугоўваць 50–60 жывёл. Ён выконвае ўсе работы: дакормлівае, выдае канцэнтраты, аддзяляе дрэннае малако ад добрага, ніколі не падоіць нямытую карову або тую, у малацэ якой утрымліваецца антыбіётык. Частата даення залежыць ад сутачнага ўдою жывёлы і можа скласці і два разы, і чатыры.

Праца ў спадчыну

Праз такое стаўленне да людзей у таварыстве ўжо склаліся свае працоўныя дынастыі. Самая вядомая з іх — сям'я Кадлубовічаў. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Леанід Іванавіч Кадлубовіч — былы кіраўнік калгаса імя Дзяржынскага, адной з формаў існавання сённяшняга ААТ «Крутагор'е-Петкавічы». Менавіта ён пачынаў справу, адзначыў цяперашні кіраўнік. Тут працаваў трактарыстам родны брат Леаніда Іванавіча — Антон Іванавіч Кадлубовіч. Дваюрадны брат, Іосіф Іосіфавіч Ламака, быў брыгадзірам трактарнай брыгады. Працягваюць справу пляменніца былога старшыні Ала Антонаўна Кадлубовіч, якая прыйшла ў гаспадарку ў 1989 годзе і дагэтуль працуе бухгалтарам, нявестка Ларыса Мікалаеўна Кадлубовіч, якая больш за 20 гадоў на пасадзе спецыяліста па кадрах, і ўнучка Ганна Алегаўна Івановіч — эканаміст гаспадаркі.

Гісторыя яшчэ адной працоўнай сям'і пачалася ў 1963 годзе, калі на працу прыйшлі муж і жонка Эдуард Вікенцьевіч і Марыя Віктараўна Варапай. Усё жыццё яны аддалі гаспадарцы і слылі сумленнымі працаўнікамі, пры гэтым выгадавалі чатырох дзяцей. Іх дачка Рамуальда Эдуардаўна Харлоўская, аператар свінатаварнага комплексу, прыйшла на работу ў 1994-м. Яна маці трох дзяцей і таксама зарэкамендавала сябе як старанны і руплівы работнік. Яе муж, Іосіф Сямёнавіч Харлоўскі, працуе ў таварыстве вахцёрам.

Працуе ў гаспадарцы і трэцяе пакаленне дынастыі Рабека. Трактарыст Ціхан Антонавіч і даярка Кацярына Яфімаўна з 1987 года адпрацавалі ў калектыве ўсё жыццё. Кацярына Яфімаўна, дарэчы, пайшла на адпачынак толькі сёлета ў 66-гадовым узросце. Іх нявестка, Алена Сцяпанаўна Рабека, падхапіла справу сваякоў мужа і працуе аператарам машыннага даення. Дачка пары Рабека, Таццяна Ціханаўна Чавура, прыйшла на працу адразу пасля вучылішча, была аператарам машыннага даення і лабарантам, цяпер — повар. Яе муж Ігар Генадзьевіч Чавура з 1989 года працуе трактарыстам, а сын, Арцём Ігаравіч Чавура, пасля арміі змяніў спецыяльнасць трактарыста на вадзіцеля.

За 10 гадоў склалася ў таварыстве і дынастыя Бурдовых. З 2006 года ў гаспадарку прыйшлі аператарамі машыннага даення Аляксандр Мікалаевіч і Раіса Аляксандраўна. У іх сям'і чацвёра дзяцей. Дачка, Наталля Аляксандраўна Букетава, працягнула справу бацькоў і таксама стала аператарам машыннага даення (зараз яна ў водпуску па доглядзе дзіцяці). Яе муж Аляксандр Уладзіміравіч Букетаў — трактарыст і жывёлавод.

І гэта толькі частка імёнаў, якія ўмясціліся на паласе. Працавітых і адказных работнікаў, якія перадаюць справу ў спадчыну, у таварыстве значна больш.

УНП 600112675


* - на правах рэкламы


 

Загаловак у газеце: Край, дзе добра жывецца

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.